Праціўнікі міру ў Паўночнай Ірландыі заявілі пра адраджэнне структур легендарнай Ірландскай Рэспубліканскай Арміі.

У чэрвені ўвесь свет абышлі кадры, на якіх намеснік кіраўніка ўраду Паўночнай Ірландыі Марцін МакГінэс і англійская каралева Елізавета Другая ціснуць адзін аднаму рукі. Гэта было сімвалічным актам заканчэння ірландска-брытанскага канфлікту, вядучымі антаганістамі якога былі менавіта Марцін і Елізавета. МакГінэс кіраваў ірландскім вайсковым падполлем, сябры якога неаднаразова рабілі замахі на каралеўскае сямейства.

Публіка і экспертная грамадскасць былі ў захапленні ад такой сцэны. Аднак цяпер высвятляецца, што манарх і былы рэвалюцыянер паспяшаліся. 29 ліпеня брытанская прэса напісала пра сакрэтны сход прадстаўнікоў фракцый ірландскіх рэспубліканцаў, якія не прызнаюць заключаную ў 1998 годзе Дамову вялікай пятніцы. Гэтая дамова заклала пачатак мірнага працэсу ў Паўночнай Ірландыі. Вынікам стала рашэнне пра аб’яднанне ўсіх экстрэмістаў у адзіную арганізацыю.

Непасрэдна сузаснавальніцай новай структуры стала Сапраўдная Ірландская Рэспубліканская Армія, або Real IRA. Арганізацыя Real IRA была заснаваная ў 1997 годзе на базе фракцыі сяброў, якія былі не згодныя з ідэяй мірных перамоваў з Лонданам. Менавіта Real IRA нясе адказнасць за выбух у горадзе Ома. Тады ў выніку выбуху аўтамабіля, унутры якога знаходзілася бомба, былі забітыя 29 чалавек. Акцыя была праведзеная, каб сарваць імплементацыю падпісанай раней Дамовы вялікай пятніцы.

Наступная арганізацыя-заснавальніца — Рэспубліканская акцыя супраць наркотыкаў (Republican Action Against Drugs, або RAAD) — група былых сябраў IRA, якія змагаюцца супраць наркадылераў у каталіцкіх раёнах. Лідары групы лічаць, што легальнымі сродкамі наркамафію не спыніць, і робяць стаўку на тэрор. Так, RAAD паведаміла, што ўсе дылеры, якія будуць прадаваць наркотыкі пасля 1 чэрвеня 2011 года ў Дэры, будуць забітыя. 1 чэрвеня RAAD увогуле патрабавала ад усіх дылераў на працягу 48 гадзін пакінуць Дэры. Пасля гэтага паліцыя інфармавала пра спробы страляць па гандлярах наркотыкаў. Нарэшце, у лютым 2012 года адзін з дылераў быў забіты.

Паколькі паліцыя не падзяляе метадаў RAAD і вымушана пераследаваць змагароў, паліцэйскія хутка таксама сталі ворагамі байцоў з наркотыкамі. У чэрвені гэтага года яны ўзарвалі паліцэйскую машыну на знак пратэсту супраць «ціску на рэспубліканцаў і іх сем’і».

Continuity IRA (CIRA) — яшчэ адзін удзельнік аб’яднання — вядомы з 1986 года, калі ў шэрагах  IRA выбухнула спрэчка наконт дэмакратычнасці прыняцця рашэнняў. Адна з фракцый вырашыла, што змагацца за незалежнасць яна зможа асобна, і стварыла CIRA. CIRA выступае супраць усялякіх пагадненняў з Лонданам і патрабуе аб’яднання Ірландыі хоць заўтра.

Адпаведна заяве, усе пералічаныя суб’екты ствараюць структуру пад адзіным кіраўніцтвам. Новае аб’яднанне таксама прэтэндуе на тое, каб называцца Ірландскай Рэспубліканскай Арміяй (IRA). Заява, на першы погляд, дастаткова амбіцыйная, паколькі гістарычная IRA — легендарная армія, якая змагалася супраць брытанцаў падчас вайны за незалежнасць у 1918–1921 гадах. Аднак, з іншага боку, тут няма нічога дзіўнага. Шмат якія групы рэспубліканцаў горда называлі сябе IRA.

