У 1920-я гг. беларускія мовазнаўцы найперш вырашалі практычныя задачы, якія стаялі перад імі ў сувязі з правядзеннем палітыкі беларусізацыі. І толькі пераважна пазней заняліся ўласна навуковымі даследаваннямі. Пераломным у плане стаўлення да навуковых лінгвістычных штудый быў 1926-ы год, калі была праведзена Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Аднак ракурсы, не арыентаваныя адзіна на вымогі культурнай або дзяржаўнай практыкі, а засяроджаныя на пастаноўцы і вырашэнні буйных навуковых задач, прысутнічалі ў лепшых беларускіх мовазнаўчых працах і раней.

Да ліку такіх узораў належала ініцыяваная Сцяпанам Некрашэвічам у 1925 г. падрыхтоўка “вялікага” слоўніка жывой беларускай мовы, якая спалучала ў сабе амбітны навуковы пафас (укладанне “поўнага” слоўніка асобнай мовы заўсёды няпростае) з вялікай карпатлівай збіральніцкай работай. Праект выконвала спецыяльна створаная ў Інстытуце беларускай культуры камісія. Адным з напрамкаў дзейнасці камісіі быў “франтальны” збор народнай лексікі, арганізаваны пры дапамозе шматлікіх тагачасных краязнаўчых арганізацый. У лютым 1926 г. С. Некрашэвіч выступіў з дакладам “Мовазнаўчая праца краязнаўчых арганізацый” на Першым усебеларускім краязнаўчым з’ездзе, дзе растлумачыў вялікае значэнне далучэння краязнаўцаў да выканання лінгвістычных задач. Планы і вынікі дзейнасці слоўнікавай камісіі, скіраваныя на збіранне лексічнага матэрыялу, не могуць не ўражваць і сёння. Камісія пастанавіла ўкласці дзесяць краёвых слоўнікаў (адпаведна з колькасцю тагачасных акруговых краязнаўчых таварыстваў), тры слоўнікі для Заходняй Беларусі і тры слоўнікі для Гомельшчыны, Смаленшчыны і Невельшчыны. Калі па стану на люты 1926 г. слоўнікавая камісія мела каля 80 тысяч картак-слоў, выпісаных пераважна яе супрацоўнікамі з тагачаснай літаратурнай мовы, то к канцу 1927 г. картатэка слоўніка налічвала ўжо больш за 400 тысяч адзінак, пры гэтым укладзена яна была ўжо з апорай на працу вялікай колькасці людзей. Па закліку Інстытута беларускай культуры зборам беларускіх слоў у гэты час займаліся каля 2500 чалавек! На жаль, з-за трагічных падзей 1930-х гг. гэты грандыёзны праект беларускай лінгвістыкі не быў ажыццёўлены…

У той час, як спачатку галоўным напрамкам дзейнасці ў галіне рэгіянальнай лексікаграфіі была падрыхтоўка “краёвых” слоўнікаў, якія адлюстроўвалі лексіку тагачасных адміністрацыйных акруг (складаліся з 10 – 12 раёнаў), пазней прыйшлі да высновы, што ёсць сэнс рыхтаваць таксама і слоўнікі асобных раёнаў. Укладанне акруговых слоўнікаў было немагчымае без удзелу ў гэтай рабоце вялікай колькасці людзей (што не заўсёды атрымлівалася арганізаваць зусім якасна), а меншыя слоўнікі маглі рыхтаваць невялікія калектывы, нават асобныя выканаўцы. Найбольш дасканала выкананыя працы Інбелкульт быў гатовы друкаваць.

Да ліку такіх прац належаў  падрыхтаваны на працягу 1927 г. настаўнікам Навасёлкаўскай школы Пухавіцкага раёна Мікалаем Шатэрнікам (1890 – 1934) “Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны”, які налічваў каля 9 тысяч слоў.

Народжаны ў вёсцы Старына былога Ігуменскага павета (цяпер Чэрвеньскі раён), выпускнік Смілавіцкай царкоўнапрыходскай школы і Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1914), М. Шатэрнік працаваў у розных школах на Міншчыне: у Смілавічах, Чэрвені, у вёсцы Ляды Чэрвеньскага раёна, у вёсках Дукора і Навасёлкі Пухавіцкага раёна. Добрае веданне мясцовай лексікі, а таксама агульная захопленасць тагачасным размахам краязнаўчай работы дазволіла яму падрыхтаваць слоўнік, які хоць і грунтаваўся пераважна на запісах у в. Старына, быў няпоўным (што аўтар сам усведамляў), аднак быў выканананы на высокім навуковым узроўні. Супрацоўнікі камісіі жывой беларускай мовы М. Байкоў і Б. Эпімах-Шыпіла аддалі належнае “дыялекталагічнай правільнасці” зробленых М. Шатэрнікам запісаў, іх “суцэльнасці і адналітнасці”. Дакладнасць выкарыстаных пры ўкладанні слоўніка запісаў зрабіла добрую паслугу пачынальніку беларускай філалогіі, акадэміку Яўхіму Карскаму, які, грунтуючыся на прыведзеных у працы ілюстрацыях, у 1930 г. апублікаваў дыялекталагічны нарыс Чэрвеньскага раёна. Слоўнік не страціў свайго навуковага значэння і сёння. Напрыклад, на яго аснове можна зрабіць пэўныя вывады наконт таго, у якім выглядзе бытавалі ў 1920-я гг. у народнай мове некаторыя запазычаныя словы.

І, вядома ж, слоўнік М. Шатэрніка каштоўны тым, што ў ім зафіксаваны як агульнанародныя словы, вядомыя на ўсёй тэрыторыі Беларусі, так і багатыя россыпы народнай лексікі Чэрвеньшчыны. Слоўнік Шатэрніка можа быць  прыдатны для сучасных карыстальнікаў беларускай мовы, якія не хочуць абмяжоўвацца “дыстыляванай” літаратурнай мовай, а імкнуцца авалодаць ёй  ва ўсёй яе красе і разнастайнасці.


Гл. таксама: Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны