Што агульнага ў Беларусі і Каталоніі? Здаецца — нічога. Патрапіўшы туды, гэтых падабенстваў бачыш значна больш. А ўжо пасля дзевяці месяцаў жыцця ў Барселоне адчуваецца, што становішча ў Беларусі нагадвае сітуацыю ў Каталоніі 30 гадовай даўніны.

Актывіст беларускай партыі «Зялёныя» Яўген Герасіменка выправіўся  працаваць у Каталонію па праграме Еўрапейскай валанцёрскай службы. У сваім матэрыяле ён расказвае, чым Беларусь падобная на Каталонію, навошта беларусам свая мова і як каталонцы выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Што агульнага ў Беларусі і Каталоніі? Здаецца — нічога. Патрапіўшы туды, гэтых падабенстваў бачыш значна больш. А ўжо пасля дзевяці месяцаў жыцця ў Барселоне адчуваецца, што становішча ў Беларусі нагадвае сітуацыю ў Каталоніі 30 гадовай даўніны.

На адлегласці ў амаль тры тысячы кіламетраў ёсць дзве, да болю падобныя, краіны. Абедзве ўсё жыццё змагаюцца са сваімі імперыямі, час ад часу, то набывая, то губляя незалежнасць. Абедзве маюць геаграфічную назву ў адпаведнасці з іх прыналежнасцю да імперый, адна з іх завецца Паўночна-Заходнім краем, а другая Паўночна-Усходнім краем. І ў Іспаніі, і ў Расіі насельніцтва гэтых дзвюх розных краін слые русавалосымі, сціплымі і працавітымі людзьмі, нават па гэтай прыкмеце ў Мадрыдзе сваім адшчэпенцам надалі мянушку «полякос».І мы, і яны цярпелі ад рэжымаў. У Іспаніі да 1975 года быў страшэнны рэжым Франко, які не прызнаваў каталонскай мовы і чыніў шматлікія рэпрэсіі супраць каталонскага насельніцтва. Толькі ў 1979 годзе Каталонія набыла квазінезалежнасць у выглядзе аўтаноміі ў складзе федэрацыі з іншымі суб’ектамі Вялікай Іспаніі.

Каталонія шмат разоў абвяшчала незалежнасць ад Мадрыда, а яе тэрыторыя не раз апыналася пад акупацыяй Францыі, на ўзор як тэрыторыя Беларусі вагалася паміж палякамі і Масковіяй.Сярод «індэпэндыстаў каталаністаў» ёсць тэорыя, якая сцвярджае, што каталонская мова ёсць першародная крыніца і аснова, на якой стваралася французская і іспанская, тое ж самае можна пачуць і ад нашых «патрыётаў» пра цнатлівасць беларускай мовы, з якой выйшла, як мінімум, сучасная руская.

У гісторыі можна патануць, бо нават на сайце «Арт Сядзібы» не хопіць месца, каб распавесці ўсе падабенствы паміж «намі» і «імі» цягам тысячагадовага станаўлення.

Цікавей зараз дакрануцца да сучаснасці і адказаць на пытанне: хто з нас больш незалежны ды і навошта нам тая незалежнасць?Каталонія не мае незалежнай дзяржавы. Апошнія дэманстрацыі, якія збіралі па паўтары мільёны чалавек на вуліцах Барселоны, пакуль не прывялі да наяўных вынікаў. Калі толькі не ўлічваць фармальнае рашэнне парламента Каталоніі ў студзені бягучага года аб аб’яўленні суверэнітэту і намерах па правядзенні рэферэндума.

У апошнія трыццаць год існавання аўтаноміі выкладанне ва ўсіх навучальных установах вядзецца па-каталонску. Дзевяноста адсоткаў СМІ, што выходзяць у Каталоніі, таксама на каталане. Нікога не здзіўляе, што ў такім турыстычным цэнтры як Барселона няма надпісаў станцый метро ці мапы аўтобусаў на англійскай ці нават іспанскай. Усё — татальна на мове тытульнай нацыі.

Але пры неабходнасці знайсці інфармацыю пра той жа расклад грамадскага транспарту, можна з лёгкасцю звярнуцца да сеціва. На адпаведных рэсурсах інфармацыя ёсць амаль на любой больш-менш папулярнай сярод турыстаў мове, нават на рускай.

У Барселоне не паўстае пытанняў пра транслітэрацыю назваў станцый метро з каталаны на англійскую, як гэта можна назіраць у Мінску. Усім зразумела, для каго гэты горад: перш за ўсё для людзей, якія тут жывуць і датычныя да стварэння яго гісторыі.

