У суботу, 17 лістапада, у Старадарожскім музеі выяўленчага мастацтва быў адкрыты помнік Анатолю Беламу. 

«Ужо год  як адышоў ад нас Анатоль Яўхімавіч Белы — свядомы чалавек, таленавіты арганізатар, грамадскі дзеяч, навуковец. Але, як кажуць, “у Бога мёртвых няма”. Ён сярод нас, у сваіх працах”, — сказаў на адкрыцці паэт Яўген Гучок.  — У інтэлігенцыі  ёсць два пытанні:  “Хто вінаваты?” і “Што рабіць?”. Ён не шукаў вінаватых,  ведаў што рабіць і рабіў усё жыццё».На адкрыцці помніка  сабраліся сваякі Анатоля Белага і сябры клуба «Спадчына», сярод  якіх былі мастакі, паэты, вучоныя  і журналісты.
Прамоўцы адзначылі, што  апафеозам  яго дзейнасці стаў Старадарожскі музей выяўленчага мастацтва. Ён быў членам Саюза пісьменнікаў,  Саюза мастакоў, Саюза журналістаў і ўсюды  пакінуў  значны  след.

Пасля адкрыцця помніка госці музея наведалі магілу грамадскага дзеяча. “Альгерд Абуховіч, магіла якога знаходзіцца ў Слуцку, быў пахаваны патаемна. Мы пахавалі нашага сябра пры вялікай колькасці людзей. Я думаю, гэта магіла стане месцам паломніцтва аматараў беларускай культуры і гісторыі”, — сказаў Яўген Гучок.


Даведка Кур’ера:

Анатоль Белы сабраў вялікую прыватную калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыўнага мастацтваў (каля трох тысяч адзінак). На аснове калекцыі ў 1990 годзе заснаваў, а ў 1999 годзе адкрыў у сваёй сядзібе ў горадзе Старыя Дарогі прыватны музей выяўленчага мастацтва (зараз Старадарожскі мастацкі музей). Выдаў звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю. Больш падрабязна аб навукоўцы і яго грамадскай дзейнасці чытайце ў наступных артыкулах «ІК».