Францыя. Пасьля ўніверсітэтаў, заправак, партоў цяпер выказвае свой пратэст і паліцыя спецыяльнага назначэньня! Мала каму вядома, што французкія паліцыянты маюць свае прафсаюзы. Я іх налічыла як найменей тры. Зрэшты, нічога дзіўнага, гэта такая ж прафэсія, як і іншыя.

З адзіным толькі адрозьненьнем, што паліцыянты ня маюць права мітынгаваць, паколькі падчыняюцца загадам і ўнутраным пастановам. Спецыфіка прафэсіі…

 

І што вы думаеце? Гэта магло спыніць крэатыўных бунтаўшчыкоў-французаў? Паліцыянты CRS (кшталту нашага АМАПу ці Спецназу) заявілі пра сябе, па-першае, калі ў сераду 70 % ад іх актыву выйшла на бальнічныя ў прыгарадзе Льёна. У суботу раніцай гісторыя паўтарылася, калі на працу з нагоды хваробы не зьявіліся 74 з 84 паліцыянтаў кампаніі CRS, што мусілі забясьпечваць парадак падчас футбольнага матчу Arles-PSG у Пэрпін’яне. Іхныя калегі зь іншага адзьдзелу замянілі іх, пасьля чаго заявілі аб салідарнасьці і далучыліся да галадоўкі. Саму галадоўку абвесьцілі паліцыянты CRS у Парыжы ды Марсэлі пасьля таго, як Міністар Унутраных Справаў Брыс Ортэфё (Brice Hortefeux) заявіў, што паўстае пытаньне аб закрыцьці адзьдзелаў у Льёне ды Марсэлі (кожны налічвае па 130 чалавек). Таксама пад пагрозай зачыненьня знаходзяцца 7 эскадрыльляў жандармерыі. Да пратэсту далучылася й «сотня чалавек», сярод якіх «сем’і паліцыянтаў CRS». Яны мітынгавалі раніцай перад аддзелам CRS-46 у Сан-Фой-Лэ-Льён (Sainte-Foy-lès-Lyon). Некалькі хвілін мітынгоўцы блякавалі ўваход у казармы. Паводле прафсаюзаў, 61 аддзел CRS ужо распачаў бестэрміновы «супраціў», які выражаецца ў невыкананьні дарожнага кантролю ды нескладаньні пратаколаў.

Усяго за два апошнія гады французкая паліцыя была скарочаная на 1300 чалавек.

 

stuzka-by.livejournal.com