Рэ-кагэбізацыя СБУ, то бок вяртаньне ёй звыклых функцыяў палітычнай ахранкі і аднаўленьне мэтадаў псыхалягічнага ціску, запалохваньня і шантажу, — гэта сапраўды вельмі дрэнная і небясьпечная тэндэнцыя, адна з многіх, нарэшце, негатыўных тэндэнцыяў сёньняшняй Украіны.

За паўгады, што прамінулі пасьля прыходу да ўлады Віктара Януковіча і інспіраванага ім парлямэнцкага перавароту, непрыкметная і ня вельмі публічная арганізацыя пад назвай «Служба бяспекі Украіны» зрабілася раптам прыкметным нацыянальным, а з нядаўняга часу і міжнародным ньюсмэйкерам. Штотыдзень гэтая фірма, як казалі ў савецкія часы — «кантора» («Кантора Глыбокага Бурэньня» — так у народзе расшыфроўвалі вядомую абрэвіятуру), энергічна нагадвае нам, што яна, насуперак усім чаканням, усім «перабудовам», дэмакратызацыі і дэкагэбізацыі, такі існуе і зусім не б’е лынды за нашыя з вамі выплачаныя ў казну падаткі. Сёньня гэтыя бравыя хлопцы не гуляюцца больш у «рассакрэчваньне архіваў» і арганізацыю «нікому непатрэбных» выставаў пра УПА ды Галадамор. Нарэшце ім зноў дазволілі ўзяцца за звыклую справу: лоўлю ворагаў дзяржавы, унутраных і вонкавых. А паколькі ў іхным разуменьні дзяржава — гэта перш за ўсё яны самі і ўся камарыльля, што ўзурпавала ўладу ў сакавіку, то і ворагаў у іх, можна не сумнявацца, няма ліку – сама меней траціна ці нават добрая палова насельніцтва. Таму змагацца даводзіцца ўдзень і ўночы, забяспечваючы для рэжыму ягоную блакітную мару — «стабільнасць», якая разам з абяцанымі «рэформамі», мусіць ашчасьціць нас усіх, у тым ліку і тых, хто пакуль не разумее гэтага, а таму супраціўляецца.

Пра «рэформу» пакуль казаць ня будзем: іх Партыя рэгіёнаў з дапамогай СБУ трымае ў глыбокім сакрэце і паказвае насельніцтву толькі верхавіну айсбэргу — павышэньне падаткаў, тарыфаў, закручваньне шрубак малому бізнэсу і лоўлю дробных карупцыянэраў — з апазыцыйнага, натуральна, не з уласнага лягеру. Затое «стабільнасьць» адчуваецца ці не на кожным кроку: то якому журналісту настукаюць у “бубен”, каб не дэстабілізаваў сытуацыі, то абаронцам парку ў Харкаве рэбры паломяць, а то вядомага крымінальнага верхавода ў Данецку на волю выпусцяць — як ахвяру праклятага аранжавага рэжыму (сабраныя супраць яго доказы, варта так разумець, сьведчаць толькі пра тое, што калі б не фашысьцюга Юшчанка, то небарака і далей бы вырошчваў сабе кветкі на прысядзібным участку, а не займаўся рэкетам, наркагандлем і замовай забойстваў). Хутчэй за ўсё, і калядніка-Зварыча неўзабаве выпусьцяць, а мо яшчэ і ордэнам ўзнагародзяць — як папа Агатангела — за гераічны супраціў бандэраўскаму засільлю. Дый праўда, як жа ж аднаўляць «стабільнасьць» без усіх гэтых пэрсанажаў?

