Наша нацы-літаратура — гэта пазаўчорашнія аўтары, што спрабуюць пісаць пра паслязаўтра. Краўцы-добраахвотнікі, што шыюць штонікі для голенькай беларускай правіцы. І калі мне скажуць, што беларускага нацызму не існуе як з’явы, я магу адказаць, што проста штонікі яшчэ не пашытыя.

Сярэднявечны навуковец ван Гельмант сцвярджаў, што жывых мышэй можна стварыць простым спалучэннем старой шафы, жменькі пшаніцы і нямытай кашулі. І нават, здаецца, здолеў давесці гэта эксперыментальным спосабам. Формула сумнеўная, але прыгожая. Менавіта яна чамусьці прыгадваецца кожны раз, калі думаеш пра самую панылую рэч на свеце — пра сціплую чароўнасць беларускага нацызму.

Ён, вядома, нікому не прызнаецца, што мама яго так назвала. Ён аддае перавагу псеўданімам. Яму падабаецца, калі яго клічуць “традыцыяналізмам”, “правым кансерватызмам”, “святым і абарончым пачаткам”, “сапраўдным патрыятызмам”, “агмянём беларушчыны”, “балцкай тэорыяй этнагенезу”, рамантызмам, друвісам, сіверам і ўсялякімі іншымі харошымі словамі. І толькі застаўшыся на самоце, ён можа нарэшце стаць перад люстэркам і з палёгкаю выкінуць руку перад сабой, адчуваючы поўную гармонію з прыродай. Хайль Беларусь.

Дык адкуль жа ён узяўся?

Вельмі цяжка паверыць, што сучаснага беларускага нацыста ў гэты свет прынёс, напрыклад, бусел. Уяўляю сабе таго бусла са свастыкай на перапэцканых нечым карычневым крылах — ці з Ярылавым крыжам: як ён юнкерсам пралятае над калгаснай капустай, выкідваючы ў яе свой каштоўны груз. Ніякіх там “мама-баба”. “Жыве вечна!” — вось што крычыць з капуснага капкана біялагічна чыстае немаўля, а бусел ужо імчыць да іншых палеткаў, больш падобны да штандартэнлебедзя з карціны Падуа, чым да нявіннага кур’ера.

Не, як для айчыннага нацызму, дык карціна выходзіць занадта прыгожая. Алхімія ягонага нараджэння, на жаль, значна прасцейшая. Балбатня пра балтаў, павага да паганства і пугі, смярдзючая спартовая зала, мокры ад фобіяў ложак ды аб’едкі чужых ідэяў пад ім — ну, вось і гатова. Нічога новага. Маленькія нацыкі пішчаць і разбягаюцца па кутах, грызці старыя шпалеры з архаічнымі лозунгамі і змрочныя кніжкі ў мяккіх вокладках. Нацы-паэзія, нацы-проза, ісцінна беларускі жывапіс і нават нацы-калумністыка — ежы ў гэтай культурнай прасторы для іх няшмат, але цалкам хапае, каб жыць і пладзіцца. Пад псеўданімамі, вядома. Бо раптам хто пабачыць тую заганную зігу перад люстрам. Беларускім нацы не хочацца праблем з дзяржавай. У пэўным сэнсе яны самыя законапаслухмяныя грамадзяне. Бо што такое рыцар без любві? І што такое нацы без дзяржавы — нават такой?

Жыве вечна. Без яўрэяў, мусульманаў і підараў! Але з расейцамі, паганцамі і лесбіянкамі. Расейцы — бо мову вучыць не трэба, таму іх ненавідзець прасцей і зручней. Паганства — бо гэта нашае, спрадвечнае, дубовае, гоблінскае. А лесбіянкі — яны ж не підары, яны нармальныя, гэта сам прэзідэнт сказаў. Хто ж адмовіцца паглядзець, як баба з бабай?..

Ван Гельмант лічыў, што ў выпадку з мышамі галоўны ўтваральны фермент — чалавечы пот. Што да нацызму, дык гэта, безумоўна, страх. Страх перад светам. Свет вялікі і можа надаваць па попе. Наша сакаліна сям’я вельмі яго баіцца. І найперш яна баіцца яго разнастайнасці. Як усачыць за ўсімі гэтымі чорнымі, жоўтымі, блакітнымі, калі ты перакананы дальтонік? Як разабрацца ў сугуччах, калі бог слыху не даў? Як правіла, свет для беларускага нацыка заканчваецца на межах Рэспублікі Беларусь. Нацык жыве чужымі ўяўленнямі пра Чужога. Уяўленнямі, якія ён чэрпае з перадач НТВ, РТР… ну, і інтэрнэту. У яго пошта на mail.ru, парывы душы на vershy.ru, а сам ён цалкам няблага пачуваецца “Укантакце”. Яму цяжка паверыць, што свет можа быць розным і пры гэтым не трашчаць па швах. Са змрочным задавальненнем ён назірае парыжскія і лонданскія закалоты. Па начах яму сняцца підары, кітайцы ды п’яўкі. І блакітнавокія воі-бландыны з беларускімі пашпартамі. Яму сняцца Леда і лебедзь. Леда з Ліды, а лебедзь з Лівана. Яму сняцца кітайцы ў Смалявічах.

