Паміж словам і дзеяньнем у нас звычайна месьціцца цьмяная чаканка і няёмкая затрымка, акурат як у дрэннай п’есе. Паміж словам прэзыдэнта (аб тым, што лепей быць дыктатарам, чым блакітным) і пэўным дзеяньнем (міліцыянцкія рэйды ў гей і прагей-клюбы) месьціцца некалькі месяцаў думаньня, што ж рабіць з гэтымі сэксуальнымі дысыдэнтамі.

Бо чапляцца фактычна не было за што. А тут яны раптам захацелі сваю арганізацыю зарэгістраваць – цудоўная аказія праверыць іх змагарскі дух і баявую гатоўнасьць. Дзяржаўнікі тым самым зноў перахапілі ініцыятыву ў апазыцыйнікаў па цкаваньні і маргіналізацыі геяў. Бо іх гамафобныя напады і параноя нагадваюць гульню ці конкурс, хто мацней і балючэй ачарніць і параніць гэтых “недабеларусаў” і “неўласьцівікаў беларускай культуры” – геяў і лесьбіяк. Апазыцыйнікі і дзяржаўнікі рэгулярна перакідваюць, выхопліваюць з рук у адзін аднога пагоню гамафобіі. І разам яны дэманструюць еднаньне хаця б у адным пытаньні.

Няма сумневу, раптоўная зацікаўленасьць гей-тэмай з боку дзяржавы часткова тлумачыцца апошнімі зьменамі ў заканадаўствах Расеі і Ўкраіны, што датычыць забароны гэтак званай прапаганды гомасэксуальнасьці. Што бы ні казалі афіцыйна пра самастойнасьць курсу і палітыкі Менску, Расея і Ўкраіна застаюцца тымі краінамі, арыентарамі, якія неяк ды ўплываюць, натхняюць апошняга дыктатара Эўропы. Шматлікія законы ў Беларусі былі прынятыя ці хутчэй імітаваныя на расейскі ды ўкраінскі капыл. Таму застаецца цяпер чакаць на шчасьце беларускай апазыцыі і ў Беларусі падобнага антыгейнага закону. Таксама ўлады занепакоеныя пэўнай актыўнасьцю гей-руху і спробай навесьці масты паміж гей-рухам і бізнэсам, гей-рухам і іншымі незалежнымі структурамі, а таксама пашырэньнем дзейнасьці гей-руху ў правінцыі. І, канечне, ня будзем адкідваць у бок простае рэгулярнае садысцкае жаданьне (нашая багатая савецкая спадчына!) уладаў дэманстраваць і нагадваць усім, хто гаспадар у хаце. Усё разам і справакавала дэсант міліцыі ў клюб “6_А” у Менску і “21 век”у  Віцебску і іх жорсткія, брутальныя паводзіны з фільмаваньнем і запалохваньнямі. Улюбёны занятак міліцыянтаў у цывільным здымаць усё на камеру нечым нагадвае аматараў хатняга порна, якія ўсё здымаюць, а затым часта пераглядаць гэта дома і дзеляцца з іншымі. Стаўленьне, паводзіны дзяржаўнікаў, а таксама размовы падчас выклікаў супольнікаў ЛГБТК на размову нагадваюць нейкія дзіўныя і гвалтоўныя заляцаньні да геяў. Тое самае было падчас хапуну на гей-пікеце 2010 году, калі хлопцы-ў-чорным хапалі пераважна геяў і прыгэтым не чапалі лесьбіячак. Нейкая цьмяная, вусьцішная і прыхаваная гомасэксуальнасьць і мізагіннасьць многіх міліцыянтаў і спэцбайцоў навідавоку.

Дзяржава ўзялася за геяў, бо пад каўпаком цяпер апынулася ці ня ўся палітычная апазыцыя. Канфармісцкія збольшага рэлігійнікі небясьпекай для дзяржавы не зьяўляюцца. Таму надыйшла чарга геяў.  Па сутнасьці, сэксуальныя дысыдэнты, хоць у цэлым зацішныя і апалітычныя, засталіся тымі, якіх дзяржава яшчэ ўсур’ёз не “ператрахівала”, не мацала і не страшыла. Апошняе, падаецца, ёй удалося – няма сумневу, у гей-клюбы у бліжэйшы час пойдуць ня ўсе геі і лесьбійкі, многія ўстрымаюцца і застануцца вечарыніць у кватэрах ці лецішчах.

Цікавым застаецца пытаньне, а як жа пачуваюцца геі-афіцыйнікі, тыя шматлікія геі ў структурах улады, сілавых структураў? Ну, вядома, яны працягнуць хавацца, быць “прыстойнымі грамадзянамі”, як усе, і толькі ў сеціве і на адпачынку па-за межамі Беларусі быць геямі.

Прыблізна тое ж рабіцьмуць прыхаваныя геі з апазыцыі. Бо баязьліўцы аддаюць перавагу віртуальным, уседазвольным заляцаньням без паступстваў, а не гвалтоўным і рэальным заляцаньням штодзёншчыны. Бо баязьліўцы аддаюць перавагу гульні ў жыцьцё, у дэмакратыю, а не рэальныму жыцьцю і дэмакратыі.