Новая парадыгма ці старая эквілібрыстыка?

Доўгі час Лукашэнка адначасова ўжываў дзве тэхнікі палітычнага эквілібрызму. Ва ўнутранай палітыцы ён вар’іраваў градус аўтарытарызму, каб запабегчы любому выкліку свайму кіраванню, падтрымліваючы пры гэтым папулісцкі імідж клапатлівага «бацькі». У знешняй палітыцы Лукашэнка на манер Ёсіпа Броз Ціта заігрываў з Расіяй супраць Захаду — ці, больш дакладна, перыядычна і ненастойліва заляцаўся да Захаду, каб забяспечыць сабе максімальныя дывідэнды ў сваёй асноўнай гульні з Расіяй. Нядаўна ён асвоіў яшчэ адную эквілібрычную тэхніку: убраную ў шаты сацыяльнага папулізму (the welfare populism) стаўку на спажывецтва, якая складае яго ключавы «сацыяльны кантракт» з народам, спрабуючы адначасова часткова задаволіць узрастаючы ціск наменклатурнай прыватызацыі. Дарма што яго вобраз былога дырэктара саўгаса, што спецыялізаваўся на птушкагадоўлі, і праставатага мужыка дагэтуль не выпятраў з некаторых галоў, Лукашэнка досыць паспяхова скіроўваў свае абмежаваныя рэсурсы на рэалізацыю гэтых трох стратэгій. Таму асноўнае пытанне вераснёўскіх выбараў 2008 г. павінна гучаць так: ці гэта новае выданне згаданых відаў эквілібрыстыкі, ці яны азначаюць фундаментальны зрух у прыродзе рэжыму?

 ЛУКАШЭНКА-ХАМЕЛЕОН

Лукашэнка лёгка перажыў эру Ельцына. Адносіны з Пуціным былі спярша больш складанымі, аднак памаранчавая рэвалюцыя надала Лукашэнку другое дыханне, паколькі Беларусь у 2005—2006 гг. стала лабараторыяй расійскіх «контррэвалюцыйных тэхналогій». Аднак у час трэцяга тэрміну Лукашэнкі, з 2006 г., акрэсліліся тры магутныя выклікі.

Па-першае, Расія перагледзела цану сваёй падтрымкі. Не тое, каб расійскі ўрад спыніў фінансавыя і іншыя субсідыі беларускаму рэжыму, але абставіў іх больш жорсткімі ўмовамі. Расія з надзвычайнай хуткасцю ўзняла цэны на газ і выбіла 50 % акцый «Белтрансгазу» пасля выбараў у сакавіку 2006 г., што, як і разлічваў расійскі бок, стала сапраўдным шокам для Мінску. Сувязі Лукашэнкі з такімі людзьмі, як Сяргей Іваноў і Ігар Сечын (праз ранейшыя нафтавыя гешэфты), выявіліся двувострай зброяй, калі надышоў час тандэму Пуцін-Мядзведзеў.

