Што суд над дызайнерам Варламавым можа мець агульнага з аблавамі ў гей-клубах?

4 лютага ў Менску пачаўся суд над мадэльерам Сашам Варламавым. Яго судзяць паказальна – на сцэне перад залай сведкаў-гледачоў, у закратаванай клетцы, куды ён прыклыпвае на мыліцах.

За кратамі Варламаў з траўня 2011 года, там ён, ужо ў статусе інваліда 3-й групы, перанес 4-ю аперацыю на хрыбце. Яго абвінавачваюць у крадзяжы 1,2 млрд рублёў – быццам махляваў з падаткамі.

Гэта не адзіная гучная падзея вакол чалавека нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі (Варламаў гэтага ніколі не хаваў) у апошнім часе.

19 студзеня пры нявысветленых абставінах загінуў гарадзенскі паэт, “лагодны дэндзі” Юрый Гумянюк. Мастак Алесь Сураў так выказаўся пра сябра пасля трагічнага здарэння:

“Яго маглі пераследаваць з-за яго сексуальнай арыентацыі. Думаю, іншага пераследу не было. Але гэта была не пагроза жыццю, не пагроза смерці. Я ўпэўнены, што прычынай усяго проста тупіковая сітуацыя яго жыцця і побыту. А ён вельмі тонка адчуваў жыццё як паэт”.

Нагадаем, што з пачатку бягучага года адбыліся тры “аблавы” ў беларускіх гей-клубах (два ў Менску, адзін у Віцебску).

Усё гэта кажа пра актывізацыю “гей-тэмы” ў Беларусі.

Схема, пра якую ўсё часцей гавораць у беларускім палітыкуме: масіраваны наезд на гей-супольнасць Беларусі выклікае незадавальненне Захаду, дачыненні з якім беларускія ўлады паляпшаюць праз рэгістрацыю гейскага руху.

Нагадаем, што паводле іншай інсайдарскай інфармацыі ўсплёск агрэсіўнасці мігрантаў у Беларусі (інцыдэнты ў студзені) выкліканы патрэбай адцягнуць увагу грамадскасці ад сацыяльна-эканамічнай сітуацыі.

На змену фразам “мае палякі“, “мае каталікі” неўзабаве могуць прыйсці іншыя выразы – “мае геі“, “мае мігранты“.