Напісаны Мікалаем Каспяровічам на аснове матэрыялаў Віцебскага акруговага краязнаўчага таварыства “Віцебскі краёвы слоўнік” быў першым у серыі краёвых слоўнікаў, падрыхтаваных у выніку масавай краязнаўчай работы.

Усяго меркавалася сабраць матэрыял для 16 падобных прац, якія адлюстроўвалі лексіку тагачасных адміністрацыйных акруг (складаліся з 10 – 12 раёнаў). Аднак было наперад вядома, што не ўсе слоўнікі акажуцца выкананымі на добрым узроўні, таму планавалася апублікаваць толькі лепшыя. Камісія жывой беларускай мовы Інстытута беларускай культуры, якая займалася арганізацыяй гэтай работы, мела выключна мала часу для яе правядзення. У верасні 1925 года была надрукавана “Інструкцыя для збірання слоўніка-тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове”, у лістападзе гэтага ж года разам з лістоўкай-заклікам “Да беларускага настаўніцтва” яна была разаслана акруговым і мясцовым краязнаўчым арганізацыям. Канчатковым тэрмінам збору матэрыялу была вызначана дата 1 студзеня 1927 года. Гэта быў празмеру аптымістычны тэрмін для такой грандыёзнай работы, у выніку матэрыялы збіраліся і пазней. На працягу трох гадоў у камісію з тэрыторыі Мінскай акругі паступіла больш за 18 тысяч картак, з Мазыршчыны і Бабруйшчыны – больш за 10 тысяч. Паспяхова вялася падрыхтоўка калінінскага акруговага слоўніка ў г. Клімавічы (акруга існавала ў 1924 – 1927 гг.).

На Віцебшчыне, дзе арганізатарам і навуковым сакратаром акруговага таварыства краязнаўства быў М. Каспяровіч, народныя словы збіраліся найбольш актыўна. За тры гады ў камісію ў Менск з тэрыторыі Віцебшчыны было даслана больш за 37 тысяч картак. Сам аўтар “Віцебскага краёвага слоўніка” пачаў запісваць віцебскую лексіку яшчэ з верасня 1924 года, часу, калі ён быў прызначаны інспектарам Віцебскага акруговага аддзела народнай асветы і стаў бываць “у полі” па службовых акалічнасцях. Пазней М. Каспяровіч запісваў словы ў адпаведнасці з інструкцыяй Інбелкульта, да пачатку 1926 г. ён меў ужо больш за 10 тысяч запісаў. М. Каспяровіч арганізаваў інтэнсіўны збор лексікі ў рэгіёне, у які ўключыліся звыш 200 настаўнікаў, аграномаў, паштальёнаў, работнікаў хат-чытальняў. За паўтара года яны перадалі ў слоўнікавую камісію Віцебскага акруговага таварыства больш за 36 тысяч картак-слоў,  якія разам з сабранымі самім М. Каспяровічам запісамі, а таксама з запісамі, якія паступілі ад пэўных арганізацый і калектываў, паслужылі картатэкай пры ўкладанні слоўніка. Першыя апрацаваныя літары слоўніка былі перададзеныя на рэдагаванне ў Інбелкульт ужо ў ліпені 1926 года, а выдадзены слоўнік быў у Віцебску ў 1927 годзе.

Слоўнік складаецца з 9703 слоў, зафіксаваных у 591 населеным пункце былой Віцебскай акругі. Аднак гэта былі не толькі рэгіянальныя словы: часткова ў рэестр была ўключана і агульнаўжывальная беларуская лексіка. З’яўленне слоўніка было вялікай падзеяй для рэгіёна, асабліва для яго адукацыйных і культурных устаноў. Яшчэ да яго выдання Віцебскі аддзел народнай асветы замовіў  800 асобнікаў для сваіх патрэбаў.

З аднаго боку, сучаснае выданне “Віцебскага краёвага слоўніка” слоўніка ўяўляе сабой помнік тым шматлікім людзям, якія ўнеслі ўклад у яго падрыхтоўку. З другога, дазваляе нам больш пазнаць беларускую мову ўвогуле і ў яе віцебскай іпастасі, у прыватнасці.