У сітуацыі з арыштам КГБ і абвінавачаньнем кс. Уладзіслава Лазара мяне, прызнаюся, менш за ўсё хвалюе імідж Каталіцкай Царквы ў вачах насельніцтва. Што думае гэты сьвет пра хрысьціянаў і што нам, хрысьціянам у сувязі з гэтым рабіць — даўно вядома і нічога новага тут няма.

Ганеньні на Царкву былі, ёсьць, і будуць. І мне асабіста не патрэбна ў гэтай сітуацыі нейкае адмысловае слова пастыра царкоўнага. Я маю давер да Госпада.

«Князi пeрасьлeдуюць мянe бeз прычыны, алe сэрца маё ў пoдзiвe ад слoваў Тваix» (Пс 118, 161).

Калі хрысьціянаў гэты сьвет ня гоніць, не перасьледуе, то ці ня «сьпеліся» яны з гэтым сьветам, ці не гавораць адно прыемнае для сьвету гэтага і яго ўладароў?

Мяне больш хвалюе МАЎЧАНЬНЕ. А маўчаньне ж бывае рознае… І часам трэба маўчаць. Такое маўчаньне бывае больш чым вымоўнае.

Але чаму маўчыць Менска-Магілёўскі мітрапаліт у справе свайго памочніка-сьвятара, які ўжо два месяцы не выконвае свае пастырскія абавязкі? Маўчыць нават пасьля таго, як справа набыла вялікі скандальны розгалас праз зьедлівае выказваньне А. Лукашэнкі… Няўжо барысаўскія вернікі, якімі ад нядаўняга часу апекаваўся кс. Уладзіслаў Лазар, не заслугоўваюць, каб ім сказалі, што здарылася з іх душпастырам? Бо невядома дакладна, ані дзе ён цяпер, ані што з ім, ані ў чым канкрэтна абвінавачваюць сьвятара.

Чаму мітрапаліт, прэс-служба ККББ маўчаць, АНІЯК не выказваюцца пра гэтую сітуацыю, хоць у крызісных сітуацыях уласна і праяўляецца прафесіяналізм прэс-службы, якая сваімі аператыўнымі каментарамі павінна прадухіляць і адсякаць непатрэбныя чуткі і дзеяньні, тым самым дапамагаць цывілізавана “разруліць” сітуацыю. Наогул, дзіўна, калі вернікі вымушаны атрымліваць інфармацыю пра нейкую крызісную сітуацыю ў Царкве найперш не праз свае каталіцкія сайты і прэс-службы Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, а праз сьвецкія сайты (у нашым выпадку — праз Радыё Свабоду, Нашу Ніву, Хартыю). Ці ж гэтак будуецца давер паміж ярархіяй і вернікамі ў Царкве?

У мяне асабіста няма адназначнага адказу, чаму пра свайго сьвятара маўчыць царкоўная ярархія. І гэтае маўчаньне — падстава для розных чутак і домыслаў у грамадзтве.

Воляй-няволяй задаю сабе пытаньне: мітрапаліт і прэс-служба ККББ маўчаць, бо:

1. Сказаць няма чаго: царкоўнае кіраўніцтва нічога ня ведае, у чым абвінавачаны кс. Ул. Лазар і чакае адказу ад сьпецслужбаў. Але ж сказаць, што хвалююцца за лёс сьвятара — гэта заўсёды можна!

2. Маўчаць, бо ЛЕПШ нічога не казаць — так будзе лепш для затрыманага сьвятара, справы вырашаюцца кулуарна, з удзелам Ватыкану.

3. Маўчаць, бо лічаць, нібы лепш будзе НІЧОГА не казаць: сьвятар сапраўды ўляпаўся (падставіўся сам, або яго падставілі іншыя асобы, або яму ўчынілі сьвядомую падставу-правакацыю сьпецслужбы).

4. Усе маўчаць, бо разгубіліся і ня ведаюць, што рабіць.

Ня ведаю, як затрыманы сьвятар, але бачу, што ад ТАКОГА маўчаньня ў разгубленасьці найперш вернікі, якія ня хочуць быць БЯЗЬДЗЕЙСНЫМІ. Хачу верыць, што царкоўныя ўлады не сядзяць, нешта робяць, у справе арыштаванага КГБ сьвятара, таму хтосьці можа скажа: сядзіце і маліцеся, не перашкаджайце. Вядома, малітва яшчэ нікому не зашкодзіла, але і сьвецкія вернікі хочуць быць ня тымі, хто адно кажа “Госпадзе, Госпадзе…”

А арыштаванаму каталіцкаму сьвятару можна паспрабаваць пісаць, што будзе яму хрысьціянскай падтрымкай незалежна ад таго, па якой прычыне ён аказаўся замешаны ў шпіёнскі скандал.

220050, Менск, вуліца Камсамольская, 30, СІЗА КДБ, Лазару Ўладзіславу Міхайлавічу.


P.S.: Баюся, што цяпер і сьвятар Каталіцкай Царквы, як і шэраг беларускіх грамадзкіх актывістаў, проста стаўся чарговым закладнікам палітычнай гульні, якую даўно вядзе А. Лукашэнка з Захадам і Еўрапейскім Зьвязам: мы выпускаем на волю вязьніяў, а вы нам даеце грошы, крэдыты і не ставіце пад сумнеў легітымнасьць улады і дэмакратыі ў краіне. Ватыкан меўся стаць пасярэднікам у дыялогу, паспрыяць у наладжваньні канструктыўных стасункаў, але, мабыць, тое пасярэдніцтва аказалася не такім, якое чакаў А. Лукашэнка, вось і паказаў, хто ў тут “хазяін”…