Нядаўна галоўны транзіцёр расейскай нафты кампанія «Транснафта» ўпершыню заявіла пра намер прыкладна на 1/3 знізіць аб’ём паставак нафты ў Беларусь.

 

Афіцыйны прадстаўнік кампаніі Ігар Дзёмін заявіў пра тое, што «Транснафта» лічыць аптымальнай пастаўку расейскай нафты ў Беларусь у аб’ёме да 14 млн. т. у год (бягучым балансам прадугледжаныя пастаўкі ў аб’ёме 21,5 млн. т). Пры гэтым «Транснафта» лічыць, што для ўнутранага спажывання Беларусі дастаткова 6,3-6,8 млн. т, а пакінуты аб’ём перапрацаваць на беларускіх НПЗ і нафтапрадукты паставіць на расейскі рынак. «Транснафта» – толькі выканаўца волі Мінэнерга РФ, дакладней, урада Расеі. Але што відавочна: упершыню ў расейскага трубаправоднага манапаліста з’явіліся важкія аргументы на карысць такой заявы.

Альтэрнатыва гатовая

Заўважым, пра жаданы нафтавы секвестар І. Дзёмін заявіў у марскім гандлёвым порце Усць-Луга. Гэты порт знаходзіцца на беразе Лужскай губы Фінскага заліва. У верасні «Транснафта» адкрыла тут новы тэрмінал па перавалцы нафты. Магутнасць тэрмінала – 30 млн. т у год, да яго падведзеная другая чарга нафтаправода «Балтыйская трубаправодная сістэма» (БТС-2). Лінейная частка БТС-2 была пабудаваная да канца 2011 года. Але праз тэхнічныя праблемы на прычалах партовага тэрмінала Усць-Лугі запуск БТС-2 быў адкладзены на канец сакавіка 2012 года. У сталым рэжыме Усць-Луга працуе са жніўня. Згодна з планам, на другім этапе (папярэдне – 2013 год) прапускную здольнасць сістэмы мяркуецца павялічыць да 50 млн. т нафты ў год. У 2012 годзе «Транснафта» плануе пераправіць праз новы тэрмінал 15 млн. т нафты.

Нагадаем, што рашэнне пра будаўніцтва БТС-2, якая з’яўляецца альтэрнатывай беларускай трубаправоднай сістэме «Дружба», прыняў асабіста Уладзімір Пуцін пасля гучнага нафтавага канфлікту з Беларуссю ў 2007 годзе. Першапачаткова гэты праект называлі выключна «палітычным». Але ў Расеі ён атрымаў статус “стратэгічнага”, паколькі закліканы засцерагчы пастаўкі расейскай нафты ў Еўропу ад капрызаў краін-транзіцёраў.

Кошт будаўніцтва БТС-2 ацэньваецца ў 130 млрд. RUB, у тым ліку каля 98 млрд. RUB – першая чарга. Інвестыцыі ў будаўніцтва 1 тыс. км. БТС-2 склалі каля 100 млрд. RUB. Прэзідэнт «Транснафты» Мікалай Токараў раней заяўляў, што БТС-2 можа акупіцца ў 2020-2022 гадах. Аднак, удакладніў ён, гэты праект накіраваны не на хуткае атрыманне прыбытку, а на рашэнне стратэгічных задач. Але паколькі гэты нафтаправод будаваўся пераважна па палітычных матывах, то эканоміка маршруту і пытанні запаўнення новай трубы не былі дастаткова пралічаныя. Цяпер жа Расеі давядзецца гэтыя пытанні вырашаць: у будаўніцтва БТС-2 ўкладзены велізарныя інвестыцыі, якія павінны акупіцца.

Акупнасць інвестыцыяў – гэта зараз у немалой ступені галаўны боль «Транснафты». І кампанія разлічвае, што паўнавартасная праца БТС-2 дазволіць расейскім нафтавым кампаніям аптымізаваць лагістычныя плыні і знізіць аперацыйныя выдаткі на транспарціроўку нафты пры пастаўках у еўрапейскія краіны.

Труба як фактар аптымальных коштаў

Відавочна, што пасля ўводу ў дзеянне БТС-2 у Расеі з’явіліся прафіцытныя транзітныя магутнасці ў еўрапейскім кірунку. Гэта дазволіла Расеі атрымаць добры козыр у гандлі са спажыўцамі расейскай сыравіны ў Еўропе.

