Чаму такая напачатку рэзкая рэакцыя ЕС (першыя пасля выбараў заявы афіцыйных асобаў ЕС і краінаў-сябраў, дэбаты і рэзалюцыя Еўрапарламента) змянілася такім мяккім рашэннем у адносінах Беларусі?

Рэзюмэ

 

У папярэднім аналізе было закранутае пытанне сцэнару і папярэдніх вынікаў акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску. Зараз зробім спробу прааналізаваць рэакцыю Еўрапейскага саюза на падзеі ў Беларусі, асноўныя этапы прыняцця рашэння наконт санкцыяў супраць Беларусі, а таксама паспрабуем спрагназаваць далейшае развіццѐ адносінаў паміж Беларуссю і ЕС.

 

  •  Рэзалюцыя Еўрапарламента і рашэнне Рады ЕС не прадугледжваюць сур’ѐзных контрмераў, якія б маглі прывесці да хуткай карэктыроўкі палітычнага курса афіцыйнага Мінска;
  •  Еўрапейскі саюз застаецца ў рэчышчы “палітыкі ўцягвання”;
  •  ЕС і беларускі ўрад зацікаўленыя ў хутчэйшым аднаўленні адносінаў і працягу працэсу нармалізацыі;
  •  Крызіс у стасунках можа быць вычарпаны ўжо да канця бягучага года.

 

Выбары як выпрабаванне

 

Еўрапейскі саюз, гэтаксама як і іншыя міжнародныя гульцы, разглядаў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў якасці тэсту намераў афіцыйнага Менску ў адносінах з ЕС і лібералізацыі ў краіне ўвогуле. Еўрапейскія палітыкі неаднаразова падкрэслівалі, што менавіта выбарчая кампанія і паводзіны беларускіх уладаў пад час яе будуць галоўнай падзеяй, ад якой будзе адлічвацца наступны этап беларуска-еўрапейскіх адносінаў. Менавіта ад добрых паводзінаў Лукашэнкі падчас кампаніі і ў дзень выбараў залежала выдзяленне абяцаных Радаславам Сікорскім трох мільярдаў Еўра, пачатак перамоваў па Сумесным часовым плане (які быў распрацаваны Еўракамісіяй напярэдадні) і аднаўленне паўнавартасных адносінаў з Еўрасаюзам увогуле. Выбары павінныя былі стаць канцом выпрабавальнага перыяду, які цягнуўся з лета 2008 года.

 

Гэта выдатна разумела беларускае кіраўніцтва. Таму і рабіла ўсѐ магчымае (у кантэксце існуючай сістэмы, канечне), каб атрымаць прызнанне з боку ЕС і міжнароднай супольнасці: дапусціла самую свабодную выбарчую кампанію за апошнія 16 год, ішло на кантакт з замежнымі журналістамі, забяспечыла беспрэцэдэнтныя меры бяспекі для назіральнікаў ад АБСЕ, устрымлівалася ад  крытыкі апазіцыі і Захаду. Мала ў каго з назіральнікаў і аналітыкаў заставаліся сумненні адносна пазітыўнай рэакцыі Брусэля на беларускія выбары з далейшым паляпшэннем двухбаковых адносінаў.

 

Менавіта гэтыя чаканні і ўяўная прадказальнасць вынікаў кампаніі паспрыялі настолькі рэзкай негатыўнай рэакцыі Еўрасаюза на падзеі 19 снежня ў Мінску. Кантраст чаканняў і рэчаіснасці апынуўся занадта вялікі.

 

Першасная рэакцыя не прымусіла сябе доўга чакаць і была, натуральна, негатыўная ў адносінах да дзеянняў беларускіх уладаў. Еўрапейскія лідэры, аднак абмежаваліся толькі агульнымі словамі, паколькі заставалася пэўная нявызначанасць стасоўна таго, што адбылося падчас акцыі пратэсту і хто ў гэтым вінаваты. Кіраўніцтва Беларусі паспрабавала як мага хутчэй уключыцца ў інфармацыйную вайну і згуляць на апераджэнне, распаўсюдзіўшы кадры штурму Дома Ўраду і патлумачыўшы жорсткасць разгону неабходнасцю абароны важнага ўрадавага аб’екту ад “радыкальнай апазіцыі”, узброенай арматурай і “кактэйлямі Молатава”.

