Еўрапейскія і амерыканскія лідэры адзіныя ў дачыненні да небяспекі, якая зыходзіць ад Ірана. Не апошняй прычынай гэтага з’яўляецца ваяўнічая рыторыка іранскага кіраўніцтва і яго пагрозы перакрыць Армузскі праліў на фоне поспехаў у распрацоўцы ракетных тэхналогіяў.
У сваім выступе ў чэрвені 2011 года на канферэнцыі RUSI, прысвечанай супрацьракетнай абароне, Генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн падкрэсліў яе важнасць, заявіўшы: «ракетная пагроза рэальная, і нашая рэакцыя павінна быць рэальнай … НАТА абараняе 900.000 000 грамадзян. СРА з’яўляецца адным з асноўных элементаў нашых (абаронных) магчымасцяў…»
Прыхільнасць ЗША да ўдзелу ў еўрапейскай СРА была зафіксаваная ў 2009 годзе адміністрацыяй Абамы ў дакуменце «Еўрапейскі паэтапны адаптыўны падыход (EPAA)». Заяўляючы пра новую стратэгію, Прэзідэнт Б. Абама заявіў, што яна дазволіць абапірацца на правераныя сістэмы ўзбраення і забяспечыць больш высокі ўзровень абароны ад пагрозы ракетнай атакі, чым прынятая ў 2007 годзе праграма «Еўрапейская СРА».
Еўрапейскія і амерыканскія лідэры адзіныя ў дачыненні да небяспекі, якая зыходзіць ад Ірана. Не апошняй прычынай гэтага з’яўляецца ваяўнічая рыторыка іранскага кіраўніцтва і яго пагрозы перакрыць Армузскі праліў на фоне поспехаў у распрацоўцы ракетных тэхналогіяў.
У 2011 годзе Тэгеран ажыццявіў пуск дзясяткаў балістычных ракет падчас вучэнняў «Вялікі прарок». Некаторыя з іх былі здольныя паразіць амерыканскія ваенныя базы ў рэгіёне, а таксама Ізраіль, не кажучы пра арабскія дзяржавы Персідскага заліва і Турцыю. Зусім нядаўна «Defense News» паведаміла пра іранскія распрацоўкі у напрамку стварэння міжкантынентальных балістычных ракет (далей па тэксце МБР). Выданне адзначае, што ў Іране створаная шырокая тэхналагічная і інжынерная база для генеравання ракетных тэхналогіяў, павышэння надзейнасці вырабаў і ўстойлівасці ракетных частак. Гэта падахвочвае Захад прадпрымаць хуткія і скаардынаваныя крокі ў адказ. EPAA з’яўляецца найважнейшай часткай гэтага непасрэднага адказу.
Адначасова адбываецца карэкціроўка архітэктуры сістэмы СРА, якая будзе грунтавацца на амерыканскай сістэме «Aegis», усталяванай на ваенных караблях. Выкарыстанне караблёў дазваляе адмовіцца ад рэалізацыі першапачатковых планаў па разгортванні комплексаў у Польшчы і Чэхіі. Караблі, абсталяваныя «Aegis», ужо патрулююць вады Міжземнага мора. У цяперашні час адбыўся пэўны зрух: замест нейтралізацыі МБР, што было прадугледжана першапачаткова, еўрапейская СРА ў большай ступені будзе арыентавацца на нейтралізацыю ўдараў балістычнымі ракетамі сярэдняй і малой далёкасці. Пачынаючы з 2015 года патрульныя злучэння СРА ў Міжземнамор’і будуць узмоцненыя наземным варыянтам «Aegis» ў Румыніі. Развіццё еўрапейскай СРА становіцца ўсё больш дынамічным, пратэсты Расеі ігнаруюцца. Да 2015 года ў Іспанію будзе перадыслакавала 4 эсмінцы класа «Арлі Берк», аснашчаных комплексамі «Aegis». Не застаюцца ў баку і еўрапейскія партнёры ЗША. Так, Іспанія абвясціла пра ўвод у строй фрэгата СРА класа «Альвара дэ Базан», Нідэрланды плануюць разгарнуць чатыры караблі з комплексамі «Aegis». На базе ваеннай базы ў Рамштайне ў Нямеччыне ствараецца цэнтр еўрапейскай СРА; наземныя ракеты-перахопнікі будуць размешчаныя ў Румыніі ў 2015 годзе, а ў Польшчы – у 2018.
Разгортванне еўрапейка сістэмы СРА вельмі балюча ўспрымаецца Расеяй. У Крамлі падазраюць Захад у спробе стварыць сістэму нейтралізацыі расейскіх сілаў ядзернага стрымлівання, што з’яўляецца часткай міфічнага плана па каланізацыі Расеі.
