Людзі хварэюць па-рознаму. І толькі чыноўнікі — аднолькава.
Згусцеюць хмары над галавой якога чынушы, ён — брык на бальнічны ложак і ляжыць. Медыкі заўважылі нават, што з перапуду начальнікі часта хварэюць на ныркі. Твар у іх робіцца азызлы, а пад вачыма ўтвараюцца мяшкі. Так было за савецкім часам, і тое ж адрадзілася ў сучаснай Беларусі. Магчыма, нават у большым маштабе і з некаторымі нюансамі ў хваробе «вертыкальных» чыноўнікаў рознага калібру.
Пайшлі самыя неверагодныя чуткі
Да прыкладу, у жніўні некаторыя інтэрнэт-рэсурсы напісалі, што супрацоўнікі сілавых структур затрымалі старшыню Гомельскага гарвыканкама Віктара Піліпца. Аднак ідэолагі гарвыканкама абверглі гэтую інфармацыю: старшыню не затрымалі, ён нават не хворы, ён — у адпачынку. А праз тры тыдні Піліпца знялі з пасады і перамясцілі ў крэсла першага намесніка дырэктара камунальнага прадпрыемства «Гомельаграпрампраект».
На прадпрыемстве спачатку пацвердзілі, што Віктар Піліпец сапраўды ў іх штаце, але калі на працы ён не паявіўся, заявілі: «Захварэў».
Тым часам у горадзе сталі распаўсюджвацца самыя неверагодныя чуткі пра лёс нядаўняга кіраўніка горада. Нават казалі, што ён нібыта звёў рахункі з жыццём: адны гаварылі — павесіўся, іншыя — застраліўся.
І толькі 26 верасня, пасля завяршэння парламенцкіх выбараў, Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што Віктар Піліпец узяты пад варту на аснове «часткі 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэкса — «Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў». Такая вось хвароба!
Сталая гамельчанка Людміла так выказалася наконт сітуацыі з былым мэрам: «Гэта ўсё адбываецца ад недахопу інфармацыі. Атрымліваецца вакуум, нейкая «чорная яма». Таму трэба ўсё гэта шырэй асвятляць, якой бы непрыемнай ні была гэтая інфармацыя. Факт, канечне, абуральны: магчымасць ёсць красці, а сумлення мала — тут апетыты і разгуляліся».
Нераўнадушны да мясцовых спраў гамяльчук Андрэй яшчэ больш катэгарычны ў ацэнках: «Тое, што ў горадзе адбываецца, па-зладзейску называецца перадзел улады. Па-мойму, Піліпец з кімсьці своечасова не падзяліўся. Штосьці яны дзеляць, і трэба сваіх паставіць».
Чытаць цалкам ТУТ.
Каментары