Зразумела, што ў барацьбе за «стабільнасць» СБУ мае пэўныя прыярытэты. Зараз да іх не адносяцца такія дробязі, як карупцыя на самых высокіх, міністэрска-дэпутацкіх прыступках улады, альбо шэрыя нафтагазавыя схемы, што, як гангрэна, вось ужо два дзесяцігодзьдзі труцяць увесь нацыянальны арганізм, ці, скажам, дзейнасьць незьлічоных расейскіх агентаў і правакатараў, якія пачуваюцца ва Украіне камфортней, чым дома. Галоўнай пагрозай для «стабільнасьці» ва Украіне, на думку гэбэшных і ўсіх астатніх сёньняшніх «прафэсіяналаў», зьяўляецца, безумоўна, грамадзянская супольнасць, ейныя актывісты, а таксама ўсе тыя замежныя асобы і арганізацыі, што яе падтрымліваюць. Менавіта таму бясстрашныя рыцары плашча і кінжалу нястомна праводзяць «прафіляктычныя гутаркі» (ні звыклы гэбісцкі жаргон, ні методыка ані не змьяніліся) з кіраўнікамі і актывістамі грамадзкіх арганізацыяў, з журналістамі і гісторыкамі, рэктарамі і студэнтамі, палітычнымі экспэртамі і актывістамі апазыцыйных партыяў. Замест падаткавікоў яны правяраюць рахункі; замест міліцыянтаў забясьпечваюць грамадзкі парадак на вуліцах падчас мітынгаў і дэманстрацыяў; замест гісторыкаў і палітолягаў ацэньваюць зьмест прафэсійных аналітычных матэрыялаў; і нават часам замест Госпада-Бога раяць сваім падапечным зьмяніць прафэсію — напрыклад, не займацца гісторыяй УПА, а ісьці выкладаць у школу. Сутнасьць гэтай «прафіляктыкі», наогул, зразумелая: запалохаць сваіх суразмоўцаў, а заадно і цэлае грамадзтва, нагнятаючы ў ім атмасфэру страху, падазронасьці і псыхозу.

Інфармацыя аб чарговай эсбэушной правакацыі паступае практычна штотыдзень з розных рэгіёнаў краіны. Яна не трапляе ў тэлевізійныя навіны, бо ўладальнікі тэлеканалаў ўжо даўно зразумелі, з кім маюць справу (а тыя, якія не зразумелі — як TVi і 5-ы канал, — ужо атрымалі жоўтую картку ў выглядзе цынічнага «судовага» рашэньня і, можна не сумнявацца, атрымаюць яшчэ і чырвоную, калі не апамятаюцца. Нарэшце, самым найбунейшым уласьнікам асноўных каналаў (да 30% тэлевізійнага рынку, паводле ацэнак экспэртаў) зьяўляецца сам спадар Валеры Харашкоўскі, мільярдэр, бізнэсмэн і, па сумяшчальніцтве, кіраўнік СБУ. Неверагодная кур’ёзнасьць, нават карыкатурнасьць такога спалучэньня несумяшчальных роляў відавочная для любога заходняга чалавека. Грошы, вядома, ня пахнуць, і я мяркую, што спадар Харашкоўскі адчайна трымаецца за дзяржаўную пасаду ня столькі з прычыны бязладнасьці, наагул уласьцівай для правінцыйных украінскіх «эліт», знаёмых з эўрапейскім бон-тонам, але з прычыны звычайнай жаднасьці. Але тое, што і прэзыдэнт Януковіч пагаджаецца з такім скандальным сумяшчальніцтвам, якое кампрамэтуе ўсю краіну (ня кажучы ўжо пра мэтады дзейнасьці гэтага «сумяшчальніка»), сьведчыць, хутчэй за ўсё, менавіта пра бязладнасьць. Ці мо яшчэ горш: прэзыдэнт Януковіч проста не наважваецца звольніць свайго начальніка СБУ, бо, як кажуць зласьліўцы, тады маскоўская Лубянка вызваліць яго самога. Хутчэй за ўсё, жывучасьць украінофоба Табачніка на пасадзе міністра адукацыі тлумачыцца тым самым фактарам.

А між тым, нягледзячы на цэнзуру, інфармацыя пра выбрыкі СБУ ўсё ж даходзіць да незалежных мас-мэдыя, найперш за ўсё ў інтэрнэт, фіксуецца ўкраінскімі і міжнароднымі праваабарончымі групамі, і суправаджаецца адпаведнымі заявамі, пратэстамі і пікетамі пад будынкамі СБУ — у Кіеве і іншых гарадах.

 

Рэакцыя афіцыйных асоб на гэтыя падзеі супярэчлівая. Часам яны просяць прабачэньня за нібыта «памылку» або «непаразуменьне», часам проста прымяншаюць значнасьць падзеі, падаючы ўсё як «перабольшаньне» ці нават «выдумку» апазіцыянераў, а часам цьвёрда стаяць на сваім — як у нядаўнім выпадку з Русланам Забелам, гісторыкам, па-ідыёцку абвінавачаным у «разгалошваньні дзяржаўных таямніц». (Чаму намінальна «ўкраінская» спэцслужба так пераймаецца з-за «сакрэтаў» савецкіх КДБ і нават гатовая дзеля іх сарамаціцца на ўвесь сьвет — растлумачыць цяжка, хіба што выказаць відавочную здагадку: яна такая ж украінская, як і марсіянская Перад намі, найхутчэй, рэінкарнацыя таго самага КДБ, правінцыйная філія ФСБ-ГРУ, што нарэшце знайшла сабе аўтэнтычнае месца ва ўсёй той «незалежнасьці» — блізу энэргатранспартных, укрспецэкспартных, тэндэрна-імпартных і іншых рэсурсаёмістых апэрацыяў).

