Узбуджаны тры крымінальныя справы ў дачыненні да шэрагу службовых асоб Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Чым могуць закончыцца гэтыя справы, разбіралася «Тут і цяпер».

Аляксандр Пласкавіцкі, былы высокапастаўлены супрацоўнік прэзідэнцкай адміністрацыі:
«Запалоханы чалавек больш паслухмяны»

— Такое было і ў 1993 годзе, калі ён даваў справаздачу сваёй камісіі аб даследаванні камерцыйнай дзейнасці дзяржаўных структур. (Цяпер яна называецца «камісія па карупцыі».) І тады ён таксама пагражаў. Такім чынам, ён пагражае дваццаць гадоў. І гэта робіцца, напэўна, для таго, каб нейкім чынам стымуляваць палахлівасць. Запалоханы чалавек больш паслухмяны. Але адрасат апошняга паслання ў першую чаргу народ: бабулі, дзядулі ды іншыя. Калі нехта кажа так, як і яны, дык ён — іхні. Але, па-першае, абсалютнай большасці чынавенства няма чаго вяртаць, а па-другое, яны бяруць прыклад са свайго правадыра. Аднак гэта меншасць апарату, таму што большая яго частка не мае ні зарплаты вялікай, ні магчымасці нешта «падчапіць». Нават просты рабочы на заводзе можа скрасці больш, чым звычайны чыноўнік.

Міхаіл Чыгір, былы прэм’ер-міністр Беларусі:
«Як было, так і будзе»

— Не ведаю, што Лукашэнка меў на ўвазе. Ну, ёсць у чыноўніка дом, машына. Гэта незаконна? Не ўпэўнены. Думаю, як было, так усё і будзе. Калі нехта нешта скраў, то, вядома, пойдзе ў турму.

Мечыслаў Грыб, былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі:
«Ну няма ж такіх дурняў у нас!»

— Як былы юрыст і былы супрацоўнік міліцыі я хачу адзначыць, што гэта проста рыторыка. Яна ні да чаго не прывядзе. Глядзіце: чалавека падазраюць, што ён крадзе, але няма ніякіх доказаў або яны яшчэ не сабраны, і пры гэтым ён павінен вяртаць назад «скрадзенае»? Гэта значыць ён прызнае сваю віну.

Фактычна такі чыноўнік сам павінен заявіць, што хоча сесці ў турму і заплаціць у два-тры разы больш, чым скраў на самай справе. Ну няма ж такіх дурняў у нас! Гэта ўсё рыторыка, не зусім удалая і неразумная. А яшчэ невядома, хто скраў, а хто не скраў. Гэта ж агульнае абвінавачанне!

Калі паназіраць за выступамі кіраўніка дзяржавы, то ён, на мой погляд, кіруецца эмоцыямі: не стрымліваючы сябе, выказваецца на публіцы. Я не думаю, што гэтым словам трэба надаваць вялікае значэнне.

Чытаць болей