Два тыдні працягваецца ў Беларусі агітацыйная кампанія кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Аднак характар гэтай кампаніі пакідае ў назіральніка дваістае ўражанне
Дваістасць вынікае са спалучэння дзвюх узаемна супярэчных уласцівасцяў цяперашняй агітацыі. З аднаго боку, гэта старая добрая звыклая агітацыя на выбарах па мажарытарнай сістэме. На такіх выбарах тыя кандыдаты, якія сур’ёзна маюць намер патрапіць у парламент, апелююць, перш за ўсё, да насельніцтва канкрэтнай выбарчай акругі, да лакальных праблем і перспектыў канкрэтнай тэрыторыі. Паколькі, як шмат разоў даказвала беларуская і замежная сацыялогія, менавіта гэтыя пытанні ў найбольшай ступені цікавяць пераважную большасць беларусаў (ды і жыхароў многіх іншых еўрапейскіх краін).

З іншага боку, тыя кандыдаты, якія альбо не маюць шанцаў быць абранымі, альбо не ставяць перад сабой такой мэты, выкарыстоўваюць выбарчую кампанію для вырашэння сваіх неэлектаральных задач. Як правіла, гэта палітычны піяр, для якога больш за ўсё падыходзіць абвінаваўчы ўхіл, татальная крытыка, якая канцэнтруецца на як мага больш агульных і не звязаных з жыццём канкрэтнага выбаршчыка аспектах сітуацыі. Тэмамі для такой крытыкі, як правіла, становяцца або «парушэнні выбарчых правоў грамадзян» і «прыгнёт апазіцыі», або любыя негатыўныя з’явы, якія толькі ёсць у беларускім грамадстве і за якія ў рамках айчыннай палітычнай культуры адказнасць нясе, вядома ж, улада.

Менавіта такім чынам будуецца і цяперашняя выбарчая кампанія. Кандыдаты, якія клапоцяцца пра сваё абранне, звяртаюцца найперш да патрэб насельніцтва акругі. Кандыдаты, якія па тых ці іншых прычынах не ставяць за мэту трапіць у парламент, крытыкуюць уладу, у тым ліку — у форме заклікаў да байкоту выбараў.

Аднак пры ўсёй звыкласці гэтай карціны ніяк нельга пазбавіцца ад уражання, што ў 2012 годзе нешта ўсё ж такі ідзе па-іншаму. Тут характэрнай стала, вядома, і заява Прэзідэнта аб тым, што парламенцкія выбары для яго не з’яўляюцца цэнтральнай падзеяй. Але яшчэ больш значным з’яўляецца маштаб тых перамен, якія адбываюцца ў краіне і вакол яе, і ў той жа час не знаходзяць практычна ніякага адлюстравання ў барацьбе кандыдатаў. Яскравым прыкладам стала прыняцце Дэкрэта Прэзідэнта аб змяненні парадку прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці. Магчыма, хтосьці з апазіцыі праз тыдзень і адрэагуе на гэтую падзею, у тым духу, што ўлады нібыта «рыхтуюць распродаж краіны» (зрэшты, падобныя выказванні мы чулі і раней). Але вось сур’ёзна абмяркоўваць, якой будзе «прыватызаваная» (г. зн. пераважна прыватная) беларуская эканоміка, на жаль, наўрад ці хто-небудзь стане.

А абмеркаваць гэта якраз не перашкодзіла б. Бо на мінулым тыдні віцэ-прэм’ер расійскага ўрада Ігар Шувалаў зрабіў амаль сенсацыйную і ў цэлым выбітную па сваёй моцы заяву: «Мы перайшлі да наступнага этапу інтэграцыі — фарміравання Еўразійскага эканамічнага саюза. Па сутнасці, мы паўтараем вопыт Еўрапейскага саюза, мы будуем такі ж эканамічны саюз, не кажучы аб палітычным саюзе. Гэта аддалены парадак дня, калі ён наогул будзе такім. Але з пункту гледжання пабудовы эканамічнага саюза мы паўтараем шлях, які прайшоў Еўрапейскі саюз».

Цікава чуць такія словы ў перыяд, калі само захаванне зоны еўра знаходзіцца пад пытаннем і калі эканамічная мадэль ЕС у цэлым пастаўлена пад сумнеў. «Паўтарыць шлях, які прайшоў Еўрапейскі саюз», — гэта ж у выніку і значыць загнаць малыя краіны ў даўгавую яму праз іх дэіндустрыялізацыю і неабмежаваны рост непрадуктыўных і спекулятыўных сектараў эканомікі. Пры гэтым немалыя страты панясе і лакаматыў інтэграцыі, у чым нас недвухсэнсоўна пераконвае германскі вопыт у еўра-
структурах.

Аднак ніякага мяккага еўрапейскага крызісу ў рамках Еўразійскага саюза не атрымаецца — варта выразна аддаваць сабе справаздачу. Эканоміка краін Еўразійскага саюза ў цяперашнім выглядзе — гэта пераважна сыравінная перыферыя Еўропы, ЗША і Кітая. А гэта значыць, што ва ўмовах глабальнага крызісу ніякіх эфектыўных інструментаў для стрымлівання сацыяльна-эканамічнай дэградацыі тут не будзе. Як мінімум з пункту гледжання сацыяльнай сферы, дэмаграфічнай сітуацыі, жыцця пераважнай большасці насельніцтва «паўтор шляху Еўрапейскага саюза» азначае фактычна катастрофу. Паколькі назапашаныя «сыравінныя» грошы пойдуць на падтрымку фінансавых і сыравінных карпарацый, а на падтрыманне перапрацоўчага сектара і ўзроўню занятасці проста нічога не застанецца. Застанецца толькі «аптымізацыя бюджэтных выдаткаў».

Гэтая тэндэнцыя ярка ілюструецца палажэннямі распрацаванай расійскім Мінпрамгандлем праграмы «Развіццё авіяцыйнай прамысловасці на 2013—2025 гады». Раскрытыкаваная расійскімі экспертамі гэтая праграма з’яўляецца выдатным узорам рэалізацыі стратэгіі вывазу складаных прамысловых вытворчасцяў з Расіі ў краіны Захаду. Так, у якасці аднаго са шляхоў пераадолення адставання ў тэхналогіях у праграме паказана «выкарыстанне камплектуючых замежнай вытворчасці ў значных аб’ёмах», але не пазначана правядзенне навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх распрацовак. На рэалізацыю праграмы, дарэчы, вылучаецца
13 млрд долараў.

У такіх умовах пераход на рынкавую мову і прыватную форму ўласнасці, безумоўна, з’яўляецца адэкватным крокам, які дазваляе на роўных весці гутарку з карпаратыўным сектарам іншых краін. Аднак такі крок дасць станоўчы вынік, толькі калі захаваецца і ўзмоцніцца роля дзяржавы ў эканоміцы. Гэтая роля, безумоўна, павінна быць новай, звязанай не з аператыўным кіраваннем актывамі (хоць і гэты від дзейнасці павінен захавацца ў асобных сегментах), а з пастаноўкай мэтаў эканамічнага развіцця праз распрацоўку праектаў развіцця і кансалідацыю кампаній вакол гэтых праектаў эканамічнымі метадамі. Дзяржава павінна мець магчымасць мабілізаваць прыватныя кампаніі на рашэнне не толькі эканамічных і фінансавых, але і сацыяльных задач.