На палітычныя дзеянні і ініцыятывы ЕС у дачыненні да Беларусі рэагуюць не толькі яе ўлады, палітычная апазіцыя і грамадзянская супольнасць, але і шараговыя грамадзяне краіны. Як ўспрымаюцца і ацэньваюцца насельніцтвам Беларусі рашэнні ЕС аб увядзенні абмежавальных мер або заклікі еўрапейскіх палітыкаў да забароны правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе? Ці лічаць грамадзяне Беларусі справядлівымі рэпрэсіі ў дачыненні да палітычнай апазіцыі? Як змяніліся геапалітычныя арыентацыі беларусаў?

На гэтыя пытанні адказваюць дадзеныя апошняга масавага сацыялагічнага апытання НІСЭПД (нацыянальны апытанне 2-12 сакавіка 2012 г., апытана 1509 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 0,03) [1].

1. Геапалітычныя арыентацыі

Дынаміка адказаў на пытанне: «Калі б давялося выбіраць паміж аб’яднаннем з Расеяй і ўступленнем ў Еўрасаюз, што б Вы выбралі?».

Варыянты адказаў 09’05 04’06 12’07 09’08 09’09 09’10 03’11 06’11 09’11 12’11 03’12
Інтэграцыя з ЕС 28,6 31,9 33,3 26,2 42,7 41,7 50,5 44,5 42,0 39,1 37,3
Інтэграцыя з Расіяй 59,2 56,1 47,5 54,0 38,3 34,9 31,5 35,3 41,5 41,4 47,0
НВ/НА 12,2 12,0 19,2 19,8 19,0 23,4 18,0 20,2 16,5 19,5 15,7

На працягу доўгага перыяду геапалітычныя арыентацыі беларусаў застаюцца нявызначанымі. Агульнымі доўгатэрміновымі трэндамі з’яўляюцца рост праеўрапейскіх настрояў і зніжэнне прарасейскіх. Характэрныя пункты «злому» трэндаў назіраюцца ў верасні 2008 года, калі пачаўся рост праеўрапейскіх настрояў, і ў сакавіку 2011 года, калі праеўрапейскія настроі пачалі зніжацца, паказваюць залежнасць грамадскай думкі ад дамінуючай у СМІ тэматыкі. З пачатку аднаўлення супрацоўніцтва Беларусі і ЕС у 2008 годзе і да снежня 2010 года колькасць навінавых паведамленняў аб узаемадзеянні Беларусі і ЕС не толькі дамінавала ў параўнанні з навінамі аб Расеі, але і мела пазітыўную афарбоўку. У той жа час, паведамленні пра Расею насілі, хутчэй, негатыўную афарбоўку. З пачатку 2011 года тэма адносінаў Беларусь і ЕС паступова сыходзіць з першых старонак СМІ, у ёй страчваецца агульная дынаміка, паведамленні пераважна канцэнтруюцца на негатыўных аспектах адносін і канфліктах. Аб’ём паведамленняў аб Расеі, наадварот, расце, прычым у пазітыўным ключы дапамогі Расеі падчас эканамічнага крызісу 2011 года і аднаўлення добразычлівых адносін з Беларуссю.

2. Стаўленне да актуальнай палітыкі ЕС: абмежаваныя меры

Размеркаванне адказаў на пытанне: «ЕС і ЗША пашыраюць санкцыі ў адносінах да кіраўніцтва Беларусі, цяпер забарона на ўезд у гэтыя краіны будзе распаўсюджвацца на больш чым 300 беларускіх чыноўнікаў, суддзяў і інш. на чале з А. Лукашэнкам, якіх лічаць адказнымі за парушэнне дэмакратыі і правоў чалавека. Некаторыя лічаць, што гэта добра, іншыя – што дрэнна. А як лічыце Вы?».
Колькасць беларусаў, якія негатыўна ацэньваюць палітыку абмежавальных мер ЕС (32,4%), вышэйшая за колькасць тых, хто разглядае гэта як пазітыўны крок (24,0%). Аднак найбольшая колькасць беларусаў успрымаюць санкцыі ЕС абыякава (37,5%). Гэта паказвае патэнцыял росту як прыхільнікаў абмежавальных мер, так і іх праціўнікаў. Пазітыўнае ўспрыманне палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі можа расці, бо 44,5% лічаць абгрунтаванымі падставы ўвядзення санкцый (незаконнае асуджэнне людзей пасля маніфестацыі 19 снежня 2010 г.), а 17,8% лічаць неабходным саступіць патрабаванням ЕС (гл. пункт 4). Адпаведна, пры правядзенні растлумачальнай працы ў сродках масавай інфармацыі аб сувязі паміж санкцыямі і незаконным пераследам палітычных апанентаў уладаў, можна дамагчыся больш пазітыўнага стаўлення насельніцтва да актуальнай палітыкі Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да Беларусі.

