Аснова дабрабыту Беларусі – гэта Мы, наш інтэлект, воля, ініцыятыва, самастойнасць і актыўная пазіцыя.
Паўстанне канкурэнтаздольнай эканомікі вымагае спрыяльнага асяроддзя. Таму трэба зрабіць усё магчымае для выхавання здаровага чалавека, падрыхтаванага да дзейнасці ў постіндустрыяльным грамадстве. Аснова дабрабыту Беларусі – гэта Мы, наш інтэлект, воля, ініцыятыва, самастойнасць і актыўная пазіцыя. Назапашванне сацыяльнага капіталу, якім з’яўляецца актыўнае і самадзейнае грамадства, стане залогам выхаду нашай краіны на новыя цывілізацыйныя далягляды.
ІІІ. Актыўнае грамадства
Самастойная Беларусь. Большасць буйных гарадоў сярэднявечнай Беларусі мелі Магдэбургскае права.
Добрым пачаткам аднаўлення гэтай традыцыі павінна стаць адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа:
* актыўнае самакіраванне, якое прадугледжвае дэцэнтралізацыю палітычнай, эканамічнай і фінансавай улады на карысць рэгіёнаў і органаў самакіравання і падзел шасці існуючых цяпер абласцей на 17 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак – паветаў – з наступнымі адміністрацыйнымі цэнтрамі: Брэст, Пінск, Мазыр, Гомель, Гродна, Баранавічы, Слуцк, Бабруйск, Ліда, Маладзечна, Барысаў, Магілёў, Крычаў, Глыбокае, Полацк, Віцебск, Орша; а таксама асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку – г. Мінск разам з Мінскім раёнам;
* стварэнне юрыдычных і інвестыцыйных перадумоў для дынамічнага развіцця рэгіёнаў (напрыклад, Рэгіянальнага банка эканамічнай інфармацыі, які будзе аказваць фундатарам паслугі па выбары аб’ектаў гаспадарання, прывабных для інвеставання).
Моцныя рэгіёны – гэта моцная Беларусь. Рэформа павінна дакладна вызначыць сферы ўплыву, паўнамоцтваў ўлад, фінансавую самастойнасць і гаспадарчую спецыялізацыю на ўсіх узроўнях. Рэалізацыя прынцыпаў рэгіянальнай і лакальнай дэмакратыі – залог пабудовы моцнага грамадства ў Беларусі.
Салідарная Беларусь. Я выступаю ЗА:
* гарантаванне правоў на аб’яднанне ў прафсаюзы ў адпаведнасці з нормамі Міжнароднай арганізацыі працы;
* стварэнне дзейсных механізмаў маніторынгу захавання ўмоў калектыўных пагадненняў, дамоў паміж калектывамі працаўнікоў і прадпрыемствамі;
* эфектыўнае супрацоўніцтва прафсаюзаў і саюзаў працадаўцаў, накіраванае на забеспячэнне балансу інтарэсаў наёмных працаўнікоў і прадпрымальнікаў;
* удасканаленне заканадаўчай базы, якая тычыцца абароны правоў працоўных як у прыватным, так і дзяржаўным сектары;
* сацыяльную інтэграцыю прадстаўнікоў уразлівых груп насельніцтва і пабудову грамадства роўных магчымасцяў;
* прыняцце мер па эканамічнай рэабілітацыі і стварэнню камфортнага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Адукаваная Беларусь. У сучасным свеце самы істотны фактар цывілізацыйнага патэнцыялу краіны – гэта ўзровень адукацыі грамадства. З’яўленне інавацыйнай эканомікі немагчыма без мэтанакіраваных інвестыцый у адукацыю, навуку і прафесійныя навыкі насельніцтва. Сённяшняй Беларусь патрэбна рэфармаванне сістэмы асветы, таму мая мэта – гэта:
* вяртанне да сістэмы спецыялізаваных школ;
* адкрыццё прыватных школ, уключаючы школы пры грамадскіх і рэлігійных арганізацыях;
* развіццё сістэмы адукацыйных грантаў і ўвядзенне конкурснага прынцыпу датацый ВНУ;
* адаптацыя сістэмы вышэйшай адукацыі да патрэб рынка і ў той жа час пабудова рынкавай гаспадаркі, заснаванай на ведах;
* інтэграцыя Беларусі ў еўрапейскую сістэму адукацыі і ўзаемнае прызнанне дыпламоў і адукацыйных стандартаў; увядзенне трохузроўневай сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў (бакалаўр-магістр-доктар);
* увядзенне падатковых ільгот для грамадзян, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю, а таксама для фірмаў, якія інвестуюць у падвышэнне ведаў і кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў;
* скасаванне прымусовага размеркавання;
* укараненне нацыянальнай праграмы вывучэння замежных моў;
* забеспячэнне дзяржаўнай падтрымкі праграмам рэгіянальных і міжнародных студэнцкіх абменаў;
* падвышэнне заробкаў і статусу настаўнікаў;
* дынамічнае развіццё камерцыйных ВНУ і даступных формаў студэнцкага крэдытавання.
