Мы радыя, што грамадзянін Гігін прачытаў наша “Гродназнаўства”. Кнігі павінны вучыць і тых, хто прэтэндуе на ідэалагічную чысціню.

У “Гродназнаўстве” ёсць прагалы, недапрацоўкі, не ўсе гістарычныя падзеі адлюстраваныя, асабліва, тыя, якія Гігін абавязкова палічыць тэндэнцыйнымі і русафобскімі.

Напрыклад, у “Гродназнаўстве” не ўзгадана пра вываз з тэрыторыі Гарадзеншчыны пасля паўстання 1831 года расейскімі войскамі і расейскай адміністрацыяй твораў мастацтва, вырабаў з золата, срэбра. Колькасць вывезенага не паддаецца ўліку, прасцей кажучы – безліч. Вядома, што вывезенае багацце беларусаў, трапіла ў “культурную сталіцу” суседняй дзяржавы – Санкт-Пецярбург, частка была пераплаўлена, лёс рэшты невядомы, праўдападобна ляжыць сабе ў схронах расейскіх установаў. У Беларусь не вярнулася нічога.

Не ўзагадана ў “Гродназнаўстве” пра больш за 40 тысяч жыхароў Гродна і Гарадзеншчыны высланых паглыбей у Расею пасля паўстання 1863 года. Паводле адмысловага распараджэння, вяртацца з высылкі дазволена было толькі на тэрыторыю Польшчы. На той час для беларускіх земляў страта такой колькасці, як мінімум адукаваных, людзей была інтэлектуальнай катастрофай, якая ў выніку запаволіць беларускае адраджэнне.

Не ўзгадана ў “Гродназнаўстве” пра сотні пераробленых на маскоўскі лад уніяцкіх храмаў Гародні і Гарадзеншчыны, пра сотні тысяч уніятаў гарадзенскай зямлі, якіх гвалтам расейская ўлада і войскі перавялі ў маскоўскае праваслаўе.

Не ўзгадана ў “Гродназнаўстве” пра бясчынствы расейскіх войскаў у Гародні і Гарадзеншчыне, хаця бы ў адным толькі 19 стагоддзі.
Не ўзгадана ў “Гродназнаўстве” пра зверскія забойствы ў 1941 годзе савецкімі войскамі, якія ў страху беглі ад гітлераўцаў, сядзельцаў гарадзенскай турмы, крымінальнасць значнай часткі якіх вызначалася толькі іх антыбальшавізмам.

Не ўзгадана ў “Гродназнаўстве” пра пасляваенныя шчыраванні нквдыстаў, якія пагражаючы арыштамі і растрэламі, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя спосабы ціску, толькі за 1945-1947 год зламалі лёсы амаль 20 тыс. жыхарам Гарадзеншчыны, змушаючы тых стаць стукачамі.

Не ўзгадана ў “Гродназнаўстве” пра дзейнасць у Гародні “передового отряда советской молодёжі” – камсамола. Яго актывісты праводзілі ў горадзе паказальныя акцыі: лапалі, збівалі, брутальна здзекваліся над тымі, хто наведваў храмы, прыходзіў у памінальныя дні на могілкі, а таксама над моладдзю, якая хацела быць свабоднай.

Усе гэтыя падзеі абавязкова будуць апісаныя ў наступных выданнях “Гродназнаўства”, альбо ў іншых кнігах, прысвечаных гісторыі Гародні, не важна як яны будуць называцца. Калі баяцца абвінавачванняў сённяшніх ідэолагаў у “русафобіі”, дык наогул не варта брацца за вывучэнне гісторыі Гародні і Беларусі.