Імя беларускага рэлігійнага, палітычнага і культурна-асветніцкага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдактара часопіса “Хрысціянская думка” Адама Станкевіча (1891-1949) паціху вяртаецца з небыцця.

Ужо надрукаваны асобнымі кнігамі ягоныя працы, напісаны пра яго артыкулы, успаміны.

Да пачатку Другой сусветнай вайны Адам Станкевіч пэўны час жыў у Слоніме і вёў богаслужэнне ў касцёле бернардзінак, які знаходзіцца ў самым цэнтры горада. А выслалі яго сюды з Вільні за тое, што быў беларускім святаром і вёў службу на беларускай мове: “Варожа ставіцца да польскай дзяржаўнасці і апошнім часам на тэрыторыі Вільні і Віленшчыны разгарнуў барацьбу беларусаў за аўтаномію, імкнучыся да дасягнення поўнай незалежнасці Беларусі. Над дзейнасцю кс. Станкевіча ўстанавіць патаемнае назіранне” (з ліста следчага аддзела ў Вільні ў Навагрудак у справе высялення кс. Адама Станкевіча ў Слонім 14 студзеня 1939 года).

Так, 27 снежня 1938 года выехалі з Вільні выселеныя з прыгранічнай паласы на пяць гадоў рашэннем віленскага ваяводы кс.Адам Станкевіч, кс.Уладзіслаў Талочка і інжынер Адольф Клімовіч. Уладзіслаў Талочка пасяліўся ў Беластоку, Адольф Клімовіч — у Варшаве, а Адам Станкевіч — у Слоніме. Праўда, ён яшчэ паспеў перад высяленнем выдаць у Вільні кніжку “Беларускі хрысьціянскі рух”.

Новы 1939 год ксёндз Адам Станкевіч сустрэў у Слоніме. Акрамя службы ў касцёле бернардзінак (служыў па-польску, па-беларуску польскія ўлады не дазволілі), шмат пісаў на роднай мове, перапісваўся з беларусамі з Вільні, Беластока, Варшавы, Прагі, Менска, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў. Тут, у Слоніме, ён нават пісаў свае “Каляндарныя нататкі”, якія ажно ў 2004 годзе (№ 9) упершыню апублікаваў часопіс “Куфэрак Віленшчыны”.

Вось некаторыя слонімскія запісы “нататкаў” Адама Станкевіча:

1938 год

28 лістапада. Быў тут а. А.Дуброўскі (Антон Дуброўскі (1896-1947)—беларускі каталіцкі сьвятар усходняга абраду, тэолаг, прафесар філасофіі, педагог і публіцыст, арганізатар Усходняй місіі, адзін з арганізатараў неауніяцкага руху ў Заходняй Беларусі. – С.Ч.) з Альбертына. Казаў, што праваслаўных палякаў сапраўды крыху ёсьць, гэта Палякі якія дзеля жанімскіх і разводных спраў пакінулі каталіцтва і перайшлі ў праваслаўе.

У Слоніме (у парафіі) за год больш – меньш сто праваслаўных пераходзіць у каталіцтва. Староньнікі спалянізаваньня беларусаў бядуюць, што доўга трэба чакаць.

У Слонімскім гарнізоне за год сярэднім дваццаць жаўнераў праваслаўных прымае каталіцтва і польшчыцца. Так жа доўга чакаць.

Палякі ўважаюць, што Гітлер толькі для прыманкі стаіць за самаазначэньне народаў, а сапраўды імкнецца іх зьнішчыць да званьня.

Паводле чутак у восень 1938 года камуністы Слонімскага павету хацелі збройна заняць Слонім.

Камуністы былі прыціхшы, цяпер, як кажуць, ізноў ажывіліся. Гэта ў Слонімскім павеце.

Падчас выбраў у Слонімскім павеце былі мейсцы, дзе галасавала 5%, рэшта ўцякла ў лясы і хавалася. Так, толькі беларуская народная праца можа тут направіць адносіны.

