Пры абмеркаванні праблематыкі рэгіяналізацыі відавочным ёсць звяртанне ўвагі на кантэкст еўрапейскай інтэграцыі. Інтуітыўна мы адчуваем, што існуе сувязь паміж рэгіяналізацыяй і аб’яднаннем Еўропы. Сутнасць гэтай сувязі разнастайная, але я хацеў бы засяродзіцца выключна на палітычнай праблематыцы. Бо немагчыма запярэчыць, што ідэя і практыка рэгіяналізацыі маюць сваё палітычнае вымярэнне і служаць рэалізацыі пэўных палітычных мэтаў

Спачатку зробім колькі заўваг дзеля ўпарадкавання і вызначэння. Следам за нямецкім аўтарам Германам Любэ можна вылучыць пяць формаў рэгіяналізму:

  1. этнічныя меншасці патрабуюць альбо ўзмацняюць правы і аўтаномію ў межах нацыянальнай дзяржаваў (Паўднёвы Тыроль, славенцы на поўдні Аўстрыі);
  2. аддзяленне ад нацыянальнай дзяржавы (сепаратызм) і стварэнне ўласнага гаспадарства: баскі, карсіканцы, шатландцы;
  3. адміністрацыйнае аддзяленне ў межах нацыянальнай дзяржавы, напрыклад, стварэнне ўласнага кантона Юра ў Швейцарыі;
  4. рэгіяналізм у значэнні федэралізму – даўнія этнічныя або гістарычныя супольнасці змагаюцца супраць цэнтралізму;
  5. «еўрарэгіёны», альбо супраца па-над межамі дзяржаваў ці то з прычын «тэхнічных» (супольнае развязанне праблем), ці то з прычын моўнай, гістарычнай, культурнай супольнасці.

Усе гэтыя формы рэгіяналізму здаўна прысутнічалі ў Еўропе, але ідэя рэгіяналізацыі набывае асаблівую дынаміку пасля Другой сусветнай вайны і выступае як адна з асноўных ідэй ідэолагаў і тэарэтыкаў аб’яднання Еўропы, такіх як Дэні дэ Ружмон (Denis de Rougemont) або Генрык Бругманс (Hendrik Brugmans). Ужо перад вайной нямецкі аўтар Фрыдрых Гільшэр (Friedrich Hielscher), звязаны з г.зв. кансерватыўнай рэвалюцыяй, у сваёй кнізе «Райх» у 1931 г., а таксама ў артыкулах ды іншых публікацыях таго часу казаў пра падзел усіх еўрапейскіх дзяржаваў на рэгіёны, з якіх пазней паўстаў бы новы наднацыянальны звяз. Той жа Гільшэр згадвае ў сваіх паваенных успамінах сустрэчу, якая адбылася ў 1947 г. з будучым прэзідэнтам ФРГ Тэадорам Гойсам. Гойс запытаўся ў Гільшэра: «Што пан лічыў бы добрым з таго, што магло б здарыцца?» Гільшэр адказаў:

«Сеў на майго ўлюбёнага каня: ліквідацыя нацыянальных дзяржаваў і аднаўленне даўніх плямёнаў як чальцоў еўрапейскай федэрацыі, у якой ужо не існавалі б ані немцы, ані французы, ані італьянцы або брытанцы, ані гішпанцы, але толькі сілезцы, баварцы, франконцы ўсходнія, заходнія і надрэйнскія, швабы, алеманы, эльзасцы, швейцарцы, бургундцы, ламбардцы, андалусійцы, каталонцы, баскі, фламандцы, галандцы, фрызы, шатландцы, брэтонцы, ірландцы, валійцы, ангельцы, нарвежцы, датчане, жыхары Шлезвігу і Гальштэйну, мекленбуржцы, юты, шведы і гэтак далей».

Падобна думаў і прыяцель Гільшэра Эрнст Юнгер (Ernst Jünger), які ў напісаным у 1943 г. ды апублікаваным на зломе 1944 – 1945 гг. маніфесце «Спакой» сцвярджаў:

«Еўропа можа стаць бацькаўшчынай, аднак застанецца шмат радзімаў (Mutterlander), застануцца родныя старонкі ў сваёй прасторы. У гэтых межах вялікія і малыя народы яшчэ мацней расквітнеюць, чым дагэтуль. Калі згасне канкурэнцыя нацыянальных дзяржаваў, напрыклад, эльзасец зможа жыць, як немец або як француз, не будучы змушаным быць адным альбо другім. Перадусім ён, як эльзасец, зможа жыць гэтак, як яму падабаецца. […] У новым доме можна вальней, чым у старых дамах, жыць як брэтонец, лужычанін, баск, крыцянін або сіцыліец».

