Чаму беларуская служба “Радыё Свабода” вырашыла парадаваць слухачоў ды чытачоў сайта леташнім снегам, гісторыя змоўчвае. Але факт тое, што 7 жніўня рэсурс стрэліў псеўданавіной — “НІСЭПД: Рэйтынг Лукашэнкі — 30%”.
“Псеўда-” — бо гэтыя звесткі былі абнародаваны яшчэ пры канцы чэрвеня, і журналісты, медыі, што ўважліва сочаць за дзейнасцю НІСЭПД, даўно перажавалі ды выплюнулі тыя 30% (калі болей дакладна, то 29,7%). На nn.by, напрыклад, гэта зрабілі яшчэ 27 чэрвеня. Праз дзень тэму адпрацаваў “Белсат”.
Дзеля справядлівасці зазначу, што жнівеньскую публікацыю на сайце “Радыё Свабода” ўратоўваюць два моманты: нізка каментароў і прыгожая графіка. Фактычна атрымалася грунтоўная, цікавая аналітыка, хай сабе і з выкарыстаннем сацыялагічнай асятрыны другой свежасці.
Знайшлі сякеру пад лавай
Але ж іншыя рэсурсы павяліся, палічылі тую асятрыну самым што ні на ёсць свежаком! “Сенсацыю” хуценька падхапіў udf.by, прычым “узмацніў” загаловак — “Рэйтынг Лукашэнкі абваліўся да 30%”.
Увогуле мы часта спекуляцыйна “ўзмацняем”. Асабліва калі карціць лішні раз убрыкнуць нялюбы рэжым і ягонае персанальнае ўвасабленне.
Так, гіпербалы, драматызацыя, завастрэнне, экспрэсія — цалкам легальныя выяўленчыя сродкі журналістыкі. Але ж трэба адчуваць меру, не пераходзіць мяжу, за якой пачынаецца відавочнае скажэнне. У нашым канкрэтным выпадку “абвал” — занадта гучна. Той, хто сочыць за незалежнай сацыялогіяй, ведае, што насамрэч дынаміка рэйтынгу першай асобы — калі ўзяць, напрыклад, апошні год — болей складаная і неадназначная.
Сапраўдны абвал рэйтынгу нязменнага прэзідэнта Сінявокай — да 20,5% — быў летась у верасні, калі рубель дэвальваваўся, а інфляцыя зашкальвала. Во той паказчык быў насамрэч ніжэйшы за плінтус, пра што пісаў тады, у прыватнасці, і аўтар гэтых радкоў: “Рэйтынг Лукашэнкі спікіраваў да гістарычнага мінімуму”. У тым кантэксце, згадзіцеся, і “спікіраваў” было дарэчы.
З таго часу, аднак, паказчык паспеў заўважна падрасці, аж да 34,5% сёлета ў сакавіку, а потым зноў стаў спаўзаць, прычым насуперак росту заробкаў. Аналітыкі патлумачылі гэта, у прыватнасці, стомленасцю насельніцтва ад аднаго палітыка, ростам зняверанасці. Карацей, усё акуратна расклалі па палічках.
Але сістэмная аналітычная праца з сацыялагічнымі звесткамі характэрная хіба што для жменькі беларускіх анлайнавых рэсурсаў. Бальшыні ж калег, як бачым, улом зазіраць на сайт НІСЭПД, дзе — варта, дарэчы, зняць капялюш — рэгулярна, поўна і з грунтоўнымі каментарамі падаюцца вынікі нацыянальных апытанняў. А каму-кольвек, відаць, няма калі чытаць нават лапідарныя прэс-рэлізы гэтай незалежнай сацыялагічнай інстытуцыі, што рассылаюцца, бадай, усім болей-меней значным медыям.
Вось тыя, каму ўлом, і знаходзяць сякеру пад лавай са спазненнем на паўтара месяца.
Эпідэмія псеўдасенсацыі
Малюем нашу панараму віруснага распаўсюду псеўдасенсацыі далей. Загалоўкам “Рэйтынг Лукашэнкі зноў пайшоў уніз” стрэліў у той жа дзень 7 жніўня і “Белорусский партизан”. Прычым “Партызан” яшчэ і замаскаваў копіпэйст пад свой матэрыял, схаваўшы спасылку на сайт “Радыё Свабода” ў сярэдзіну тэксту ды паставіўшы ў нізе перадруку свой брэнд.