У Пінскую Дух. Р – К Семінарыю ў 1938 годзе не было ані аднаго кандыдата. Прычына? Розныя ёсьць, але і тое ёсьць прычынай, што ў сучасных варунках ксёндз мусіць ісьці проціў свайго, беларускага народу, мусіць яго палянізаваць.

1939 год

7 студзеня. Кс. Рэшэць (Язэп Рэшэць (Рэшаць) (1890-1958) – беларускі каталіцкі сьвятар, доктар філасофіі і тэалогіі, педагог, пісьменнік, публіцыст У беларускім друку выступаў пад псеўданімам Я.Рушчанец – С.Ч.) хацеў уступіць у Езуіты і прыняць усходні абрад. Усе езуіты былі за прыняцьцем, проціў быў толькі адзін а. А. Дуброўскі (беларус). Ён уважаў што характар Рэшэця, як дужа самастойны, у езуіты не падыходзіць. Здаецца, што і погляды Рэшэця на праблему беларускую нацыянальную так жа адыгралі тут сваю ролю.

25 студзеня. Першы мой выезд на сяло. Быў у Радзівіловічах: раней вёска, цяпер калёніі, гм.Чамяры. Усе каталікі і шляхта: тут і ў іншых мясцох Горадзеншчыны, бадай, выключна на захадзе, здараюцца цэлыя вёскі шляхоцкія. Натуральна, лічаць сябе палякамі, беларускасьці не чураюцца, дома гавораць выключна па-беларуску. Што яны паходзяць з Польшчы, — гэта ня цьвердзяць і нават гэтаму пярэчаць, кажуць — яны нас парабілі шляхтай, а мы тутэйшыя спрадвякоў. Дужа рэлігійныя. Бязбожніцтва, якое шырыцца сярод праваслаўных беларусаў, іх прымае жахам і яшчэ больш уцьвяржае ў веры. Да беларускасьці не варожыя. Настроены дэмократычна.

8 лютага. Цікавы дыялог: на дарозе за Слонімам спатыкаю трох сялян, беларусаў, на адным возе. Поддаль бачу нейкі вялікі будынак – ні то палац, ні то цэрква. — Што гэта? — пытаю. — Палац панскі. Ці тут яшчэ ёсць паны? – А як жа, каб у Польшчы, ды без паноў. У іх уся сіла. — Што ў вас, як жывецца? – Добра для тых, хто бярэ грошы, мяса таннае, збожжа таннае. – Ці чытаеце вы якія Беларускія газеты? На што нам беларускія, нам гэтакія не патрэбныя. – Але тут ўжо пачалі “ біць адбой”, спужаліся сваёй сьмелай гутаркі прада мной, якога, пэўне ж уважалі за Паляка. Дзеля гэтага пачалі скрываць сваю беларускасьць і пачалі круціць язык на польскі лад, – што ў іх зусім не выходзіла. З гэтага спатканьня я бачу ў іх: 1) Бальшавіцкі настрой іх душы агулам, 2) Поўную адсутнасьць якіх – небудзь сантыметраў да Польшчы, 3) Вялікі сацыяльны / бальшавіцкі/ радыкалізм, 4) Павярхоўнасьць беларускай нацыянальнай сведамасьці.

Гэты мой дыялёг з трыма – гэта верная, бальш – менш , ілюстрацыя псыхалёгіі праваслаўных беларусаў усяго Слонімскага пав. Паважная культурная бел. нац. праца /школа, прэса і г. д./ маглі б тут памагчы, але ж гэтага няма. Квіс гаўдэбіт?

12 лютага. Быў сёньня ў мяне чалавек з сяла / Слонімшчына/ , сьведамы Беларус Н. Казаў: а) Усе праваслаўныя Беларусы арыентуюцца на Маскву. b) Народ тут даволі сьведамы сацыяльна і палітычна, але нацыянальна нямнога с) Праваслаўе, дзякуючы няробству духавенства, угодлівасьці і вялікай грошаахвотнасьці, уплыву так і ня мае…

— Слонімская паліцыя “ радзіць” кнігаром жыдом, каб прадавалі

“ Работніка”, бо беларускія сяляне дужа шмат яго купляюць, а гэта не пажадана.