На еўрапейскім рынку пасля ўводу БТС-2 расейскія кампаніі адчулі сябе значна камфортней. Экспартаваць нафту праз парты ім больш выгадна, паколькі ў Ратэрдаме нафту купляюць па спотавым кошце, у той час як пастаўкі па нафтаправодзе «Дружба» ажыццяўляюцца на аснове сярэднямесячнага коштаўтварэння. У выніку, паводле экспертных ацэнак, пасля запуску новага порта ў Усць-Лузе пастаўкі расейскай нафты па «Дружбе» знізіліся прыкладна на 20%. Па дадзеных ЦДУ ТЭК Расеі, за 9 месяцаў гэтага года экспарт расейскай нафты праз парты вырас на 7% да 106 млн. т, а па трубе знізіўся на 3,6% да 54 млн. т.

Праз зніжэнне паставак па нафтаправодзе “Дружба” ў Еўропе спыняліся два НПЗ – у чэшскіх Кралупах і нямецкім Карлсруэ. Прычынай спынення заводаў стаў недахоп нафты пасля зніжэння яе паставак па нафтаправодзе «Дружба» ў Германію, Чэхію і Польшчу. Вызваленыя аб’ёмы яны перанакіравалі ў балтыйскі порт Усць-Луга. У выніку Чэхія вымушаная была павялічыць закупкі па Трансальпійскім нафтаправодзе (TAL), які ішоў ад італьянскага порта Трыест ў нямецкі Інгальштадт і далей у Карлсруэ і Чэхію. Але TAL не спраўляецца з узрослымі аб’ёмамі сыравіны.

Афіцыйны прадстаўнік «Транснафты» Ігар Дзёмін, каментуючы гэтую сітуацыю, заявіў, што кампанія абмяжоўвала пастаўкі расейскай нафты па «Дружбе». Паводле яго словаў, нафтавікі самі зніжаюць аб’ёмы. Да прыкладу, штомесячная квота ў кірунку Чэхіі складае 400 тыс. т расейскай нафты. Але з траўня бягучага года расейскія кампаніі перасталі яе выбіраць, знізіўшы пастаўкі прыкладна да 70 тыс. т. Аказалася, што доўгатэрміновы гадавы кантракт на пастаўкі нафты ў Чэхію ёсць толькі ў кампаніі «Газпром-нафта», якая і пастаўляе па «Дружбе» 70 тыс . т нафты ў месяц. У той жа час «Лукойл» з ліпеня гэтага года прадае ў Чэхію спотавыя партыі, а па доўгатэрміновых кантрактах экспартуе нафту толькі ў напрамку Венгрыі і Славакіі.

Эксперты звяртаюць увагу, што ў расейскіх нафтавікоў заўсёды былі складаныя адносіны амаль з усімі еўрапейскімі пакупнікамі, якія атрымлівалі нафту па «Дружбе». Еўрапейскія спажыўцы хацелі б, каб кошт гэтай нафты быў супастаўны з коштам нафты на альтэрнатыўных кірунках экспарту з Расеі (экспартны netback). У сваю чаргу, расейскія кампаніі настойвалі на кошце, супастаўным з коштам нафты для еўрапейскіх НПЗ з альтэрнатыўных крыніц (імпартны netback).

Запуск БТС-2 у пэўнай ступені дазволіў вырашыць гэты канфлікт інтарэсаў на карысць расейскіх кампаніяў, якія атрымалі магчымасць аказваць ціск на еўрапейскіх спажыўцоў з мэтай павышэння коштаў.

Пазіцыя пасіўнага ўдзельніка

Запуск БТС-2 – гэта таксама козыр для Расеі ў адносінах з краінамі-транзіцёрамі расейскай нафты. Перш за ўсё, заўважым, што гэтая труба ўжо фактычна цалкам замяніла сабой паўночную галіну беларускай «Дружбы».

Наваполацкая «Дружба» ужо 10 гадоў не ажыццяўляе транзіт расейскай нафты: яе пастаўкі ў напрамку Латвіі спыненыя з 1 студзеня 2003 года, а пастаўкі ў кірунку Літвы – з 29 ліпеня 2006 года. Рашэнне аб спыненні эксплуатацыі нафтаправода Полацк-Вентспілс Расея патлумачыла яго неналежным тэхнічным станам. У 2006 годзе па аналагічнай прычыне была спыненая прапампоўка нафты па нафтаправодзе Полацк-Біржай-Мажэйкяй. Пасля чаго па паўночнай «Дружбе» расейская нафта прапампоўваецца толькі да «Нафтана».

А вось нафтаправод «Гомельтранснафта Дружба» да гэтага часу застаецца найважнейшым нафтавым калідорам для транзіту расейскай нафты ў Еўропу. Транзітам праз Беларусь перапампоўваецца больш за 60 млн. т нафты ў год.

