Падставай да абвастрэння дыпламатычнага канфлікту паміж Еўразвязам і Менскам стала пашырэнне спісу асобаў, у дачыненні да якіх Еўразвяз прымяняе абмежавальныя меры ў выглядзе забароны на выдачу віз і замарозкі актываў. Такім чынам пацвердзілася актуальнасць нядаўняй палемікі аб прыродзе, прызначэнні і эфектыўнасці гэтых мер, якія прынята называць санкцыямі.

Пытанне ўрэгулявання канфлікту звязанае з магчымым вырашэннем пытання аб санкцыях – і ў гэтым сэнсе дыпламатычны крызіс сапраўды можа стаць падставай да больш маштабных зменаў ва ўзаемадзеянні суб’ектаў. Сённяшні канфлікт можа прымусіць Еўразвяз да перагляду сваёй палітыкі ў адносінах да Беларусі – і гэты перагляд можа прывесці як да нармалізацыі адносінаў, так і да поўнамаштабнай ізаляцыі краіны і яе ператварэння ў еўрапейскай сістэме знешнепалітычных каардынатаў у «задворкі» Крамля.

Парадаксальна, але візавыя абмежаванні, якія цягам года замянялі Еўразвязу нейкую сур’ёзную выпрацоўку стратэгіі ў адносінах да беларускай праблемы, апынуліся пад агнём з двух бакоў. Прыхільнікі ўвядзення санкцыяў у адносінах да беларускага рэжыму справядліва адзначалі, што візавыя абмежаванні насамрэч санкцыямі не з’яўляюцца, маюць хутчэй маральнае значэнне і істотна не ўплываюць на рэжым у цэлым. Прадстаўнікі гэта пункту гледжання прапануюць перайсці ад сімвалічных абмежавальных мераў да сапраўдных эканамічных санкцыяў. Праціўнікі палітыкі санкцыяў традыцыйна крытыкуюць сам падыход фармавання гэтых спісаў, адзначаючы, што маральныя і сімвалічныя меры толькі дражняць рэжым, не закранаючы яго сапраўдныя болевыя кропкі.
У выніку ў візавых абмежаванняў з’явілася так шмат крытыкаў, што ў еўрапейскіх структурах паўстала адчуванне вычарпанасці альбо недастатковасці гэтага віду палітыкі. А з улікам таго, што намеціліся новыя перагаворныя працэсы з прадстаўнікамі беларускага рэжыму, у Еўропе адмовіліся ад запланаванага павелічэння візабан-спісу на сто з лішнім персон. Тым не менш, шэраг функцыянераў рэжыму ў спіс былі ўнесеныя, што і стала падставай для нервовай і, як адзначаюць многія, непрапарцыйнай рэакцыі Менска. Як адзначаюць назіральнікі, фактычная высылка амбасадараў Еўразвяза і Польшчы магла быць нарыхтоўкай на сапраўды значнае павелічэнне спісаў неўяздных – і Менск проста ужыў гэтую нарыхтоўку не да месца, кіруючыся логікай «не прападаць жа дабру». Адмова ад масавага павелічэння спісу не была успрынятая беларускім бокам як заклік да перамір’я – і вынікам стала назіраная эскалацыя канфлікту.

Крызіс – гэта магчымасць як вырашыць існуючыя супярэчнасці, так і канчаткова загнаць бакі ў тупік неразумення. Ён выгадны ўсім, таму што ўсім дае шанец – пытанне ў тым, хто і як гэтым шанцам скарыстаецца.

Адносіны сталі развівацца па логіцы «вока за вока», што ў спалучэнні з рэзкай рыторыкай і персанальнымі інвектывамі стварае ўражанне бурлення нянавісці. Разам з польскім і еўрапейскім пасламі з’ехалі паслы іншых краін ЕЗ. Беларускі бок, відавочна не чакаючы такой рэакцыі, праехаўся па персаналіях лідэраў краін Еўразвяза. У кулуарах рады Еўразвяза, верагодна, палічылі, што знайшлі ўдалы субстытут паўнавартасных эканамічных санкцыяў: агучаныя прозвішчы буйных бізнэсмэнаў, прапанаваных да ўнясення ў спісы неўязных. Такім чынам, фактычна ня ўводзячы эканамічныя санкцыі, Еўропа спрабуе ціснуць на гаспадарчы складнік рэжыму (Табак-інвест, Амкадор, Санта-Імпэкс). Акрамя таго, агучванне прозвішчаў Машэнскага, Шакуціна і Тапузідзіса ўвяло ў беларуска-еўрапейскія адносіны новае паняцце «кандыдата на ўнясенне ў спісы неўяздных». Беларускі бок адказаў абмежаваннямі на выезд прадстаўнікоў апазіцыі.

Абмен гэтымі ўдарамі адбываецца ў рамках прынцыпу «вока за вока» і, як уяўляецца, бакі ўжо асабліва не задумваюцца аб прадуктыўнасці тых ці іншых крокаў. Для дэманстрацыі прынцыповасці пазіцыі істотны сам факт зваротнага ходу – і не так важна, што гэты ход аддаляе гульца ад заяўленай мэты.

Падобна на тое, што з боку Еўразвяза ўжо дамінуе ня мэта змяніць рэжым – хутчэй суб’ект кіруецца мэтай зачыніць «беларускае пытанне». Санкцыі ў гэтых адносінах прадстаўляюцца зручнай стратэгіяй: гэта такая дарога, па якой зразумела, як крочыць наперад. Будзе наступны суд у наступным месяцы – будзе наступная партыя візавых абмежаванняў па рашэнні Рады міністраў Еўразвяза. Пры гэтым палітыка тых асобаў, якія падпадаюць пад санкцыі, не змяняецца, і рэжым не дэманструе тэндэнцыяў да змякчэння. Больш за тое, падобна што санкцыі спрыяюць кансалідацыі ўнутры рэжыму той групоўкі, якая выступае за жорсткую палітыку і арыентаванй на Маскву.

З іншага боку, перагляд еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі можа пайсці і ў іншым кірунку – вычарпальнасць палітыкі візавых абмежаванняў можа стаць падставай для рэвізіі палітыкі санкцыяў у цэлым. У такім выпадку бакі могуць у працэсе вырашэння дыпламатычнага канфлікту па сутнасці прыйсці да рашэння і тых пытанняў, якія пацягнулі за сабой нарастанне напружанасці. Ва ўмовах рэзкай рыторыкі, якая гучыць з абодвух бакоў, складана казаць пра вяртанне да ранейшай палітыкі ўцягвання Беларусі ў Еўропу. Пакуль размова можа ісці аб ня самых значных кроках, кроках хутчэй сімвалічнага плана, якія закліканыя пазначыць пераход ад прынцыпу «вока за вока» да прынцыпу «саступка за саступку». За імі можа рушыць услед прагрэс і па больш істотных параметрах – аднаўленне працэсу вызвалення палітвязняў, аднаўленне офіса АБСЕ ў Менску і г.д. Пры гэтым, аднак, варта памятаць, што саступкі і крокі насустрач ня могуць не быць узаемнымі – і ў сілу гэтага бакам варта сфармуляваць дакладнае ўяўленне аб тым, якая будзе паслядоўнасць такіх саступак для кожнага з іх.

Крызіс – гэта магчымасць як вырашыць існуючыя супярэчнасці, так і канчаткова загнаць бакі ў тупік неразумення. Ён выгадны ўсім, таму што ўсім дае шанец – пытанне ў тым, хто і як гэтым шанцам скарыстаецца.