Узаемны давер — гэта і ёсць тая самая грамадзянская салідарнасць, на масавую праяву якой спадзяюцца стратэгі ініцыятыўных груп супернікаў Лукашэнкі.

Да аб’яўлення вынікаў выбараў прэзідэнта Беларусі застаюцца лічаныя месяцы. Менавіта ў гэты час палітыкі, кансультанты і журналісты выяўляюць падвышаную цікавасць да электаральных рэйтынгаў удзельнікаў выбарчай кампаніі. Найбольшы ажыятаж назіраецца вакол пытання пра тое, хто з палітыкаў карыстаецца ў грамадзян найбольшым даверам.

Пры гэтым у цені застаецца не менш важны сацыяльны паказчык — узаемны давер грамадзян. Вынікі свежага сацыялагічнага апытання НІСЭПД даюць падставу больш цвяроза ацаніць стратэгіі ўдзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі 2010 года і развеяць аптымізм некаторых палітыкаў з нагоды магчымых вулічных пратэстаў пасля 19 снежня.

Закладнікі рэйтынгу

Асаблівая ўвага да адсоткаў «за» і «супраць» асобных прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду цалкам зразумелая. Так, дзейнаму прэзідэнту А. Лукашэнку трэба ўтрымаць марку і паказаць, што ён ідзе на чацвёрты тэрмін у добрай палітычнай форме. Таму сацыёлагі з Адміністрацыі прэзідэнта ў выніках сваіх апытанняў стабільна гарантуюць Лукашэнку каля 80% народнай падтрымкі. Апусціцца ніжэй за 70% беларускаму прэзідэнту не даюць ужо шмат гадоў запар.

У сваю чаргу, палітычныя апаненты Лукашэнкі таксама не могуць ігнараваць перадвыбарную статыстыку — нават нягледзячы на тое, што па выніках вераснёўскага апытання НІСЭПД сярод удзельнікаў перадвыбарнай гонкі толькі рэйтынг У. Някляева выйшаў за межы статыстычнай хібнасці і дасягнуў 5.1%.

 

Пры гэтым сам У. Някляеў абапіраецца на сацыялагічныя апытанні, праведзеныя яго кампаніяй «Гавары праўду», і ўпэўнены, што рэальны рэйтынг Лукашэнкі складае каля 33%. Такі расклад азначаў бы, што ў суперніка нязменнага беларускага прэзідэнта ёсць шанец на другі тур галасавання.

Якімі б аптымістычнымі ні былі расклады сацыёлагаў, авангард апазіцыйных прэтэндэнтаў (Я. Раманчук, А. Саннікаў, Р. Кастусёў) сыходзіцца ў думцы, што беларускія выбары праходзяць недэмакратычна, чакае ад дзяржавы фальсіфікацый, і рыхтуецца да таго, што вынікі выбараў давядзецца адстойваць у вулічных пратэстах. Пазіцыя усё таго ж В. Някляева з нагоды «Плошчы» найбольш абцякальная, але і ён нядаўна ўсе ж заявіў, што ў дзень выбараў 19 снежня беларусам «трэба быць разам».

Надзея на ўсплёск салідарнасці

Адкуль бярэцца упэўненасць у тым, што беларусы выйдуць на плошчу? Рэйтынг палітыка — ці то 5% аднаго з прэтэндэнтаў, або 25% прывіднага адзінага кандыдата — зусім не азначае, што яго прыхільнікі гатовыя адстойваць свой выбар мірным ці нават сілавым шляхам. Робячы стаўку на электаральны рэйтынг, нярэдка забываюць аб адным, не менш важным вымярэнні палітычнай падтрымкі — аб даверы грамадзян адзін да аднаго.

Узаемны давер — гэта і ёсць тая самая грамадзянская салідарнасць, на масавую праяву якой спадзяюцца стратэгі ініцыятыўных груп супернікаў Лукашэнкі. Як адзначаюць эксперты НІСЭПД, са ўзаемным даверам у беларусаў назіраюцца сур’ёзныя праблемы.

У ходзе даследавання рэспандэнтам было зададзенае даволі бяскрыўднае пытанне «Ці можна давяраць большасці людзей альбо трэба быць вельмі асцярожным у адносінах з людзьмі?» Адказы размеркаваліся так,%:

 

Характарыстыка Так

(23.6)

Не 

(72.2)

Пол:
Мужчынскі 19.6 76.1
Жаночы 27.1 68.7
Узрост:
18-29 гадоў 17.6 78.1
30-39 гадоў 14.9 80.2
40-49 гадоў 18.4 77.6
50-59 гадоў 27.1 67.8
60 гадоў і старэй 38.8 58.3
Адукацыя:
Пачатковая 43.8 56.3
Няпоўная сярэдняя 33.9 61.4
Сярэдняя агульная 23.4 72.9
Сярэдняя спецыяльная 19.0 75.5
Вышэйшая 19.3 77.6
Давер прэзідэнту:
Давяраюць 34.2 60.9
Не ддавяраюць 10.6 86.3

Здавалася б, такое пытанне не мае ніякага дачынення да перадвыбарчай кампаніі, якая ідзе ў краіне. Але адказы на яго даюць важкія падставы для сумненняў у тым, што «Плошча-2010» адбудзецца.

Самая істотная выснова ўтрымліваецца ўжо ў першым радку табліцы. 72% беларусаў з асцярогай ставяцца адзін да аднаго. Два апошнія радкі табліцы могуць развеяць аптымізм альтэрнатыўных прэтэндэнтаў. Аказваецца, што менш за ўсё давяраюць адно аднаму як раз праціўнікі прэзідэнта Лукашэнкі, г.зн. менавіта тыя грамадзяне, якіх апазіцыйныя палітыкі чакаюць убачыць на плошчы.

Нарэшце, звярніце увагу на ўсе вынікі, значэнні якіх перавысілі 70%. Як высвятляецца, беларускае маладое пакаленне да 39 гадоў найбольш недаверлівае. А гэта ж менавіта тая прывабная група адукаваных і эканамічна актыўных грамадзян, на падтрымку якіх разлічваюць і Саннікаў, і Раманчук, і Някляеў, і Кастусёў, і Міхалевіч.

Жыццё сучаснага беларуса звязанае з мноствам рызыкаў: у бізнэсе, у палітыцы, у грамадскай дзейнасці і на дзяржаўнай службе. Таму людзі аддаюць перавагу разліку на ўласныя сілы і звужаюць «радыус даверу», абмяжоўваючы яго сям’ёй і колам блізкіх сяброў. Мяркуючы па ўсім, чаканая шмат кім снежаньская Плошча ў гэты радыус даверу не трапляе.

У верасні 2010 г. незалежнымі сацыёлагамі праведзены нацыянальнае апытанне грамадскай думкі (метадам face-to-face interview апытана 1527 чалавек 18 гадоў і больш, гранічная памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 0.03).  

 

belinstitute.eu