Нібыта і эканамічная база для пабудовы Еўразійскага эканамічнага саюза падрыхтаваная, і мэты добрыя акрэсленыя – інтэграцыя ў сусветную прастору, і заканадаўства грунтуецца на нормах СГА, і краіны-ўдзельніцы зрабілі некалькі крокаў у гэтым кірунку – створаныя наднацыянальныя органы (Еўразійская эканамічная камісія і Суд ЕўрАзЭС ), але сумненняў адносна перспектываў расейскага інтэграцыйнага праекта менш не становіцца.

Ужо цяпер відавочна, што спрэчкі і канфлікты на шляху рэалізацыі 17 пагадненняў АЭП – эканамічнай базы новага інтэграцыйнага аб’яднання – наперадзе. А самая галоўная праблема – рознахуткасны фармат ўступлення ў СГА яе членаў – ужо запраграмаваная.

Выпрабаванне менавіта гэтым пытаннем ўжо хутка чакае АЭП.

Расеі, каб стаць паўнапраўным членам СГА, засталося трохі – ратыфікаваць пакет дакументаў. У бліжэйшыя некалькі тыдняў ён павінен паступіць на разгляд ва ўрад РФ, пасля чаго будзе ўнесены ў Думу.

Калі дакументы будуць ратыфікаваныя ў ліпені, то Расея стане сябрам СГА праз месяц пасля ратыфікацыі, «гэта значыць – у сярэдзіне жніўня, можа, і крыху пазней», – паведаміў на днях дырэктар дэпартамента гандлёвых перамоваў міністэрства эканамічнага развіцця РФ Максім Мядзведкаў.

У прынцыпе АЭП і СГА не супярэчаць адзін аднаму. У аснове МС і АЭП ляжаць правілы СГА. Нарматыўна-прававая база Мытнага саюза і АЭП першапачаткова будавалася на прынцыпах СГА. І з гэтым пагадзіліся ўсе краіны мытнай «тройкі», у тым ліку і Беларусь.

Тым не менш, хуткае ўступленне Расеі ў СГА для Беларусі, якая далёка адстала на гэтай дыстанцыі, адгукнецца сур’ёзнымі праблемамі.

Ужо відавочна, што ўступленне Расеі ў СГА ў сярэднетэрміновай перспектыве прывядзе да зніжэння ўзроўня тарыфнай абароны агульнага рынку па шэрагу тавараў.

Паколькі Расея пры ўступленні ў СГА ўжо ўзгадніла пэўны ўзровень тарыфнай абароны, то зараз Беларусі давядзецца гарманізаваць свае тарыфы з расейскімі. Гэта значыць, што па шэрагу таварных пазіцыяў Беларусі давядзецца знізіць ўзровень тарыфнай абароны. Гэта значыць, яшчэ не уступіўшы ў СГА, Беларусь у бліжэйшыя 7 гадоў ужо абавязаная знізіць ўзровень тарыфнай абароны з 10,7% да 8%.

Паводле ацэнак беларускага МЗС, у адносінах да больш як 1.000 таварных пазіцыяў расейскія абавязацельствы перад СГА на 7-15 адсоткавых пунктаў ніжэй дзеючых ставак Адзінага мытнага тарыфу Мытнага саюза. З іх больш за 50 пазіцыяў з’яўляюцца адчувальнымі для Беларусі. У тым ліку гэта прадукцыя машынабудавання: новыя седлавыя цегачы нізкага экалагічнага класа для эксплуатацыі ва ўмовах бездарожжа, самазвалы, а таксама малако і вяршкі ў цвёрдым выглядзе, харчовыя прадукты, якія змяшчаюць какао, некаторыя фарбы, лакі, тэлефонныя апараты, тэлевізары і г. д.

Яшчэ па 1.500 пазіцыях расейскія тарыфныя абавязацельствы перад СГА ніжэй дзеючых ставак Адзінага мытнага тарыфу на 4-6,5 адсоткавых пунктаў. З іх адчувальнымі для Беларусі з’яўляюцца 160 пазіцыяў: некаторыя сінтэтычныя ніткі, лямец, вяроўкі, тканіны і тэкстыльныя вырабы, бутэлькі ёмістасцю менш за 1 л, шкловалакно, пральныя машыны, трансфарматары магутнасцю больш за 500 квг, печы мікрахвалевыя і т. д. На практыцы гэта азначае , што замежныя аналагі гэтых тавараў будуць дапушчаныя на рынак Мытнага саюза на больш ліберальных умовах, чым зараз.

З праблемамі сутыкнецца таксама беларускае сельгасмашынабудаванне, так як пасля ўступлення Расеі ў СГА імпартнае мыта на гэтую прадукцыю знізіцца з цяперашніх у сярэднім 15% да 5-10% практычна па ўсёй наменклатуры сельскагаспадарчых машын.