Супярэчлівая рэакцыя розных афіцыйных асоб на разнастайныя падзеі можа быць усяго толькі ўласьцівай для гэткай «канторы» гульнёй у добрага і злога сьледчага. А можа сьведчыць і пра цалкам рэальныя супярэчнасьці паміж рознымі цэнтрамі ўплыву ў, здавалася б, маналітнай «камандзе». Хаця хутчэй за ўсё, маем мы тут справу перш за ўсё з нізкім прафэсіяналізмам выканаўцаў і яшчэ ніжэй — дзяржаўнага кіраўніцтва, якое, падобна, нават не ўяўляе сабе іншых мадэляў кіраваньня, акрамя данецкай і роднаснай ім расейскай — па меншай меры ў тым выглядзе, як яны яе бачаць на экранах ОРТ . Як вынік, яны проста ня ведаюць, як ім рэагаваць у тых сытуацыях, калі расейскія сцэнары ва Украіне зь нейкіх прычынаў не спрацоўваюць.

Юры Бутусаў ў «Дзеркалі тижня» згадвае гэтыя праблемы, адзначаючы, у прыватнасьці, «рост актыўнасьці Службы ў вырашэньні эканамічных пытаньняў»: «СБУ стала адным з найбуйнейшых гульцоў на рынку канвэртацыйных цэнтраў і мытнага афармленьня». (Чытач павінен сам зразумець гэты эўфэмізм, я асабіста яго разумею як указаньне на буйнамаштабную карупцыю, зь якой СБУ не змагаецца — хутчэй наадварот).

 

Улічваючы гэта, СБУ з Харашкоўскім мала чым адрозьніваецца ад СБУ з усімі яе папярэднікамі — дастаткова прыгадаць хаця б скандалы зь сям’ёй Дзяркачоў, абвінавачаных у свой час у сумнеўных збройных зьдзелках. Сапраўды новым і цікавым аб’ектам дасьледаваньня ў гісторыі СБУ можа стаць ня столькі яе разнастайная нестатутная дзейнасьць, колькі сам яе кіраўнік — яго бізнэс у суседняй краіне, гіпатэтычныя сувязі з тамтэйшымі палітыкамі, спэцслужбамі і адыёзным «Росукрэнерго».

Юры Бутусаў цытуе неназванага работніка ўкраінскай контрвыведкі, які выказвае тое, што мы і самі адчуваем інтуітыўна: «Лёгіка ў дзеяньнях СБУ адсутнічае толькі на першы погляд, калі падыходзіць са звычайнымі крытэрыямі ацэньваньня, але паглядзіце на зьнешнепалітычныя прыярытэты кіраўніцтва краіны, на сувязі кіраўніка СБУ і ягоны ўласны палітычны статус, на ўзровень асобаў, якімі цікавіцца спэцслужба, — і тады відавочна, што ва ўсіх гэтых дзеяньнях існуе жалезная лёгіка. Валеры Іванавіч ходзіць на даклад да прэзідэнта праз дзень — і штораз прыносіць сьведчаньні асабістай лаяльнасьці. Колькасьць ворагаў рэжыму павялічваецца, а такім чынам, каштоўнасьць Харашкоўскага як кіраўніка спэцслужбы расьце… Вэктар дзеяньняў СБУ шакуе з пункту гледжаньня мэтадаў і з пункту гледжаньня празаходняга палітычнага курсу апошніх гадоў, але сытуацыя выглядае зусім іначай, калі паглядзець на яе з пункту гледжаньня Расеі».

«І сапраўды, — робіць выснову Бутусаў, — калі Харашкоўскаму пастаўленая стратэгічная задача прадэманстраваць максымальную інтэграцыю і падтрымку зьнешняй палітыкі Расеі ва ўкраіне, то Валеры Іванавіч выдатна спраўляецца з гэтай місіяй». Некалькі месяцаў таму, адзначае аўтар, простай размовы начальніка ФСБ Аляксандра Бортнікава з калегам Харашкоўскім было дастаткова, каб без усялякага судовага рашэньня адпусьціць на волю палкоўніка ФСБ Наскова, затрыманага ў мінулым годзе разам з групай іншых гэбістаў пры спробе ўзброенага выкраданьня ўкраінскага афіцэра і вывазу яго на допыт у Прыднястроўе дзеля атрыманьня сакрэтнай інфармацыі. Ні юрыдычны, ні, тым больш, маральны аспэкт такога роду дзеяньняў нікога з украінскіх (?) кіраўнікоў, падобна, не хвалюе. «Лубянка сказала «Трэба!», СБУ адказвае «Ёсьць!».