— Неласкава так жа вока і на продаж беларускіх кніжак і газет, бо праз гэта беларускія сяляне ўсьведамляюцца, а да гэтага дапускаць ня можна.

— Польскія кругі цьвердзяць, што сярод бел. сялянства дух камунізму ўпаў, бо яго саветы цяпер не падтрымліваюць, але тыя ж кругі бядуюць, што беларуская вёска кінута сама сабе і палякі там ня робяць, бадай, нічога.

— Агулам народ тут дужа бедны. Многія, многія ходзяць проста ў лапцях, нават жанчыны, часам дзяўчаты. Ніхто аб іх не дбае — іх толькі палянізуюць. Але і гэта іхдзе туга. Народ трымаецца інстынктыўна сваёй беларускай нацыянальнай стыхіі. А ўсё ж народ наш цьвёрды і апорны на чужыя павевы.

— Прыпомніліся: Праф. М. Баброўскі сто гадоў таму, як быў зь Віленскага універсітэту сасланы царом у Жыровіцы, мусіў ня раз бываць і праяжджаць праз Слонім. У Вільні: жыў я ў Дамініканскіх мурох, дзе быў вязьнем і чакаў на расстрэл Кастусь Каліноўскі.

1 красавіка. Давялося пабываць у Дзярэчыне. Праяжджаў каля Сынкавіч (слаўны касьцёл-крэпасьць) і каля Зэльвы. Усюды чысьцюсенькія Беларусы. У Дзярэчыне была споведзь людзей. Старыя спавядаліся пераважна па-беларуску, або выстагнуць колькі “афіцыяльных” грахоў страшэнна перакручанай беларускай на польскі лад. Маладыя, што вучацца ў школе, што былі ў школе і што былі ў войску, спавядаюцца па-польску: трафарэт, які датыча грахоў, што запісаны ў кніжцы для набажэнства. Спавядаюцца агулам, “афіцыяльна”, каб адбыць павіннасьць. Душа не раскрываецца, бо чужая, мала знаная мова, на гэта ім не дазваляе. Словам, польскі каталіцызм Беларусам робіць крыўду. Ён спыняе іх духоўны рост і калеча душу. Ці спольшчацца Беларусы? Агулам не: яны трымаюцца беларускай стыхіі, або мо лепш – яна іх трымаецца. Польшчацца толькі тыя, якія даступаюцца да ўрадавага карыта, але так жа часта без душы гэта робяць, няшчыра, мэханічна.

— Беларуская справа агулам сярод польскага каталіцкага духавенства здабыла права грамадзянства, прынамсі, тэарытычна. Перад вайной пляваліся, кідаліся да вачэй, плягі небыліцы. Цяпер гэтага няма. Шмат аб ёй ведаюць, цікавяцца і часам рухаюцца.

5 траўня. Казаў мне тут адзін ксёндз, што найлягчэй палянізуюцца палешукі. Яны, казаў, ня маюць ніякіх ідэалаў. Лёгка перапісваюцца на каталікоў-лаціньнікаў для інтарэсу. Гэта ўсё гэны ксёндз быццам сьцвердзіў уласным досьведам. Другі, ізноў ксёндз, ня ўмеючы па-беларуску, а працуючы на беларускай парахвіі, казаў: “Дужа цяжка працаваць ксяндзу, які не разумее народу і якога не разумее народ”. Сьвятая праўда. Тым часам афіцыяльны польскі касьцёл гэтага “не разумее” і аб гэтым і слухаць ня хоча. “Мувце по-польску, а кажды вас зрозуме”, — вось лёзунг афіцыяльнага ў нас касьцёла.

