Пакуль ва Украіне ладзілі выбары прэзідэнта, афіцыйныя Літва і Польшча дэманстравалі зацікаўленасць у збліжэнні з афіцыйным Мінскам.

На мінулым тыдні адбылася падзея, якая гіпатэтычна магла б мець да нас пэўнае дачыненне. Я маю на ўвазе прэзідэнцкія выбары ва Украіне. Калі б у выніку змены ўлады нашыя паўднёвыя суседзі пачалі істотнае збліжэнне з Расіяй, гэта магло б заўважна змяніць нашыя адносіны з Масквой.

 

ПАДЗЕІ ВА УКРАІНЕ ДЫ ІХ УПЛЫЎ НА БЕЛАРУСЬ

 

Відавочна, што Расія зацікаўленая ў Кіеве значна больш, чым у Мінску. Таму вельмі імаверна, што ў такім выпадку нашая краіна адышла б у расійскай палітыцы на другі план. Да таго ж Крамлю было б нашмат лягчэй ажыццяўляць на яе ціск як па палітычных, так і па эканамічных кірунках.

 

Аднак, нягледзячы на абвінавачванні ў бок Юліі Цімашэнкі і Віктара Януковіча ў прыхільнасці да Расіі, падаецца, любы з іх на пасадзе прэзідэнта не будзе праводзіць прамаскоўскую палітыку.

 

Адпаведна не будзе вялікіх зменаў і ў беларуска-ўкраінскіх стасунках, дзе варта чакаць паступовага развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. На антырасійскі саюз спадзяванняў няма, але па сутнасці іх і раней не было. Усе размовы такога кшталту вяліся выключна з мэтаю нейкім чынам паўплываць на расійскае кіраўніцтва.

 

Разлічваць на нейкае вельмі шырокае ўзаемадзеянне ў межах праграмы “Усходняе партнёрства” таксама не выпадае. Не ў апошнюю чаргу з-за таго, што развіццё самой гэтай праграмы цяпер неяк замарудзілася. Так што ўсё застанецца прыкладна ў тым жа стане.

 

Акрамя таго, у нашай вонкавай палітыцы абазначыўся і Захад, таксама ў выглядзе суседзяў. Літоўская генпракуратура, якая абвінавачвае генерала Усхопчыка, былога намесніка міністра абароны Беларусі, у непасрэдным дачыненні да гібелі людзей падчас штурму тэлевежы і будынку парламенту ў Вільні ў студзені 1991 года, чарговы раз заклікала да яго выдачы і чарговы раз атрымала адмову.

 

“БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАННЕ” Ў ЛІТВЕ

 

Міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас заявіў, што абяцанне Аляксандра Лукашэнкі аб супрацы па гэтай справе, якое той даў летась у Вільні, засталося нявыкананым. Аднак гэта не перашкодзіла прэзідэнту краіны Далі Грыбаўскайце абвесціць, што ўзаемадзеянне на найвышэйшым узроўні будзе працягвацца, і выказаць намер запрасіць на святкаванне 20-годдзя незалежнасці краіны, якое мае адбыцца 11 сакавіка, разам з калегамі з Еўрасаюзу яшчэ і беларускага кіраўніка.

 

Пазней яна выказала недавер кіраўніку вонкавапалітычнага ведамства, прычым літоўскія аглядальнікі не выключаюць, што адною з падставаў магло быць якраз разыходжанне па “беларускім пытанні”.

 

Вядома, для Літвы становішча справаў з Усхопчыкам непрыемнае, але ўсё ж не настолькі, каб з-за яго псаваць адносіны з афіцыйным Мінскам, дзе дамінуюць цяпер прагматычныя тэмы: транзіт беларускіх грузаў праз літоўскія парты, гандаль, памежныя і візавыя пытанні ды інш.

 

ЛІТВА, ПОЛЬШЧА, ЕЎРАСАЮЗ – АДЗІНАЯ СТРАТЭГІЯ?

 

Цікава, што літаральна ў той жа час з’явіліся звесткі, што канцылярыя прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага таксама разглядае магчымасць накіраваць запрашэнне Аляксандру Лукашэнку наведаць краіну ў ліпені з нагоды 600-годдзя бітвы пад Грунвальдам.

 

Што праўда, упэўненасці, што згаданыя візіты сапраўды адбудуцца, пакуль няма. Так, адным з імаверных кандыдатаў на замену Ушацкасу называюць кіраўніка камітэту замежных справаў Сейму Аўдронюса Ажубаліса, які раней не аднойчы рэзка выказваўся супраць парушэння ў Беларусі правоў чалавека.

 

У Польшчы таксама існуе супраціў, выкліканы сітуацыяй з Саюзам палякаў Беларусі. Недзе тыдзень таму гэта не перашкодзіла віцэ-прэм’еру польскага ўраду Вальдэмару Паўляку наведаць Беларусь. Але праз некалькі дзён адбыўся востры канфлікт у Івянцы, дзе затрымалі шэраг сяброў неафіцыйнага Саюзу, і цяпер ініцыятарам запрашэння будзе значна цяжэй пераконваць апанентаў.

 

Ясна, што намеры Літвы і Польшчы былі ўзгоднены з Еўрапейскім Саюзам, які імкнецца як мага глыбей прыцягнуць Беларусь да супрацы, часам нават адыходзячы ад сваіх асноўных прынцыпаў. Цяжка прадказаць, наколькі эфектыўнаю будзе такая стратэгія, але яна сведчыць аб зацікаўленасці ў захаванні незалежнасці нашай краіны. На маю думку, менавіта ў гэтым мае палягаць галоўны стратэгічны інтарэс і самой Беларусі. Аднак, гледзячы на паводзіны ўладаў краіны, пачынаеш у гэтым сумнявацца.

 

n-europe.eu