 

На дадзеным этапе развіцця падзеяў для еўрапейскіх палітыкаў было відавочна адно – Лукашэнка парушыў свае абяцанні, якія ѐн даваў перад выбарамі камісару Фюле, міністрам Сікорскаму і Вестэрвэле і іншым прадстаўнікам ЕС. Абяцанне правядзення дэмакратычных выбараў, без збіцця мірных дэманстрацыяў і зняволення актывістаў апазіцыі, Лукашэнка парушыў. Гэта азначала не толькі неэфектыўнасць еўрапейскай стратэгіі ўцягвання ў кароткатэрміновай перспектыве, але яшчэ і крах персанальнай дыпламатыі Сікорскага, Вестэрвэле і іншых палітыкаў, якія ўклалі свой палітычны капітал і ахвяравалі сваім іміджам, дамаўляючыся з беларускім прэзідэнтам. Адсюль і вельмі эмацыйная і злосная рэакцыя гэтых перамоўшчыкаў, якая ў прыватнасці выразілася ў артыкуле “The New York Times” пад загалоўкам “Lukashenko the Loser”, а пазней – у актыўным лабіраванні санкцыяў супраць Беларусі.

 

Самая жорсткая рэзалюцыя?

 

Інфармацыйная вайна на еўрапейскім тэатры беларускімі ўладамі была адразу ж прайграна як толькі ў бітву ўступілі незалежныя журналісты, блогеры і лідэры апазіцыі. У сярэдзіне студзеня адбыліся паездкі прадстаўнікоў апазіцыі, праваабаронцаў і сваякоў затрыманых па еўрапейскіх сталіцах і сустрэчы на высокім узроўні з еўрапейскімі палітыкамі і чыноўнікамі ЕС. Гэтыя сустрэчы разам са слуханнямі па Беларусі, арганізаванымі ў партыйных групах, і пазачарговым пасяджэннем у Еўрапарлеменце 12 студзеня [1] прадвызначылі беспрэцэдэнтна жорсткія прапановы па рэзалюцыі ад палітычных груп Еўрапарламента.

 

Напрыклад, фракцыя Еўрапейскай народнай партыі запрапанавала замарозіць усю макрафінансавую дапамогу, прыпыніць удзел Беларусі ва Ўсходнім Партнѐрстве, абмежаваць кантакты з беларускімі ўладамі да абсалютнага мінімуму і нават замарозіць рахункі “Белтэхэкспарту” і іншых фірмаў, якія займаюцца экспартам узбраенняў. Фракцыя лібералаў у сваіх прапановах да рэзалюцыі адзначыла, што “збліжэнне з Беларуссю пацярпела паразу”, прапанавала разглядзець увядзенне мэтавых кропкавых санкцыяў супраць дзяржаўных прадпрыемстваў да вызвалення палітычных зняволеных, а таксама стварыць Пан-Еўрапейскі Беларускі Форум, які б дзейнічаў як структура па прасоўванні дэмакратычных рэформаў у Беларусі.

 

Еўрапейскія сацыялісты таксама прапанавалі замарозіць усе кантакты з беларускім урадам, але ўстрымацца ад эканамічных санкцыяў.

 

Агульным месцам прапановаў па рэзалюцыі ад палітычных групаў была ізаляцыя беларускага ўраду (зніжэнне ўзроўню кантактаў да абсалютнага мінімуму) і прыпыненне фінансавай дапамогі. Таксама ўстанаўлівалася вельмі дакладная і недвухсэнсоўная ўмова зняцця санкцыяў – вызваленне палітычных вязняў. Гаворачы іншымі словамі, контрмеры прапаноўвалася ўвесці не ў адказ на парушэнні выбарчага працэсу, і не за брутальны разгон мірнай дэманстрацыі і збіццё яе ўдзельнікаў, а выключна за зняволенне кандыдатаў у прэзідэнты і апазіцыйных актывістаў.