Варта нагадаць, што «апошняя еўрапейская вайна» адбывалася ў 1939 – 1941 гг. Гэтая вайна, у якой асноўныя еўрапейскія дзяржавы самастойна хацелі здабыць веліч і найбольшы суверэнітэт, скончылася ўсталяваннем кантынентальнай палітычна-мілітарнай дамінацыі Нямецкага райху, што з аднаго боку, з ідэалагічна-палітычнага гледзішча, быў нацыянальнай дзяржавай, але яго кантынентальная гегемонія ператварылася ў своеасаблівы Imperium Germanicum або наднацыянальнае стварэнне. Гэта быў першы этап крызісу еўрапейскай нацыянальнай дзяржавы. Другі этап – гэта 1941 – 1945 гг., калі тая вайна становіцца сутыкненнем Imperium Germanicum, Imperium Sovieticum i Imperium Americanum. У тым сутыкненні еўрапейскія нацыянальныя дзяржавы ўжо de facto не адыгрывалі ніякай ролі. Трэці этап наступае пасля Другой сусветнай вайны, калі еўрапейскія дзяржавы, страціўшы свае палітычныя пазіцыі, былі далучаныя да сферы ўплываў ЗША і Савецкага Саюзу. Іх войска стала часткай імперскіх сістэм бяспекі. Яны страчваюць свае заморскія тэрыторыі, страчваюць міжнародны прэстыж і сваю пазіцыю ў сусветнай палітыцы. Адказам на гэтую сітуацыю ёсць канцэпцыя еўрапейскага адзінства, якая прадугледжвае перасоўванне значнай часткі кампетэнцыі з узроўню сталіц даўніх нацыянальных дзяржаваў, а тады de facto нацыянальных правінцый абедзвюх імперый, на кантынентальны ўзровень. Цытаваны вышэй Эрнст Юнгер пісаў у маніфесце «Спакой»: «Гэтак як у Першай сусветнай вайне манархіі былі пераможаныя дэмакратыямі, таксама ў іншых, магутнейшых змаганнях нацыянальныя дзяржавы старога стылю былі пераможаныя імперыямі». Пасля Першай сусветнай вайны, піша Юнгер, у Еўропе развіліся нацыянальныя дэмакратыі, Другая сусветная вайна ёсць вайной, што вядзе да адзінства, а спакой у Еўропе азначае стварэнне Еўрапейскай Імперыі:

«Айчынам няможна ствараць сабе новыя прасторы чужым коштам; іх рост павінен хутчэй вынікаць з паразумення і з дапамогай усіх удзельнікаў. Гэта значыць, старыя межы мусяць знікнуць у выніку паўстання новых канфедэрацый, і новыя, большыя імперыі мусяць аб’яднаць народы. Гэта адзіны шлях, на якім закалоты паміж братамі могуць скончыцца справядліва і з карысцю для кожнага.

Калі ўжо надышоў час аб’яднання, то толькі сёння гэтая хвіліна, у якой Еўропа складзецца праз шлюбы сваіх народаў, надасць сабе суверэннае права і канстытуцыю. Сум па адзінстве ёсць старэйшым за карону Карла Вялікага, але ніколі ён не быў нагэтулькі  актуальным, нагэтулькі вострым, як цяпер.

Еўропа павінна быць створана са сваіх чальцоў, тады народзіцца новае жыццё, моцны подых, шырэйшы кровазварот. Чалавек тут стаіць перад праметэеўскім чынам. Але не бракуе ўзораў і спосабаў. Тут можна згадаць утварэнне маналітных дзяржаваў Бісмаркам і Каверам, як раней Кромвелем і Рышэлье. Так сама, як калісьці з дынастыі і аскепкаў старых цэзарстваў нарадзіліся народы, гэтак сёння яны мусяць зліцца ў адну Імперыю. Няма нястачы мадэляў ды ўзораў, свет ведае дзяржавы, у якіх злучаюцца розныя народы, расы і мовы. Да іх належаць Злучаныя Штаты Амерыкі, Савецкі Саюз і ангельская імперыя. У гэтых утварэннях выкрышталізавалася сума палітычнага досведу. Да гэтага досведу можна звяртацца. Пры ўтварэнні Еўропы ідзецца пра тое, каб прасторы, якую падзяліла гістарычнае развіццё, надаць геапалітычнае адзінства».

Юнгер звязвае ў адно цэлае пабудову Еўрапейскай Імперыі і адраджэнне рэгіёнаў, малых народаў, краін і г. д. Гэтая сувязь ёсць лагічным і непазбежным наступствам  пераходу ад нацыянальна-дэмакратычнай ідэі да еўрапейскай імперскай ідэі. У выніку гэтага працэсу вызваляецца дынаміка рэгіяналізму, стрыманага раней нацыянальнай дзяржавай, якая грунтавалася на якабінскай канцэпцыі. Гэтая якабінская канцэпцыя еўрапейскай нацыянальнай дзяржавы замяняецца імперскай канцэпцыяй.

Амерыканскі аўтар Фрэнсіс Паркер Ёкі (Francis Parker Yockey) пісаў у 1948 г.:

«Па ўсёй Еўропе лунае сёння вялікая, надіндывідуальная ідэя, ідэя Еўрапейскай Імперыі, сталай і дасканалай ідэі уніі людзей і народаў Еўропы. Гэтая ідэя ўлучае ўвесь змест будучыні, бо калі гэтая ідэя не будзе рэалізаваная, то не будзе ніякай еўрапейскай будучыні. Пабудова Еўрапейскай Імперыі і ажыццяўленне неабмежаванага палітычнага імперыялізму, які будзе боскай эманацыяй еўрапейскай волі. Пачуццё супольнасці ўсіх еўрапейцаў. Ангельскае, нямецкае, француўскае, італьянскае, гішпанскае сёння азначаюць геаграфічныя назвы і моўныя варыянты. Гэтаксама як іншыя скарбы, створаныя нашай вялікай культурай, яны будуць існаваць далей, але яны сёння не ёсць палітычнымі азначэннямі. Лакальныя культуры ў Еўропе могуць быць дыферэнцаваныя, як ім падабаецца, і будуць цешыцца поўнай аўтаноміяй у Еўрапейскай Імперыі, але націск вертыкальнага нацыяналізму перастане існаваць. Народы як палітычныя структуры памерлі, але нарадзілася Еўропа».

