На мой погляд, у аснове такіх паводзінаў беларускага кіраўніцтва ляжаць тры чыннікі, прычым галоўным з іх ёсць унутраны, а менавіта блізкасць выбараў. Вядома, не мясцовых, а прэзідэнцкіх.

Цягам апошніх двух тыдняў галоўнаю знешнепалітычнаю тэмаю быў канфлікт вакол Саюзу палякаў на Беларусі. Паўстае пытанне, навошта афіцыйнаму Мінску спатрэбілася такое абвастрэнне, якое набыло ўжо міжнародны характар. Немагчыма сабе ўявіць, што адказныя за гэтыя справы не разумелі, што Варшава, па-першае, абавязкова адрэагуе на падзеі і, па-другое, прыцягне да іх увагу Бруселю.

 

Розныя аналітыкі выказалі ўжо столькі прычынаў такіх паводзінаў, што прапанаваць нейкія новыя, на жаль, не атрымаецца. Таму дазволю сабе, не прэтэндуючы на прыярытэтнасць, проста выказаць на гэты конт уласныя меркаванні.

 

Ціск на Саюз палякаў на Беларусі мусіць запалохаць грамадзянскую супольнасць

 

На мой погляд, у аснове такіх паводзінаў беларускага кіраўніцтва ляжаць тры чыннікі, прычым галоўным з іх ёсць унутраны, а менавіта блізкасць выбараў. Вядома, не мясцовых, а прэзідэнцкіх.

 

Ужо шмат гадоў відавочнае імкненне ўладаў дасягнуць такога становішча, калі б усе грамадскія арганізацыі былі пад іх наглядам. Пры гэтым не мае ніякага значэння, ці можа ўяўляць з сябе тая ці іншая структура рэальную пагрозу. Напрыклад, няма сумневу, што ў вярхах выдатна разумеюць: ніякай небяспекі непрызнаны СПБ ім стварыць не можа. Больш за тое, ён ніякім чынам не імкнецца да гэтага, бо ў сённяшніх абставінах, знаходзячыся ў паўзадушаным стане, марыць толькі пра самазахаванне.

 

Аднак калі паказаць сваю слабіну, даць волю аднаму, дык таго ж запатрабуюць іншыя, і раней ці пазней сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю. Так што са свайго пункту гледжання ўлада паводзіцца цалкам лагічна: лепш справу да такога не даводзіць.

 

“Еўранэст” і польска-беларускі канфлікт

 

Таму ў аналагічнай сітуацыі тое ж самае адбылося б з любой іншай арганізацыяй. Але ў гэтым выпадку сваю ролю, хутчэй за ўсё, адыграў яшчэ адзін чыннік, звязаны ўжо непасрэдна з Польшчаю. Гаворка ідзе пра спрэчкі вакол прадстаўніцтва Беларусі ў “Еўранэст” – Парламенцкай Асамблеі праграмы “Усходняе партнёрства”.

 

Як вядома, Еўрапарламент, які адыгрывае там галоўную ролю, прапанаваў стварыць беларускую дэлегацыю пароўну з прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і ‘народных выбраннікаў’. А калі апошнія не пагодзяцца, увогуле пакінуць іх за межамі Асамблеі.

 

Было б вельмі дзіўна, калі б беларускамі кіраўніцтву гэты падыход спадабаўся. А калі ўзгадаць, што галоўнымі прыхільнікамі такой пазіцыі ў Еўрапарламенце былі якраз польскія дэпутаты Яцэк Пратасевіч ды Яцэк Сарыюш-Вольскі, дык верагодна, што тут мела месца звычайная помста.

 

“Рука Масквы” дацягнулася да стасункаў Мінску і Варшавы?

 

Нарэшце, нельга выключаць таксама жаданне нейкім чынам зрабіць прыемнае Маскве – можа, яна ўсё ж ацэніць вернае сяброўства і скасуе экспартныя мыты на нафту.

 

Астатнія ж тлумачэнні, накшталт таго, што беларускія ўлады нібыта бяруць СПБ у закладнікі, каб потым весці з Польшчай адпаведны гандаль, або што гэтыя падзеі сталі вынікам уплыву расійскіх спецслужбаў, якія шырока прысутнічаюць у Беларусі, не выглядаюць пераканальнымі.

 

Скажам, для гандлю (ва ўсялякім разе, пакуль што) не стварылі адпаведнай базы: наўрад ці хто будзе гандлявацца за пяць дзён арышту шэрагу актывістаў. Што датычыць “рукі Масквы”, дык варта нагадаць, што ў Беларусі ўсе прынцыповыя рашэнні прымае адзін чалавек. І калі ён пад такім моцным уплывам Крамля, дык чаму паміж імі апошнім часам раз за разам адбываюцца такія жорсткія спрэчкі?

 

Такім чынам, з прычынамі, здаецца, больш-менш ясна. А вось з наступствамі…

 

Беларускія ўлады раптоўна збавілі напятасць жарсцяў


Еўрасаюз на польскі зварот па дапамогу, вядома, адгукнуўся, але, шчыра кажучы, не надта рэзка: Рада ЕС выказала “заклапочанасць становішчам з правамі чалавека ў Беларусі”. Аднак санкцыі не абмяркоўваліся, і асобнай заявы таксама не прынялі.

 

Таму не зусім зразумела, што прымусіла беларускія ўлады раптоўна збавіць напятасць жарсцяў. Падчас візіту ў Кіеве на інаўгурацыю новага прэзідэнта Украіны Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком польскага МЗС Радославам Сікорскім. Тон размовы быў нечакана прымірэнчы, больш за тое, яны дасягнулі дамоўленасці пра стварэнне супольнай групы экспертаў у пытаннях польскай меншасці.

 

Неяк слаба верыцца, што адступленне адбылося толькі з-за згаданых папрокаў Еўрасаюзу. Больш падобна на тое, што Расія не адгукнулася на чарговую шчырую прапанову “кахання да труны”. Калі насамрэч так, дык паўстае пытанне — ці надоўга хопіць у Мінску вытрымкі?

 

n-europe.eu