(развагі аб адраджэньні і вартасьці беларускага атэізму)

 

 

Сьвет пачаўся без чалавека (і бога), без яго (іх) ён і завершыцца[1].
Клёд Леві-Строс.

Так яно і спрадвеку называлася – сумленьне, чалавечнасьць – словам Бог, зь вялікае літары.

Янка Брыль.

Прыгнятаць іх (вернікаў, хрысьціянаў) па-барбарску, зьнішчаць, вядома ж, ня трэба было,

але  ж і верх над сабою даць па-ранейшаму – таксама ці варта?
Янка Брыль.

Сам панятак «атэізм» не зусім дакладна, нават абмылкова перадае сэнс зьявы, рэчаіснасьці. Канечне, няма сэнсу зараз замяняць панятак, бо ці ня ўсе паняткі, якія апісваюць рэчаіснасьць, зьяўляюцца прыблізнымі. Бо ў слове атэізм закладзеная пэўная адмова бога, адштурхоўваньне ад паняцьця «бог», будаваньне сьвету і сьветапогляду супрацьлеглага рэлігійнаму (у нашым выпадку, хрысьціянскаму).

Насамрэч, стан зьяваў куды складаней. Пэўны прынцыповы і радыкальны (не абавязкова ваяўнічы) атэізм цалкам ігнаруе панятак бог, не адштурхоўваецца ад яго, не ўключае ў сваю сыстэму, не крытыкуе яго, бо ён проста лішні ці без патрэбы (як гэта мы можам назіраць у К. Леві-Строса, С. дэ Бавуар, Н. Эліаса, Я. Брыля ды іншых). Што я назваў бы «другі лішні». Больш вядомы выраз «трэці лішні». Маецца на увазе лішняя асоба, якая перашкаджае адносінам двух іншых людзей. Калі ж я кажу «другі лішні», то маецца на увазе, што самотняму чалавеку ў абсурдным, хаатычным ці прынамсі двухсэнсоўным сьвеце, чалавеку, існаваньне якога, як вядома дзякуючы дэ Бавур і Сартру, папярэднічае сутнасьці, што бог, хоць бы і зьявіўся, а тым самым давёў бы аб сваім існаваньні, ёсьць другім лішнім. Ён лішні ў жыцьці чалавека, усяляк перашкаджае, супярэчыць ці па-просту робіць яшчэ больш абсурдным існаваньне (абсурдным і так радыкальна абсурднае жыцьцё). З другога боку, сам атэізм на дадзены момант трактуецца, як лішні, чужынскі, варожы, неўласьцівы мясцоваму, беларускаму.

Такім парадкам, не само давядзеньне існаваньня бога, а ужо сам панятак «бог» – другі лішні ў жыцьці многіх людзей. Ня толькі лішні, бо каб зразумець гэтую лішнясьць, трэба неяк разумець, хаця б тэарэтычна, спрычыненасьць і паўнaту жыцьця з богам. Нашая ж лішнясьць хутчэй азначае поўную адсутнасьць бога, як панятку, як зьявы, як слова для пэўных групаў і генэрацыяў людзей. Так, напрыклад, пакаленьні савецкіх людзей ці савецкіх беларусаў, якія нарадзіліся у 40-50-ыя гады 20-га стагодзьдзя, сталі атэістамі па інэрцыі. Іх мы ня можам назваць ваяўнічымі атэістамі, хоць яны і сталі атэістамі, варта прызнаць, у выніку палітыкі ваяўнічага ці ўпартага, прынцыповага атэізму, ажыцьцяулёнай папярэднімі генэрацыямі. Гэта і ёсьць радыкальны атэізм (радыкальны не з-за мэтадаў барацьбы з рэлігіяй, а з-за радыкальнага ігнараваньня рэлігіі), калі больш не патрэбнае змаганьне з кімсьці ці чымсьці, а простае натуральнае рутыннае жыцьцё з разуменьнем, што бог, рэлігія – архаіка, нешта аддаленае і зьведанае чалавецтвам у прымітыўны, рэтрапэрыяд, так бы мовіць.