Галоўная мэта новай IRA — інтэграцыя ірландскай нацыі ў адну дзяржаву, чаго можа дасягнуць толькі пасля таго, як Паўночная Ірландыя пазбавіцца «брытанскай прысутнасці».

Як гэтага дабіцца? Вельмі проста. Адпаведна дакументам новай арганізацыі, рэцэпт у тым, каб «надаць інтэнсіўны характар акцыям супраціву службам бяспекі і іншым аб’ектам і асобам, якія з’яўляюцца сімваламі брытанскай прысутнасці ў Паўночнай Ірландыі».

Яшчэ адной мішэнню для атак можа стаць кіраўніцтва Ірландскай Рэспублікі. У заяве новай кааліцыі даецца наступная характарыстыка цяперашняму ірландскаму палітычнаму істэблішменту: «У апошнія гады кіраўніцтва незалежнай Ірландыі займае больш сціплую пазіцыю ў пытанні нацыянальнага аб’яднання, паколькі страціла якасці лідарства, забылася пра ідэі ірландскага рэспубліканізму і вядзе фракцыйную дзейнасць сярод рэспубліканцаў».

Нарэшце, не выключана, што новая IRA пачне атакаваць сваіх. У тых жа ўстаноўчых дакументах вялікая адказнасць за адсутнасць адзінства Ірландыі кладзецца на партыю «Шын Фейн» — палітычную вітрыну арганізацыі IRA. На думку «новых рэспубліканцаў», МакГінэс і кампанія прадалі ірландскі народ, каб атрымаць міністэрскія пасады ў Стармонце (Стармонт — замак, дзе праводзяцца пасяджэнні ўраду Паўночнай Ірландыі). Ідэолагі новай IRA адносяць «Шын Фейн» да катэгорыі «агенты брытанскай кароны».

У прынцыпе, нічога новага ў тым, што адны рэспубліканцы змагаюцца з іншымі, няма. Прэса лічыць, што некаторыя з сузаснавальнікаў новай IRA датычныя да забойства ў 2010 годзе каталіка, які падаўся на паліцэйскую службу Паўночнай Ірландыі, што, на думку рэспубліканцаў, з’яўляецца вышэйшай формай здрады. Актывістаў Republican Action Against Drugs абвінавачваюць у шэрагу замахаў на маладых каталікоў, якіх падазраюць у продажу наркотыкаў.

На думку большасці аналітыкаў, новая IRA, нягледзячы на ваяўнічыя дэкларацыі, не ўяўляе вялікай пагрозы для публічнага парадку і мірнага палітычнага працэсу ў рэгіёне. Сапраўды, калі паглядзець на спіс акцый усіх пералічаных груповак, то за выключэннем забойства некалькіх паліцэйскіх і таго выбуху ў Ома, акцыі хутчэй нагадваюць дробныя хуліганскія ўчынкі.

Аднак некаторыя заклікаюць быць больш асцярожнымі ў прагнозах. Па-першае, экстрэмісты ўпершыню ад часу падпісання Дамовы вялікай пятніцы здолелі знайсці агульную мову і аб’яднаць чалавечыя і тэхнічныя рэсурсы. Як піша газета «Guardian», іх патэнцыял складае некалькі сотняў чалавек, сярод якіх ветэраны супраціву, якія добра разумеюць падрыўную тэхніку і законы канспіратыўнай працы.

Але самую вялікую крыніцу небяспекі ўяўляюць наступствы цяперашняй эканамічнай дэпрэсіі. Так, у шматлікіх каталіцкіх гарадках, кшталту Дэры, амаль 40 працэнтаў моладзі беспрацоўныя. Яны не ведаюць часоў вайны, наўрад ці разумеюць каштоўнасць міру і фактычна з’яўляюцца адраснай групай для пракламацый радыкалаў. Левая прэса Вялікабрытаніі ўжо пераклала адказнасць за ажыўленне рэспубліканскага экстрэмізму на кансерватыўны кабінет Дэвіда Кэмерана, які праводзіць палітыку сацыяльных скарачэнняў.

Увогуле, на думку прэсы, аб’яднанне радыкалаў нагадвае, што мірны працэс не закончаны і павінен быць падтрыманы звонку.

Магчыма, першым тэстам на здольнасці новай IRA стане традыцыйны ў Вялікабрытаніі фестываль — Дні брытанскай культуры, сталіцай якой у наступным годзе абвешчаны ўсё той жа горад Дэры.