Пытанне аб тым, наколькі сам Януковіч арыентуецца ў тым, што адбываецца, уяўляецца мне другасным. Як асоба ён, відаць па ўсім, ня мае ні палітычнай волі, ні бачаньня, ні ўменьня, ні кампетэнтнасьці для ажыцьцяўленьня самастойнай, крэатыўнай, наступальнай палітыкі. У свой час, памятаецца, Тарас Чарнавіл заклікаў не дэманізаваць Януковіча, таму што ён, маўляў, бясшкодны: «Такі ж сібарыт, як і Юшчанка, толькі без нацыянальнай ідэі». Слова «сібарыт» паказвае тут на імкненьне абодвух пэрсанажаў да псыхалягічнага камфорту, пазьбягання непрыемных навінаў, складаных рашэньняў, цяжкай адказнасьці. Для сельскага бухгальтара ці начальніка аўтабазы гэта, магчыма, ня так ужо дрэнна. Але для кіраўніка краіны гэта катастрофа. А тым больш, калі ў суседняй краіне на гэтага кіраўніка ёсьць яшчэ і немалая тэчка кампрамату.

Януковіча, дапушчаю, цалкам задавальняе Харашкоўскі як кіраўнік СБУ і цалкам задавальняе Левачкін як кіраўнік сакратарыяту; яго задавальняюць усе, хто кажа яму тое, што ён хоча пачуць, і паказваюць тое, што ён хоча бачыць. Калі ж Левачкін і Харашкоўскі, як намякаюць экспэрты, яшчэ і належаць да той жа групы Фірташа з яго каламутным РУЭ і вераемнымі расейска-газпрамаўска-эфэсбэшнымі сувязямі, то справы яшчэ горшыя. Гэта, зразумела, ня значыць, што ўсім паплечнікам Януковіча да душы гэты спэцыфічны ўкраінскі-рускі бізнэс пад аб’яднаным патранатам дзвюх «брацкіх» спэцслужбаў. Пры ўсёй маналітнасьці ці нават таталітарнасьці Партыі рэгіёнаў, галасы незадаволенасьці праслізгаюць вонкі. Але наўрад ці яны здольныя паўплываць на зьмяненьне палітыкі, а тым больш рэжыму. Іншая справа, што спалучэньне гэтай незадаволенасьці з масавымі пратэстамі і грамадзкім супрацівам можа істотна наблізіць такія зьмены.

Рэ-кагэбізацыя СБУ, то бок вяртаньне ёй звыклых функцыяў палітычнай ахранкі і аднаўленьне мэтадаў псыхалягічнага ціску, запалохваньня і шантажу, — гэта сапраўды вельмі дрэнная і небясьпечная тэндэнцыя, адна з многіх, нарэшце, негатыўных тэндэнцыяў сёньняшняй Украіны. Аднак яна выявіла і іншую, досыць масавую і таму асабліва прыемную тэндэнцыю: гатоўнасьць грамадзтва да супраціву, здольнасьць людзей не паддавацца ціску, а наўзамен контратакаваць, абараняючы свае фундамэнтальныя канстытуцыйныя правы.

Аўтарытарныя кіраўнікі і іх спэцслужбы выкарыстоўваюць ня столькі гвалт, як страх, разьяднанасьць і бездапаможнасьць сваіх ахвяр. Іх задача — зламаць волю, дамагчыся пакоры. Маўчаньне ахвяр — залог іхняга посьпеху, крывасмокам недаспадобы святло, шантажыстам недаспадобы агалоска. Украінцы вучацца сёньня ўключаць святло і агучваць публічна ўсе спробы гэбістаў іх запалохаць, завэрбаваць, «перавыхаваць». Гэта вельмі добрая тэндэнцыя — не баяцца і не маўчаць. Яна пазбаўляе ахранку яе галоўнай зброі.

У пэўным сэнсе гэта не СБУ стала за Януковіча галоўным ньюсмэйкерам у Украіне. Сапраўдным ньюсмэйкерам стала грамадзтва — звычайныя людзі, якія рэагуюць неадкладным скаргамі і заявамі ў мас-мэдыі і праваабарончыя арганізацыі на кожную спробу эсбэушной агентуры вярнуць іх да часоў КДБ.

 

zgroup.com.ua