Праца Аляксея Пікуліка «… And now, the end is near? Сцэнарыі для Беларусі» напісаная і апублікаваная да серыі маскоўскіх інтэграцыйных самітаў, пасля якіх палітыкі і палітычныя аналітыкі прыйшлі да высновы, што вынік выбараў вядомы загадзя, а наступнае развіццё сітуацыі пазбаўленае інтрыгі.

Праца Аляксея Пікуліка «… And now, the end is near? Сцэнарыі для Беларусі» напісаная і апублікаваная да серыі маскоўскіх інтэграцыйных самітаў, пасля якіх палітыкі і палітычныя аналітыкі прыйшлі да высновы, што вынік выбараў вядомы загадзя, а наступнае развіццё сітуацыі пазбаўленае інтрыгі. Гэта некалькі зніжае каштоўнасць прыведзеных А. Пікулікам разлікаў і довадаў. З іншага боку, магчыма, менавіта расчараванне, звязанае з нібыта ўжо насталай «пэўнасцю» вынікаў выбарчага сезону, служаць добрым матывам прыгледзецца да выкладзенага ў працы матэрыялу ўважлівей.

А. Пікулік, раскрываючы інтарэсы Расеі ў Беларусі, адзначае: «Расея хацела б, каб Беларусь стала лаяльнай дзяржавай, якая будзе з энтузіязмам удзельнічаць у інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы, з прадказальнай і кіруемай уладай, паважлівымі, але прахалоднымі адносінамі з ЕС, мінімальным узроўнем дэмакратыі , законнасці і рынкавай эканомікай. Апошні кампанент гэтага «рэцэпту» зніжае верагоднасць таго, што Расеі па-ранейшаму давядзецца субсідаваць нерэфармаваную эканоміку «братэрскай краіны» і дае надзею на экспансію капіталу. «Законнасць», дакладней, хоць бы наяўнасць незалежнага эканамічнага суда, будзе гарантаваць захаванасць капіталу. А мінімальны ўзровень дэмакратыі дадасць рычагі ўплыву на ўнутраную палітыку праз палітычныя партыі. Нарэшце, «прахалодныя адносіны з Захадам» з’яўляліся б гарантыяй таго, што Беларусь застанецца ў зоне расейскага ўплыву, бо ёй няма куды сыходзіць».

Прызнанне Расеяй непазбежна блізкіх вынікаў беларускіх выбараў, якое большасць назіральнікаў ўбачылі ў поціску рук Мядзведзева і Лукашэнкі ў Маскве, зусім не адмяняе той шматкроць прайграванай акалічнасці, што пры Лукашэнку інтарэсы Расеі, якія найперш ўсё датычацца гарантыяў капіталаўкладанняў, абароненыя неяк ня вельмі моцна. Цяперашняя Беларусь застаецца дзяржавай, інвестыцыі ў якую амаль бессэнсоўныя, а доўгатэрміновыя планы, у тым ліку і па абароне транзітных шляхоў руху расейскіх тавараў, нафты і газу, — даволі рызыкоўныя. Таму чатыры сцэнары развіцця палітычнай сітуацыі ў Беларусі, акрэсленыя ў працы Пікуліка, застаюцца актуальнымі.

Сцэнары выстройваюцца ў залежнасці ад камбінацыі наступных фактараў: а) прызнанне / непрызнанне Расеяй вынікаў беларускіх выбараў; б) прызнанне / непрызнанне ЕС легітымнасці чацвёртага тэрміну Лукашэнкі; в) арганізацыя / адсутнасць Плошчы колькасцю ня менш за 50 тыс. чалавек; г) раскол / кансалідацыя наменклатуры .

1. Гарманічны пактны пераход. Апазіцыя выводзіць 50000 чалавек на плошчу, і пратэсты працягваюцца хоць бы некалькі сутак. За гэты час Расея прымае рашэнне аб непрызнанні выбараў ( незалежна ад рашэння ЕС), і тым самым стварае крызіс легітымнасці Лукашэнкі, і для таго, каб падаць відавочны сігнал наменклатуры, абірае арганізатараў плошчы партнёрамі для далейшай гульні. Гульня зацягнецца на адзін-два месяцы, ЕС адважыцца на непрызнанне, і адвернецца ад Лукашэнкі. Найбольшыя шанцы стаць партнёрам Расеі атрымаюць тая сіла, а) чыя праграма найбольшым чынам адпавядае чаканням Расеі і б) якая з’яўляецца суарганізатарам плошчы. Гэтая сіла атрымлівае медыйную, фінансавую і адміністрацыйную падтрымку Крамля (натуральна, латэнтную), бо менавіта яе ўзначаліць новы прэтэндэнт з ліку наменклатуры. Пасля гэтага кандыдатура новага прэзідэнта-тэхнакрата выбіраецца з ліку ўладнай эліты, і Лукашэнку навязьліва прапаноўваецца «перадаць» уладу, прызначыўшы датэрміновыя выбары, і сыйсці пад гарантыі недатыкальнасці. У кантэксце эканамічнай блакады і крызісу Лукашэнка на гэта ідзе. У выніку частка апазіцыі трапляе ва ўладу ў новым альянсе з «раскольнікамі» ад старой наменклатуры.