Ня толькі многія навуковыя сыстэмы стаяць на пазыцыях матэрыялізму і атэізму і даводзяць нам аб гэтым, але і суб’ектыўнае, партыкулярнае жыцьцё, існаваньне многіх людзей. Самота, мэлянхолія, дэпрэсія, суіцыдныя ці калясуіцыдныя станы, думкі, хіба гэта усё нязьменна ня сьведчыць аб нашай сусьветнай адзіноце? Аб абсурдным, недэрмінісцкім,  безпарадкавым, нязьменна двухсэнсоўным існаваньні і зьнікненьні чалавека? Прыгэтым чалавек, які рэальна ўзбудаваў свае шчасьце, дабрабыт, стаўся пасьпяховым, прадпрымальным, часта разумее, што ўсё гэта дасягнута ня верамі, а працай і толькі самім чалавекам, а не з дапамогай звышчалавечага.

Канечне, у грамадзтвах часта адбываецца вяртаньне рэлігійнага, рэлігійшчыны, процьма люду верыць і тлумачыць сьвет богам ці багамі, але ж мы ня можам сказаць, што атэізм прыгэтым занепадае, не, ён застаецца моцным, нязьменным у навуцы, у палітыцы (асабліва ў Эуропе). Радыкальны атэіста разумее інстытуцыйныя, калектыўныя праявы веры, як маскарад, як пэўнае калектыўнае шаленства, вар’яваньне, калі жадаеце. Важным для радыкальнага атэіста зьяўляецца суб’ектыўны і суб’ектывісцкі досьвед існаваньня, як доказ самоты чалавека ў сьвеце наагул і, адпаведна, як доказ адсутнасьці бога, багоў. То бок,  бог – уяўнае ў разуменьні радыкальнага атэіста. Максымум, бог – літаратурная фігура, вобраз, аксэсуар, іманэнтнасьць. Тут дамесца паўтарыць выказваньне-эпіграф Я. Брыля, якое трапна ахоплівае праблематыку, што цікавіць нас: бог, як проста адна з назваў сумленьня, чалавечнасьці, ня больш таго.

Чалавек сам – адзіная трансцэндэнтнасьць у адзіным гэтульным сьвеце. Іншых трансцэндэнтнасьцяў няма і быць ня можа для атэіста.
Атэізм мае сваю добрую і багатую традыцыю, гісторыю і мусіць таксама сьцьвярджацца на тле пастаянна парушалага мяжу палітычнага хрысьціянства.

У дадатак, умеркаваны палітычны атэізм, які часта хаваецца за такой вядомай зьявай, як сэкулярызм, зьяўляецца добрай мадэлью кампрамісу для некаторых культураў, дзе рэлігійнае шкодзіць ідэі міру і стабільнага разьвіцьця. Яшчэ важна дадаць, што атэізм стаіць на варце сапраўднай дэмакратычнасьці і роўнасьці правоў, гендарнай роўнасьці у прыватнастці. Пэўны атэізм лічыць, што (афіцыйная) рэлігія – заўсёды антыфэмінісцкі і  гамафобны праект, таму любая спроба хаўрусаваньня дзяржавы і царквы, любая спроба пранікненьня рэлігійнага ў палітыку трактуецца, як пагроза роўнасьці, пагроза фэмінісцкім заваёвам і пашырэньню дэмакратыі наагул. Як бы сучаснае хрысьціянства не мянялася, не адкрывалася сьвету, не рэфармавалася, яно усё адно хварэе на мачызм, на мужчынскае дамінаваньне і гамафобію.

Нарэшце, варта сказаць некалькі словаў пра адносіны атэізму і хрысьціянства, дакладней пра канфлікт і ўзаемныя абвінавачваньні гэтых дактрынаў, дыскурсаў у спрычыненасьці да пэўнага таталітарызму. Хрысьціянства абвінавачваюць у тэакратызьме, у таталізьме ў пэрыяд Інквізыцыі, напрыклад. Атэізм абвінавачваюць у сувязі з сучасным таталітарызмам (напр. савецкі сталінскі, калі вынішчалася рэлігія).

Зразумела, што абодва падыходы, сапраўды, у пэўныя пэрыяды гісторыі спрычыньваліся да пэўных формаў таталітарызму. Ці дакладней, ідэі як хрысьціянства, так і атэізму выкарыстоўвалі безпрынцыповыя палітыкі, ідэолягі. Таму глупа шукаць цяпер больш і менш вінаватых. Зразумела адное: вінаватыя абое, нянавісьць, неўразуменьне адзін аднога сілкавалі радыкалізм пэўнага хрысьціянства і пэўнага атэізму – як у тэорыі, так і на практыцы.

