Уся кароткая гісторыя АДКБ сведчыць, што Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выкарыстаў яе як досыць эфектыўны рычаг ціску на Расію, і ў яго няма ніякіх рацый не выкарыстоўваць гэты рычаг і надалей.

 

У апошні час канфлікт паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі абвастрыўся да такой ступені, што ў расійскіх СМІ з’явіліся паведамленні (са спасылкай на ананімную крамлёўскую крыніцу) аб тым, што ў Крамлі могуць і не прызнаць вынікі будучых прэзыдэнцкіх выбараў у РБ.

Такое развіццё падзей было б вельмі непажаданым для Мінска, але не менш негатыўныя наступствы яно мела б і для Масквы. Бо непрызнанне легітымнасці кіраўніка краіны можа прывесці да параліча дзейнасці ўсіх інтэграцыйных арганізацый на постсавецкай прасторы, дзе вышэйшымі органамі з’яўляюцца саветы кіраўнікоў дзяржаў (СНД, ЕЎРАЗЭС, АДКБ, Мытны саюз, а таксама Саюзнай дзяржавы). Прычым, Арганізацыя калектыўнай дамовы ў гэтым пераліку сёння з’яўляецца адной з найважнейшых для Расеі.

Між тым, уся кароткая гісторыя АДКБ сведчыць, што Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выкарыстоўваў яе як досыць эфектыўны рычаг ціску на Расію, і, такім чынам, у яго няма ніякіх рацый не выкарыстоўваць гэты адчувальны для кіраўніцтва РФ фактар і надалей.

У якасці пацверджання гэтага тэзіса варта нагадаць пра калізію, якая ўзнікла пасля рашэння прэзідэнта Беларусі байкатаваць саміт кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц АДКБ, які адбыўся 14 чэрвеня 2009 г у Маскве. Тым самым, ён дэ-факта адмовіўся ад падпісання пагаднення аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага разгортвання АДКБ (КСАР). А адначасна і ад прыняцця на сябе старшынскіх паўнамоцтваў у гэтай арганізацыі.

Тады практычна ўсе аналітыкі сыйшліся ў тым, што адмова ад прыезду ў Маскву стала асіметрычным адказам беларускага лідэра на ўведзеную тыднем раней забарону на пастаўку беларускіх малочных прадуктаў у Расію. І сапраўды, гэты дэмарш Аляксандра Лукашэнкі выклікаў вельмі хваравітую рэакцыю ў Крамлі. Так як паставіў пад пагрозу ўвесь расійскі праект, які прадугледжвае стварэнне механізму па кантролі за ваенна-стратэгічнай і геапалітычнай сітуацыяй на ўсёй постсавецкай прасторы, гэткага сабе аналага і процівагі НАТА.

У дзеючай «Стратэгіі нацыянальнай бяспекі Расіі да 2020 года» АДКБ разглядаецца ў якасці «галоўнага міждзяржаўнага інструмента, закліканага супрацьстаяць рэгіянальным выклікам і пагрозам ваенна-палітычнага і ваенна-стратэгічнага характару, уключаючы барацьбу з незаконным зваротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў».

Для рэалізацыі гэтых задач у рамках АДКБ прадугледжанае фарміраванне Калектыўных сіл аператыўнага разгортвання. Меркаваная колькасць кантынгенту КСАР вызначаная ў 15-20 тыс. чал. Якія будуць валодаць сродкамі і магчымасцямі для хуткага перакідвання ў любую кропку зоны адказнасці АДКБ.

Паводле інфармацыі, абвешчанай міністрам абароны РБ Юрыем Жадобіным, наша краіна мяркуе вылучыць у склад КСАР больш за 2 тыс. чал. У тым ліку, ад узброеных сіл — брыгаду спецыяльнага прызначэння (каля 2 тыс. чал.), ад МУС — спецыяльны атрад хуткага рэагавання (80 чал.), ад КДБ — афіцэраў Антытэрарыстычнага цэнтра і частку групы «А» (да 30 чалавек. ), а таксама падраздзяленні рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС РБ (каля 30 чалавек).

Па дадзеных апублікаваных у СМІ, Расія абавязваецца вылучыць у склад калектыўных сілаў паветрана-дэсантную дывізію (мяркуецца, што 98-ю гвардзейскую) і дэсантна-штурмавую брыгаду (хутчэй за ўсё 31-я ДШБ) — усяго каля 8 тыс. вайскоўцаў. Ад Расіі ў склад КСАР таксама могуць увайсці атрад міліцыі асаблівага прызначэння «Зубр», атрад міліцыі спецыяльнага прызначэння «Рысь» і атрад МНС «Лідэр».

