Паводле экс-кандыдата на прэзідэнцтва, тое, што адыблося ў Менску 19 снежня, было нечаканасцю і для Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Міхалевіч мяркуе, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі не меў вызначанага сцэнару падзеяў. (Відэа)

“Іншае пытанне, што тыя, хто правакавалі і білі вокны, — гэта было падрыхтавана”, — зазначыў спадар Міхалевіч. Пра гэта Алесь Міхалевіч распавёў, адказваючы 5 траўня ў Вільні на пытанні журналістаў.

Ён падкрэсліў, што Плошчу ні ў якім выпадку нельга ставіць у адзін шэраг з тэрактам у Менскім метро: “Тых, зто сядзіць за 19 снежня, трэба адразу выпускаць, бо “склад злачынства” не параўнальны нават да таго тэрміну, які яны ўжо адседзелі”.

Сваю сённяшнюю дзейнасць спадар Міхалевіч лічыць праваабарончай, а не палітычнай: “Пакуль людзі знаходзяцца ў турме, я адкінуў усе іншыя справы. Таму я вырашыў не выказвацца па пытаннях, якія нас раз’ядноўваюць. Я раблю ўсё магчымае, каб палітвязні выйшлі на свабоду”.

Экс-кандыдат на прэзідэнцтва ўпэўнены, што “калі сёння мы не акажам сур’ёзнай дапамогі, у тым ліку, матэрыяльнай, дык заўтра мы не зможам знайсці юрыстаў, якія б нас баранілі, нам будуць прызначаць юрыста, якога КДБ захоча нам прызначыць. <…> На мой погляд, падтрымка адвакацкай супольнасці, — гэта тое, што мае быць зроблена на больш высокім узроўні”.

Вяртаючыся да тэмы мінулай прэзідэнцкай кампаніі, Алесь Міхалевіч выказаў меркаванне, што ўлады ўспрынялі ягоную мягкую пазіцыю як праяву слабасці.

belsat.eu