У папярэднім артыкуле (Газавая бітва на паўднёвым фронце) гаворка ішла аб прынятым 12 верасня рашэнні Еўразвяза садзейнічаць будаўніцтву транскаспійскага газаправода, неабходнага для запаўнення газам трубаправода Nabucco.

2. Еўропа наносіць удар у адказ

Вядома, аднак, што Расея імкнецца выкарыстоўваць свае энергарэсурсы ў якасці рычага ўплыву ў Еўропе, у тым ліку праз будаўніцтва ў тым жа рэгіёне ўласнага газаправода – «Паўднёвая плынь».

Таму ўжо праз два дні еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Этынгер прыгразіў «Газпрому» праблемамі з кантрактамі, калі «Паўднёвая плынь» перашкодзіць Nabucco. Паводле яго словаў, «рускім выгодней мець долю на газавым рынку Еўропы ў 30% ад аб’ёму 600 млрд. кубаметраў, чым 40% ад 400 млрд.». Тым самым ён даў зразумець, што нарошчваць закупкі газу з Расеі Еўропа згодная толькі калі доля «Газпрама» на яе энергетычным рынку і, такім чынам, залежнасць Еўразвяза ад расейскіх энергарэсурсаў будуць скарачацца.

Тым ня менш, яшчэ праз два дні, 16 верасня, «Газпром», нямецкая кампанія BASF, французская EdF і італьянская ENI ў прысутнасці прэм’ер-міністра РФ Уладзіміра Пуціна падпісалі акцыянернае пагадненне па «Паўднёвай плыні».

Гэты трубаправод вядзе ў Еўропу, абмінаючы ўкраінскую тэрыторыю. Яго праектная магутнасць складае 63 млрд. Куб. м газу ў год, а першая нітка магутнасцю 15,75 млрд. куб. м павінна быць запушчана не пазней 2015 года. Кіраўнік расейскага манапаліста Аляксей Мілер запэўніў, што праект будзе ажыццяўляцца строга па графіку.

Цяжка сказаць, чаму Крэмль не прыслухаўся да перасцярогаў. Цалкам магчыма, на той момант ён спяшаўся скарыстацца спрыяльнай сітуацыяй, каб «даціснуць» Украіну, з якой абвастрыўся даўні энергетычны канфлікт. У пачатку жніўня Кіеў заявіў пра магчымасць прыцягнуць Маскву па газавым пытанні да міжнароднага арбітражнага суда. Зараз Украіна з’яўляецца асноўным транзіцёрам расейскага газу ў Еўропу. Пасля працяглага перыяду субсідаваных паставак у абмен на цёплыя адносіны Расея паступова павышае ёй цану на газ, якая да канца года можа скласці больш за 400 долараў за тысячу кубаметраў.

Украіна называе дзеючы кантракт, падпісаны былым прэм’ерам Юліяй Цімашэнкай (якая знаходзіцца цяпер пад следствам акурат у сувязі з абвінавачваннямі ў згодзе плаціць за расейскі газ занадта шмат), «несправядлівым і акупуючым» і патрабуе зніжэння, пагражаючы або істотна скараціць закупкі, альбо значна падняць кошт транзіту.

На словах не адмаўляючыся зрабіць зніжку, расейскія дуумвіры ў якасці абавязковай умовы ледзь ці не хорам выставілі ўваходжанне Украіны ў Мытны саюз, створаны Расеяй для забеспячэння свайго эканамічнага дамінавання на постсавецкай прасторы, і / або перадачу «Газпрому» кантролю над транзітам газу.

Да заняцця падобнай пазіцыі іх відавочна падштурхнула падзея, якая адбылася 7 верасня: пачалося запаўненне першай чаргі трубаправода «Паўночная плынь», па якім расейскі газ будзе наўпрост пастаўляцца ў Еўропу па дне Балтыйскага мора. 8 лістапада па яго першай нітцы магутнасцю 27,5 млрд. куб м газу ў год павінны пачацца камерцыйныя пастаўкі. Да таго ж ужо на 60% пабудаваная другая нітка такой жа магутнасці.

Выхад абодвух «плыняў» на праектную магутнасць дазволіў бы Маскве цалкам адмовіцца ад ўкраінскага транзіту. Тым самым Крэмль у чарговы раз прадэманстраваў, што сутнасць яго сённяшняй знешняй палітыкі заключаецца ў тым, каб узяць пад кантроль суседзяў, заганяючы іх у кут. Відавочна, што выстаўленне Украіне згаданых умоваў у сітуацыі, калі практычна ўсім асноўным спажыўцам газу ў Еўропе ўжо была прадастаўленая зніжка ў 15-25%, з’яўляецца нічым іншым, як адкрытым палітычным шантажом.