— Цікавая спасьцярога. На дэканальнай у Слоніме канфэрэнцыі жыровіцкі пробашч кс. Слемп, родам з Галіцыі, сказаў, што ў яго ( у Жыровіцах) каталікі-лаціньнікі (іншых няма) – гэта выключна прывезеныя з Польшчы этнаграфічнай асаднікі, што гэты элемент дрэнны пад кожным углядам (рэлігія, маральнасьць) і што іх куды перавышаюць мясцовыя, Беларусы. Казаў, што гэтыя мясцовыя дужа здольныя людзі, што прыемней пагаварыць з дзецьмі першай клясы, як са старымі асаднікамі. Так, народ наш здольны, толькі Бог яму долі ня даў.

19 траўня. Спаткаў праваслаўную працэсію – ішла зьнекуль ды ў Слонім. Пяялі. Паслухаў. Ад вуха да вуха рэзалі: “Ты прошёл свой тернистый путь, надривая грудь…”. Неяк гэтак. Словам, расейшчына. Здаецца, хоць бы царкоўна-славяншчына, але не, падпсутая маскоўшчына. Адвечная рана робіцца і ные: з аднаго боку “польская вера”, а з другога “расейская” – самыя грубыя падробкі хрысьціянства. У католікаў хоць нешта новае, беларускае ў жыцьці рэлігійным народу робіцца, а ў праваслаўных нічагусенькі. Якая трагедыя народу!

— У Слоніме вядзецца прапаганда сярод праваслаўных у кірунку стварэньня польскага праваслаўя. Розныя кар’ерысты і афэрысты як сярод сьвецкіх, так і духоўных на гэта ідуць. Для народу гэтая “ідэя” дзікая і чужая. Бліжэйшая мэта гэтай акцыі – завесьці ў царкве польскую мову. Некаторыя з маладых папоў на гэта ідуць. Кар’ера, добры хлеб, выгоднае і спакойнае жыцьцё. – Магчыма, што гэта акцыя Беларусам не зашкодзіць – аслабіць крыху расейшчыну, а з гэтага скарыстае мясцовая беларуская стыхія. Але ці беларуская? Можа, якраз расейская?

8 чэрвеня. У Слоніме працэсія Божага Цела. На працэсіі і я. Пасьля працэсіі ў дэкана прыняцьце. Стараства, ваенныя, паліцыя, ксяндзы…Меў доўгую гутарку з старастам Ольшэвскім. Вось яго погляды: Беларусаў трэба асыміляваць, зрабіць палякамі, дзеля гэтага ім не даецца магчымасьць тварыць сваю беларускую культуру, бо гэта сэпаратызм. Беларускі народны рух заўсёды выкарыстае супраць Польшчы Масква і затым на яго дазволіць ня можа. Вынадараўленьне Беларусам не прынясе крыўды, бо яны самі хочаць быць палякамі і яны ніякі народ і не маюць ніякай культуры. Як бачым – ніякіх ідэалаў, ніякай этыкі, ніякай культуры – толькі зоолёгія. Ну і паглядзі – гэтак выходзіла з гэнай гутаркі: як немцы пазбаўлялі палякоў зямлі, дык гэта дрэнна, а як палякі не дапускаюць сьведамаму беларусу без дазволу ваяводзтва купіць зямлю, дык гэта добра. Як цар праз царкву русіфікаваў, дык гэта дрэнна, а як палякі бяруцца да палянізаваньня праз царкву, дык гэта добра.

— Агулам, у яго перакананьні, няма ніякага беларускага народнага руху, а калі што ёсьць, дык гэта работа камуністаў або групкі “зачадзоных” (даслоўна) зь Вільна інтэлігентаў.

Асыміляцыя, казаў, ідзе ў яго і ў суседніх паветах усёй парай. Ну, паглядзім.

