“Расейская мафія” распаўсюдзілася па Еўропе і нарошчвае сьферы ўплыву, – вынікае з амерыканскай дыпперапіскі, апублікаванай сайтам WikiLeaks. Злачынцы сталі такім жа аб’ектам экспарту з Расеі, як газ і нафта, – піша французская Le Monde.

 

У лік аблюбаваных расейскімі мафіёзі месцаў уваходзіць Гішпанія. Каталонскае ўзьбярэжжа першапачаткова было абранае як месца адпачынку, але затым злачынцы ацанілі мяккасьць мясцовага заканадаўства і вырашылі, што менавіта там зручней за ўсё праводзіць незаконныя транснацыянальныя аперацыі.

Гішпанскія ўлады правялі ўжо дзьве маштабныя аперацыі супраць “расейскай мафіі” ў краіне і арыштавалі больш за 60 падазраваных, у тым ліку чатырох з 8-10 мафійных верхаводаў, якія дзейнічаюць за межамі Расеі, – паведамляе газета са спасылкай на тэлеграму амерыканскай амбасады.

Нягледзячы на ўступленьне ў ЕС, трывалыя сувязі “расейскай мафіі” застаюцца ў Баўгарыі. У справаздачы амерыканскай амбасады ў Сафіі ад ліпеня 2005 года гаворыцца, што асноўны рычаг ўплыву на балгарскую эканоміку для Расеі – гэта імпарт энэргарэсурсаў, уключна з нафтай, прыродным газам і ядзерным палівам. Так, амерыканская амбасада зьвяртае ўвагу, што дзякуючы гэтаму буйна́я расейская нафтавая кампанія “падтрымлівае шчыльныя сувязі з расейскімі сьпецслужбамі й арганізаванай злачыннасьцю”.

Таксама дыпламаты згадваюць Міхаіла Чорнага, высланага з Баўгарыі за датычнасьць да злачынных дзеяньняў, які аднак захаваў кантроль над шматлікімі кампаніямі праз давераную асобу – Тодара Баткова. У верасьні 2009 года амбасада зноў піша справаздачу аб Тодары Баткове, у якой гаворыцца аб яго “трывалых палітычных сувязях” і дабрачыннай дзейнасьці.

Акрамя таго, згадваецца ў дыпперапісцы і сувязь Расеі з украінскімі злачынцамі. Так, амбасада ЗША ў Маскве згадвае, што “дзеяч арганізаванай злачыннасьці” Сямён Магілевіч, датычны да непразрыстай сьхемы продажу газу Ўкраіне і арыштаваны ў студзені 2008 года, карыстаецца свабодай перамяшчэньня па Расеі і афіцыйнай абаронай.

Выступаючы 13 студзеня 2010 года на пасяджэньні амерыкана-гішпанскай рабочай групы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, пракурор Хасэ Грында Ганзалес, які кіраваў аперацыяй “Аса”, адкрыта заявіў, што лічыць Беларусь, Чачню і Расею амаль “мафіёзнымі дзяржавамі”. Ён дадаў, што “Украіна таксама стане такой”. Там нельга адрозьніць афіцыйную ўладу ад злачынцаў. Па яго словах, арыштаваны ў рамках аперацыі “Тройка” Генадзь Пятроў падтрымлівае “небясьпечна шчыльныя” кантакты з высокапастаўленымі прадстаўнікамі расейскай улады.

Гансалес падкрэсьлівае таксама, што “расейская мафія” кантралюе некаторыя стратэгічныя вобласьці, таму вельмі важна рассьледаваць падобную дзейнасьць. Акрамя таго, яго таксама хвалюе “нявырашанае пытаньне” аб “ступені датычнасьці прэм’ер-міністра Ўладзіміра Пуціна да дзейнасьці расейскай мафіі й аб тым, у якой меры ён кантралюе дзеяньні мафіі”.

nashaziamlia.org паводле criminalnaya.ru