Казахстан будзе прадстаўлены ў КСАР дэсантна-штурмавой брыгадай (да 4 тыс. чалавек) і трыма атрадамі, сфармаванымі з ліку супрацоўнікаў МУС, МНС і органаў дзяржбяспекі. Арменія, Таджыкістан і Кіргізія абмежаваліся вылучэннем асобных батальёнаў. Бішкек першапачатковых збіраўся накіраваць у КСАР і спецыяльны атрад хуткага рэагавання МУС, але пасля нядаўняй змены ўлады пытанне гэтае павісла у паветры. Узбекістан ўдзельнічаць у стварэнні КСАР наогул адмовіўся.

Акрамя таго, як можна было зразумець з заявы, зробленай 22 кастрычніка 2009 г. генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам, у кіраўніцтве гэтай арганізацыі разглядаецца пытанне аб неабходнасці стварэння, у дадатак да КСАР (якія прызначаныя, у асноўным, для пагашэння невялікіх узброеных і памежных канфліктаў), паўнавартасных рэгіянальных груповак войскаў на выпадак ўзнікнення больш сур’ёзных сітуацый.

У якасці прыкладу такой магутнай структуры, здольнай адбіць любы напад, генеральны сакратар АДКБ паказаў на ўжо існую адзіную беларуска-расійскую групоўку сухапутных войскаў. У Каўказскім рэгіёне з гэтай жа мэтай ствараецца расейска-армянская групоўка. На чарзе — Цэнтральная Азія. Адсюль становіцца зразумелым чаму прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў неаднаразова згадваў АДКБ у шэрагу тых найважнейшых элементаў бяспекі і новых геапалітычных рэалій, якія павінны быць адлюстраваныя ў абноўленай «матрыцы бяспекі» Расіі і Еўропы. Не будзе вялікім перабольшаннем сказаць, што дадзены праект з’яўляецца адным з самых прыярытэтных для расійскага лідэра.

Такім чынам, расейскае кіраўніцтва вельмі адчувальнае да любых дзеянняў або намераў беларускага боку паралізаваць дзейнасць АДКБ. Бо рашэнні ў ёй на вышэйшым узроўні прымаюцца кансэнсусам. Чым не грэбуе карыстацца ў сваіх мэтах Аляксандр Лукашэнка.

Так, адказваючы 20 красавіка 2010 г. на пытанні пасля зачытання свайго паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, ён заявіў аб сваім сумневе ў дзеяздольнасці і, больш таго, у неабходнасці падобнай арганізацыі. У якасці падставы ім было названае нежаданне Расіі, якая да гэтага часу старшынюе ў АДКБ, ажыццявіць ўрэгуляванне сітуацыі ў Кіргізіі з выкарыстаннем механізмаў, прадугледжаных статутнымі дакументамі гэтай арганізацыі.

Адсюль становіцца зразумелым, чаму пагадненне аб КСАР АДКБ было падпісанае Беларуссю толькі 15 кастрычніка 2009 г. (хоць малочная «вайна» завяршылася ў чэрвені). А ратыфікаваны дакумент Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ быў і зусім 26 мая 2010 г. (Старшынства ж ў АДКБ не прынятае на сябе беларускім прэзідэнтам да гэтага часу.)

Але і пасля выканання ўсіх юрыдычных фармальнасцяў, праблемы вакол пагаднення па КСАР застаюцца. Таму што рэальна яно не можа дзейнічацьпраз дагэтуль актуальныя рознагалоссі паміж Мінскам і Масквой з нагоды механізму прымянення нацыянальных кантынгентаў выдзеленых у склад КСАР.

Беларускі бок лічыць, што дадзены дакумент носіць асабліва рамачны характар і для таго, каб сілы і сродкі сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ змаглі рэальна функцыянаваць, парадак іх фармавання і прымянення павінен быць дакладна прапісаны ў пагадненнях так званага «другога ўзроўню». Якія на сённяшні дзень яшчэ не гатовыя.

Але нават калі гэтая перашкода будзе знятая, у любым выпадку нормы заканадаўства РБ, якія прадугледжваюць забарону на ўдзел нашых вайскоўцаў у баявых дзеяннях за межамі нацыянальнай тэрыторыі будуць выконвацца няўхільна. А самі рашэнні аб задзейнічанні КСАР «будуць прымацца толькі кіраўнікамі дзяржаў АДКБ і толькі на аснове кансэнсусу».

Больш таго, у дачыненні да нашай краіны гаворка можа ісці толькі аб тым, што яе вайскоўцы са складу Калектыўных сіл аператыўнага разгортвання могуць быць задзейнічаныя толькі ў зоне адказнасці Рэгіянальнай групоўкі сіл РБ і РФ.

Усё вышэй сказанае дазваляе зрабіць выснову, што гандаль вакол Калектыўных сіл аператыўнага разгортвання далёкі ад завяршэння. І Аляксандр Лукашэнка не будзе спяшацца растацца з адным з нямногіх і вельмі важкіх сваіх козыраў ў перманентнай спрэчцы з кіраўніцтвам саюзнай дзяржавы з нагоды таго, колькі павінна Беларусі Расія за ўлічванне яе стратэгічных інтарэсаў.

 

belinstitute.eu