— Па маім прыезьдзе з Арлянят (сёлета вясной), дзе я быў з дазволу ваяводы, наслалі поўна шпікоў, якія дапытваліся ў сялян, што я рабіў, што гаварыў, ці зьбіраў людзей і т.д.

25 ліпеня. Тое самае было і па маім выезьдзе другі раз (летам 8-10 ліпеня 1939). Хадзілі сышчыкі і паліцыянты, ці ня думаю я “перавярнуць Польшчы”. Мусіць, слаба яны чуюцца, калі мяне ды гэтак баяцца. Або проста грошы бяруць дармаеды, дык стараюцца “працаваць”.

3 жніўня. Першы раз у жыцьці адведаў Жыровіцы. Калі ўпаў у саборы перад цудоўным абразом Маці Божай Жыровіцкай, стала ў мяне ў яве ўся слаўная Жыровіц мінуўшчына. А сяньня тут што? “Безобразие и запустение”. У пабазылянскіх мурох – “школа рольніча”, як-бы не знайшлося чаго больш адпаведнага. Праваслаўнае духавенства запужанае і беднае, але трымаецца маскоўшчыны. Каталіцкі лацінскі ксёндз, польскі патрыёт, уторкнуты з касьцёлам (б.уніяцкі) і з клябаніяй у праваслаўную масу, чуецца маленькім і слабенькім. Расейшчына затаілася, і пальшчызна бязьсільная выгнаць яе. Беларускай ідэі, адзінай натуральнай падставы хрысьціянскай тут працы, стараняцца як духавенства праваслаўнае, так і каталіцкае. Адныя чакаюць лепшых часоў, а другія на “цудоўнае” праменьваньне польскай культуры і на асыміляцыю Беларускага народу. Затым зь іх працы няма ніякага сэнсу. Народ ня любіць і ня верыць і адным, і другім, бо чужынцы. А беларуская народная стыхія і нават сьведамасьць беларуская існуе. У гэтым і будучыня беларускага народу.

12 жніўня. Гэтымі днямі забрыў я на Слонімскі каталіцкі парахвіяльны магільнік. Шумяць высокія хвойкі на прасторы. Сапраўды, могільнік прасторны – шмат, шмат “незаселенага” месца. Але і няма на ім месца для беларусаў праваслаўных. Яшчэ гадоў таму дзесяць хаваліся разам, але дзекан Расалоўскі (звестак пра Расалоўскага на жаль у аўтара гэтага матэрыяла няма – С.Ч.) прагнаў праваслаўных за плот. Там яны сяньня і хаваюцца. Пусты там пясок і крыха малажавых хвояк. А ўсьцяж гаворыцца аб уніі. Як жа горкая іронія. Бо ж у сутнасьці не матывы рэлігійныя прагналі беларусаў за плот, але польскія палітычныя. даканала гэта адсутнасьць праўдзівай рэлігіі. Праваслаўныя і каталікі – гэта ж па рэлігіі найраднейшыя браты. Гэтаму дзекану ішло аб тое, каб затрымаць і ўцьвярдзіць фікцыю “польскай” і “рускай” веры, каб быў магільнік “польскі” і “рускі”, каб нідзе і ніколі сярод Беларусаў не аказалася хрысьціянская і беларуская нацыянальная сынтэза. Але дарма. Жыцьцё і праўда гэтаму не паддаюцца і не паддадуцца.

2 верасьня. Сяньня атрымаў адмову з Мін. Спр.Унутр. На маё “адволане” ад пастановы Віленск.ваяводы “слаўнага” Бацянскага прабываць мне ж у Віленскім ваяводзтве. Адмову атрымаў у старастве слонімскім у нач.бясьпечнасьці. З яго боку ў гутарцы са мною былі акцэнты згодлівыя, акцэнты польска-беларускага паразуменьня. Казаў, што шкадуе, што міністэрства прыслала адмову.