Здаровая Беларусь. У сферы аховы здароўя я выступаю ЗА:
* развіццё сістэмы фінансавання медыцыны праз дзяржаўнае і прыватнае медыцынскае страхаванне;
* прыцягненне прыватных інвестыцый у сферу медыцынскіх паслуг, эфектыўнае выкарыстанне і засваенне грантаў, якія выдзяляюцца на пераадоленне наступстваў аварыі на ЧАЭС;*
* паэтапнае ўвядзенне абавязковага дзяржаўнага медыцынскага страхавання для неабароненых слаёў насельніцтва (дзяцей, асоб з абмежаванымі магчымасцямі і пенсіянераў);*
* падвышэнне ролі прафілактычнай медыцыны і здаровае харчаванне ў школах, дзіцячых садках і бальніцах;
* значныя дзяржаўныя інвестыцыі ў айчынную фармацэўтыку;
* прыняцце закона аб абароне правоў пацыента.
Я падтрымліваю закон аб забароне распівання алкагольных напояў у грамадскіх месцах, але разам з тым лічу неабходным развіваць сетку бараў, пабаў і недарагіх рэстаранаў, што станоўча адаб’ецца на культуры ўжывання спіртнога. У дадзены момант, на жаль, найбольш ужывальнымі напоямі з’яўляюцца пладова-ягадныя віны, вытворчасць якіх я прапаноўваю забараніць.
Канфесійная Беларусь. Я прыхільнік партнёрства дзяржавы і рэлігійных арганізацый, але толькі ў сферах, дзе такое супрацоўніцтва не супярэчыць пастулатам свецкай дзяржавы. Рэлігійныя арганізацыі павінны мець шырокія магчымасці місіянерскай і асветніцкай дзейнасці на тэрыторыі нашай дзяржавы, а таксама права на бясплатнае атрыманне зямлі пад узвядзенне культавых будынкаў. Пры гэтым перакананы, што дзяржаўныя чыноўнікі ўсіх узроўняў падчас выканання сваіх абавязкаў павінны быць рэлігійна нейтральнымі.
Культурная Беларусь. Глабалізацыя ставіць перад беларускім грамадствам праблему захавання самабытнасці і нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці. Таму істотнымі элементамі беларускай нацыянальнай палітыкі павінны стаць:
o пашырэнне ўжывання беларускай мовы праз забеспячэнне грамадзян інфармацыяй аб дзейнасці дзяржаўных органаў на беларускай мове;
o аднаўленне і рэстаўрацыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў;
o конкурсная падтрымка літаратараў, музыкаў, мастакоў, творчых калектываў і кінамастацтва.
Надзвычай важнай умовай для захавання беларускай ідэнтычнасці з’яўляецца супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, першым чынам у Расіі, ЗША і краінах ЕС. Увядзенне карты Беларуса можа стаць сур’ёзным крокам да абароны права спадчынных беларусаў вярнуцца на гістарычную радзіму. Нам таксама трэба распрацаваць праграмы адаптацыі мігрантаў, якія пераехалі ў Беларусь з краін былога СССР.
Што тычыцца нацыянальных меншасцяў, то яны павінны мець у Беларусі шырокую аўтаномію і права захоўваць і развіваць свае нацыянальныя і духоўныя традыцыі, культуру і мову.
Гэта быў тэзісны варыянт маёй перадвыбарнай праграмы, адрасаваны ўсім грамадзянам Беларусі, якім не абыякава, як будзе выглядаць наш заўтрашні дзень і будучыня нашай краіны.
Хоць мы размаўляем на розных мовах, ходзім у розныя цэрквы, маем розныя погляды на жыццё і паходжанне, аднак усе разам мы складаем адзіны і непадзельны беларускі народ – народ, які з’яўляецца найвышэйшай крыніцай улады на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Кожны з нас мае абавязкі і неад’емныя правы, да якіх адносяцца свабода, справядлівасць і імкненне да шчасця. Менавіта для рэалізацыі такіх правоў нашы продкі ваявалі за беларускую зямлю і яе незалежнасць. Менавіта для рэалізацыі такіх правоў я балатуюся кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
Я перакананы, што эканамічны рост, эфектыўная дзяржава і актыўнае грамадства ў стане сфармаваць эканамічны, істытуцыянальны і сацыяльны капітал нашай краіны, які дазволіць Беларусі прэтэндаваць на ролю цывілізацыйнага лідэра Усходняй Еўропы. Гэтага можна дасягнуць. Я веру ў Нашу Беларусь і веру ў яе патэнцыял, і сапраўды ведаю: У НАС УСЁ АТРЫМАЕЦЦА!
Каментары