На месцы Лукашэнкі варта захоўваць “революционную бдительность” і трымаць вуха вастро, бо дзяўчаты са сваёй безадказнай зброяй могуць яго чакаць паўсюль.

Скандальнавядомая арганізацыя “Femen” не забывае пра Аляксандра Лукашэнку. Дзяўчаты неўзабаве рыхтуюцца зноў наведаць Беларусь. Пра гэта нам заявіла актывістка “Femen” Аляксандра Шаўчэнка. Сёньня тэму “сувязі” паміж “Femen” і Лукашэнкам першымі закранулі нашыя калегі з “Эўрарадыё”. Справа ў тым, што 27 ліпеня Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Колям зьбіраецца наведаць Кіеў. Мы таксама вырашылі даведацца, якія пляны ва ўкраінскіх дзяўчат адносна Беларусі й беларускага палітыка нумар адзін, больш вядомага як “апошні дыктатар Эўропы”. “Для наведваньня Беларусі ў нас ёсьць некалькі прычын, у тым ліку прычына асабістая й грамадзкая” – сказала ў размове з намі Аляксандра Шаўчэнка.

Паводле яе, грамадзкая прычына заключаецца ў тым, што яны нязгодныя з лукашэнкаўскай дыктатурай. А асабістая прычына – гэта прага помсты за страшную гісторыю, якая здарылася зь дзяўчатамі з “Femen”. Нагадаем, у сьнежні 2011 года актывісткі арганізацыі паехалі ў Менск і на прыступках КДБ правялі пэрформанс. Адна зь дзяўчат была стылізаваная пад Лукашэнку. Хутчэй за ўсё акцыя “femen-ак” асабіста закранула гонар Лукашэнкі, бо, як падкрэсьліла Аляксандра Шаўчэнка, “дзяўчаты трапілі ў палон да забойцаў, галаварэзаў Лукашэнкі”. “І мы хоча адпосьціць” – зазначыла актывістка. І падкрэсьліла, што неўзабаве зьбіраюцца ў Беларусь.

На маё пытаньне, ці ня страшна ехаць дзяўчатам у Беларусь, нашая суразмоўца адказала, што, канешне, страшна, гэтак як і страшна было ехаць у Туніс для правядзеньня акцыі. Аляксандра Шаўчэнка нагадала, што там актывісткі трапілі ў турму, дзе над імі зьдзекваліся, дзе яны маглі страціць жыцьцё. І, тым ня менш, дзяўчаты стараюцца перамагчы свой страх і працягваць дзейнічаць, зазначыла суразмоўца. Паводле яе, у арганізацыю “Femen” трапляюць толькі тыя актывісткі, якія гатовыя на радыкальную сьмеласьць, якая часам мяжуе з самаахвяраваньнем.

А ці дзяўчаты з “Femen” зьбіраюцца сустрэць Лукашэнку 27 ліпеня ў Кіеве? Аляксандра Шаўчэнка сказала, што толькі сёньня даведаліся пра прыезд беларускага лідара ва ўкраінскую сталіцу, і калі б ведалі раней, то, магчыма, падрыхтаваліся б. Бо цяпер у іх іншая й больш важная праблема: у нядзелю згарэла штаб-кватэра “Femen” у Парыжы. “Мы цяпер думаем, як узнавіць працу першага ў сьвеце цэнтра па падрыхтоўцы рэвалюцыянерак і экстрэмістак” – з гумарам зазначыла Аляксандра Шаўчэнка. Але дзяўчаты не выключаюць, што адпаведным чынам і ў сваім стылі прымуць Лукашэнку ва ўкраінскай сталіцы.

На пытаньне, якую ролю ў дзейнасьці “Femen” адыгрывае Лукашэнка, Аляксандра Шаўчэнка без ваганьня адказала, што ён – адзін зь іх галоўных ворагаў.

А.Шаўчэнка: Гэта адзін з нашых галоўных ворагаў, таму што ён –увасабленьне патрыярхату, таму наш дзявочы экстрэмізм накіраваны супраць яго. Я ўпэўненая, што з Лукашэнкам мы яшчэ сустрэнемся.

Сказала прадстаўніца “Femen” Аляксандра Шаўчэнка.

Аляксандар Лукашэнка любіць падкрэсьліваць, што ні перад кім ня стане на калені й што нікога не баіцца. І гэта, магчыма, праўда, бо ён мае моцнага палітычнага саюзьніка ў выглядзе Крамля, прынамсі, так можа здавацца. Але супраць вясёлых пэрформансаў аголеных і сьмелых дзяўчат з “Femen” бяссільныя самыя моцныя дзяржавы й палітыкі, пра што Лукашэнку ня варта забываць. Такім чынам, на месцы беларускага кіраўніка падчас замежных паездак варта захоўваць “революционную бдительность” і трымаць вуха вастро, бо дзяўчаты са сваёй безадказнай зброяй могуць яго чакаць паўсюль.