Прадстаўляем вашай увазе меркаванне беларускага палітолага Андрэя Паратнікова аб тым, ці спраўджваюцца ў Беларусі прагнозы на 2012 год.

У ліпені быў прадстаўлены чарговы выпуск «Беларускага штогодніка» за 2012 год. Выданне з’яўляецца найстарэйшым аналітычным друкаваным прадуктам краіны, рыхтуецца Агенцтвам сацыяльнай і палітычнай экспертызы сумесна з сайтам «Наша думка».

Як аднаму з аўтараў выдання мне было цікава пераканацца, наколькі дадзеныя ў ім прагнозы спраўджваюцца. Варта патлумачыць, што ўсе матэрыялы для зборніка рыхтаваліся ў студзені бягучага года, таму пэўныя высновы аб правільнасці выдзеленых тэндэнцый ужо можна падвесці.

Варта канстатаваць, што з леташніх прыярытэтаў абароннага будаўніцтва (укараненне айчынных беспілотных авіяцыйных комплексаў (БАК); тэрытарыяльная абарона (ТА); ідэалагічная праца) актуальны толькі першы пункт. Скончана распрацоўка БАК «Грыф-1», які ў бягучым годзе пачне пастаўляцца для патрэб мінабароны. Для комплексу ёсць уся неабходная карысная нагрузка айчыннай вытворчасці рознага прызначэння (выведка, пошук і назіранне, радыёэлектронная барацьба). Вынікі рэалізацыі праграмы «Грыф» будуць мець значэнне для стварэння рабатызаваных комплексаў рознага прызначэння (інфармацыйных, разведвальных, баявых). Варта адзначыць, што планам стварэння БАК і рабатызаваных комплексаў у Беларусі надаецца павышаная ўвага.

Нягледзячы на абвешчаную прыярытэтнасць ТА, казаць аб наяўнасці ў краіне дзеючай яе сістэмы па-ранейшаму не выпадае. Тэрытарыяльныя войскі — аснова ТА, існуюць практычна толькі на паперы. Дастаткова сказаць, што органы кіравання імі ў мірны час павінны складаць 1,5% — 5% ад іх агульнай колькасці ваеннага часу (г.зн. 1800 — 6 000 чалавек), што прадугледжвае супастаўнае павелічэнне колькасці мінабароны. Аднак іх функцыі былі проста размеркаваны ў якасці дадатковай нагрузкі на ўжо існыя органы ваеннага і грамадзянскага кіравання. І шанцаў на паляпшэнне сітуацыі асабліва не праглядаецца.

Ідэалагічная праца нашых дзяржорганаў (як грамадзянскіх, так і ваенных) — гэта абсалютна правальны занятак ва ўмовах, калі замест ідэалогіі ў краіне ёсць бессістэмны набор заклікаў і лозунгаў, ніяк не звязаных з рэальным жыццём. Увогуле, як і меркавалася, сёлета працягвалі гучаць усё тыя ж крычалкі, нічым значным агітпрап разрадзіцца так і не змог.

Тэндэнцыяй мінулага года стала рэанімацыя Расіяй АДКБ. Раней гэтая арганізацыя з’яўлялася «адстойнікам» для высокапастаўленых ваенных чыноўнікаў перадпенсійнага ўзросту. Аднак у 2012 годзе ў рамках АДКБ прайшоў шэраг вучэнняў, сцэнар якіх дазваляе выказаць здагадку падрыхтоўку да супрацьстаяння экстрэмістам у паўднёвых рэгіёнах СНД і правядзенні там аперацый па стабілізацыі і прымусе да міру. Было заяўлена аб пераабсталяванні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ да 2015 года сучасным расійскім узбраеннем па пераліках ўзбраення, якое ёсць у спецпадраздзяленнях расійскага МУС, што вядуць супрацьпаўстанцкія дзеянні на Паўночным Каўказе. Апошняе сведчыць пра тое, што АДКБ рыхтуецца да супрацьстаяння менавіта з неканвенцыйным (г.зн. недзяржаўным) супернікам.