18 верасьня. Сяньня Савецкая армія заняла Слонім. Мясцовае насельніцтва ў вялікай большасьці вітала энтуз’ястычна. Сяньня, як даведаўся з радыё, так жа занята Вільня. Цікавасьць, як там усё выглядае…

У Слоніме Адам Станкевіч напісаў вялікую працу “З літуанізмаў у беларускай мове” і надрукаваў яе ў алфавітным парадку ў некалькіх нумарах квартальніка “Калосьсе”. Праца гэтая выклікала вялікі рэзананс. Многім яна не падабалася. Так, напрыклад, у газеце “Беларускі фронт”(15.5.39 г., № 10) з’яўляецца вялікі артыкул “Аб “літуанізмах” Адама Станкевіча” нейкага Ш-ць. Ён моцна крытыкуе аўтара, абражае яго, наводзіць паніку і г.д. Прачытаўшы гэта, спадар Станкевіч дасылае са Слоніма ў “Калосьсе” тактоўнае пісьмо-адказ: “Паважаны Грам. Рэдактар, не адмоўце памясьціць у “Калосьсі” гэтых некалькі слоў: “Я дужа ўдзячны гр. Ш-ць (“Бел. Фронт” № 10, 15.6.39) за крытычныя і фаховыя ўвагі да маёй працы “З літуанізмаў у беларускай мове”; падчырківаю — за крытычныя й фаховыя, характару языкаведнага, бо-ж, апрача гэтага, чаго там толькі няма!? Але transeat! Мне йдзець аб дасьледжаньне літуанізмаў у беларускай мове й з слушных (а ня ўсе так гэткія!) заўвагаў у гэтай праблеме я ахвотна скарыстаю, калі праца мая будзе выходзіць асобнай адбіткай. Тады выкажу так-жа свой пагляд і што да тых заўвагаў гр.Ш-ць, з якімі я не згаджаюся.

Прыміце, Гр. Рэдактар, словы маёй да Вас пашаны. Ад. Станкевіч. Слонім, 17.5.39 г.”.

Жывучы ў Слоніме, Адам Станкевіч пільна сочыць за выхадам новых беларускіх кніг. 27 красавіка 1939 года ён піша грунтоўную рэцэнзію на кніжку беларускага паэта і даследчыка Хведара Ільяшэвіча ”Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575-1622)” і друкуе яе ў часопісе “Калосьсе” (1939, № 2). Крытык спыняецца на кожным з пяці раздзелаў працы Хведара Ільяшэвіча, указвае на іх каштоўнасць і значэнне. “Кніжка Хведара Ільяшэвіча, — адзначае А. Станкевіч, — гэта значны ўклад у маладую беларускую навуку. Агульнай, аднак, нястачай кніжкі зьяўляецца нявыразны яе воблік беларускі. Мамонічы — гэта беларускія патрыёты й беларускія культурнікі, й кніжкі іх прызначаны для беларускага народу. Тымчасам гэта ў Хв.І. ня толькі што з націскам не адзначана, але нават як-бы сарамліва прыхавана пад бліжэй неазначанымі тэрмінамі: “Русь, рускі, патрыёт, Вял. Кн. Літоў­скае” і інш. Я разумею, што да гэткай “саромлівасьці”, што да беларускасьці прымушалі аўтара абставіны, у якіх праца была пісана й выдана. Затое цяпер аўтар павінен сваю цэнную працу пералажыць на беларускі язык, паставіць “беларускія точкі” над усімі “і”, раскрыць усе “дужкі”, паставіць , дзе трэба, “беларускія націскі” і… па-беларуску выдаць. Але хто выдасьць? Гэтая кніжка мусіць праявіць сваю беларускую “душу” й мусіць прыадзецца ў сваю беларускую “вопрадку”.