Паводле ацэнак расейскіх чыноўнікаў, у выніку зніжэння імпартных тарыфаў на 5-10% на трактары, корма-і збожжаўборачныя камбайны адбудзецца 5-разовы рост імпарту. Ва ўсіх сегментах расейскага рынку сельгастэхнікі павялічыцца імпарт тэхнікі вядомых еўрапейскіх і амерыканскіх брэндаў, такіх як John Deere. Эксперты не сумняваюцца, што так будзе. Па крайняй меры, пасля ўступлення Украіны ў СГА на гэты рынак прыйшла сельгастэхніка сусветных вытворцаў. Наўрад ці беларускі бок захоча змірыцца з непазбежнай стратай МТЗ, «Гомсельмашам» долі расейскага рынку, які застаецца для беларускай прадукцыі крытычна важным.

Можна выказаць здагадку, што Беларусь паспрабуе паўплываць на гэтую сітуацыю. Хоць, як здаецца, спрачацца ўжо позна. У 2011 годзе Расея, Беларусь і Казахстан ратыфікавалі дамову аб функцыянаванні Мытнага саюза ў рамках шматбаковай гандлёвай сістэмы. Неабходнасць прыняцця гэтага дакумента акурат і была абумоўленая адсутнасцю ў рамках МС механізму, які рэгулюе ўдзел яго членаў у іншых міжнародных аб’яднаннях, у сувязі з чым пры далучэнні да СГА ў дзяржавы маглі б увайсці ў супярэчаць адзін аднаму міжнародныя абавязацельствы.

Яшчэ раз падкрэслім, што гэтая дамова акурат і была нацэленая на тое, каб забяспечыць паўнавартаснае функцыянаванне МС у выпадку далучэння аднаго або некалькіх яго членаў да СГА. Гэты дакумент, вядома ж, актуальны перш за ўсё для Расеі, якая фактычна ўжо стала членам гэтай арганізацыі.

Звернем увагу, што ў адпаведнасці з дадзенай дамовай нормы СГА, якія датычацца сферы рэгулявання Мытнага саюза, становяцца часткай прававой сістэмы саюза. І, самае галоўнае, дамовай усталёўваецца прыярытэт абавязацельстваў боку ў рамках СГА перад яе абавязацельствамі ў рамках МС.

Здавалася б, што ўсе кропкі над “i” расстаўленыя і спрачацца адсталым ад СГА партнёрам больш няма пра што: Беларусі і Казахстану давядзецца прымаць ўмовы, якія РФ выгандлявала пры уступленні ў СГА.

Аднак, падобна, ня ўсе беларускія службоўцы так думаюць. Намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Барысюк, каментуючы гэтую тэму 18 студзеня, адзначыў, што ў адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем аб адзіным тарыфным рэгуляванні рашэння аб змене мытных пошлінаў у Мытным саюзе будзе прымаць Еўразійская эканамічная камісія, незалежна ад таго, што Расея стала сябрам СГА . «Таму казаць аб тым, што стаўкі ў Расеі будуць ніжэй або вышэй, дачасна», – сказаў С. Барысюк.

Беларусь на шляху ўступлення ў СГА моцна адстала ад партнёраў па “тройцы”, а таму яна больш за іншых партнёраў АЭП зацікаўленая ў абароне сваіх рынкаў. Ясна, што гэта можа стаць сур’ёзным тормазам для АЭП, а значыць для ўсяго амбіцыйнага інтэграцыйнага праекта Крамля. Разумеючы гэта, Расея пагадзілася аказаць падтрымку Беларусі па яе больш хуткаму ўступленню ў СГА – 19 снежня бакі падпісалі адпаведны мемарандум.

У мемарандуме, між тым, гаворыцца, што бакі зыходзяць «з недапушчальнасці пагаршэння ўмоваў узаемнага гандлю таварамі і паслугамі ў сувязі з далучэннем да СГА». Адзначаецца таксама, што пасля ўступлення Расеі ў СГА гандлёва-эканамічныя адносіны бакоў будуць працягваць ажыццяўляцца “на падставе дзеючых для іх двухбаковых і шматбаковых міжнародных дамоваў і дакументаў, якія забяспечваюць прэферэнцыйны характар ўзаемнага гандлю таварамі і паслугамі, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы, АЭП і СНД”.

