Кажуць, быццам бы стары Бог памёр яшчэ ў 19 стагоддзі. Прынамсі ў Еўропе аб гэтым было заяўлена не толькі хворым Ніцшэ, а і больш ураўнаважанымі ды прагматычнымі асобамі. Аднак “вярхоўны пасад” пуставаў нядоўга. Лагічна, што ў эпоху заняпаду патрырхату, яго заняла “жанчына”. Не, не дзева Марыя і не прамаці-зямля Гея, а даволі празаічная багіня, ціхамірная валадарка сёньняшніх розумаў і душ — пані Эканоміка.

 

Узыходжаньне яе да вяршыняў пачалося даўно, але відавочным стала пасьля К.Маркса. Якому цяпер прыпісваюць шмат уяўных грахоў і незаслужаных дасягненьняў, аднак усе сыходзяцца на тым, што, як мінімум, ён быў выбітным тэарэтыкам-эканамістам. Менавіта з яго эканоміка стала лічыцца галоўным рухавіком гісторыі, сэрцам прагрэсу, першакрыніцай духоўных, палітычных і сацыяльных пераўтварэньняў цывілізацыі. “Узбочны” прадукт марксавай тэорыі —камуністычны прывід— у рэаліях 20 ст. развеяўся як дым, а вось эканоміка наадварот — стала практычнай рэлігіяй нашага часу, стрыжнем сучаснага жыцьця. Прычым, не толькі на Захадзе, але на ўсіх кантынентах і геапалітычных абшарах. Пра што часьцей кажуць і пішуць СМІ? Пра эканоміку! Што найбольш аналізуецца, абмяркоўваецца і прагназуецца лепшымі розумамі сьвету? Стагнацыя, рэцэсія, курсы валют, біржавыя каціроўкі, тэорыя спажываньня, крызісаў ды іншыя эканамічныя праблемы. Магчыма, пані Эканоміка ўвайшла на “Алімп” не праз парадную браму — тэалагічныя спрэчкі, духоўныя азарэньні, рэлігійны эстаз і войны, а з чорнага ўваходу — праз клопат аб хлебе надзённым і банальных капіталістычных прыбытках. Але ўвайшла так непрыкметна і хутка, што большасьць нават і не заўважыла перамену ў пантэоне чалавечых каштоўнасьцяў. Нават камуністы, апошнія рамантыкі ідэйна-рэлігійнай міфалогіі, капітулявалі перад спакусамі новай веры — веры ў бясконцы прагрэс і дабро бязмежнага спажываньня. Як бы там не было, покліч “здаровага страўніка” перамог відзяжы “хваравітага мозгу”. То бок практычная “сініца” эканомікі адолела пустабрэха-“жураўля” старой ідэялогіі.

Многія могуць запярэчыць — ну якая ж гэта рэлігія? Дзе алтары і сьвяцілішчы? Хто гіеарархі і пастыры? Дзе абразы, ідалы, легенды і паданьні пра боскае паходжаньне? Наконт храмаў: зірніце, якія будынкі сёньня самыя высокія і багатыя? Даўным-даўно ня цэрквы і касьцёлы, а  банкі, гандлёвыя цэнтры, офісы вядомых кампаній і фірм. Чым не сьвяцілішчы, не духоўна-мазгавыя цэнтры і месцы штодзённай працы з паствай і адэптамі новай веры? А вядомыя эканамісты-аналітыкі, фінансісты, пасьпяховыя  мэнеджэры і бізнэсмэны? Хіба не яны гуру нашага часу, прарокі і аўтарытэты, да якіх прыслухоўваецца сусьветная аўдыторыя, да якіх імкнуцца быць падобнымі самыя кемлівыя і ўпартыя прадстаўнікі новага пакаленьня? Жывыя ідалы новай веры — першая дзясятка са спісу Форбса, які штогод абнаўляецца, што пакідае надзею маладым заняць там калісь сваё месца. Вы скажаце, гэта ілюзія і самападман, патрапіць у лік “богаабраных” Форбсам для нашага чалавека немагчыма? А я думаю, што ўсё ж больш рэальна, чым дапяць да Царства Нябеснага. А між іншым, для верніка не так і важна — рэальна тое ці не, галоўнае — самааддана верыць і бачыць шляхі рэалізацыі сваёй веры. А сам працэс дасяганьня ўжо і ёсьць жывой рэлігіяй. З гэтым у сусьветнага эконамісіянства (пастрабую так назваць новую веру) якраз усё цудоўна. Прынамсі значна лепш, чым у любой са старых вер — будызму, хрысьціянства, ісламу ці паганства. Новая рэлігія вельмі практычная і зямная, пазбаўленая містыкі і экзальтацыі, добра прыстасаваная да сучаснасьці, але, безумоўна, і яна не абыйшлася без міфаў, у дадзеным выпадку я б сказаў — ідэяў-фікс. Дабратворнасьць і бясконцасьць прагрэсу, безумоўная каштоўнасьці рынку і спажываньня, сьвятасьць асабістай свабоды і выбару ідывідуума — вось кароткі пералік ісьцін, на якіх трымаецца новая вера. Але ж ці  насамрэч, усё так кепска і эконамісіянства такая страшная і безнадзейна “амаральная” рэч?