Між тым, у дадзеным канкрэтным пытанні сітуацыя менавіта такая, якой выглядае: фактар Ірана з’яўляецца вызначальным стымулам для стварэння ЕўраСРА. Тэгеран актыўна распрацоўвае ня толькі тэхналогіі па стварэнні МБР. Значна важней, што Іран дэманструе рашучасць дзейнічаць жорстка ў выпадку неабходнасці. Адначасова ён імкнецца скарыстацца пэўным геапалітычным вакуумам, які ўтварыўся пасля звяржэння свецкай улады ў Тунісе, Лівіі і Егіпце. Упершыню з часоў імперыі Ахеменідаў у лютым бягучага года іранскі флот здзейсніў паход у Міжземнае мора. Пакуль гэта дэманстрацыя сцяга. Але толькі пакуль. Іран імкнецца ня проста да развіцця адносінаў з рэвалюцыйнымі урадамі паўночнай Афрыкі – ён імкнецца да ўсталявання ваенна-стратэгічнага партнёрства. А гэта адкрывае перад Тэгеранам перспектывы атрымання сталых ваенна-марскіх баз у паўднёвым Міжземнамор’і. Акрамя таго, адным з прыярытэтаў іранскіх ваенных распрацовак з’яўляецца стварэнне ракет класа мора-зямля і крылатых ракет марскога базавання. Кажучы прасцей: ударнага кампаненту нацыянальнага ваеннага флоту. Нават калі іранскім ваенным і ня ўдасцца ўладкавацца ў паўднёва-ўсходнім Міжземнамор’і, на фоне ўзмацнення пазіцыяў ісламістаў нельга выключаць перадачы ім іранскіх ракет для самастойнага выкарыстання і па сваім меркаванні.
Акрамя таго ў Іране дасягнутыя відавочныя поспехі ў стварэнні беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА), уключаючы ударныя. Дастаткова адзначыць, што той жа «Шахід-129» ужо валодае далёкасцю дзеяння да 2000 км (для параўнання: нашая краіна толькі выпрабоўвае БПЛА з далёкасцю дзеяння ў 100 км і праектуе апарат з далёкасцю 300 км).
Варта адзначыць, што Іран не шараговая азіяцкая дзяржава: гэта адна з нешматлікіх мусульманскіх краінаў, якія ніколі не былі еўрапейскімі калоніямі. Шматвяковыя традыцыі дзяржаўнасці, можна сказаць нават імперскасці з’яўляюцца псіхалагічнай асновай для актыўнай знешняй палітыкі.
Такім чынам, у разгортванні сістэмы Еўра СРА менавіта з боку паўднёвага напрамку ёсць логіка. І ў дадзеным выпадку ў заяве заходніх лідэраў шукаць падвойнае дно бессэнсоўна. У еўрапейскіх сталіцах Ірана асцерагаюцца. Хоць прычыны гэтага не зразумелыя: няма ніякіх прыкмет выношвання Тэгеранам агрэсіўных антызаходніх планаў, антыізраільскія заявы прызначаныя ў першую чаргу для ўнутранага спажывання, а ў другую – для «арабскай вуліцы». Доказаў таго, што іранская ядзерная праграма носіць ваенны характар, няма.
Цалкам відавочна, што стварэнне еўрапейскай сістэмы супрацьракетнай абароны – пытанне вырашанае. Таксама відавочна, што спрэчка паміж Расеяй і Захадам адносна разгортвання еўрапейскай СРА – выключна іх праблема, і Беларусь не павінна дазволіць уцягнуць сябе ў яе, і ўжо тым больш не ўмешвацца па ўласнай ініцыятыве. Аднак, у нашай краіне перыядычна раздаюцца стогны пра неабходнасць абараніць Русь ад новых тэўтонаў і зноў стаць «шчытом» не зразумела для каго і не зразумела дзеля чаго. У якасці «адказу» на разгортванне сістэмы Еўрапейскай СРА прапануецца, напрыклад, стварэнне расейскай базы аператыўна-тактычных ракет «Іскандэр». Больш неадэкватнай рэакцыі ўявіць, мабыць, складана. І зусім не зразумела навошта Беларусі наогул на гэта неяк рэагаваць. Нашая краіна ў сілу нікчэмнай палітычнай і ваеннай вагі ня можа быць бокам-суб’ектам, а будзе з’яўляцца толькі пешкай у вялікай і складанай гульні вакол еўрапейскай СРА. У дадзенай сітуацыі правільным было б трымацца на дыстанцыі ад абодвух бакоў, прыгаворваючы пра сябе: “Чума на абодва вашыя дамы!” Няхай грызуцца самі …
Каментары