 

Аднак пасля кансультацыяў з экспертамі і агульных дэбатаў дэпутаты Еўрапарламента скарэктавалі сваю пазіцыю і прынялі рэзалюцыю, якая істотна адрознівалася ад прапановаў парламенцкіх фракцыяў. У рэзалюцыю ўвайшлі наступныя прапановы па контрмерах:

 

  •  пераглядзець палітыку ЕС што да Беларусі ўключаючы разгляд кропкавых (мэтавых) эканамічных санкцыяў і замарожванне ўсѐй макрафінасавай дапамогі праз пазыкі МВФ і праграмы ЕІБ і ЕБРР;
  •  неадкладна ўвесці візавыя абмежаванні для беларускіх вышэйшых чыноўнікаў, пашырыўшы яе на дзяржаўных службоўцаў, суддзяў, супрацоўнікаў службаў бяспекі (…) і замарозіць іх рахункі;
  •  разглядзець магчымасць прыпынення ўдзелу Беларусі ў дзейнасці Ўсходняга Партнѐрства не пазней за Саміт УП у Будапешце калі не будзе мецца прымальнага тлумачэння і значнага паляпшэння сітуацыі ў Беларусі. Гэтая мера не датычыць НДА і грамадзянскай супольнасці;
  •  Выказвае сваѐ меркаванне пра тое, што спартовыя мерапрыемствы такія як Чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 не павінен адбывацца ў Беларусі калі ў краіне будуць мецца палітычныя зняволеныя.

 

З прыведзенага вынікае, што істотна змякчыліся фармулёўкі (гл. вылучанае тлустым шрыфтам) адносна прыпынення ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім Партнѐрстве, ўвядзення кропкавых эканамічных санкцыяў і прыпынення макрафінансавай дапамогі і байкоту спартовых мерапрыемстваў (прапаноўвалася толькі разглядзець гэтыя магчымасці). Акрамя таго, ў канчатковай версіі дакумента зніклі параграфы адносна забароны на кантакты з вышэйшымі дзяржаўнымі службоўцамі, замарожвання Сумеснага часовага плану, санкцыяў супраць “Белтэхэкспарту”, але засталося патрабаванне неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітычных вязняў, пасля чаго персанальныя санкцыі будуць знятыя. А гэта апошняе азначае, што Еўрапарламент сам падштурхоўвае да гандлю палітзняволенымі, калі прадстаўляе іх у якасці галоўнай і адзінай умовы.

 

Разам з тым, як і меркавалася, Еўрапарламент заклікаў павялічыць палітычную і фінансавую дапамогу няўрадавым арганізацыя, СМІ, Еўрапейскаму гуманітарнаму універсітэту і рэпрэсаваным студэнтам, і прыспешыць пачатак перамоваў па спрашчэнні працэдураў атрымання Шэнгенскіх візаў і зніжэнні іх коштаў.

 

У якасці агульных высноваў варта адзначаць, што рэзалюцыя Еўрапарламента, з’яўляючыся жорсткай паводле рыторыкі, не прадугледжвае сур’ѐзных контрмераў, якія б маглі прывесці да хуткай карэктыроўкі палітычнага курса афіцыйнага Мінска і спыніць рэпрэсіўныя практыкі; магчымасці беларускай апазіцыі па лобінгу ў Еўрапейскім парламенце даволі высокія, але толькі на пачатковым этапе фармавання праектаў дакументаў (праз прадстаўленне першаснай інфармацыі), калі ж у працэс уступаюць эксперты і нацыянальныя ўрады, ўплыў апазіцыйных палітыкаў нівелюецца. У гэтым плане цікавым рудыментам беларускага ўплыву ў зацверджаным тэксце рэзалюцыі ЕС з’яўляецца заклік да Камісіі “прафінансаваць перадрук і распаўсюд кніг вершаў Уладзіміра Някляева, якія нядаўна былі канфіскаваныя і спаленыя беларускімі ўладамі«.

 

Беларускі МЗС устрымаўся ад негатыўнай рэакцыі на гэтую рэзалюцыю, з аднаго боку таму што прадугледжаныя ѐю контрмеры не неслі істотнай пагрозы эканоміцы краіны, а з іншага – афіцыйны Мінск разумеў, што сапраўды важным будзе рашэнне Рады ЕС, а не рэкамендацыі Еўрапарламента, якія носяць рэкамендацыйны характар у абсягу знешняй палітыкі ЕС. І каб прадэманстраваць маргінальнасць рэзалюцыяў Еўрапарламенту, МЗС нават не зрабіў адмысловай заявы, а аформіў сваю рэакцыю ў выглядзе адказу прэсавага сакратара Андрэя Савіных на пытанне журналіста, дзе Савіных робіць адсылку да адпаведнай заявы Нацыянальнага Сходу, якая мусіць быць прынятае бліжэйшым часам. Насупраць, заява МЗС у адказ на рашэнне Рады ЕС – гэта змястоўны дакумент, які тлумачыць Еўрасаюзу бесперспектыўнасць ціску на Беларусь і адначасова пацвярджае зацікаўленасць Беларусі ва “ўмацаванні партнѐрскіх адносінаў з Еўрапейскім саюзам”.