Сайт прыхільнікаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў той самы дзень нядоўга думаючы перапосціў нібыта навіну пра Лукашэнкаў рэйтынг у свабодаўцаў. З чаго можна зрабіць выснову, што ў АГП не надта сочаць за ўзроўнем папулярнасці дзейнага кіраўніка. Панове палітыкі, гэтак можна праспаць і момант, калі ўлада зусім пад нагамі валяцца будзе!
Тым часам “сенсацыя” пайшла па рэгіёнах: яе далі, у прыватнасці, ex-press.by, smaliavichy.by. Прычым на смалявіцкім сайце сацыялагічную інстытуцыю яшчэ і абазвалі НІСПЭДам.
Асабліва ж пастаралася “Радыё Рацыя”: на фотаздымку да тэксту пад загалоўкам “Рэйтынг Лукашэнкі пачаў зніжацца” афіцыйны лідэр з млосным выглядам выцірае насоўкай твар. Хаця чаго ўжо так пераймацца: лічба ж старая!
Цікава, што паводле версіі радыстаў, якія “любяць вушамі”, НІСЭПД тую лічбу “агучыў” (трэба разумець, толькі што). Дык калі менавіта? Чыімі вуснамі? Дзе тады фанаграма?
Бяздумны копіпэйст — чума XXI стагоддзя
Пракол з рэйтынгам — на жаль, не ўнікальны. Увогуле бяздумны копіпэйст — чума XXI стагоддзя. Класіка жанру — выпадак, калі беларускія анлайнавыя медыі заўчасна накіравалі Лукашэнку ў Новы Свет.
Гэта было 11 сакавіка 2010 года, калі шэраг рэсурсаў без праверкі растыражавалі “качку” АФН пра тое, што кіраўнік краіны нібыта паляцеў у Венесуэлу. І толькі ў БелаПАНе зрабілі элементарны прафесійны крок — патэлефанавалі прэзідэнцкаму прэс-сакратару, які паведаміў, што шэф на месцы.
Гэтаксама на мінулым тыдні шмат якія айчынныя вэб-медыі “арыштавалі” гомельскага мэра. Хуценька перадрукавалі гарачую інфу з TUT.by. А “Товарищ-online” яшчэ і замалаціў хвосткі загаловак з глабальным абагульненнем — “Карупцыя раз’ядае прэзідэнцкую вертыкаль”.
Між тым тутбаеўскі аўтар спрацаваў непрафесійна, парушыў правіла дзвюх крыніц. “Укід” ад ананіма з мэрыі трэба было праверыць, звярнуўшыся да мясцовых сілавікоў.
Дарэчы, нават пасля таго, як інфа была зняпраўджана, асобныя рэсурсы працягвалі навыперадкі перадрукоўваць “качку”. Потым некоторыя сайты сталі ліхаманкава мяняць загалоўкі, выяўляючы фантастычны крэатыў, кшталту: “Арыштаваны мэр Гомеля” — на “Арыштаваны мэр Гомеля?”. А “Партызан” так спяшаўся, што напісаў на трасянцы — “Где отдыхае мэр Гомеля — на нарах или на пляже?”.
“Товарищ-online” выправіўся цераз два дні матэрыялам «Арыштаваны» кіраўнік Гомеля Піліпец правёў семінар«. Аднак папярэдняя публікацыя-дэза на момант напісання гэтых радкоў таксама вісела на сайце (да ведама калег: я на ўсялякі пажарны захоўваю скрыншоты).
У асноўным жа рэсурсы, даўшы фальшывы зліў, потым нават не пацікавіліся, дзе ж сапраўды Піліпец — за кратамі ці выйшаў на працу.
Гэтыя напалову анекдатычныя гісторыі яскрава выяўляюць хранічную журналісцкую хваробу.
Кажучы словамі Пушкіна, “мы ленивы и нелюбопытны”. Не сочым сістэмна за навінамі, не вывучаем адмыслова тэмы, не спецыялізуемся. Веды маем, як герой Коласа, “у адну столку”. Рэдка шукаем свяжак ды кантактуем са знаўцамі пытання ў рэале, збольшага сядзім за кампом ды маніторым, што дзе з’явілася, каб хуценька спіянерыць. Інфу не правяраем. Падчас інфармацыйнага бязрыб’я бяздумна накідваемся на асятрыну другой свежасці і копіпэйцім, копіпэйсцім, копіпэйсцім, не уключаючы мазгі. Прафесійная мараль пры гэтым нервова курыць убаку.
Адзін з маіх таварышаў, медыйны аналітык, з’едліва назваў апісанае тут аднабайтавым мысленнем. Калегі, а мо зробім сабе апгрэйд, трохі пашырым аб’ём аператыўкі ў чарапной каробцы?
Каментары