Барбарызм “гендар” неяк вельмі спакойна, мякка трапіў у беларускую мову, прыжыўся так бы мовіць без асаблівых клопатаў. Усё таму, што ані мовазнаўцы, ані іншыя гуманітары ў Беларусі амаль не ўдзельнічаюць у выпрацоўцы і тым больш адаптацыі тэрміналягічнага інструмэнтару па-беларуску. Ну, і потым, канечне, таму, што збольшага панятак амаль натуральна клаўся ў маўленьні і чытаньні беларускамоўнага чалавека.

У дадатак, усе нашыя суседзі па інэрцыі прынялі слова “гендар”. Ды і ноўшасьць спачатку цьмянага панятку шармавала больш, чымся мовазнаўчы “род”. Тым ня менш, першапачаткова гендар азначае менавіта граматычны род, менавіта ў граматыцы панятак і быў запазычаны амэрыканскімі фэміністкамі. Але, як зазвычай, без усякіх дэбатаў разам з гэтым словам у нашую мову прыйшло цэлае гняздо словаў: гендарны, гендарыстыка, гендарыст,-ка, гендарная роўнасьць, гендарны стэрэатып, гендарная палітыка і г.д. У фэмінісцкіх ці гендарных штудыях род (гендар) раўназначны сацыяльнаму полу ў адрозьненьне ад полу біялягічнага.

Наколькі мне вядома, адная спроба беларусізаваць панятак гендар усё ж-такі была прадпрынятая перакладнікамі і перакладніцамі з ангельскай ды амэрыканскай. Зачастую менавіта яны спрабуюць фільтраваць і як лепей адаптаваць той ці іншы барбарызм. Праўда, часам і яны прыўносяць блытаніну, таму і неабходны ўдзел лінгвістаў і пажадана іншых гуманітараў і гуманітарак у выпрацоўцы аптымальнага варыянту. Так, перакладнік кнігі “Жаночая гісторыя сьвету” Разалінд(ы) Майлз слушна пажадаў пазьбегнуць слова “гендар”, праўда, у тлумачэньні ён заўважыў, што ўнікае хутчэй слова “пол”, якое нібыта зьяўляецца маскалізмам. Гэта не зусім дакладна, бо дадзенае слова – пол – фіксуецца і ў старабеларускай мове. Тут дакладней будзе паставіць акцэнт на ўнікненьні і замене слова “гендар” словам “род”, а “гендарны” словам “родавы”. Гэта і было б важным дасягненьнем у справе беларусізацыі тэрміналёгіі.

Узгадаем прыклады іншых моваў, якія адыйшлі ад гендару, выбраўшы граматычную канатацыю слова: у францускай мове няма gender, але ёсьць genre, у каталёнскай gènere, у італійскай genere. Іншыя мовы – нямецкая, многія славянскія – прынялі слова гендар (у нямецкай – Gender, у чэскай – gender, у польскай – gender, ва ўкраінскай – ґендер, у расейскай – гендер). А вось ў харвацкай прыняты варыянт rod.
Чаму ж род замест гендар у беларускай мове? Па-першае, так мы можам пазьбегнуць лішняга барбарызму, прытым, што род, родавы цалкам і паўнавартасна замяняюць месца ўжо існага гендар, гендарны: родавая роўнасьць, роўнасьць радоў, родавыя стэрэатыпы, родавы аналіз, родавая тэорыя, родавая сыстэма, родавыя рамкі і г.д.

Па-другое, “род”, як слушна заўважае амэрыканская гістарыцы, фэміністка Джаан Скот (Joan W. Scott), – гэта вельмі выразнае і прыгэтым багатае на яшчэ нявыведаныя значэньні і пэрспэктывы слова. Выразнае, бо ў мове, як і ў грамадзтве існуюць катэгорыі мужчынскага і жаночага. Пэрспэктыўнае, бо ў многіх інда-эўрапейскіх мовах акрамя мужчынскага і жаночага радоў існуе нэўтральны, ці ніякі род, што цалкам карысна і цікава ў сьвятле таго, што і родавыя дасьледваньні выходзяць па-за межы мужчынскага і жаночага. Таму ў цэлым слова “род” цалкам перадае тое, што амэрыканскія дасьледнікі і дасьледніцы называюць gender і няма ніякай патрэбы апісваць зьяву праз дапаможнікі тыпу сацыяльны пол або гендар.

Няма сумневу, словы род і родавы замест гендар, гендарны ў новай беларускай мове – гэта справа звычкі, прыгадаем, да гендару, мы таксама не адзін год прызвычайваліся.