 

Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, знаходзячыся з візітам у Брусэлі напярэдадні прыняцця рэзалюцыі Еўрапарламента адзначыў, што Беларусь застаецца зацікаўленай у добрых стасунках з ЕС і што было б глупствам разбурыць тое, што стваралася такімі цяжкімі высілкамі. Факт яго сустрэчы з Высокім прадстаўніком ЕС Кэтрын Эштан з’яўляецца сігналам таго, што ЕС не збіраецца ізаляваць Беларусь і пакідае магчымасць выправіць сітуацыю, якая склалася. У той час як выпады А. Лукашэнкі супраць Польшчы і Нямеччыны (што супярэчаць ранейшым абвінавачанням Расіі ў падтрымцы кампаніі “Гавары праўду”), відаць, варта трактаваць як звядзенне персанальных рахункаў з Радославам Сікорскім і Гіда Вестэрвэле – аўтарамі выключна жорсткага артыкула ў “The New York Times”, пра які згадвалася вышэй.

 

Аб’ектыўна, беларускае кіраўніцтва было і застаецца не зацікаўленым у канфрантацыі з Еўрапейскім Саюзам, паколькі яно не толькі пазбаўляе Беларусь заходніх крыніцаў фінансавання, але і стварае небяспечны дысбаланс у адносінах з Расіяй. Цяпер, пазбаўлены заходняга знешнепалітычнага вектару, беларускі ўрад вымушаны выконваць любыя патрабаванні, якія б ні выставіў Крэмль. Такая сітуацыя ня можа працягвацца доўгі час, таму Мінск зацікаўлены як мага хутчэй вярнуцца да status quo ante і працягваць нармалізацыю адносінаў з Брусэлем. Аднак унутрыпалітычная кан’юнктура не дазваляе ў кароткі прамежак часу вызваліць усіх палітзняволеных і спыніць рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў, паколькі такія дзеянні будуць успрынятыя як слабасць ўлады і прывядуць да страты свару ў вачах уласнай кіроўнай эліты і кіраўніцтва суседніх дзяржаваў. Таму гэты працэс, найбольш імаверна, будзе расцягнуты па часе і можа быць завершаны толькі бліжэй да канца года.

 

Рада ЕС – рэалістычны адказ

 

31 студзеня Рада міністраў замежных справаў ЕС прыняла рашэнне па сітуацыі ў Беларусі. Яно было яшчэ больш мяккім, чым ухваленая Еўрапарламентам рэзалюцыя. Паводле гэтага рашэння адзінай контрмерай у адказ на паслявыбарчыя падзеі ў Мінску стала аднаўленне візавых абмежаванняў для беларускіх чыноўнікаў і пашырэнне іх спісу да 158 асобаў. У спіс неўязных не быў уключаны міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, за якім рэзервавалася роля перамоўшчыка. Паводле рашэння, Беларусь застаецца ва Ўсходнім Партнѐрстве, і нават падкрэсліваецца, што ЕС зацікаўлены ў паглыбленні двухбаковых адносінаў. Узровень кантактаў з беларускімі ўрадоўцамі не паніжаецца. Фінансавая дапамога афіцыйна не прыпыняецца, хаця гэты пункт быў найбольш верагодны з усіх контрмераў (апрача забароны на ўезд).

 

Разам з тым, змяніліся ўмовы адмены санкцыяў – раней гэта было толькі вызваленне апазіцыянераў, зараз акрамя гэтага яшчэ дадаліся не зусім выразныя і зразумелыя ўмовы, датычныя рэформы выбарчага кодэксу, свабоды слова і медыяў, сходаў і асацыяцыяў. Іншымі словамі, нацыянальныя ўрады краін-сябраў ЕС палічылі неабходным паспрабаваць супрацьдзейнічаць гандлю палітзняволенымі і вярнуцца да ранейшых абумоўленасцяў.