Сяньня натуральна, пасьля дзесяцігодзьдзяў цкаваньня, аднаўляецца і зноў усяляк прасоўваецца хрысьціянства ў постсавецкіх грамадзтвах Эўропы. Зачастую атэізм на гэтым тле выглядае мізэрна, а калі-нікалі і трактуецца, як вораг. Узгадаем тут трапнае выказваньне С. Харэўскага аб тым, што цяпер у Беларусі непрыстойна быць атэістам (гэтаксама як і геям, дадае мысьляр). Атэізм, такім чынам, малюецца, як варожы, непрыстойны, амаральны, антыбеларускі. Улічваючы невінаватасьць умеркаваных вэрсыяў як атэізму, так і хрысьціянства, атэізм таксама мусіць усяляк прапагавацца, вывучацца і выкладацца. Якраз нам, атэістам, неабходна ўсюдна даводзіць праўду пра радыкальны атэізм, як сьветапогляд велічнай часткі грамадзтва. І дэманстраваць, што нашая філязофія ня толькі капітальная, прынцыповая, мэтадычная, але і жвавая, вясёлая. Бо пакуль мясцовыя атэісты, дадушы, хаваюцца, робяць як усе, у тым ліку ксьцяць дзяцей, ідуць у цэрквы, хаваюць блізкіх ды і сябе, паводле хрысьціянскіх абрадаў і пад.). Нібыта ім непрыстойна быць самім сабою. Яны зачастую не ганарацца сваім атэізмам, бо і дзяржава, і асабліва царква ўсяляк стыгматызуюць атэізм, атэісцкі выбар.

Пэўнае беларускае хрысьціянства не анамалійнае, як рэклямна заяўляе П. Рудкоўскі, а па-просту дзіцячае, па-юнацку максымалісцкае, нясьпелае, негатовае да цьвярозага аналізу рэчаіснасьці, бо яно прапануе ірацыянальнае, цьмянае, сумнеўнае, бяздоказнае. Яно трыюмфуе проста таму, што мае статус ахвяры. Хаця, калі вярнуцца да анамалійнасьці, то, канечне, бачыцца анамалійным шмат чаго ў хрысьціянстве: жудасна агрэсыўныя камэнтары, амаль кляцьбоны беларускіх хрысьціянаў (пераважна маладых) у бок усіх бязбожнікаў на шматлікіх віртуальных плятформах і старонках (у тым ліку, у “Нашай Ніве”, “Arche”). Хіба не анамалія  – гвалт, учынены каталіцкім радыкальным рухам Civitas у Парыжы падчас маніфэстацыі супраць гей-шлюбу? Ці не анамалійным і крывадушным ёсьць замоўчваньне нават не пэдафіліі (бо пра гэта, сапраўды, пішацца і крычыцца шмат), а таго ладу жыцьця, якое вядзе безьліч маладых ксяндзоў у Беларусі, Польшчы, Летуве (ды і, няма сумневу, іншых краінах сьвету). Перад тым, як пачаць маральнічаць, мясцоваму ды і глябальнаму хрысьціянству неабходна неяк закілзаць плоць і язык ксяндзоў, якія кажуць гамафобныя і мізагінныя казані ў касьцёлах, а самі прыгэтым вядуць актыўнае сэксуальнае жыцьцё як з хлапцамі, так і дзяўчынамі. У існасьці, маладыя і ня дужа ксяндзы ўжо жывуць, паводле маралі двухсэнсоўнасьці, неадназначнасьці, як кажа Бавуар, тады як афіцыйна Касьцёл, Царква маюць адназначную, аднасэнсоўную пазыцыю і меркаваньні наконт усяго. Таксама анамалійным бачыцца мне мэтадычнае і татальнае ўмяшаньне цяперашніх Цэркваў у беларускую традыцыйную культуру, асабліва паганскага пэрыяду і натхненьня: выпраўленьне, карэктаваньне, а ў існасьці гвалтаваньне паганскіх звычаяў і традыцыяў (радаўніца, дзяды, саракі, каляды і іншыя сьвяты часьцяком хрысьціянізуюцца, паганскія тлумачэньні і элемэнты сьвятаў ганяцца, стыгматызуюцца). Такім парадкам, Цэрквы выбудоўваюць нейкую сваю чыстую, стэрыльную, штучную традыцыю, пазбаўляючы нас права быць крыху паганцамі, крыху атэістамі і г.д.  І ўсё гэта, няма сумневу,  – анамалія.