Крызіс еўрапейскай нацыянальнай дзяржавы, паслабленне ціску вертыкальнага нацыяналізму, перацяканне ўлады ў наднацыянальнай плашчыні да Еўрапейскай Імперыі адкрываюць прастору для рухаў, што лакалізуюць сваю дзейнасць ніжэй узроўню нацыянальнай дзяржавы, то-бок рэгіяналісцкіх рухаў. Гісторыя праходзіць поўнае кола, на вышэйшым узроўні – заўважае Жан Тырыяр (Jean Thiriart) – паўтараецца сітуацыя з мінуўшчыны:

«Калі Еўропа стала палітычным і эканамічным паляўнічым абшарам для абедзвюх звышдзяржаваў, то з прычыны сваёй архаічнай раздробленасці на нацыі. Раздробленасць Еўропы, якая стагоддзямі выяўляецца ў братазабойчых войнах, прывяла да таго, што было парушанае панаванне Еўропы над светам. У вайне 1939 1945 гг. адначасна з Нямеччынай была пераможаная ўся Еўропа. Спроба Нямеччыны аб’яднаць Еўропу не адбылася ў той ступені, у якой яно адбывалася на нацыяналістычнай аснове, што адпавядала той хваробе, якая была прычынай слабасці Еўропы дэмакратаў. Бальшыня здраджвае несвядома – з прычыны сваёй няздольнасці зразумець, што айчына не ёсць мёртвым рэліктам мінуўшчыны, але жывой рэчаіснасцю, што знаходзіцца ў працэсе станаўлення і якая ствараецца для будучыні. Гэта ёсць праўдзівы сэнс гісторыі. Калі каралі аб’ядноўвалі Францыю, брэтонцы маглі крычаць пра здраду іх ідэі айчыны. Тое самае рабілі баварцы, калі Бісмарк аб’ядноўваў немцаў. Аднак беручы гістарычна, брэтонцы і баварцы не мелі рацыі, калі чапляліся за ідэю айчыны, што была б толькі рэліктам мінуўшчыны, іх праўдзівая айчына знаходзілася перад імі: гэта была Францыя, гэта была Нямеччына – адзіная магчымасць, каб не быць паняволенымі ўжо аб’яднанымі, большымі дзяржавамі. Брэтонцамі і баварцамі нашай эпохі, эпохі вялікіх палітычных фармаванняў, ёсць аганізуючыя нацыяналісты – французы, немцы, італьянцы, ангельцы, бельгійцы, галандцы, гішпанцы і г. д. Бо яны няздольныя да стварэння для сябе праўдзівай канцэпцыі айчыны, якая знаходзіцца ў станаўленні – перамагаючы апісаныя супярэчнасці ды ўсведамляючы безумоўную непазбежнасць сваёй лучнасці як адзінай айчыны. […] Еўропа не ўнікне смяротнай пагрозы, якой ёсць чужая каланізацыя, калі хутка і трапна не ліквідуе адзінай прычыны сваёй прыроджанай слабасці – падзелу на смешна малыя і трагічна бяссільныя народы ў часы, у якіх новыя памеры планеты дазваляюць вытрываць толькі кантынентальным палітычным і гаспадарчым фармаванням».

Тыя згаданыя Тырыярам брэтонцы ці баварцы, колісь задушаныя нацыянальнай дзяржавай, наноў аднаўляюць сваё значэнне, бо нацыянальная дзяржава перажывае крызіс, страчвае важныя кампетэнцыі на карысць кантынентальнай улады. Заняпад нацыянальнай дзяржавы, які вынікае з гістарычнай сітуацыі Еўропы ды пераходам да Еўрапейскай Імперыі, аўтаматычна вызваляе рэгіянальныя сілы ў розных постацях (рэгіяналісты, незалежнікі, сепаратысты), тады як даўнюю ролю брэтонцаў ці баварцаў перанялі еўрапейскія нацыяналісты – ворагі Еўрапейскай Імперыі, прывязаныя да нацыянальнай дзяржавы як да сваёй адзінай айчыны.