 

Чаму такая напачатку рэзкая рэакцыя ЕС (першыя пасля выбараў заявы афіцыйных асобаў ЕС і краінаў-сябраў, дэбаты і рэзалюцыя Еўрапарламента) змянілася такім мяккім рашэннем у адносінах Беларусі?

 

1. Адсутнасць адзінства пазіцыяў што да Беларусі сярод краінаў-сябраў ЕС, адна частка з якіх выступала за жорсткія санкцыі супраць беларускага рэжыму (Польшча, Нямеччына, Швецыя), другая – супраць любых санкцыяў (Італія, Партугалія), іншая – займала нейтральную пазіцыю. Паколькі рашэнне на пасяджэннях Рады ЕС прымаецца кансенсусам, то быў абраны кампрамісны варыянт, які апынуўся вельмі памяркоўным.

 

2. На сѐння ў Еўрасаюза ѐсць толькі два падыходы ў адносінах да Беларусі – гэта ізаляцыя і ўцягванне. Першы падыход з усѐй яскравасцю прадэманстраваў сваю неэфектыўнасць. Палітыка ўцягвання на дадзеным этапе таксама не прынесла жаданых вынікаў, але яе эфектыўнасць правяраецца ў доўгатэрміновай перспектыве, і таму пра канчатковы правал гаварыць зарана. З гэтага вынікае, што ЕС нічога не застаецца, як працягваць спрабаваць наладжваць супрацу з урадам. Разам з тым, падыход уцягвання патрабуе выкарыстання спецыфічнага інструментарыя, пра які мы ўжо шмат пісалі раней. Асноўным элементам яго з’яўляецца паслядоўнасць патрабаванняў і празрыстасць і зразумеласць правілаў.

 

3. Беларусь застаецца важнай для Еўрапейскага Саюза. Як з гледзішча яе геаграфічнага становішча і забеспячэння бесперабойнага транзіту, гэтак і з геапалітычных разлікаў і пабудовы “пояса добрасуседства” з лаяльных да ЕС дзяржаваў. Апошняе прадугледжвае захаванне незалежнасці Беларусі і супрацьдзеянне пашырэнню ўплыву Расіі на гэтай тэрыторыі. Таму спробы Лукашэнкі апеляваць да інтэграцыі з Расіяй ва ўмовах ізаляцыі з заходняга боку адразу знаходзяць водгук у Брусэлі і Вашынгтоне.

 

4. Важным чыннікам застаюцца дзелавыя, эканамічныя (і нават асабістыя) сувязі Беларусі з некаторымі краінамі ЕС, якія аказваюцца важнейшымі за неабходнасць пабудовы дэмакратыі і рынкавай эканомікі.

 

5. У многіх еўрапейскіх сталіцах існуе таксама разуменне неабходнасці прапарцыйных контрмераў супраць беларускага ўрада, які хаця і парушае правы ўласных грамадзян, але не ўяўляе сабой пагрозы суседнім краінам [2] і міжнароднай супольнасці. Рада Еўрасаюза таксама паспрабавала ўнікнуць абвінавачанняў у падвойных стандартах: калі да Беларусі ЕС ужывае дыскрымінацыйныя меры, то чаму ѐн так лагодна ставіцца да азербайджанскага і узбекскага лідэраў?

 

Чаго чакаць у адносінах?

 

Ёсць шмат падставаў меркаваць, што цяперашні цыкл канфрантацыі-нармалізацыі ў беларуска-еўрапейскіх адносінах будзе нашмат карацейшы за папярэдні. З нейкіх прычынаў беларускае кіраўніцтва падчас выбараў паставіла сябе ў вельмі невыгоднае знешнепалітычнае становішча, з якога трэба хутка выходзіць, але пры гэтым захаваць твар і ўтрымаць пад кантролем унутрыпалітычную сітуацыю. Таму афіцыйны Мінск будзе шукаць фармальных і нефармальных кантактаў з прадстаўнікамі ЕС з тым каб як мага хутчэй вярнуцца да папярэдняга ўзроўню стасункаў.

