Усе гэтыя асобы далёка не новыя твары ў беларускай “палітыцы”. Толькі некаторыя з іх будуць новымі для недасведчаных жыхароў Беларусі, бо яшчэ не прадпрымалі спробы ўдзельнічаць у выбарчай гонцы.

Выбары ў Беларусі паводле заканадаўства павінны адбыцца не пазней за люты 2011 года. Гэта азначае, што дата выбараў можа прыпасці на канец 2010 года. Афіцыйна яна яшчэ не абвешчана, але пра свае амбіцыі на прэзідэнцкае крэсла заявіла шэраг апазіцыйных кандыдатаў. Усе гэтыя асобы далёка не новыя твары ў беларускай “палітыцы”. Толькі некаторыя з іх будуць новымі для недасведчаных жыхароў Беларусі, бо яшчэ не прадпрымалі спробы ўдзельнічаць у выбарчай гонцы.

 

З тых, хто заявіў пра свае амбіцыі ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі на дадзены момант гэта – лідэр “Руху за Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, вядомы нам па папярэдняму ўдзелу ў выбарах 2006 года; эканаміст Яраслаў Раманчук, кандыдат, які быў вылучаны Аб’яднанай грамадзянскай партыяй; камунальнік Рыгор Кастусёў, кандыдат, які быў вылучаны Беларускім Народным Фронтам; сустаршыня аргкамітэту партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, вылучаны гэтым аргкамітэтам; грамадскі актывіст Алесь Міхалевіч; сябра Прэзідыуму Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі генерал-маёр Валеры Фралоў; старшыня Вярхоўнага Савета 13 склікання, сябра Прэзідыуму Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі генерал-лейтэнант Мечаслаў Грыб; лідэр грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў; старшыня аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч; лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Юры Глушакоў.

 

Акрамя гэтага не выключаюць удзелу ў выбарах экс-кандыдат у Прэзідэнты ў 2006 годдзе прафесар Аляксандр Казулін, прафсаюзны лідэр Аляксандр Ярашук і лідэр грамадзянскай кампаніі “Кажы праўду!”паэт Уладзімір Някляеў.

 

Да гэтага моманту галоўны прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла дзеючы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка не рабіў ніякіх афіцыйных заяваў, але жаданне ўдзельнічаць яго ў выбарчай гонцы з’яўляецца адназначна прадказальным.

 

Усіх пералічаных вышэй патэнцыйных кандыдатаў у Прэзідэнты (каб стаць імі трэба сабраць 100 тысяч подпісаў) на дадзены момант можна падзяліць на некалькі груп.

 

Першую групу кандыдатаў можна акрэсліць як праўладную. У яе ўваходзіць дзеючы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і яго дублёр, прадстаўнік канструктыўнай апазіцыі Сяргей Гайдукевіч, які ўжо двойчы ўдзельнічаў у Прэзідэнцкіх выбарах у 2001 і 2004 гг у якасці запаснога канкурэнта на той выпадак, калі б прадстаўнікі апазіцыі вырашылі б зняць свайго кандыдата і байкатаваць выбары – выбары бы не выглядалі б у вачах беларусаў і прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці як безальтэрнатыўныя. З’яўленне дублёра з ліку праўладнага лагера цалкам магчыма, але толькі для выконвання функцыі дублёра, альбо функцыі, якую да гэтага моманту выконваў Сяргей Гайдукевіч.

 

Другую групу прэтэндэнтаў можна назваць як групу апазіцыйных кандыдатаў з рэсурсамі. У яе можна ўключыць, прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, якія маюць рэсурсы для вядзення прадвыбарчай кампаніі і таму яны выглядаюць больш важка ў параўнанні з іншымі вылучэнцамі. Гэта Аляксандр Мілінкевіч, Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў. Іх можна акрэсліць як самастойных гульцоў і малаверагодна, што яны будць у стане дамовіцца між сабой.

 

У трэцюю групу ўваходзяць апазіцыйныя кандыдатаў без рэсурсаў, альбо з рэсурсамі на парадак ніжэй чым такія маюцца ў прадстаўнікоў другой групы кандыдатаў. Гэта вылучэнцы ад апазіцыйных партый і іх аргкамітэтаў і самавылучэнцы, якія сваім вылучэннем, ці самавылучэннем ставяць за мэту павелічэнне сваёй вагі ў апазіцыйным асяродку і прыцягнення пад сваё вылучэнне нейкіх сродкаў, альбо ў выніку гандлю і перамоваў з іншымі больш рэальнымі кандыдатамі другой групы зняць сваю кандыдатуру на іх карысць.

 

Гэтая група прадстаўлена ўсімі астатнімі вышэй пералічанымі патэнцыйнымі кандыдатамі. Менавіта ў гэтай групы магчыма стварэнне кааліцыі з мэтай вылучэнне “адзінага” кандыдата.

 

Сярод патэнцыйных кандыдатаў, якія яшчэ могуць папоўніць трэцюю групу ёсць лідэр Беларускай партыі левых “Справядлівы Свет” Сяргей Калякін, лідэр прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі Ўладзімір Колас, экс-міністр замежных спраў Пётр Краўчанка.

 

Старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі “Беларускі Народны Фронт” Зянон Пазняк, які з’яўляецца нязменным апанентам з 1994 года дзеячаму Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнка, хутчэй за ўсё, таксама аб’явіць пра сваё жаданне ўдзельнічаць у выбарах, але справа ў тым, што гэтым разам яго не зарэгіструюць у якасці прэтэндэнта ў кандыдаты ў Прэзідэнты, бо пражывае ён за межамі Беларусі ўжо больш за 10 год і паводле беларускага заканадаўства не можа прымаць удзел у выбарчай гонцы.

 

У любым выпадку часу для заяўлення пра свае прэзідэнцкія амбіцыі не заявіўшым яшчэ пра іх кандыдатам застаецца ўсё менш і менш, бо аптымальным часам для гэтага з’яўляецца перыяд за восем месяцаў да дня выбараў. Гэта звязана з тым, каб выбаршчыкі не стаміліся ад кандыдатаў падчас выбарчай гонкі і пік іх найбольшай папулярнасці прыйшоўся бы на дзень выбараў.

 

Іншых груп, у якія бы маглі ўвайсці кандыдаты ад беларускага бізнеса, творчай, культурнай інтэлігенцыі і г.д. не будзе, што  абсалютна лагічна пры склаўшымся ў Беларусі аўтарытарна-султанісцкім палітычным рэжыме.