Няўзброеным вокам мы можам yбачыць, што па меры таго, як ідзе інтэграцыя Еўропы, у рознай форме ўзмацняюцца працэсы рэгіяналізацыі. Прагназуецца, што, напрыклад, Вялікабрытанія падзеліцца на Уэльс, Шатландыю і Ангельшчыну цягам некалькіх гадоў, а Ангельшчына падзеліцца на колькі рэгіёнаў: Уэсэкс, Сярэднюю Ангельшчыну, Поўнач. Ужо сёння некаторыя рэгіяналісцкія згуртаванні пратэстуюць не супраць брытанскага, але супраць шатландскага або ангельскага нацыяналізму. Бельгія, як заўважыў адзін каментатар, яшчэ існуе толькі таму, што існуе супольная, адзіная сістэма сацыяльнай апекі і забеспячэння. Калі яна лясне, то валоны і фламандцы разыдуцца; у Францыі карсіканцы могуць атрымаць значную аўтаномію; хто ведае, ці ўрэшце не паўстане якая-небудзь баскаўская дзяржаўка. Каталонія, Корнуэл, Аксітанія, Фрызія, Валонія, Паданія штораз усё выразней пазначаюць сваю прысутнасць на карце Еўропы. Няма сумневаў, што рэгіяналізацыя, ці то як падзел на краіны, ці то як імкненне да аўтаноміі, ці проста як аддзяленне малых народаў і квазінародаў, ёсць вынікам еўрапейскай інтэграцыі, зразуметай як пазбаўленне палітычнай улады сталіц вялікіх еўрапейскіх дзяржаваў або, калі глядзець з шырэйшай палітычнай перспектывы, вялікіх нацыянальных правінцый.

Дадамо тут, што рэгіянальная ідэнтычнасць можа быць самастойнай з’явай, якая вынікае з жывой традыцыі, але ў роўнай ступені ёсць створанай, арганізаванай і прапагандаванай з палітычнага гледзішча. Існуе шчыльная сувязь паміж рэгіянальнай ідэнтычнасцю і палітычнымі зменамі. Варта паказаць некаторыя з іх. Нацыянальная дзяржава, якая імкнецца да велічы і суверэнітэту, мае ў сваім распараджэнні войска, жаўнеры якога павінны быць выхаванымі ў моцным нацыянальным духу, дзяржаўная прапаганда павінна ствараць ворага і дэманізаваць яго. Гэта ёсць важным для войскаў з прымусовым прызывам. Сёння ў выніку развіцця тэхнікі вялікія войскі з прымусовым прызывам пачынаюць пакрысе знікаць, што робіць непатрэбным прапагандысцкую мабілізацыю прызыўнікоў у духу палітычнага нацыяналізму. Адначасна еўрапейская інтэграцыя вядзе да таго, што еўрапейская нацыянальная дзяржава перастае ўважаць за ворага іншую еўрапейскую нацыянальную дзяржаву. Дачыненні паміж нацыянальнымі дзяржавамі перастаюць мець строга палітычны характар, і таму лішняй становіцца нацыянальная прапаганда, раней патрэбная для легітымізацыі вонкавай экспансіі. Ніводная еўрапейская нацыянальная дзяржава не мае ворага ў Еўропе, ворага можа мець толькі Еўропа як цэлае. Унутры Імперыі павінен панаваць мір, таму кожная нацыянальная прапаганда, якая заўсёды змяшчае нейкія вострыя закіды супраць іншых народаў, становіцца залішняй і нават небяспечнай, бо яна можа выклікаць і канфлікты паміж еўрапейскімі народамі, а гэта было б унутраным паслабленнем Імперыі.

Сапраўды, нацыянальная ідэнтычнасць страчвае сваё апірышча ў палітычных інстытутах нацыянальнай дзяржавы, яна перастае падтрымлівацца палітычнай прапагандай, змяншаецца яе жорсткасць, вастрыня і інтэнсіўнасць. Па меры таго, як Еўрапейская Імперыя будзе набіраць палітычную вагу, будзе паслабляцца палітычнае напружанне паміж еўрапейскімі народамі. Палітыка перасоўваецца на вышэйшы, імперскі ўзровень, і такім чынам нацыянальная ідэнтычнасць зазнае дэпалітызацыю. Можна сказаць, што еўрапейскія народы становяцца тым, што немцы называюць Kulturnation, ды перастаюць быць палітычнымі нацыямі. Відавочным чынам гэта мае ўплыў на адраджэнне рэгіянальнай і лакальнай ідэнтычнасці, якія ўлады нацыянальнай дзяржавы маглі б трактаваць як палітычныя пагрозы, але яны не ёсць такой пагрозаю для Імперыі. Лакальная і рэгіянальная ідэнтычнасць прасцей, чым жорсткая нацыянальная ідэнтычнасць, спалучаецца з ідэнтычнасцю еўрапейскай, стымуляванне і ўзмацненне якой відавочна адпавядае палітычным інтарэсам асяродкаў імперскай улады.

Назіраем сёння чарговы этап змагання за ўладу над Еўропай. Асяродкі кантынентальнай улады хочуць пераняць з узроўню нацыянальных дзяржаваў тую кампетэнцыю, якую тыя дзяржавы дагэтуль мелі, прычым часта сімвалічна, калі зважаць на іхны палітычны статус у межах Imperium Americanum i Imperium Sovieticum, а цяпер толькі ў межах Imperium Americanum (Збігнеў Бжэзінскі (Zbigniew Brzeziński) адкрыта і проста акрэсліў Еўропу як «амерыканскі пратэктарат»).