Праўда, і з паўднёвай «Дружбы» БТС-2 ужо адцягнула частку транзітных аб’ёмаў і, мяркуючы па ўсім, тэндэнцыя будзе ўзмацняцца. У 2012 годзе ў сувязі з уводам БТС-2 «Гомельтранснафта Дружба» можа знізіць аб’ём прапампоўкі нафты на 5-7 млн. т – да 65-67 млн. т, а ў перспектыве, з выхадам БТС-2 на поўную магутнасць, Беларусь можа страціць 10-15 млн. транзітнай нафты, перапампоўваемай у напрамку Польшчы. Адзначым, што ў 2011 годзе гомельская «Дружба» прапампавала 72 млн. т нафты (разам з пастаўкай сыравіны на Мазырскі НПЗ), у 2010 годзе – 75,5 млн. т. Так што ў наяўнасці відавочны трэнд зніжэння аб’ёмаў перапампоўкі нафты.

Калі Расея рэалізуе свае планы па загрузцы БТС-2 – гэта значыць, запусціць БТС-2 на поўную магутнасць у аб’ёме 30 млн. т нафты ў год, і не адбудзецца збояў у функцыянаванні марскіх партоў, то аб’ёмы прапампоўвання расейскай нафты праз “Дружбу” ў перспектыве могуць знізіцца да 60 млн. т. Такім чынам, калі яшчэ ў 2009 годзе прапампоўка расейскай нафты па гомельскай «Дружбе» набліжалася да 80 млн. т нафты, то ўжо хутка беларуская труба рызыкуе страціць 20 млн. т.

Яшчэ нядаўна некаторыя беларусцы чыноўнікі заяўлялі, што беларускі бок гэтыя тэндэнцыі пакуль не моцна турбуюць. Кампенсаваць зніжэнне аб’ёмаў прапампоўвання нафты «Гомельтранснафта Дружба» разлічвае за кошт павышэння экспартных тарыфаў на прапампоўку нафты. Яна плануе выраўнаваць экспартныя тарыфы на транспарціроўку нафты з экспартнымі тарыфамі ў Расеі, лічачы гэта абсалютна лагічным рашэннем ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы. Аднак ці ўдасца ёй гэта зрабіць, пакуль не відавочна.

Справа ў тым, што ў студзені 2010 года Беларусь у пакеце з пагадненнем па пастаўках нафты ў краіну падпісала з Расеяй таксама і методыку тарыфнага рэгулявання пры транспарціроўцы расейскай нафты па «Дружбе». Такім чынам, Менск абавязаўся ўзгадняць транзітную палітыку з РФ. Скарэктаваць гэтае пагадненне будзе вельмі няпроста, паколькі ўслед за гэтым можа рушыць прынцыповая карэкціроўка не ў лепшы бок умоваў пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь.

У той жа час запуск БРС-2 можа паскорыць прыватызацыю беларускай «Дружбы». У пачатку гэтага года першы віцэ-прэм’ер урада Уладзімір Сямашка назваў прыватызацыю беларускіх нафтаправодаў «Дружба» «пытаннем часу». Як было сказана, «гэтая труба ўжо не новая, а нам трэба ўлічваць, што ёсць БТС, БТС-2». «І нам трэба думаць, як эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя магутнасці», — адзначыў ён.

Відавочна, што для самой «Транснафты» гэтая здзелка была актуальнай некалькі гадоў таму, да будаўніцтва БТС-2. Цяпер новая труба пабудаваная, у яе ўкладзеныя вялікія інвестыцыі, і іх неабходна  акупіць. У той жа час попыт на расейскую нафту не расце такімі тэмпамі, каб максімальна загрузіць абедзве трубы. Хоць, як можна меркаваць, галоўнае для «Транснафты» у гэтай сітуацыі – пытанне кошту беларускай трубы.

Варта заўважыць, што беларуская «Дружба» знаходзіцца ў добрым тэхнічным стане і, з пункту гледжання лагістыкі, вельмі прывабная для расейскіх экспарцёраў нафты. Праўда, запуск БТС-2 у значнай ступені абясцэньвае гэтыя традыцыйныя беларускія козыры.

Для даведкі

Па тэрыторыі Беларусі праходзяць паўночная і паўднёвая галіны магістральнага нафтаправода «Дружба».

Па нафтаправодзе «Гомельтранснафта Дружба» (паўднёвая галіна нафтаправода) ажыццяўляюцца транзіт расейскай і казахстанскай у Польшчу і Нямеччыну, ва Украіну, Венгрыю, Славакію, Чэхію, а таксама пастаўкі расейскай і беларускай нафты на ААТ «Мазырскі НПЗ».

Па паўночнай галіне, аператарам якой з’яўляецца ААТ «Полоцктранснафта Дружба», нафта пастаўляецца толькі да ААТ «Нафтан».