Што тычыцца мясцовага самакіравання, то ў лютым гэтага года завершана работа над Канцэпцыяй рэформы мясцовага самакіравання ў Беларусі. Зараз рэдагуецца і карэктуецца тэкст. Ён складаецца з трох частак: апісанне мадэлі мясцовага самакіравання; дэталёвае апісанне асноўных складаючых мадэлі і аргументацыя прапаноўваемых рашэнняў; механізмы і этапы падрыхтоўкі і рэалізацыі рэформы.
Але ёсць моманты, якія выкладзены ў двухварыянтным выглядзе (фарміраванне упраў, кантроль), альбо патрабуюць больш дэталёвай прапрацоўкі (адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, фінансава-эканамічныя асновы, механізмы і этапы рэалізацыі рэформы).
Ужо адбыліся дзве пробныя прэзентацыі для экспертаў. Але праца над Канцэпцыяй аказалася больш складанай, чым раней меркавалася, таму экспертам прыйшлося патраціць значна больш дадатковага часу. Тым не менш, Канцэпцыя — гэта крок наперад, адкрытае выказванне пазіцыі грамадскага аб’яднання па праблемах мясцовага самакіравання, аргументацыя неабходнасці перамен, стратэгія дзейнасці ў сферы мясцовага самакіравання, дакумент, які будзе накіраваны ў органы дзяржаўнай улады, палітычным партыям і грамадскім аб’яднанням, прадстаўлены грамадзянам і міжнародным арганізацыям.
Праводзіліся і іншыя мерапрыемствы. У 2012 годзе былі арганізаваны і праведзены дзве школы самакіравання ў Магілёве і Мінску. Гомельскае рэгіянальнае аддзяленне сумесна з украінскімі калегамі і партнёрамі рэалізуюць праект па ўстойлівым развіцці мясцовых абшчын праз актуалізацыю культурнай спадчыны.
Даведка inform-progulka.by
ГА «Фонд імя Льва Сапегі» — недзяржаўная, непалітычная, некамерцыйная арганізацыя. Адно са старэйшых беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, створана 26 чэрвеня 1992 г. дзеля спрыяння: • працэсам усталявання і развіцця дэмакратычных рэформаў у Рэспубліцы Беларусь у галіне мясцовага самакіравання, эканомікі, навукі, культуры; • развіццю ў Беларусі грамадзянскай супольнасці; • прапагандзе ідэй дэмакратыі. Зараз налічвае 145 сябраў.
Падрыхтаваны 3 аналітычныя работы: «Мясцовае самакіраванне ў Беларусі — як пераўтварыць міф у рэальнасць» (аналіз магчымых варыянтаў развіцця сітуацыі ў Беларусі ў сферы мясцовага самакіравання, іх матывацыя, мэты, задачы і спосабы рэалізацыі); «Дарожная карта рэформы мясцовага самакіравання ў Беларусі» (мэты, задачы і механізмы рэалізацыі рэформы); «Да пытання аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання» (юрыдычны аналіз і ацэнка адпаведнасці норм беларускага заканадаўства і Еўрапейскай Хартыі для выяўлення неабходнага і дастатковага мінімуму прынцыпаў Хартыі, якія могуць быць прыняты Рэспублікай Беларусь у якасці абавязацельстваў перад Саветам Еўропы).
Шмат рабілася па развіцці грамадзянскай супольнасці і падтрымцы дэмакратычных ініцыятыў. Сумесна з Асацыяцыяй агенцтваў мясцовай дэмакратыі (Страсбург) быў рэалізаваны праект «TANDEM — супрацоўніцтва для ўдзелу грамадзян у мясцовым сама-кіраванні і развіцці мясцовых супольнасцяў у Рэспубліцы Беларусь». Ён праходзіў з кастрычніка 2011 года па красавік 2013 года. Было праведзена 5 семінараў і рэалізавана 9 міні-праектаў, адабраных на конкурснай аснове (з 81 заяўкі). Арганізацыі-ўдзельніцы і ініцыятыўныя групы грамадзян набылі вопыт і навыкі грамадскай работы, прыцягнулі ў свае рады новых людзей, адчулі ўпэўненасць у сваіх сілах, атрымалі новыя веды аб дзейнасці грамадскіх арганізацый, наладзілі дыялог з мясцовымі органамі ўлады. У маі гэтага года пачаўся праект «TANDEM-II».
На працягу апошніх справаздачных двух гадоў грамадскае аб’яднанне прымала актыўны ўдзел у праграме «Усходняе партнёрства» як праз працу ў Нацыянальнай платформе, так і праз непасрэдны ўдзел ў працы Форумаў грамадзянскай супольнасці краін-удзельніц «Усходняга партнёрства». У рамках «Дыялогу пра мадэрнізацыю» з удзелам экспертаў аб’яднання прайшоў круглы стол па мясцовым самакіраванні.
Пасля дыскусіі дэлегаты выбралі старшыню Праўлення. Ім зноў стаў Міраслаў Кобаса.
Каментары