Праўда, застаюцца сумневы ў фінансавай забяспечанасці грандыёзных планаў АДКБ. Дастаткова сказаць, што абяцаны ў мінулым годзе Расіяй мільярд даляраў для кыргызскай арміі ў Бішкеку ўжо стаміліся чакаць.

Па выніку можна канстатаваць трансфармацыю АДКБ з саюза абарончага ў аб’яднанне з жандарскімі функцыямі, накіраванае, перш за ўсё, на падтрыманне ўнутранай стабільнасці ў дзяржавах-членах. Такое становішча адпавядае інтарэсам Захаду, і перш за ўсё — ЕС. Што азначае фактычнае абнуленне верагоднасці ваеннага супрацьстаяння Расіі і Захаду. У гэтай сітуацыі ўдзел нашай краіны ў АДКБ дыктуецца выключна магчымасцю атрымання прэферэнцый матэрыяльнага характару з боку Крамля, а не наяўнасць знешніх пагроз бяспецы дзяржавы. Апошняе сцвярджэнне справядліва і для разумення падаплёкі стварэння расійскай авіябазы ў Беларусі: вельмі патрэбны грошы. І патрэба гэтая будзе толькі ўзрастаць. Тым больш, што прэзідэнцкая выбарчая гонка ўжо стартавала.

Працягвае сваё дзеянне і «кітайскі фактар». Мінулы год адзначаны тым, што ўпершыню Пекінам была прадстаўлена дапамогу — 22 лёгкабраняваных аўтамабіля «Дунфэн Мэнш». Было абвешчана аб планах на працягу трох гадоў сіламі дзвюх краін запусціць спадарожнік сувязі. Пры гэтым Мінск дэманстратыўна падкрэсліў, што Расія да гэтага праекту дачынення не мае. У лістападзе на тэрыторыі Кітая адбылася другая сумесная трэніроўка «Імклівы арол». Беларускі кантынгент у ходзе мерапрыемства карыстаўся кітайскай стралковай зброяй, што можна разглядаць як яе своеасаблівую рэкламу.

Супрацоўніцтву з Кітаем спрыяе ідэалагічная блізкасць палітычных рэжымаў дзвюх дзяржаў. Аднак найбольш верагодным матывам цікавасці Пекіна да Мінска ўяўляецца атрыманне доступу да беларускіх ваенных тэхналогіяй і праз Беларусь — да расійскіх. Пытанне ў тым, як шмат гэтых тэхналогій у Беларусі яшчэ засталося.

Калі кітайцы «выпампуюць» усё, можа так стацца, што дамовы аб стратэгічным партнёрстве прыйдзецца здаць у архіў. Дэманстратыўныя заявы беларускіх уладаў аб развіцці супрацоўніцтва з КНР (у тым ліку і ў ваеннай вобласці) маюць на мэце фармаванне вакол Беларусі атмасферы канкурэнцыі, для выкарыстання гэтага ў якасці рычага ціску на Расію, з мэтай забяспечыць падтрымку рэжыму.

Ну і вядома застаецца надзея, што Пекін стане новым спонсарам. Праўда, шанцы на гэта — віртуальныя. Аднак пастаўкі ўзбраенняў з КНР могуць згуляць важную ролю ў забеспячэнні абароназдольнасці нашай краіны. Але за іх трэба плаціць. А плаціць за бяспеку ў Мінску традыцыйна не гатовыя. Бо галоўнае — гэта Дажынкі.

З улікам вышэйсказанага, заканамерна рэалізавалася здагадка аб тым, што ваеннае ведамства Беларусі будзе і сёлета знаходзіцца ў канцы чаргі па бюджэтны «пірог». Рэжым добра ўсведамляе адсутнасць рэальнай ваеннай пагрозы, а гіпатэтычныя пагрозы (напрыклад, канфлікт з НАТО) плануе парыраваць за кошт саюзніцкіх адносін з Расіяй.