2. Пераемнік. Дадзены сцэнар адрозніваецца ад папярэдняга тым, што ў ім раскол элітаў адбываецца ў выніку ізаляцыі рэжыму з боку Расеі, без удзелу Плошчы. У гэтым выпадку, Лукашэнка імгненна пачынае «паляванне на ведзьмаў», прадбачачы раскол элітаў, але раскол элітаў ўсё ж адбываецца, і, заручыўшыся падтрымкай Расеі, новы лідэр наменклатуры прымушае Лукашэнку перадаць яму ўладу пад гарантыі недатыкальнасці. Па сутнасці трансфармацыя рэжыму адбываецца без удзелу апазіцыі і без удзелу ЕС. Гэты варыянт стане найбольш дарагім для Расеі, бо Мядзведзеў будзе абвінавачаны ў прамым ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі.

3. Узмацненне жорсткасці рэжыму альбо «грузінізацыя». Міжнародная ізаляцыя рэдка прыводзіла да падзення дыктатарскіх рэжымаў (Куба, Паўночная Карэя), і ў выпадку непрызнання выбараў у Лукашэнкі ёсць значны рэсурс для павышэння градуса рэпрэсій, які дазваляе яму кіраваць яшчэ даволі доўга. Беларусь ператвараецца ў жорсткую дыктатуру. Краіна ўваходзіць у эканамічны крызіс, аднак і гэта не вядзе да імгненнага крушэння рэжыму, бо крызіс здольны разбурыць аўтарытарныя рэжымы толькі ў доўгай перспектыве, у кароткай ён іх толькі ўзмацняе. Акрамя таго, замест усеахопнага «ўзмацнення жорсткасці» накшталт Кубы, Лукашэнка можа пайсці на мадэрнізацыю дзяржавы і эканомікі, захоўваючы жорсткі палітычны кантроль, і прэтэндуючы на поспехі Міхаіла Саакашвілі.

4. Захаванне «статус-кво». Прызнанне выбараў усімі знешнімі гульцамі, г.зн. «доўгі сцэнар» адхілення Лукашэнкі ад улады праз працяг расейскага ціску, падтрымку Федэрацыяй партнёрскай сілы ў Беларусі і гульню на наступных парламенцкіх выбарах.

Як бачым, любы з чатырох верагодных сцэнараў не прадугледжвае хуткай перамогі апазіцыі — нават у выпадку поспеху Плошчы, перамога можа дастацца толькі «пераемніку» з ліку наменклатуры. Зыходзячы з гэтай пасылкі, Пікулік робіць наступныя рэкамендацыі апазыцыі на той выпадак, калі яна ўсё яшчэ хоча прыйсці да ўлады:

1. Спыніць сілкаваць ілюзіі наконт свайго ўласнай бясхмарнай палітычнай будучыні і ўсім разам пачаць працаваць на сцэнар змены ўлады. Перастаць хлусіць самім сабе: Лукашэнку нельга перамагчы ні харызмай, ні ідэямі да тых часоў, пакуль менавіта Лукашэнка «плаціць» заробак. Але Лукашэнку можна прымусіць падзяліцца уладай. Што трэба для гэтага? Зняцца на карысць кандыдата з найбольшымі рэсурсамі, і самай уцямнай для Расеі праграмай. На дадзены момант гэта Някляеў. Апазіцыі варта зразумець і сваё гістарычнае прызначэнне «прыняць пас і перадаць пас». Бо гол забіць яна не зможа.

2. Працаваць над тым, каб пераканаць Еўропу не прызнаваць вынікі гэтых выбараў, і дараваць ёй здраду.

3. Рыхтавацца да вываду людзей на плошчу, успрымаючы гэта як «хроніку абвешчанай смерці». У Беларусі Майдан не атрымаецца, не тыя ўмовы. Патрэбны добры піяр Плошчы, а Плошча патрэбная як падстава для Расеі ўмяшацца ў гульню.

Важна адзначыць, што ўсе згаданыя сцэнары таксама скептычна ацэньваюць перспектывы захавання ўладных паўнамоцтваў Лукашэнкі на доўгі тэрмін. З гэтай пасылкі выцякаюць рэкамендацыі для Лукашэнкі:

1. Рыхтавацца да страты прэзідэнцкага крэсла ў бліжэйшыя год-два.

2. Рабіць выбары сумленнымі і свабоднымі, не варта «прыпісваць» лішніх адсоткаў, гэта неапраўданая рызыка. Лукашэнка ў стане перамагчы з 60% галасоў без падтасоўкі, дамалёўваць 15-20% у бягучай сітуацыі папросту небяспечна.

3. Падумаць аб крытычным павелічэнні паўнамоцтваў парламента. Відавочна, што Лукашэнка ніколі не сыдзе з палітыкі, аднак для гэтага не абавязкова заставацца прэзідэнтам.

4. Ствараць партыю Белая Русь, і санкцыянаваць стварэнне прарасейскай і праеўрапейскіх палітычных партый.

5. Згаджацца на пераемніка-тэхнакрата і станавіцца прэм’ер-міністрам на наступны тэрмін — тэрмін крызісу, і спрабаваць трыумфальна вяртацца ў крэсла прэзідэнта праз 5 гадоў.

Аптымізм А. Пікуліка ў некаторым дачыненні супадае з песімізмам А. Лукашэнкі, які заявіў на прэс-канферэнцыі ў Маскве, што палітычныя перамены ў Беларусі непазбежныя. Аднак, падобна, апазіцыя як ніколі мала верыць у іх верагоднасць, выключаючы сябе тым самым з палітычнага працэсу.

 

Агенцтва палітычнай экспертызы BISS, nmnby.eu