Стварэнне кантынентальнага асяродку рэальнай палітычнай улады мае на ўвазе існаванне еўрапейскай валюты, еўрапейскіх узброеных сілаў, еўрапейскай дыпламатыі, еўрапейскіх спецыяльных службаў (выведка і контрвыведка), еўрапейскага бюро крымінальнага вышуку, пэўных пракурорскіх інстытутаў. Усё гэта ўжо існуе ў пэўных пачатковых формах. На сённяшні момант еўрапейская імперская эліта стаіць быццам на ростанях – альбо прыспешыць інтэграцыю і стварыць адзіны рэальны асяродак імперскай улады, альбо таксама, калі будзе бракаваць палітычнага таленту і палітычнай волі, мабілізаваць у нацыянальных дзяржавах (правінцыях) палітычныя сілы, якія свае шанцы здабыць уладу бачаць не ў змаганні за месца ў імперскай эліце, але ў змаганні за ўладу над правінцыяй (хочуць быць першымі ў Варшаве, чым чацвёртымі ў імперскай цэнтралі).

Здаецца, аднак, што імперская эліта вырашыла будаваць і ўмацоўваць Еўрапейскую Імперыю. Каб гэтага дасягнуць, трэба адолець супраціў пэўных фракцый элітаў, што ўладараць вялікімі нацыянальнымі дзяржавамі. І тут з’яўляецца шанец для рэгіёнаў, для малых народаў, для квазінародаў, для ўсіх, хто дзейнічае ніжэй узроўню нацыянальных дзяржаваў у Еўропе.

Маем тут справу з класічнай схемай змагання за ўладу, якую можна назіраць у розных перыядах гісторыі ды ў розных сітуацыях, схемай, што палягае ў звязе тых, хто ў самым версе, з тымі, хто ўнізе, супраць тых, хто знаходзіцца паміж імі. Бертран дэ Жувенэль (Bertrand de Jouvenel) у сваім трактаце «Аб уладах» апісвае змаганне каралёў з арыстакратыяй, баронамі ды князямі ці алігархамі, якія былі для іх пагрозай і якія адстойвалі свае партыкулярныя інтарэсы. Каб паслабіць іх, трэба звяртацца да «прадстаўнікоў люду», да мяшчанства, «трэцяга стану» і да т. п. Гэтаксама еўрапейская імперская цэнтраль уваходзіць у звяз з рэгіянальнымі сіламі, што дзейнічаюць ніжэй узроўню дзяржаваў (нацыянальных правінцый) для таго, каб паслабіць тут уладу, калі яе сіла перашкаджае стварэнню Імперыі ды яе ўзмацненню. З гледзішча Еўрапейскай Імперыі нават свайго роду рэгіянальны нацыяналізм або нацыяналізм малых народаў ці квазінародаў не ёсць палітычна небяспечным, бо гэткім ён ёсць толькі ў межах структуры ўлады нацыянальных правінцый, але не ў межах імперскай структуры. Рэгіёны не маюць палітычнай сілы і такіх інструментаў улады, якія маюць вялікія нацыянальныя дзяржавы (правінцыі). Толькі вялікія нацыянальныя правінцыі акумулююць у сабе палітычны патэнцыял, што можа быць ужыты ў мэтах рэалізацыі ўласных партыкулярных палітычных інтарэсаў, якія могуць пагражаць інтэгральнасці Імперыі. Цэнтрабежныя сілы, размешчаныя ў нацыянальных дзяржавах (правінцыях) ёсць пагрозай для Імперыі, тады як рэгіянальныя сілы з гледзішча Імперыі ня ёсць гэткімі, цэнтрабежныя яны толькі з гледзішча цэнтральных асяродкаў улады вялікіх еўрапейскіх нацыянальных дзяржаваў (правінцый). Рэгіёны не могуць мець іншы рэгіён за палітычнага ворага, яны не імкнуцца да суверэнітэту адносна Імперыі, бо ёсць надта малымі і слабымі, не маючы ані шанцаў, ані магчымасці, каб ажыццяўляць рэальную замежную палітыку, якая б супярэчыла інтарэсам Імперыі.

Інакш кажучы, рэгіёны не ёсць палітычнымі суб’ектамі ў кантэксце Імперыі, хоць ёсць імі або могуць стаць у абсягу нацыянальнай дзяржавы. Адсюль цэнтральны асяродак еўрапейскай улады ўласна ў рэгіёнах бачыць хаўрусніка, які не пагражае інтэгральнасці, цэласці і непадзельнасці Імперыі, з якім можна разам пазбягаць такой пагрозы з боку нацыянальных дзяржаваў, што маглі б спакусіцца адасабленнем ад Імперыі, самастойным шляхам да суверэнітэту і велічы. У сваю чаргу, для рэгіёнаў, малых народаў, для ўсякіх формаў сепаратызму і г. д. галоўным палітычным супернікам, у крайніх выпадках ворагам ёсць улада нацыянальных правінцый (некаторыя рэгіяналісты цвердзяць, што змагаюцца дзеля «зрынання тыраніі Лондану, Рыму ці Парыжу», кажучы адначасова пра тыранію каланізатараў або пра чужую акупацыю). Таму іх стаўленне да еўрапейскай імперскай цэнтралі і інтэграцыі Еўропы збольшага пазітыўнае, бо яны лічаць, што Імперыя дае ім больш свабоды ды аўтаноміі, чым нацыянальныя дзяржавы. Няма нічога дзіўнага, што ўсе даследаванні паказваюць, што прыхільнікі рэгіяналізацыі адначасна з’яўляюцца найвялікшымі прыхільнікамі аб’яднання Еўропы. Фрыц Рэнэ Алеман (Fritz Rene Alleman) у тэксце «Бунт рэгіёнаў» заўважае, што існуе адназначная сувязь паміж рэгіяналізмам і «еўрапеізмам». У маніфесце Руху за Сярэднюю Англію ён сцвярджае, што на нашых вачах нараджаецца новая Еўропа, Еўропа сотні сцягоў, дзе сыходзяцца два працэсы: рух у «пан’еўрапейскім» кірунку і змаганне за рэгіянальную аўтаномію: «Новыя грамадскія сілы з’явіліся ў Еўропе: імкненне да рэгіянальнай разнастайнасці і аўтаноміі ды ўзрослае пачуццё еўрапейскай тоеснасці. Палітыка наступных дзесяцігоддзяў будзе абапірацца на ўтрыманне тых сілаў у раўнавазе, каб яны маглі даспець».