За слонімскі перыяд жыцця кс. Адамам Станкевічам было напісана яшчэ шэраг артыкулаў і рэцэнзій. Тут, у Слоніме, ён дапамог мясцоваму паэту Анатолю Іверсу (Івану Міско) наладзіць сувязі з Вільняй наконт выдання яго першага паэтычнага зборніка “Песьні на загонах”. Пра гэта пры жыцці не раз расказваў мне наш старэйшы слонімскі паэт. Яны сустрэліся ў Слоніме ў 1939 годзе. І была на гэта нагода. Выдавецтва “Калосьсе” рыхтавала да друку зборнік вершаў Анатоля Іверса “Песьні на загонах”. Рэдактар выдавецтва Ян Шутовіч, ведаючы, што паліцыя на вёсцы правярае, а часам і забірае карэспандэнцыю, карэктурныя лісткі зборніка прыслаў у касцёл у Слонім Адаму Станкевічу, а паэту напісаў пісьмо, каб той абавязкова зайшоў да ксяндза, што Іверс і зрабіў.

Гаспадар доміка, які знаходзіўся на касцельнай тэрыторыі, сустрэў слонімскага паэта ў сваім пакоі па-хатняму, без сутаны:

— Ведаю, ведаю пра вас. Вось карэктура вашай кнігі, уважліва прачытайце і зрабіце папраўкі, калі знойдзеце памылкі.

Малады Анатоль Іверс ўсхваляваўся, убачыўшы надрукаваныя на лістках свае вершы. Вочы сталі вільготнымі, і ён хутчэй па памяці, чым зрокава, пачаў чытаць вершаваныя радкі. Сям-там на палях ужо былі вынаскі літар, зробленыя Адамам Станкевічам. Першы раз слонімскі паэт спасцігаў карэктарную мудрасць і, бадай, не знайшоў ні адной незаўважанай і не папраўленай памылкова набранай у тэксце літары.

Пасля яны яшчэ доўга гутарылі, а напрыканцы сустрэчы Адам Станкевіч спытаў, ці надакучвае паліцыя.

— Яшчэ як дакучае, — сказаў Іверс, — лазіць па пятах, забірае з паштовага агенцтва беларускія і ўкраінскія газеты. Арыштоўвае хлопцаў перад святамі, рэдка абыходзіцца без катаванняў у дэфензіве. Забараняе ставіць беларускія спектаклі…

— Вось што, браток, не трэба лезці на ражон, — параіў Адам Вікенцьевіч. — Хоць, праўда, і я не ўсцярогся, бачыце, саслалі з Вільні ў Слонім. І тут не дазволілі ў касцёле праводзіць службу на беларускай мове…

На развітанне Адам Станкевіч запрасіў слонімскага паэта заходзіць часцей. Але больш ім сустрэцца не ўдалося, хоць пражыў ён у горадзе над Шчарай амаль год.

На працягу года Адаму Станкевічу са Слоніма і Адольфу Клімовічу з Варшавы пару разоў усё ж дазволілі наведаць Вільню. Пры чым адзін раз Адам Станкевіч выступаў нават сведкам абароны ў судзе па справе Г.Дэмбінскага, заснавальніка газеты “Poprostu” ( Chryscijanskaja Dumka.1939 г. № 13. С.7).

3 кастрычніка 1939 года Адам Станкевіч назаўсёды развітаўся са Слонімам і прыехаў у Вільню. Тут ён аднавіў выданне “Крыніцы”, сустракаўся з прэзідэнтам Літвы А.Сметонай, узначальваў Беларускі цэнтр у Літве, выдаваў свае кнігі і брашуры, стварыў ”Камісію Аховы Культурных Памятнікаў Беларусі”, займаўся педагагічнай дзейнасцю. 13 красавіка 1949 года яго арыштавалі органы НКУС, а 31 жніўня асобая нарада пры Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі СССР прысудзіла яму 25 гадоў лагера па артыкулу 58 УК СССР (здрада Радзіме). А ў канцы лістапада 1949 года Адама Станкевіча не стала. Яго энкэвэдысты проста забілі. Пахаваны беларускі святар у вёсцы Шаўчэнка Тайшэцкага раёна Іркуцкай вобласці Расіі.