Дарэчы, ты для яго — таксама підар і кітаец. Запомні гэта. Бо ты пішаш — калі музы маўчаць. Бо пішаш словы — калі нацыі так патрэбная слава. Бо кажаш — калі трэба маліцца. Бо ты выраджэнец у краіне Адраджэння. Пабочным прадуктам якога, на жаль, і ёсць наш герой.

Так, страх. А яшчэ параза. Ён, наш сціплы нацызм, выдае сябе за апошнюю выспу супраціву — але насамрэч ёсць апошнім прытулкам аўтсайдараў. Калі ты нічога не здольны зрабіць з пераможцамі — ты шукаеш сярод тых, з кім прайграў, каму з іх ткнуць у пысу сваёй паходняй. Сапраўдны пераможца паблажліва глядзіць на ўсё гэта і не чапае ні адных, ні другіх. У яго і без нас справаў хапае.

Нацызм — гэта простыя адказы на складаныя пытанні. Асобаў, якія кажуць, што ведаюць, хто ва ўсім вінаваты, прыстойнаму чалавеку наогул варта абыходзіць за кіламэтр. Нацызм — гэта адсутнасць сумневаў. Таму ён нічога не стварае. Але нацызм — гэта яшчэ і эстэтыка. У свой час менавіта дзякуючы сваёй новай эстэтыцы нацызм перамог у Германіі ваймарскіх валаводнікаў-дэмакратаў. І жыў, пакуль эстэтыка працавала.

Вядомая серыя фатаграфій Гітлера, зробленая ў сярэдзіне 20-х гадоў. На іх будучы фюрэр германскай нацыі зняты ў шортах — такіх сабе баварскіх скураных штоніках трохі вышэй за калена. Сам Гітлер прызнаваўся, што “хадзіў у іх нават у дзесяціградусны мароз, адчуваючы неверагодную лёгкасць і свабоду ў рухах”. А ніжэй надзетыя гольфы — белыя такія нявінныя гольфікі… Зразумела, што гэта нацыянальны касцюм — але адчуванне нейкае інфантыльнасці, эфект дзіцячага садка настолькі моцныя, што на здымкі пазіраеш з усмешкай. Нават ведаючы, што было далей. Беларускія нацы неахвотна глядзяць на такія выявы свайго куміра — галоўнага “кансерватара і традыцыяналіста”. Ім здаецца, што з кароткіх штонікаў яны ўжо выраслі. Нават са скураных. Праўда, зірнуць уніз яны баяцца. Раптам не ўсім гэта відаць? Раптам каленкі голыя? Раптам прыбяжыць мама і пагоніць адважных арыяў падмывацца? Беларускаму нацызму пазарэз патрэбныя падмацаванне, правадыры і масоўка. А каго тут яшчэ прасіць у фюрэры, як не пісьменнікаў? Хто яшчэ пашые штонікі нашым нацы?

Наша нацы-літаратура — гэта пазаўчорашнія аўтары, што спрабуюць пісаць пра паслязаўтра. Краўцы-добраахвотнікі, што шыюць штонікі для голенькай беларускай правіцы. І калі мне скажуць, што беларускага нацызму не існуе як з’явы, я магу адказаць, што проста штонікі яшчэ не пашытыя.

На шчасце, з голых каленак нацызму і яго мараў пра штонікі ўсё яшчэ можна смяяцца. Ну не чытаць жа іх, далібог, калі адна п’еса не запрэжанага ў адраджэнне Паўла Пражко, расейскамоўнага аўтара, кажа пра Беларусь больш, чым усе іхныя раманы. Краіна змянілася. Скураныя штонікі ўжо не ў модзе.

Дзе заканчваецца мой нацыяналізм і дзе пачынаецца іхны нацызм?

Калі ты разгортваеш кніжку і чытаеш там, што дзеля Беларусі аўтар гатовы на ўсё — ты чуеш яго. Бо “на ўсё” — гэта і ёсць нацызм.

Калі табе нагадваюць, што ёсць несвоечасовыя тэмы і святыя мясціны — ты гаворыш з ім, пазнаеш яго вісклівы голас.

Калі ты хочаш на хвілінку выйсці з ВКЛ і не можаш, быццам нехта зачыніў звонку дзверы — гэта справа яго дрыготкіх рук.

Калі ты не хочаш шчыльнымі радамі, а табе кажуць, што трэба, што ты здраднік, што мусіш у крывавых муках, — гэта яго стыль.

Калі з добрага старога пісьменніка робяць Прарока і Апостала — гэта яго манера. Ён любіць вялікія літары, паховіны і маўзалеі. З’езды, сходы, памінкі…

І калі мой цудоўны бяскрайні свет кладуць у Беларусь, як у труну — гэта таксама ён. Наш няспраўджаны родны нацызм.

Нельга пражыць гісторыю за адзін дзень, няважна, у капусце ці ў штоніках з варожае скуры. Перш чым сказаць “жыве вечна”, няблага было б трохі памучыцца пытаннем, што такое вечнасць і што такое жыццё. І не знайсці адказу.