Ідэолагі рэгіяналізму ясна бачаць узаемазалежнасць абодвух працэсаў. Фламандзец – дырэктар даследчага цэнтру правоў народнасці і федэралізму ў Бруселі др. Іва Петэрс (Yvo Peeters) сцвярджае, што тыя, хто найбольш ухваляе рэгіянальную аўтаномію, адначасна ёсць тымі, хто найбольш падтрымлівае еўрапейскую інтэграцыю. Петэрс пісаў: «Пабудова (Еўропы) павінна ісці двума кірункамі: з аднаго боку, уверх, да наднацыянальнага асяродка прыняцця рашэнняў, з другога боку, уніз, да аўтаномных цэльнасцяў. Гэта азначае разрыў з цэнтральнымі ўрадамі XIX ст. Новая Еўропа, – піша далей Петэрс, – вымагае ліквідацыі існых нацыянальных дзяржаваў. Яны павінны перадаць сваю кампетэнцыю рэгіянальным і этнічным супольнасцям з аднаго боку і еўрапейскім уладам – з іншага».

Прадстаўнік брытанскай «новай правіцы», рэдактар часопіса «The Scorpion» Майкл Уолкер (Michael Walker) лічыць, што аб’яднанне Еўропы павінна даць больш гаспадарчай аўтаноміі рэгіёнам, а вайсковыя і абарончыя рашэнні павінны быць у руках цэнтральных еўрапейскіх уладаў. Дэвід Робінс (Davyd Robyns), рэдактар часопіса «Regionalist» і дзеяч руху рэгіяналістаў графства Уэсэкс сцвярджае:

«Мяркую, што для аховы будучыні еўрапейскай культуры патрэбная Еўрапейская “Імперыя”. Павінна існаваць форма геапалітычнага парасона або інстытуцыяналізаваная, або хаця б метапалітычная. Без гэтай аховы ў еўрапейскай цывілізацыі як цэласці не будзе магчымасці, каб асобныя рэгіянальныя культуры дасягнулі самавыяўлення. […] Еўрапейская плашчыня прыняцця рашэнняў ёсць абавязковай для пытанняў, якія тычацца Еўропы як цэласці, і для пытанняў, якія тычацца месца Еўропы ў свеце. Калі яна мае быць сапраўды еўрапейскай, то яе сума не можа быць зменшаная вялікімі суб’еўрапейскімі цэласцямі. […] Будучыня нашага кантынента вымагае, каб большыя нацыянальныя дзяржавы былі падзеленыя. Гэта не значыць, што яны павінны быць ліквідаваныя зусім, няма прычыны, чаму яны не маглі б існаваць як фармальныя цэласці, вакол якіх адбываюцца народныя гістарычныя падзеі, але як палітычныя сілы яны ўжо не могуць разлічваць на нашу падтрымку. […] Цэнтралісцкі нацыяналізм часта знішчаў лакальныя адметнасці, што прычынілася да паўстання нацый і замяніла арганічную ідэнтычнасць ідэалагічнымі субстытутамі. Вузкае мысленне прывяло да таго, што доўгатэрміновыя інтарэсы былі прынесеныя ў ахвяру кароткачасовым прыбыткам. Не забываючы пра тое, што пачуцці, якія ляжаць у аснове нацыяналізму, могуць быць скіраваныя на дэструктыўныя паводзіны, трэба памятаць, што яны таксама ёсць крыніцай крэатыўнасці, што захоўвала і ўзбагачала нашу культурную спадчыну. Яны ёсць ахоўным мурам перад палітычным і эканамічным прагматызмам, і мы не можам сабе дазволіць іх страціць. Пытанне, з якім мы сутыкнуліся, палягае ў тым, як дапасаваць тое, што ёсць здаровае ў нацыяналізме, з адзінай адроджанай Еўропай, да якой мы імкнёмся».