З усіх вядомых на сёньня ідэялогій (а трэба прызнаць, што гэта ўсё ж таксама ідэялогія), гэта пакуль самая  касмапалітычная, стваральная і мірная. У прынцыпе, яна можа ўжыцца і з хрысьціянскай дэмакратыяй, і з ісламскім фундаменталізмам, і з посткамуністычным атэізмам. Бо не патрабуе зьнішчэньня ворагаў ці “няверных”, а наадварот, заахвочнае да пашырэньня колькасьці спажыўцоў, то бок першая з ідэялогій заахвочвае да супрацоўніцтва і ўзаемаўзбагачэньня без увагі на расу, нацыянасльнасьць ці класавую прыналежнасьць. Барацьба ідзе ўжо не за тэрыторыю ці супраць яе жыхароў, а за жывога спажыўца, які мусіць жыць і купіць твой тавар. Напэўна, старыя веры таксама імкнуліся да пашырэньня свайго ўплыву, то бок павялічэньня кола “спажыўцоў”, але метады іх былі не заўсёды мірныя, а часам гвалтоўна-вынішчальныя. Эконамісіянства на першы погляд не такое агрэсіўнае, бо далучае да сябе добраахвотна, “праз страўнік”, але насамрэч і больш падступнае, і больш татальнае. Супрацьстаяць яму радыкальна могуць толькі натуральныя гаспадаркі або супольнасьці, што надоўга ізалююцца ад сусьветнага рынку. А такіх выспаў  самадастатковасьці (Куба і КНДР, джунглі Амазоніі ці прасторы Антарктыды) застаецца ўсё менш. Індывідульнае ж супрацьстаяньне справа яшчэ больш безнадзейная. Многія людзі планеты мараць пра “салодкае жыцьцё” ў багатых краінах і, калі б раптам здарылася неверагоднае — расчыніліся ўсе межы і ўсе прачнуліся там, дзе жадалі — то большасьць зямлян апынулася б у Паўночнай Амерыцы, Еўропе, Японіі і Аўстраліі. Што б сталася з тымі краінамі — іншая гаворка, але відавочна, што ідэі эконамісіянства магутная сіла 21 стагоддзя, якой кіруецца ўжо большасьць людзей і спыніць якую можа толькі нейкая глабальная  катастрофа.

Між іншым, у новай веры ёсьць і свая звышмэта. Не, то не Нябесны Ерушаляйм ці постіндустрыяльны Нэо-Рай, а банальная … сусьветная эканоміка! Але ж, каб — і бязкрызісная, і ўстойлівая, і самакіруемая, і каб усіх накарміла і прыгалубіла. Пэўна, такая ж недасяжная, як і камунізм, і такая ж патрэбная, як хлеб на стале. Хаця хлеб на стале ўжо не заўсёды патрэбны, бо ёсьць харчы больш уежныя і больш карысныя. Толькі ў пабудове глабальнай супольнасьці вартай замены эконамісіянству я пакуль ня бачу. Мо трэба памяняць акуляры? Старыя ўжо, слабыя ці мо задужа “ружовыя”?