Па-другое, ЕС у рэшце рэшт пачаў пераасэнсоўваць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі. З 1997 і недзе да 2004 г. Брусель не зазнаваў сапраўднага ўціску з боку краін-дзяржаў ЕС на карысць змены свайго ізаляцыянісцкага падыходу. Пасля пашырэння Эўрапейскага Саюзу Польшча стала рухавіком вызначэння стратэгіі ЕС да Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 г., аднак цяпер польскае кіраўніцтва разумее, што праводжаная ім нейкі час палітыка прасоўвання Мілінкевіча была контрпрадуктыўнай. Сапраўды, Лукашэнка атрымаў цудоўны падарунак для сваёй прапаганды — «змову апазіцыі з Польшчай». Літва спакусілася падтрымаць «каляровую рэвалюцыю» ў Мінску ў 2006, што таксама пайшло на руку Лукашэнку, але і Вільня з таго часу стала больш прагматычнай. Больш за тое, у 2007—2008 гг. Польшча і Літва ў кампаніі з іншымі новымі членамі ЕС (і некаторымі старымі дзяржавамі-членамі ЕС, такімі як Швецыя) пачалі настойваць на стратэгічным пераглядзе палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Падтрымалі ЕС і ЗША, дзе таксама не ўпэўнены, што ўсе стаўкі трэба рабіць на слабую і падзеленую апазіцыю. (Між іншага, пасля няўдалай справы з накладаннем санкцый на «Белнафтахім» ЗША, здаецца, з вядучага «ястраба» ператвараюцца ў аднаго з вядучых «галубоў»). Праект Квасьнеўскага, датычны Беларусі, адыграў у гэтым працэсе важную ролю. Трэба прызнаць, што ЕС не прытрымліваецца агульнай лініі, якая яшчэ і не выпрацавана. Германія карыстаецца адной стратэгіяй, польскі міністр замежных спраў Сікорскі — другой (прычым яна крытыкуецца прэзідэнтам Польшчы Качынскім), яго фінскі калега Стуб, старшыня АБСЕ, мае іншы варыянт дзеянняў.

Па-трэцяе, у беларускай эліце рэй цяпер вядуць не «сілавікі», якія аказаліся неабходнымі для захавання ўлады Лукашэнкі ў 2006 г., а «тэхнакраты», якія хацелі б узбагаціцца шляхам наменклатурнай прыватызацыі. Аднак пакуль яшчэ не ясна, чым тлумачацца змены «наверсе» — палітычнымі крокамі, то бок чысткай прарасійскіх колаў і/або ўзвышэннем Віктара Лукашэнкі, альбо эканамічным развіццём. Цяпер у Беларусі ясна вымалёўваюцца доўгатэрміновыя праблемы ў рэсурсазабеспячэнні, але пакуль эканоміка кантралюецца дастаткова добра — у 2007 г. прырост ВУП склаў 8 %, дзяржава напаўняе свой бюджэт. З іншага боку, беларуская бухгалтэрыя не празрыстая і статыстычныя звесткі могуць быць недакладнымі.

 У БЕЛАРУСІ ТАКСАМА ІДУЦЬ «ВОЙНЫ СІЛАВІКОЎ»

Унутранае напружанне, створанае гэтымі трыма відамі захавання раўнавагі, выйшла на паверхню ўжо ўлетку 2007 г. — час, калі ў Беларусі адбылася нешта падобнае да расійскіх «воен сілавікоў». Як і ў Расіі ў час выбараў 2007—2008 гг., гэтыя канфлікты адлюстроўвалі барацьбу кланаў за ўладу і грошы. Публічнае збіццё Зянона Ломаця, старшыні Камітэта дзяржкантроля, у ліпені 2007 г. супала з чысткамі ў кіраўніцтве «Белнафтахіму» (травень 2007 г.), «Белтрансгазу» і «Беларускай нафтавай кампаніі» (ліпень 2007 г.). Адхіленне старшыні КДБ Сцяпана Сухарэнкі пасля нападу на Ломаця было першым знакам аслаблення ўплыву дзіўнай кааліцыі, што склалася вакол Віктара Шэймана. За Шэйманам стаялі некаторыя расійскія алігархі і беларускія нафтавыя кампаніі, і яго групоўка трымалася «жорсткага курсу» ва ўнутраных справах. Аслабленне Шэймана пацвердзілася, калі ён быў адпраўлены ў адстаўку пасля яшчэ больш загадкавага выбуху ў Мінску (ліпень 2008 г.) разам са сваім хаўруснікам Генадзем Нявыгласам, кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта. Адстаўка Шэймана, які доўгі час лічыўся другім чалавекам у дзяржаве пасля Аляксандра Лукашэнкі, была драматычным і патэнцыйна рызыкоўным крокам, бо той ведае месца, дзе ляжаць трупы — як у даслоўным сэнсе, беручы пад увагу ролю, якая прыпісваецца яму ў знікненнях у 1999—2000 гг., так і метафарычным, бо ён доўгі час быў у цэнтры збору мясцовага кампрамату (не кажучы пра «лёзненскі інцыдэнт», інсцэніроўку замаху на жыццё Лукашэнкі ў 1994 г., разыграную, верагодна, з удзелам Шэймана).