Бачыць сьвет у чорна-белых танах дазваляе сабе не Рудкоўскі-мысьляр, а Рудкоўскі-сьвятар, ідэяоляг. Не існуе выключна скрайняга атэізму і хрысьціянства, а сотні прамежкавых і ўмеркаваных падыходау, як унутры атэізму, так і хрысьціянства. Не існуе лягеру хрысьціянскага, з аднаго боку, і лягеру атэісцкага, з іншага. Існуе лягер адкрытых, без татальнай, аднасэнсоўнай маралі і гатовых да дыялёгу, як атэістаў, так і хрысьціянаў, а таксама існуе лягер тых, для каго на ўсё ёсьць пэўны адказ і ўсё вызначана, як у мінулым, так і наперад.

Крытычныя і ўмеркаваныя атэісты ня бачаць сьвет так радыкальна, як малюе нібы ў казанях Пётра. Яны цудоўна разумеюць, што сапраўды крытычныя і разумныя хрысьціяне, гатовыя да дыялёгу, існуюць у краіне, праўда, шукаць іх трэба, канечне, ня ў цэрквах, ня ў кляштарах, а хутчэй у кватэрах, унівэрсытэтах ці проста на вуліцы. Як і крытычных атэістаў знойдзеш у нас не ў парлямэнце ці акадэміі, а зноў жа ва ўнівэрсытэтах і на кухнях нашых кватэраў. Акрамя скрайніх і, сапраўды, адналінейных П. Рудкоўскага, з  аднаго боку, і Р. Докінза ці М. Анфрэ, з іншага, існуюць адкрытыя і ўмеркаваныя Л. Ганебэн,  І. Дубянецкая, з аднаго боку, і С. Бавуар ці Я. Брыль, з іншага.

Новы атэізм не вінаваціць неатэістаў ува усіх скрайнасьцях і шурпатасьцях, тым больш ва ўласных праблемах, як гэта можна назіраць унутры пэўнага хрысьціянства, ён адраджаецца, рэабілітуецца (бо незыдыялегізаваны атэізм таксама пацярпеў за саветамі!), адкарасківаецца ад нэгатыўных  стэрэатыпаў, вобразаў і спрычыньваецца да сучаснасьці. І тут атэізм, як і гомасэксуальнасьць, дадушы, йдзе адным шляхам – адкрыцьця, выхаду са сьпіжарні, так бы мовіць, шляхам адраджэньня. І адраджаць атэістам ёсьць што: не перакруты савецкага атэізму, як зьедліва падкрэсліваюць сучасныя хрысьціяне, а спадчыну куды цікавейшую, багацейшую і пераканаўчую. Спадчыну атрыманую ад Сьпінозы, Бэйля, Ніцшэ, Фройда, Леві-Строса, Эліяса, Бавуар, Цёткі ці Брыля.

Новы атэізм – гэта не зруйнаваныя цэрквы і ўвязьненыя ці нават замардаваныя сьвятары, як панічна лічыць пэўнае беларускае хрысьціянства, гэта неабходны дэмакратычны мэханізм процівагі радыкальнаму хрысьціянству, якое сьмела ўмешваецца ў палітыку. Новы атэізм патрэбны тады, калі з аптэкаў хочуць выкінуць прэзэрватывы, з бальніцаў і гінэкалягічных кабінэтаў цяжарных кабетаў, а з публічнага жыцьця выкасаваць геяў і лесьбіяк. Зрэшты, атэізм патрэбны, каб абараніць тых, для каго бог – другі лішні, каб абараніць дэмакратыю і спыніць цемрашальны бунт[2] супраць розуму і навукі.


[1] Дакладна цытата К. Леві-Строса гучыць як: “Сьвет пачаўся без чалавека, безь яго ён і завершыцца”. У дужках я адвольна, але не без падставы дадаў “бяз бога” і “іх”, бо прыгадаем, што К. Леві-Строс глябальна ігнараваў панятак “бог” у сваіх тэкстах, але ў дадзенай фразе падразумяваецца якраз адсутнасьць як чалавека, так і бога ў стварэньні, узьнікненьні сьвету, паводле меркаваньня францускага этноляга, філёзафа.

[2] Панятак “бунт” тут ужываецца наўмысна, бо, нагадаем, што ў сацыяльнай дактрыне Праваслаўнай Царквы, напрыклад, часта ўжываецца панятак “бунт супраць творцы”: так праваслаўныя апісваюць такія зьявы, як транссэксуалізм, лесьбійства, фэмінізм і пад.


Меркаваньне аўтараў артыкулаў можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі сайту