Цікава, чым беларусы на наступным перапісе праз 10 гадоў будуць адрозьнівацца ад сібіракоў? Уласнай дзяржаўнасьцю?

Асноўныя дэмаграфічныя і сацыяльныя характарыстыкі насельніцтва Рэспублікі Беларусь па выніках перапісу насельніцтва 2009 году (прэс-рэліз Нацыянальнага статыстычнага камітэту):

http://belstat.gov.by/homep/ru/indicators/pressrel/census.php

Цікавы народ беларусы: доля іх становіцца ўсё большай (з 1999 г. да 2009 г. вырасла на 2,5% да 83,7%), а іншых нацыянальнасьцяў усё меншай (расейцаў напрыклад, за 10 гадоў паменела на 3,1% – 785 тыс.), а беларуская мова зьяўляецца ўсё меншай каштоўнасьцю для беларусаў, асабліва ў буйных гарадах і Менску.

Вылучаецца беларускасьцю толькі Менская вобласьць, дзе беларуская мова па-ранейшаму для вельмі многіх родная (69,3%). У іншых абласьцях беларуская названа роднай не на шмат больш за расейскую. У Гарадзенскай вобласьці ў прынцыпе для большасьці таксама яшчэ беларуская мова родная (59,2%). Хм, пры грамадзкім стэрэатыпе, што там жывуць каталікі-палякі… А палякаў у Беларусі стала за 10 гадоў ажно на 101 тыс. менш – 295 тыс. Украінцаў ужо ўсяго 159 тыс., габрэяў больш чым у два разы меней стала – усяго нейкіх 13 тыс.

Для жыхароў Берасьцейшчыны беларуская мова родная толькі трохі больш за палову насельніцтва – 53,2%.

 

Цікава было б параўнаць яшчэ па рэгіёнах вобласьці, напрыклад Баранавіцка-Ляхавіцка-Ганцавіцкі і Кобрыньска-Маларыцка-Драгічыньскі, а таксама Пінска-Столінскі. Паводле дадзеных перапісу ў Берасьцейскай вобласьці 26,7% дома звычайна размаўляе па-беларуску…

Для параўнаньня хатняя мова – беларуская ў іншых абласьцях краіны:

 

– Віцебская вобл. – 22,4%

 

– Гомельская вобл. – 22,6%

 

– Гарадзенская вобл. – 35%

 

– Менская вобл. – 38,9%

 

– Магілёўская вобл. – 19,6%

 

– г. Менск – 5,8%.

А ў сярэднім па Беларусі – хатняя мова беларуская ў 23,4% жыхароў краіны. Вясковае насельніцтва паводледадзеных перапісу 2009 г. у нас цяпер усяго 25,7%. Такім чынам, нават калі дапусьціць, што толькі вёска яшчэ размаўляе па-беларуску, выходзіць, што і там ужо расейская мова хатняя…

Цікава, чым беларусы на наступным перапісе праз 10 гадоў будуць адрозьнівацца ад сібіракоў? Уласнай дзяржаўнасьцю?

 

jacviah.livejournal.com