Цытаваны вышэй Эрнст Юнгер у сярэдзіне васьмідзясятых гадоў сцвярджаў, што прыйшла пара развітацца з паняццем нацыянальнай дзяржавы, якая ёсць спадчынай французскай рэвалюцыі. Паводле меркавання Юнгера, далейшае развіццё аб’яднаўчых працэсаў у Еўропе пойдзе ў кірунку размывання дзяржаўных межаў, але пры гэтым і ўзмацнення значнасці малых айчын-рэгіёнаў. Ідэалам нямецкага пісьменніка ёсць еўрапейская «усеагульная дзяржава», «царства», якое будзе федэрацыяй малых супольнасцяў. Тое, што для Юнгера ёсць агульнай візіяй, застаецца і ў сучасных прыхільнікаў стварэння Еўрапейскай Імперыі, якія разумеюць узаемазалежнасць рэгіяналізацыі і аб’яднання Еўропы, перакладзеную на мову больш канкрэтных палітычных пастулатаў. Французскі аўтар Гіём Фай (Guillaume Faye) мяркуе, што для стварэння Еўрапейскай Імперыі патрэбная супольная валюта, супольная эканамічная прастора і супольная сістэма абароны, якая, у сваю чаргу, вымагае існавання супольнай выканаўчай улады, прызначанай для найістотнейшых сфераў вялікай палітыкі. Паводле Фая, няма ніякай патрэбы пераносіць на Еўропу французскую мадэль нацыянальнай дзяржавы, наадварот – Імперыя як «добрая Федэрацыя» павінна абапірацца на аўтаномныя рэгіёны. На думку Фая, рэгіёну належыць укараненне ды прывязанасць або любоў да айчыны, народу – патрыятызм, Еўропе – нацыяналізм. Падобныя ідэі змяшчаюцца ў маніфесце Палітычнага Клуба Еўрапейскай Кансерватыўнай Рэвалюцыі «Minerve», што дзейнічае ў Мецы. У ім пастулюецца стварэнне Еўрапейскай Імперыі – палітычнай структуры, якая пераступае цесныя нацыяналізмы, атрыманыя ў спадчыну з XIX ст., і дазваляе захоўваць гістарычныя і рэгіянальныя ідэнтычнасці. Наогул, назва “Minerve” ёсць скаротам ад лацінскага «Рух дзеля Імперыі, Прыроды, Этыкі, Рэгіёнаў і Жыццёвасці Еўропы».

Імперская эліта, якая сёння кіруе Еўрапейскім Звязам, не павінна гэтак адкрыта прамаўляць, што рэгіяналізацыя ёсць важнай умовай стварэння праўдзівай Еўрапейскай Імперыі, аднак няма сумневаў у тым, што рэгіяналісцкія рухі ёсць для яе палітычным інструментам, які яна выкарыстоўвае для сваіх мэтаў, то-бок для ўзмацнення ўлады над усёй Еўропай. Зразумела, што паступовы працэс пазбаўлення нацыянальных дзяржаваў (правінцый) іх улады для дасягнення імперскіх мэтаў – досыць складаны, бо Імперыя існуе in statu nascendi i дагэтуль ствараецца. Яна пакуль не ёсць цалкам самастойным і суверэнным палітычным суб’ектам, дый працягваецца змаганне за месца ў імперскай эліце і за панаванне ў створаных цэнтральных інстытутах Еўропы. Гэта тлумачыць, чаму частка элітаў нацыянальных правінцый супраціўляецца рэгіяналізацыі і разам з тым імкнецца заняць месца ў імперскай эліце. Аднак іх супраціў не вынікае з палітычных прынцыпаў, але мае сваёй крыніцай прынятую палітычную тактыку. Прадстаўнікі тых элітаў мяркуюць, што не трэба праз рэгіяналізацыю заўчасна пазбаўляцца інструментаў улады над правінцыяй, пакуль не ўсталюецца баланс сілаў унутры імперскай эліты, якая паўстае. Яны ўважаюць рэгіяналізацыю за пагрозу, бо бачаць у ёй паслабленне ўласнай пазіцыі ў змаганні за панаванне ў кантынентальных інстытутах, якія цяпер ствараюцца. Яны хочуць мець як мага большы палітычны патэнцыял у барацьбе за месца ў імперскай эліце. Калі дачыненні ўлады ў імперскай эліце паступова стабілізуюцца, тады рэгіяналізацыя пойдзе напоўніцу, бо старыя нацыянальныя дзяржавы ўжо відавочна ператворацца ў нацыянальныя правінцыі, і нічога не будзе перашкаджаць ажыццяўляць тыя ці іншыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя рэформы ўнутры Імперыі, то-бок надаваць аўтаномію рэгіёнам, ствараць новыя «дзяржаўкі» і г. д. Для імперскай эліты межы паміж правінцыямі, як і тэрытарыяльны кшталт гэтых правінцый, ёсць істотнымі з гледзішча тэхнікі адміністравання Імперыяй, але не мае якога-кольвек адмысловага палітычнага значэння, таму што імперская эліта так ці інакш кіруе ўсёй Імперыяй, а намеснікі правінцый уваходзяць у яе склад. Вядома, пагроза, што якія-небудзь намеснікі правінцый могуць мець празмерныя амбіцыі, заўсёды існуе, але яна ёсць малой і можа ўзрастаць толькі тады, калі паслабне імперская цэнтраль, захраснуўшы ў знішчальных фракцыйных бойках.