Заняпад аднаго клана супаў з узвышэннем другога, які сфармаваўся вакол Віктара Лукашэнкі, прэзідэнтавага сына, які ў апошні час узмоцніў пазіцыі ў сферы кантроля над будаўніцтвам і нерухомай маёмасцю. Ператасоўкі ў кіраўнічай эліце засведчылі таксама, што прыналежнасць да клана значыць больш, чым кампетэнтнасць. Гэта вынікае з кандыдатур, прасунутых Віктарам Лукашэнкам і «тэхнакратамі»: і Юрый Жадобін, які ў 2007 г. замяніў Сухарэнку на чале КДБ, а ў ліпені 2008 г. узначаліў Савет Бяспекі, і новы старшыня КДБ Вадзім Зайцаў, нарадзіліся ва Ўкраіне і не маюць непасрэднага вопыту ў галіне дзяржаўнай бяспекі. Жадобін раней узначальваў службу бяспекі прэзідэнта, а Зайцаў быў пратэжэ Ігара Рачкоўскага — іншага хаўрусніка Віктара Лукашэнкі — у Дзяржаўным пагранічным камітэце. Нявыгласа на пасадзе кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі заступіў Уладзімір Макей, чалавек, здаўна блізкі да абодвух Лукашэнак — хаця тут не так ясна, хто на чыіх плячах стаіць. Макей, магчыма, з’яўляецца новым «шэрым кардыналам» рэжыму. Ён лічыцца выдатным маніпулятарам, але далёка не лібералам.

Чысты вынік усёй гэтай зацягнутай гульні з перастаноўкамі крэслаў здаецца ясным: «старая гвардыя» лукашэнкаўцаў пераможана і практычна не існуе. Калі дапусціць, што прэм’ер-міністр Сідорскі знаходзіцца ў лагеры «тэхнакратаў», то са «старой гвардыі» толькі Навумаў і Мальцаў яшчэ кіруюць міністэрствамі ўнутраных спраў і абароны. Аднак новыя «тэхнакраты» — такая ж своекарыслівая група, як і стары шэйманаўскі клан. Яны не хочуць, каб Беларусь вучылася на памылках Расіі і Ўкраіны 1990-х гг., а зусім наадварот, жадаюць узбагаціцца на той самы манер. Яны чакаюць падтрымкі з Захаду, але не хочуць пусціць у краіну замнога заходняга капіталу. «Тэхнакраты» хочуць захаваць ключавыя эканамічныя актывы ў краіне для сябе, а Захад успрымаюць як карысную процівагу расійскаму засіллю, якое цягне за сабой надта шмат павіннасцяў. Расійскія алігархі, такія як Раман Абрамовіч, ужо кружляюць над найбольш ласымі кавалкамі беларускай маёмасці.

Некаторыя «тэхнакраты», магчыма, падманваюць сябе, жадаючы скарыстаць Лукашэнку-малодшага ў якасці тарана для заваёвы ўлады, падобна як «маладыя ваўкі» спрабавалі скарыстаць Лукашэнку-старэйшага ў 1994 г. Аднак прэзідэнта Лукашэнку цяжка пераўзысці ў мастацтве манёўравання, і наўрад ці ён дазволіць свайму сыну манапалізаваць уладу. Напрыклад, часта падкрэсліваецца, што па іроніі Лукашэнка пачаў уводзіць «ідэалогію беларускай дзяржавы» ў 2003 г., г. зн. акурат у той самы час, калі многія з яго ключавых дакрын пацярпелі крах. Але яму цяжка будзе поўнасцю адмовіцца ад сваёй зацяжной рыторыкі супраць алігархаў і прыхватызацыі (corrupt privatisation). Скарачэнне некаторых ільгот для насельніцтва ў траўні 2007 г. (субсідыі пенсіянерам на лекі, бясплатны праезд студэнтаў ) стала значнай вяхой, але важна і тое, што неўзабаве рашэнне было часткова перагледжанае. Цікавай прыкметай вагання Лукашэнкі стала тое, што ён не згадзіўся ачоліць партыю ўлады («Белая Русь»), якая больш шчыльна прывязала б яго да новай эліты.

