Прадстаўнікам беларускай грамадзянскай супольнасці трэба імкнуцца да адзінства і ўзаемаразумення, шукаць кампрамісы, пазбягаць канфліктаў і не крыўдзіцца адзін на аднаго.

 З такім заклікам на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які праходзіць у Стакгольме, выступіў сёння Стэфан Эрыксан.

Былы амбасадар Швецыі ў Беларусі папрасіў прабачэння перад удзельнікамі Форума і звярнуўся да прысутных у зале прадстаўнікоў Беларусі на беларускай мове: «Дарагія сябры, у мяне не было часу для таго, каб з вамі развітацца перад сваім ад’ездам. Я хачу сказаць вам, што праца ў Беларусі дала мне вельмі шмат, і я не лічу, што гэтая праца скончана. Я абавязкова вярнуся ў вашу краіну, хоць і не ведаю, у якой якасці».

 
Стэфан Эрыксан у сваім выступе адзначыў, што беларуская грамадзянская супольнасць стала яшчэ больш актыўнай пасля стварэння Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: «Я назіраў, што Нацыянальная платформа ў Беларусі развівалася досыць паспяхова, з улікам, вядома, некаторых нюансаў, якія характэрныя для такой аўтарытарнай сістэмы , якая існуе ў Беларусі».
 
Аднак, на думку Эрыксана, некаторыя цяперашнія працэсы ўнутры беларускай Нацыянальнай платформы не спрыяюць яе развіццю: «Дэбаты — гэта нармальная з’ява, і я не хацеў бы ствараць з гэтага трагедыю. Але я хачу выказаць сваю занепакоенасць з нагоды таго, што такія працэсы могуць пайсці не на карысць агульнай справы. У сённяшняй сітуацыі вельмі патрэбна кансалідацыя ўнутры грамадзянскай супольнасці Беларусі. І гэта трэба не мне і не камусьці за мяжой. Гэта трэба ў першую чаргу беларускай грамадзянскай супольнасці».
 
«Я прашу толькі задумацца над галоўным пытаннем для вашай краіны, — звярнуўся Стэфан Эрыксан да беларускіх удзельнікаў Форуму, — шукайце кампрамісы, яны патрэбныя нават у краінах з ўстоянай дэмакратыяй. Ня крыўдзіце адзін аднаго і не крыўдуйце на іншых. Як казала мая нябожчыца цешча: на пакрыўджаных ваду возяць». Апошняя фраза шведскага дыпламата выклікала ажыўленне ў зале.
 
Адпавядала агульнай атмасферы і зваротная рэакцыя беларускіх дэлегатаў Форума, якія віталі Стэфана Эрыксана апладысментамі. З словам у адказ і памятным падарункам ад імя беларусаў выступіў Яраслаў Бекіш, якога напярэдадні абралі новым нацыянальным каардынатарам ФГС УП у Беларусі: «Ад імя Нацыянальнай платформы і больш шырокай грамадзянскай супольнасці нашай краіны мы дзякуем за вашу дзейнасць, а ўсе беларусы з дзяцінства ведаюць, што добрыя шведы заўсёды вяртаюцца».
 
У інтэрв’ю Службе інфармацыі «ЕўраБеларусi» Стэфан Эрыксан яшчэ раз падкрэсліў свае цёплыя пачуцці да нашай краіны: «Маё сэрца застанецца з Беларуссю назаўжды. Я веру ў тое, што пазітыўныя змены ў Беларусі адбудуцца. І я не хачу нават думаць пра тое, што ніколі больш не змагу пабываць у Беларусі. Спадзяюся, што ў будучыні я змагу прыязджаць у вашу краіну».