Можна прадбачыць, што тая Еўрапейская Імперыя будзе адміністрацыйна падзеленая з аднаго боку на нацыянальныя правінцыі, хоць невядома, у якім дакладна кшталце і ў якой колькасці, а па-за тым будзе мазаіка рэгіёнаў, аўтаномных абшараў, краін, зямель і «княстваў». Італьянская група «Orion» апрача падзелу Італіі на рэгіёны пастулюе, што такія вялікія гарады як Рым, Генуя, Турын ці Мілан павінны мець статус, аналагічны статусу старажытных гарадоў-дзяржаваў або даўніх італьянскіх гарадскіх рэспублік. Рой Педэрсэн (Roy Pedersen) у кнізе «Адзіная Еўропа, сто народаў» кажа пра падзел Еўропы на мікранароды, гарады-дзяржавы, вольныя гарады, моўныя і этнакультурныя супольнасці, гістарычныя рэгіёны на этнічнай ці іншай аснове, або пра пэўную «анархію» ў межах Еўрапейскай Імперыі. Ветэран руху брэтонскіх рэгіяналістаў і аўтар кнігі «Еўропа сотні сцягоў» (гэтая назва стала лозунгам шмат якіх рэгіяналісцкіх і аўтанамісцкіх рухаў) Ян Фуэр (Yann Fouéré) пісаў: «Рэальная, натуральная Еўропа – гэта Еўропа шматлікіх малых дзяржаваў, шматэтнічных супольнасцяў, “княстваў” і вольных гарадоў, аб’яднаных і сабраных разам, вышэй плашчыні адрозненняў і апрычонасці, супольнай цывілізацыяй, выкаванай цягам двух тысячагоддзяў».

Аднак гэтая супольная цывілізацыйная плашчыня будзе таксама мець сваё палітычнае вымярэнне: па-над нацыямі, народамі, плямёнамі, краінамі, вольнымі гарадамі, рэгіёнамі, «княствамі», этнакультурнымі супольнасцямі будзе існаваць, як і спрадвеку, цэнтральны асяродак імперскай улады або якое-небудзь новае выданне еўрапейскай «універсальнай манархіі», пра якую мроіў Дантэ, відавочна не нейкай адрэстаўраванай музейнай манархіі, але гэткай, што прымае формы, дапасаваныя да палітычных, тэхнічных і гаспадарчых варункаў XXI стагоддзя. Надыходзіць час новых гібелінаў, якія адолеюць супраціў гвельфаў і створаць Еўрапейскую Імперыю. Надыходзіць добры час для рэгіёнаў.

Але тут варта скарэктаваць крыху наіўныя ўяўленні пра рэгіяналізацыю, якую часам разумеюць як ідэю антыпалітычную, як праяву непалітычнага духу, сцягам якога ёсць адыход ад імкнення да суверэнітэту і велічы, як процістаўленне вялікай палітыцы і вялікай палітычнай архітэктуры шляхам высоўвання на першы план таго, што ёсць малым, свойскім, утульным, мірным, спакойным, празрыстым, таго, што ёсць блізкім і знаёмым светам. Рэгіён як дэпалітызаваная структура мае быць лекам ад палітыкі сілы, палітыкі амбіцый і экспансіі, што было характэрна для еўрапейскіх нацыянальных дзяржаваў. У гэтым сэнсе рэгіяналізм быў бы ўцёкамі ад палітыкі, уцёкамі ад улады і вялікіх гістарычных мэтаў.

Гэткае разуменне ёсць слушным, калі стасаваць рэгіяналізацыю да вялікіх нацыянальных дзяржаваў у Еўропе. Рэгіяналізацыя становіцца лекам ад знішчальных канфліктаў і братазабойчых войнаў паміж еўрапейскімі нацыянальнымі дзяржавамі, якія ў XX ст. раздзіралі Еўропу і давялі яе да падпарадкавання нееўрапейскім сілам. У гэтым сэнсе дзейнасць па рэгіяналізацыі ўнутрана пацыфікуе Еўропу, бо перашкаджае таму, каб асобныя нацыянальныя дзяржавы або іх кааліцыі асобна імкнуліся да велічы і суверэнітэту. Але гэтая дзейнасць адначасна спрыяе паўстанню ды ўзмацненню Еўрапейскай Імперыі, што дзякуючы засяроджванню палітычных, вайсковых, тэхнічных і гаспадарчых рэсурсаў, размеркаваных дагэтуль сярод нацыянальных дзяржаваў, будзе імкнуцца да велічы і суверэнітэту, да ўдзелу ў панаванні над светам. Іншымі словамі, тое, што характарызавала даўнія нацыянальныя дзяржавы Еўропы, вяртаецца на вышэйшым узроўні: Еўрапейская Імперыя найболей хоча і мусіць ажыццяўляць палітыку сілы, мусіць распазнаваць ворагаў і хаўруснікаў, пашырацца, палітычна падпарадкоўваць сабе народы, землі і рэсурсы. Трэба адмовіцца ад наіўнага ўяўлення, што рэгіяналізацыя ў кантэксце аб’яднання Еўропы – гэта нейкая форма «швейцарызацыі» або выйсце з гісторыі, выйсце з сусветнай палітыкі. Рэгіяналізацыя, наадварот, мае служыць пераносу палітычных мэтаў ранейшых нацыянальных дзяржаваў на кантынентальны ўзровень. Мэты гэтыя: улада, моц, прэстыж, дамінацыя, пашырэнне сфераў уплываў, гегемонія – не страцілі ані каліва сваёй актуальнасці. Вялікадзяржаўныя памкненні застаюцца, толькі яны ўжо не могуць быць рэалізаваныя праз асобныя сталіцы еўрапейскіх дзяржаваў, але толькі праз цэнтральны асяродак кантынентальнай улады, для якога мэтай ёсць моц і слава Еўрапейскай Імперыі.

DRUVIS, 2011 № 3