Гэта зусім не парушае правы турыстаў ці выхадцаў з іншых рэгіёнаў Іспаніі, якія з паразуменнем ставяцца да памкненняў каталонцаў абараніць сваю гістарычную спадчыну і культурную ідэнтыфікацыю. Незадаволеных я сустракаў толькі сярод эмігрантаў з Расіі. Маўляў, лухту нейкую прыдумалі, нафіга гэтыя дзве мовы? Так казала мне жанчына родам з савецкага Улан-Удэ, якая жыве тут ужо гадоў дзесяць.У Каталоніі ўсе лакальныя СМІ і некаторыя інтэрнацыянальныя медыярэсурсы карыстаюцца каталонскай мовай, што прымушае іх стваральнікаў наймаць менавіта мясцовых жыхароў. У Беларусі, дзе амаль няма лінгвістыснага бар’еру з «суседкай», шматтысячныя экзэмпяры расійскіх часопісаў, насычаных рэкламай тытунёвых і алкагольных вырабаў з лёгкасцю трапляюць на беларускія паліцы і ствараюць канкурэнцыю ледзь дыхаючым выданням з Беларусі, якім не выпадала магчымасці зарабляць на рэкламе такога кшталту з-за розніцы ў заканадаўстве. І нават калі ўраўняць заканадаўства, то ўсё роўна не будзе сэнсу ствараць беларускую версію выдання, калі беларусам хопіць і расійскай. А ў тры разы меншай за Беларусь Літве яно будзе.Калі кампанія працуе на тэрыторыі Каталоніі, то ёй, як мінімум, неабходна ствараць сайт на дамене «*.cat», а не «*.es». Калі не зрабіць гэтага, існуе рызыка не набыць папулярнасці сярод спажыўцоў. Такога кшталту сітуацыя з сегрыгацыяй на «сваіх» і «чужых» станоўча адбіваецца на эканоміцы аўтаноміі, што дазваляе ім праз падтрымку сваіх вытворцаў не так моцна цярпець ад сучаснага эканамічнага крызісу.

Колькасьці нацыянальных сцягоў, якія вывешаны на вокнах жылых будынкаў самімі жыхарамі, пазайздросціць сам прэзідэнт Туркменістану, дзе вешаць сцяг на кожным будынку прадпісана заканадаўствам.Завёўшы гаворку пра сцягі я мэтанакіравана падыходжу да галоўнай тэмы артыкулу, а менавіта канфлікту паміж «індэпэндыстамі» і «федэралістамі» — дзвюма супрацьлеглымі групамі насельніцтва. Першыя выступаюць за поўную незалежнасць Каталоніі, другія ж падтрымліваюць будучыню Каталоніі ў складзе федэрацыі з Іспанскай каронай.Калі паглядзець на вокны дамоў, то акрамя каталонскіх жоўта-памаранчавых сцягоў сустракаюцца і афіцыйныя сцягі Іспаніі, якія, канешне, лунаюць ў непараўнальнай меншасці, але таксама нярэдкія.

Колькасць сцягоў узрастае пад час мясцовых выбараў, бо кожны лічыць сваім абавязкам прыняць удзел ў перадвыбарчай агітацыі і падтрымаць свой палітычны блок.

Але гэты канфлікт існуе не толькі ў візульным выглядзе. Заўсёды прысутнічае пытанне, на якой мове гэта зрабіць лепш: іспанскай ці каталунскай. Але людзі паважаюць адзін аднаго: прыярытэтнай мовай з’яўляецца каталунская, але калі чалавек ёй не валодае, то і весці гутарку на іспанскай не праблема. Выключэннем могуць быць выпадкі, калі ты трапляеш на прынцыповага індэпэндыста.Сучасная Каталонія — гэта безшабашныя вулічныя канцэрты бяз аніводнага прадстаўніка паліцыі на ім. Штотыднёвыя фіесты, якія кішаць каталунамоўнай моладдзю, якая размахвае індэпэндысткімі сцягамі, спяваючы песні лакальных ска ці панк-рок гуртоў. Сучасная Каталонія — гэта і маленькія добраўпарадкаваныя вёскі, дзе моладзь нават і не ведае іспанскай. Сучасная Каталонія — гэта яе сталіца Барселона: сусветна вядомы цэнтр гандлю, бізнэсу і турызму, дзе трэцяй па папулярнасьці мовай з’яўляецца англійская.Называючы артыкул «Праз 20 год Беларусь будзе Каталоніяй», я перш за ўсё хацеў выказаць спадзяванне, што мы праз пэўны перыяд створым незалежную і здольную да самааховы культуру ў медыяасяроддзі. Што мы пераадолеем усе дзяржаўныя «панацэі», датычныя да мнімай неабходнасці русіфікацыі краіны на карысць бізнесу, што мы пачнем паважаць адзін аднаго і ўважліва ставіцца да памкненняў розных слаёў насельніцтва ўжываць тую ці іншую мову пад час гутаркі без русафобіі і беларусафобіі.Каталонцы ў нейкім сэнсе апераджаюць нас, але яны і рэжыму пазбавіліся 28 год таму. Таму раю ўсім нам матаць на вус іх карысны досвед і як мага мацней абараняць нашу незалежнасць, бо гэта адзіны шанец дагнаць і перагнаць Каталонію.