 БЕЛАРУСЬ І ЕЎРАПЕЙСКІ САЮЗ

Як ЕС трэба рэагаваць на перспектыву новай Беларусі? Перш за ўсё, без лішняга імпэту. Рэальная магчымасць непасрэднага кантакту з рэжымам злёгку павялічылася. Але з гледзішча двухкірунковай (twin-track policy) палітыкі ЕС, прынятай у канцы 2004 г. і развітай у неафіцыйным дакуменце Еўрапейскай камісіі — «ценевым плане дзеянняў», адрасаваным беларускаму народу ў снежні 2006 г. — Беларусь далёка не прасунулася. Мабыць, вызваленне палітычных вязняў перад выбарамі ў верасні 2008 г. было больш важнай падзеяй, чым касметычныя папраўкі, унесеныя ў сам выбарчы працэс. Дазвол назіральнікам АБСЕ прысутнічаць на выбарах быў значным крокам, але крокам у рамках існуючай сістэмы, з-за якой гэтыя назіральнікі не маглі ўбачыць вельмі многае. Наяўнасць 50—60 апазіцыйных кандыдатаў прывяла да непрыстойных спекуляцый, нават здзелак вакол таго, колькі менавіта дэпутатаў ад апазіцыі будзе дастаткова для «прызнання» выбараў. Вынікам сталася відавочнае расчараванне, калі ў парламент не прайшоў ніводзін апазіцыйны кандыдат. Па традыцыі, на стадыі рэгістрацыі былі адсеяны многія моцныя апаненты ўлады, апазіцыя была ў цэлым выключана з выбарчых камісій (а на вышэйшым узроўні, дзе фактычна падлічваюцца гала сы, не было сапраўдных назіральнікаў). У чэрвені 2008 г. былі прынятыя закон аб СМІ і папраўкі да Крымінальнага кодэкса, якія маюць карны характар (у дадатак да абмежаванняў, уведзеных «сухарэнкаўскім законам» напярэдадні выбараў 2006 г.). Да таго ж, супраць сацыял-дэмакратычнай партыі Казуліна, Аб’яднаных дэмакратычных сіл і іншых груповак, падобна, былі ўжытыя «актыўныя захады», скіраваныя на раскол; у чэрвені дзяржаўнае тэлебачанне яшчэ больш нагняло атмасферу, паказаўшы прапагандысцкі серыял «Сетка» з традыцыйным ужо зместам — апазіцыя малюецца купкай фінансаваных з-за мяжы прадажнікаў. Як выяўляецца са справаздачы АБСЕ-БДІПЧ , ніякай «празрыстасці» ў працэсе падліку галасоў не было.

Паколькі ў бліжэйшы час станоўчых зрухаў не прадбачыцца, аптымістычна настроеныя назіральнікі зазіраюць далей у будучыню. Сапраўды, з цягам часу «тэхнакраты» могуць прывесці рэжым да пераменаў. Як толькі яны зробяцца алігархамі, то акажуцца больш зацікаўленымі ў нормах прававой дзяржавы. Але, каб стаць алігархамі, ім не абысціся без злоўжыванняў сістэмай на нейкі час. Ясна, што ЕС мусіць заахвочваць вяршэнства права, а не бяспраўе.

