Амаль год арганізатары і ўдзельнікі Дыялогу пра мадэрнізацыю з Беларуссю (ДМБ) чакалі адказу афіцыйнага Мінска наконт удзелу дзяржаўных экспертаў. І вось нарэшце дачакаліся. У канцы студзеня беларускі МЗС разаслаў у еўрапейскія сталіцы non-paper, у якім ставіць свае ўмовы ўдзелу ў Дыялогу.

Гэтыя ўмовы і прапановы даволі прадказальныя; прыкладна так мы прагназавалі яго магчымае разгортванне ў ранейшых тэкстах BISS. Калі бліжэй да тэксту, то Мінск хоча наступнага:

  • Не проста дыялогу, але раўнапраўнага Партнёрства па мадэрнізацыі (прыкладна такога, які ЕС мае з Расіяй);
  • Партнёрства мусіць быць інструментам дапамогі, ў першую чаргу, ў сацыяльнай і эканамічнай сферах;
  • Любая дапамога мусіць засноўвацца выключна на патрэбах беларускага боку і зацвярджацца ім. “Урад незалежна вызначае змест, напрамак і глыбіню трансфармацыі ў адпаведнасці з выклікамі, якія стаяць перад беларускай дзяржавай і грамадствам”;
  • Структура партнёрства прапануецца прыкладна такая, якая прысутнічае ва Ўсходнім патнёрстве (рэгулярныя сустрэчы на розных узроўнях);
  • Прапануецца замацаваць гэтыя прынцыпы ў адмысловай двухбаковай дэкларацыі;
  • Для рэалізацыі ініцыятывы прапануецца скласці “дарожную мапу” на 2013-2015.

Такім чынам, беларускае кіраўніцтва хацела б калі не цалкам перафарматаваць ДМБ, то адкрыць у ім новае, двухбаковае вымярэнне, дзе адбавалася б камунікацыя на ўрадавым узроўні ў двухбаковым фармаце. Без апазіцыі і трэцяга сектару. Прыкладна такое раздзяленне ёсць ва Ўсходнім Партнёрстве, дзе міжурадавыя стасункі аддзеленыя ад камунікацыі на ўзроўні грамадзянскіх супольнасцяў краін-удзельніц (Форум грамадзянскай супольнасці). Цікавае яшчэ і разуменне афіцыйным Мінскам рамадзянскай супольнасці – “Па меры развіцця Партнёрства, бакі могуць разглядзець магчымасць далучэння беларускай грамадзянскай супольнасці шляхам заснавання адпаведнай платформы для дыялогу паміж бізнэс-асацыяцыямі з Беларусі і ЕС”.

Калі еўрапейскі бок пойдзе на нейкі кампраміс у гэтым пытанні, то мы маем шанец атрымаць нейкі аналаг УП, толькі ў давухбаковым фармаце. І тут паўстане праблема адсутнасці нармальнай прававой базы двухбаковых стасункаў з ЕС. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.