 

Са свайго боку Еўрапейскі саюз таксама зацікаўлены ў паляпшэнні адносінаў і працягванні палітыкі ўцягвання Беларусі ў агульнаеўрапейскія працэсы. Ён таксама будзе рабіць крокі па наладжванні каналаў камунікацыі з беларускім урадам.

 

Гэта працэс можа скончыцца да восені 2011 года, калі Беларусь імаверна ўвойдзе ў чарговы крызіс адносінаў з Расіяй і адначасова распачне падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў 2012 годзе.

 

Ёсць аднак два розныя па сваѐй уплывовасці, але зацікаўленыя гульца, якія могуць перашкаджаць працэсу збліжэння – Расія і палітычная апазіцыя ў Беларусі. Але гэта прадмет асобнага аналізу.

 

Галоўныя высновы

 

Па-першае, першасная рэакцыя ЕС на падзеі ў Беларусі была выклікана ірацыянальнасцю дзеянняў беларускіх уладаў і кантрастам чаканняў Брусэлю і паводзінаў Мінску на фоне адсутнасці аб’ектыўнай інфармацыі з Беларусі і прымальнага тлумачэння прычынаў сілавога варыянту разгортвання падзеяў. У далейшым, па меры суцішэння эмоцыяў і аналізу сітуацыі ЕС змякчаў сваю пазіцыю што да Беларусі.

 

Па-другое, нягледзячы на парушэнне беларускім прэзідэнтаў дамоўленасцяў з еўрапейскімі контрагентамі і хвалю рэпрэсіяў унутры Беларусі, Еўрапейскі саюз застаецца ў рэчышчы “палітыкі ўцягвання” і пакідае беларускаму кіраўніцтву магчымасць паступовага вяртання да ранейшай схемы нармалізацыі адносінаў. На дадзеным этапе страты ад ізаляцыі Беларусі для Еўрасаюза большыя, чым магчымыя іміджавыя, геапалітычныя і іншыя набыткі ад уцягвання Беларусі ў еўрапейскую інтэграцыю і паступовай трансфармацыі беларускага грамадства.

 

Па-трэцяе, роля нацыянальных урадаў краінаў-сябраў ЕС пры прыняцці знашнепалітычных рашэнняў застаецца вырашальнай, незалежна ад далейшага паглыблення інтэграцыі пасля прыняцця Лісабонскай дамовы. Наднацыянальныя органы ЕС пакуль маюць нязначны ўплыў на фармаванне знешняй палітыкі Саюза. Адсюль – важнасць двухбаковай дыпламатыі а таксама эканамічных і геапалітычных чыннікаў пры фармаванні замежнапалітычнага парадку дня Брусэля.

 

Па-чацвѐртае, патэнцыял лабіравання беларускай апазіцыі застаецца значным на ўзроўні міжнародных арганізацыяў і наднацыянальных органаў ЕС (Еўрапарламент праз палітычныя фракцыі), але партыйная апазіцыя ня здольная праводзіць паслядоўную працу па лабіраванні сваіх інтарэсаў на ўзроўні нацыянальных урадаў краінаў-сябраў ЕС. Гэта яскрава прасочваецца пры аналізе этапаў прыняцця Еўрасаюзам рашэнняў па Беларусі.

 

Па-пятае, абодва бакі – і ЕС, і беларускі ўрад – зацікаўленыя ў хутчэйшым аднаўленні адносінаў і працягу працэсу нармалізацыі. Таму можна спрагназаваць паскарэнне крызіснага цыклу ў беларуска-еўрапейскіх адносінах і вяртанне да нармалізацыі адносінаў да канца бягучага года.

 


 

1. Маецца на ўвазе пазачарговае пасяджэнне камітэта Еўрапарламента па замежных справах у супрацоўніцтве з падкамітэтам па правах чалавека, дэлегацыяй па адносінах з Беларуссю і дэлегацыяй Еўрапарламента ў Парламенцкую Асамблею «Еўранэст». На пасяджэнні абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі пасля выбараў 19 снежня 2010 г.

 

2. Строга кажучы, ЕС не можа ўвесці паўнавартасныя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі не з-за адсутнасці палітычнай волі, а з-за таго, што для гэтага няма легальных падстаў: санкцыі міжнароднай арганізацыяй накладаюцца толькі ў тым выпадку, калі краіна парушае міжнароднае права. А гэтага ў выпадку Беларусі не было.

 

belinstitute.eu