Арганізатар, у рэшце рэшт — гэта вяртанне да традыцыйнага фармату працы, да аргкамітэта, петыцыяў, заяваў і пракламацыяў: усё гэта — XIX стагоддзе. Удзельнікі акцыяў жывуць стагоддзем XXI-м.

Ініцыятыва «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» пайшла на спад. Нейкім чынам каля тыдня таму яна раптам пачала губляць сваю энергетыку. У якасці месца збору сталі прапаноўвацца відавочна пройгрышныя лакацыі (здаецца, на адным з этапаў нават фігуравала пл. Бангалор для Савецкага раёна Менска — потым яе замянілі на універсам «Рыга»), пачалі рабіцца дзіўныя заявы, якія адвабілі частку тых, хто разглядаў мерапрыемства як падставу для шпацыру вечарам па цэнтры горада.

Страта энергіі тэмпаральна супала з выхадам на першы план т.зв. «Арганізатараў акцыі». Трэба патлумачыць, што да гэтага «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» існавала на некалькіх віртуальных пляцоўках, адной з якіх сапраўды быў «Рух будучыні», які, тым ня менш, не граў лідзіруючай ролі (а хто граў — пытанне: можа быць, усё той жа рух, толькі — з ценю).

Прынамсі, падтрымлівалася акцыя менавіта дзякуючы таму, што была ананімнай, што ў яе не было арганізатараў. Ні добрых, разумных, тэхналагічных, ні дурных, якія прапануюць дзіўныя рашэнні, якія нібы адмыслова адштурхоўваюць ад удзелу.

І вось раптам з’явіўся чалавек — той самы, які прапанаваў збірацца не ў адным месцы, а ў розных месцах у сталіцы, і гэты чалавек стаў даваць інтэрв’ю. І ўсе, хто выходзіў раней, раптам зразумелі, што калі яны выйдуць ізноў, яны выйдуць нібы за гэтага чалавека.

У каментах да навінаў «Хартыі-97» і «Нашай нівы» ужо гучаць крыкі пра тое, што Вячаслаў Дзіянаў — «гіцаль», і яго трэба ігнараваць. Насамрэч, ігнараваць трэба акурат тых, што крычаць, бо параноя за апошнія 16 гадоў становіцца галоўнай формай беларускай публічнай палітыкі. У такіх умовах ніхто не валодае маральным правам вінаваціць іншага — тым больш, тых, хто мае дачыненне да такой акцыі, як «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» — у супрацоўніцтве са спецслужбамі. Гэтыя заявы тым больш дурныя, што, калі пачытаць Радзінскага, Сталін быў агентам царскай ахранкі. І, тым ня менш, прывёў Леніна да перамогі ў 17-м годзе. Так што давайце ня будзем, давайце адкінем шызафрэніі, і будзем разважаць разумна.

Давайце апішам з’яву арганізатара як такога, каб зразумець, чым ён горшы за адсутнасць арганізатара, якая, строга кажучы, прадугледжваецца самім паняццем networking.

— Арганізатар — жывы чалавек. Яго можна запалохаць. Калі арганізатар знаходзіцца па-за межамі рэспублікі, яго можна запалохаць з дапамогай сваякоў. Калі запалохаць арганізатара немагчыма праз адсутнасць сваякоў у Беларусі, яго можна падкупіць.

— Арганізатара можна дыскрэдытаваць. З моманту пачатку «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» БТ прапаноўвае лічыць яе арганізатарам менавіта Дыянава і ўжо пачало кампанію палівання яго брудам. Ачарненне арганізатара ачарняе ідэю, якую ён ўвасабляе.

— Ідэі ня маюць біяграфій, людзі — маюць. Для кагосьці праца на кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука можа ператварыцца ў негатыўны фактар.

— Арганізатар можа памыляцца. У інтэрв’ю на «Свабодзе» Дзіянаў адзначыў, што перад тым, як вырашыць, які фармат збору рэкамендаваць, ён выслухоўвае ўсе прапановы карыстальнікаў Сеткі. Але памылковым можа быць само рашэнне, сам выбар. Калі рашэнні прымаюцца калектыўна, Сеткай, яны застрахаваныя ад памылак. Як арганізатары ўяўлялі сабе візуалізацыю адначасовага сігналу будзільніка а 20.00? Як сфатаграфаваць пратэст?

— Арганізатар кажа «я», Сетка кажа «мы». «Мы» больш пераканаўча, чым «я».

— Арганізатар прадугледжвае выбудоўванне іерархіі, якая ўразлівая для сілавых органаў.

— Медыя заўсёды і ўсюды шукаюць «арганізатараў». Нават там, дзе іх няма. У гэтым сэнсе Дыянаў — не самаабвешчаны арганізатар, але чалавек, сканструяваны газетамі і сайтамі. Нам, журналістам, патрэбен быў адрасат, мы яго знайшлі. Але ў медыя — свая логіка. І часцяком ёй лепш супрацьстаяць.

— Арганізатар, у рэшце рэшт — гэта вяртанне да традыцыйнага фармату працы, да аргкамітэта, петыцыяў, заяваў і пракламацыяў: усё гэта — XIX стагоддзе. Удзельнікі акцыяў жывуць стагоддзем XXI-м.

Паўтаруся, энергія акцыяў пайшла на спад. Цалкам магчыма, мы назіраем паміранне яшчэ адной бліскучай ідэі. Зрэшты, ня выключана, што Сетка — дысперснасць, шматгалосіца, ананімнасць, мабільнасць і інтэрактыўнасць — апынецца мацнейшай і разумнейшай за тых, хто кажа ад яе імя.

34mag.net