Між тым, Лукашэнка прэзентуе сябе не як абаронцу дэмакратыі, а як абаронцу беларускага суверэнітэту, разлічваючы, што пасля грузінскіх падзей гэткая самапрэзентацыя адпавядае заходняй «realpolitik». «Тэхнакраты», вядома, таксама ў будучыні захочуць абараніць свае будучыя актывы з дапамогай моцнай дзяржавы. Але Захаду не варта спяшацца з пераглядам палітыкі ў дачыненні да Беларусі, пакуль ён не вырашыў, якім будзе ягоны падыход да рэгіёна ў цэлым. ЕС (і НАТО, хаця і ў меншай ступені) мусяць усведаміць, што па суседстве ізноў разгортваецца канкурэнтная барацьба, і трэба зрабіць выбар паміж двума відамі канкурэнцыі. Можна прыняць як рэальнасць палітыку сфер уплыву і спрачацца аб тым, дзе правесці мяжу паміж гэтымі сферамі (ці можна ўплываць на Беларусь? ці страчана Грузія? ці можна далучыць Украіну?). А можна замест гэтага выбраць барацьбу за правілы гульні і працяг падтрымкі еўрапейскіх каштоўнасцей, прэзентуючы іх як альтэрнатыву зусім іншай палітычнай і бізнэс культуры, якую нясе з сабой расійскі варыянт «палітыкі добрасуседства».

Некаторыя палітыкі Еўрасаюза ўжо паспяшаліся абвясціць, што першаснай мэтай пасля грузінскай вайны трэба лічыць «стрымліванне расійскага ўплыву» ў Беларусі. Паводле Аляксандра Мілінкевіча, захаванне незалежнасці краіны ад паглынання Расіяй значыць больш, чым усе іншыя мэты, і таму палітыцы дыялога з цяперашнім рэжымам няма альтэрнатывы.

Аднак Захад будзе абвінавачаны ў двайных стандартах, калі згодзіцца запрасіць Лукашэнку да перамоў, тым часам як ў самой Беларусі адбылося так мала перамен. З другога боку, пасля вайны ў Грузіі змянілася ўся навакольная абстаноўка. Адбылася змена парадыгмы, да якой давядзецца адаптавацца ЕС, НАТО і ЗША. Але Лукашэнку трэба яшчэ вырасці ў сапраўднага маршала Ціта, пакуль жа ў беларускай замежнай палітыцы няма «роўнааддаленасці» ад усіх партнёраў (Югаславія ўваходзіла ў «рух недалучэння», хаця і належала да камуністычнага блоку). Перамовы з Захадам — толькі частка шырэйшай стратэгіі дыверсіфікацыі замежнай і энергетычнай палітыкі, у рамках якой беларускія місіі працуюць ва ўсіх краінах, багатых на энергарэсурсы (Нарвегія, але таксама Венесуэла, Іран, Азербайджан, Нігерыя, Кітай). Захаду не варта грунтаваць сваю палітыку на памылковым дапушчэнні, што Лукашэнка ўжо з’яўляецца вопытным і ўмелым геапалітычным гульцом (balancer), але ёсць сэнс у тым, каб праводзіць сваю палітыку так, каб заахвоціць яго стаць ім.

 ПАЛІТЫЧНЫЯ НАСТУПСТВЫ

Што здарыцца пасля трохбаковай сустрэчы прадстаўнікоў ЕС з міністрам замежных спраў Беларусі С. Мартынавым 13 кастрычніка? Зніжэнне кошту віз для беларускіх грамадзян з 60 еўра да 35 еўра было б крокам у правільным напрамку. Тым не менш, забарона на паездкі ў ЕС для беларускіх кіраўнікоў, уведзеная пасля «знікненняў» 1999—2000 гг. і змадэляваных выбараў 2004 і 2006 гг., павінна застацца ў сіле. ЗША першымі прыпынілі санкцыі супраць «Белнафтахіма», але ЕС наўрад ці варта вяртаць Беларусь у Генеральную сістэму прэферэнцый, пакуль беларускія прафсаюзы не запрацуюць у больш ліберальных умовах.

Беларусь не стане дэмакратычнай краінай за адзін дзень, таму ЕС не варта марнаваць сілы на надта амбітныя праекты і падпарадкоўваць ім усю сваю палітыку. Замест гэтага ЕС трэба больш настойліва дабівацца саступак у тых сферах, дзе дбаннем еўрапейцаў ужо дасягнуты пэўны прагрэс. Напрыклад, калі ўлады ў Мінску фактычна не зрабілі саступак у выбарчым працэсе, але выпусцілі палітычных вязняў, ЕС мусіць дабівацца большага ў апошняй сферы, у прыватнасці, настойваць на мараторыі на смяротную кару, спасылаючыся і на рашэнне Канстытуцыйнага Суда ў 2004 г. Трэба адзначыць, што Лукашэнка зняў з пасады галоўнае пудзіла рэжыму Дзмітрыя Паўлічэнку, якому забаронены ўезд у ЕС дзеля ягонай меркаванай ролі ў «знікненнях» 1999—2000 гг. і гвалтоўным падаўленні пратэстаў пасля выбараў 2006 г.

Выдатным праектам з’яўляецца падтрымка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні. ЕС мусіць таксама вярнуцца да падтрымкі адукацыйных праграм і грамадзянскай супольнасці ў межах Беларусі.

RTVi і «Еўрапейскае радыё для Беларусі» маюць абмежаваную глядацкую/слухацкую аўдыторыю ў краіне. ЕС трэба шукаць шляхоў падтрымкі свабодных медыяў у самой Беларусі. Афіцыйны Мінск пачаў часткова цэнзураваць Інтэрнэт толькі нядаўна. Вядома, улады шмат энергіі ўклалі ў сваю «моладзевую палітыку» і не жадаюць выпускаць з поля зроку маладзейшае пакаленне, якое свабодна карыстаецца Інтэрнэтам. ЕС мусіць настойваць на значна больш ліберальнай сістэме рэгулявання віртуальнай прасторы.

Сапраўднай лакмусавай паперкай будуць няўрадавыя арганізацыі (НДА). Напэўна, справядліва будзе сцвярджаць, што ў апошнія гады Лукашэнка не дарэмна надаваў такую ўвагу закрыццю незалежных НДА і ўтварэнню замест іх структур, падкантрольных рэжыму; наўрад ці ён дазволіць, каб незалежныя НДА адрадзіліся. Але ЕС варта быць гатовым і да гэтага.

Як Беларусь, так і ЕС зацікаўлены ў дыверсіфікацыі пастаўшчыкоў энергіі. Ні адзін, ні другі бок не хацелі б, каб «Газпром» здабыў поўны кантроль над «Белтрансгазам». ЕС мог бы дапамагчы Беларусі вывучыць магчымасць падлучэння да нафтаправоду «Адэса-Броды» і атрымання энергіі з Літвы.

 ВЫСНОВЫ

Палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі зайшла ў тупік, але выйсце з яго магчымае. Ізаляцыя, арганізаваная пасля 1997 г., відавочна не спрацавала, прынамсі ЕС не атрымаў вагароў уціску на Мінск. Але новая палітыка яшчэ не распрацаваная і нават не прасочваецца на гарызонце. Еўрапейскі Саюз павінен зрабіць стаўку на сваю ўласную эквілібрыстыку. З аднаго боку, ёсць сэнс дзейнічаць як мага хутчэй. Калі Беларусь прызнае Абхазію і Паўднёвую Асецію, акенца для паляпшэння адносін зачыніцца амаль гэтак хутка, як адчынілася. З іншага боку, ЕС варта ўпісаць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі ў кантэкст агульнай стратэгіі добрасуседства, дзе прыярытэт павінен быць аддадзены процідзеянню расійскай «realpolitik».

Пераклаў з англійскай В.Р. паводле аўтарскага рукапісу

________________________________________________________

Эндру Ўілсан — палітоляг, экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў (сядзіба ў Брусэлі), старшы выкладчык катадры ўкраіністыкі Лёнданскага ўнівэрсытэцкага коледжу, аўтар шматлікіх дасьледаваньняў постсавецкіх краінаў.