3. Стаўленне да актуальнай палітыкі ЕС: Чэмпіянат свету па хакеі

Размеркаванне адказаў на пытанне: «Некаторыя палітыкі ў Беларусі і на Захадзе заклікаюць да таго, каб не праводзіць у Беларусі Чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе, калі да таго часу ў краіне не спыняцца парушэнні правоў чалавека. Як Вы ставіцеся да гэтай прапановы?». Ідэя не правядзення ў Беларусі Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе сустракае хутчэй рэзка негатыўнае стаўленне большасці рэспандэнтаў (46%). Дадзенае пытанне досыць вострае для заўзятараў спартыўных мерапрыемстваў, якія не разумеюць сэнсу такога кроку. Гэта актуалізуе неабходнасць дадатковых тлумачэнняў матываў еўрапейскіх палітыкаў, якія выступаюць за ўвядзенне такой меры.

Для палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі падтрымка забароны правядзення Чэмпіянату свету па хакеі будзе негатыўна ўплываць на іх імідж сярод насельніцтва, якое не падтрымлівае такі крок. У такой сітуацыі магчымая стратэгія дэмакратычных і праеўрапейскіх сіл можа палягаць у дэклараванні нязгоды з забаронай чэмпіянату, але ў актыўным растлумачэнні прычын і матывацыі такіх дзеянняў еўрапейцаў.

4. Стаўленне да актуальнай палітыкі ЕС: ацэнка справядлівасці патрабаванняў па вызваленні палітычных зняволеных

Размеркаванне адказаў на пытанне: «Заходнія краіны дамагаюцца ад беларускіх уладаў вызвалення людзей, асуджаных за ўдзел у маніфэстацыі пасля выбараў 2010 года. З гэтай нагоды выказваюцца розныя меркаванні. З якім з іх Вы згодныя?». Татальная большасць беларусаў падзяляе пазіцыю ЕС аб неабходнасці вызвалення палітычных зняволеных (63,2%), як па прычынах іх невінаватасці (44,5%), так і па прычыне неабходнасці паляпшэння стасункаў з Захадам (17,8%). Гэта стварае досыць добрыя ўмовы для правядзення інфармацыйнай кампаніі па аргументаваным растлумачэнні сэнсу палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. Шырокая інфармацыйная кампанія магла б спрыяць пашырэнню падтрымкі палітычных крокаў Еўрапейскага Саюза беларускім насельніцтвам, росту праеўрапейскіх настрояў і падтрымкі праеўрапейскіх грамадскіх і палітычных сіл у Беларусі.

Высновы

1. Падтрымка актуальнай еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі сярод беларускага насельніцтва з’яўляецца вельмі нізкай, а праеўрапейскія настроі прайграюць прарасейскім.

2. Грамадскія і палітычныя сілы ў Беларусі не могуць публічна падтрымліваць палітыку абмежавальных мер ЕС, не баючыся страты даверу сярод шараговых грамадзян і выбаршчыкаў.

3. Дастаткова высокая залежнасць масавай свядомасці ад СМІ ў сітуацыі Беларусі стварае магчымасць для разгортвання інфармацыйных кампаній, якія папярэднічаюць і / або суправаджаюць палітычныя крокі ЕС для паляпшэння агульнага іміджу ЕС у грамадскай думцы.

4. Існуе вялікі патэнцыял для росту пазітыўнага стаўлення да палітыкі ЕС, уключаючы палітыку абмежавальных мер, паколькі большасць беларусаў падзяляе агульныя падставы гэтай палітыкі (неабходнасць вызвалення палітычных зняволеных).

5. Узгадненне стратэгій дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ па інфармаванні і растлумачэнні сэнсу еўрапейскай палітыкі для беларускага насельніцтва з палітычнымі стратэгіямі ЕС будзе спрыяць росту эфектыўнасці еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі.


[1] НИСЭПИ: Ветер с Востока: http://www.iiseps.org/press5.html