Можа быць, мемарандум нейкім чынам «усыпіў» пільнасць беларускіх чыноўнікаў. Тым не менш, менавіта міждзяржаўная дамова, якую ў канцы мінулага года падпісалі краіны «тройкі», а не мемарандум мае прыярытэтны характар для Мытнага саюза. Пра гэта невыпадкова прэзідэнт РФ Д. Мядзведзеў яшчэ раз нагадаў 19 снежня, у дзень падпісання мемарандума аб падтрымцы Расеяй уступлення Беларусі ў СГА. Д. Мядзведзеў падкрэсліў, што бакі цалкам гатовыя да паўнавартаснай працы МС ва ўмовах, калі адна з яго краін-удзельніц з’яўляецца членам іншых міжнародных гандлёвых арганізацыяў, у прыватнасці СГА.

Але як на практыцы будуць працаваць новыя правілы, пакуль абсалютна незразумела. Калі лёс расейскіх дамоўленасцяў з СГА будзе вырашаць ЕЭК, то гэта можа завесці «тройку» у тупіковую сітуацыю.

У мінулым годзе мытная «тройка» стварыла першы на постсавецкай прасторы наднацыянальны орган – Еўразійскую эканамічную камісію (ЕЭК), якая будзе займацца далейшай інтэграцыяй і стварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза. Пакуль выканаўчым органам «тройкі» застаецца Камісія Мытнага саюза – яна перадасць свае паўнамоцтвы ЕЭК 1 ліпеня 2012 г..

Вышэйшым органам для ЕЭК з’яўляецца Вышэйшы еўразійскі эканамічны савет, які будзе збірацца на ўзроўні кіраўнікоў урадаў і кіраўнікоў дзяржаў. У ЕЭК два ўзроўні: Савет Камісіі і Калегія Камісіі. У Савет ўвойдуць 3 віцэ-прэм’еры – па адным ад кожнай дзяржавы. Савет будзе ажыццяўляць агульнае рэгуляванне інтэграцыйных працэсаў у МС і АЭП. А аператыўным кіраваннем зоймецца Калегія. Яна будзе ажыццяўляць выпрацоўку прапановаў у сферы далейшай інтэграцыі ў рамках МС і АЭП. У Калегію ўвойдуць 9 членаў: па 3 ад кожнай краіны. Члены калегіі і яе старшыня прызначаюцца тэрмінам на 4 гады, але з магчымым працягам паўнамоцтваў рашэннем Савета.

Старшынём Калегіі на першыя 4 гады прызначаны кіраўнік Міністэрства прамысловасці і гандлю РФ Віктар Хрысценка. Ад Беларусі членамі Калегіі сталі: экс-прэм’ер Сяргей Сідорскі (узгоднены на пасаду міністра па прамысловасці і аграпрамысловаму комплексу ЕЭК), Уладзімір Гошын – міністрам па мытным супрацоўніцтве, а Валерый Карашкоў – міністрам па пытаннях тэхнічнага рэгулявання.

Варта заўважыць, што на этапе падрыхтоўкі пагаднення па ЕЭК ледзь ці не самым балючым было пытанне вызначэння працэдуры прыняцця рашэнняў, а таксама кантролю за прымаемымі камісіяй рашэннямі. Пытанне стаяла прынцыпова: як прымаць рашэнні – шляхам кансенсусу, кваліфікаванай большасцю ці іншымі спосабамі. Расея катэгарычна настойвала на прынцыпе ўзважанага галасавання. Па ім РФ мела б 57% галасоў, але Беларусь і Казахстан не падтрымалі гэты прынцып. У якасці умоваў далучэння да дамовы яны вылучылі прынцып: «адна краіна – адзін голас». І каб дамова аб ЕЭК была хутчэй прынятая, расейскаму боку давялося з гэтым пагадзіцца. У выніку ЕЭК будзе прымаць рашэнні на падставе галасавання членаў савета або членаў калегіі ў парадку: «адзін член калегіі – адзін голас» або «адзін чалец рады – адзін голас». Пры гэтым усе рашэнні будуць прымацца калегіяльна. Калі ж па тых ці іншых пытаннях ня будзе знойдзена кансэнсусу, пытанне будзе выносіцца на раду на ўзроўні віцэ-прэм’ераў. Калі ж і там ня будзе знойдзена рашэнне, то на ўзровень кіраўнікоў дзяржаў.

Гэта азначае, што самыя балючыя і адчувальныя для адсталых краінаў «тройкі» пытанні зноў будуць выносіцца на ўзровень прэзідэнтаў. А паколькі беларуская эканоміка да інтэграцыі ў сусветную гандаль, на што яе арыентуе АЭП, не гатовая, то, як можна выказаць здагадку, больш за ўсё будзе дэлегавана на самы высокі ўзровень праблемных тэмаў па ініцыятыве беларускага боку.

Таму, пакуль Беларусь не з’яўляецца членам СГА і, па сутнасці, нават сур’ёзна да гэтага не імкнецца, захраснуць ва ўзгадненні праблемных пытанняў «тройка» можа надоўга.