Праўда, чуткі аб ультыматуме, які Мядзведзеў і Пуцін нібыта рыхтаваліся прад’явіць ўкраінскаму калегу на праведзеных 24 верасня ў Маскве перамовах, не пацвердзіліся. Паводле паведамленняў СМІ, расейскія ўлады, па меншай меры, на той момант, адмовіліся ад ідэі ўцягнуць Кіеў у Мытны саюз.

Зрэшты, казаць пра спыненне супрацьстаяння пакуль усё адно не прыходзіцца, так як Кіеў лічыў, што істотны прагрэс быў дасягнуты па газавай праблеме ў цэлым, тады як Масква сцвярджала, што гэта ставіцца толькі да стаўкі транзіту. Больш таго, пазней уся інфармацыя аб дамоўленасцях была аспрэчаная.

На гэтым фоне Гюнтэр Этынгер зрабіў заяву, што Украіна застанецца галоўным і найбольш важным транзіцёрам газу з Расеі ў Еўропу і абяцанне вылучыць USD 310 млн. на мадэрнізацыю яе газатранспартнай сістэмы. Ня выключана, што ў выніку агалошвання намеру вяртання Пуціна ў Крэмль у ЕЗ умацаваліся асцярогі ўзмацнення агрэсіўнасці Расеі ў прасоўванні яе энергетычных інтарэсаў.

Паколькі Еўракамісія ўжо бліжэйшым часам мяркуе стаць ключавым бокам ва ўсіх газавых перамовах краін-членаў ЕЗ, то сумнявацца ў яе магчымасці ўскладніць рэалізацыю глабальных расейскіх задумаў не даводзілася.

Гэта пацвердзілася ў самым хуткім часе, прычым ціск пачаўся адразу з некалькіх бакоў. Так, 27 верасня адразу ў дзесяці краінах-членах ЕЗ прадстаўнікі Еўракамісіі без папярэджання правялі ператрусы ў офісах даччыных фірмаў «Газпрома», а таксама мясцовых энергетычных кампаніяў, цесна звязаных партнёрскімі адносінамі з расейскім газавым манапалістам. Пры гэтым ні адзін з еўрапейскіх партнёраў «Газпрома» расейскую кампанію не падтрымаў – яны альбо адмоўчваліся, альбо заявілі аб поўнай гатоўнасці «супрацоўнічаць са следствам» . Пазней з’явіліся паведамленні што Еўракамісія рыхтуе пазовы супраць 18 краін ЕЗ за зрыў тэрмінаў увядзення Трэцяга энэргапакета, так як яны не падзялілі пастаўку, транспарціроўку і збыт энергарэсурсаў.

Афіцыйны прадстаўнік Еўракамісіі заявіў, што рэйды былі часткай намаганняў па скарачэнні ступені залежнасці кантынента ад расейскага газу. Іх мэта складалася ва ўсталяванні магчымых парушэнняў заканадаўства Еўразвяза аб свабоднай канкурэнцыі. На парушальнікаў могуць быць накладзеныя штрафы ў памеры да 10% ад выручкі. У выпадку з «Газпромам» пры горшым развіцці падзейяў гэтыя санкцыі могуць перавысіць USD 10 млрд. На думку аналітыкаў, калі факты парушэння правілаў будуць даказаныя, «Газпром» можа страціць шэраг актываў, і будзе вымушаны прытармазіць «Паўднёвую плынь».

Такі варыянт ня выключаны, бо ў кампаніі не занадта добрая рэпутацыя ў Еўропе і ва ўсім свеце. Паводле рэйтынгу ўплывовага амерыканскага інвестыцыйнага часопіса Barron’s, «Газпром» па ступені павагі ў бізнес-колах займае апошняе месца. Да таго ж накладанне Еўракамісіяй велізарных штрафаў на такіх гігантаў, як E.on і Microsoft, наглядна паказала, што яна гучных імёнаў не баіцца.

Акрамя таго, 29 верасня міністр энергетыкі Турцыі Танер Йылдыз заявіў, што Анкара можа не падоўжыць падпісанае 25 гадоў таму і дзеючае газавае пагадненне з Расеяй, калі тая ня зменшыць кошт на газ. Па падліках экспертаў, магчымыя страты «Газпрома» праз разрыў кантракту складзе каля USD 3 млрд. Тым самым Турцыя далучылася да цэлага шэрагу іншых партнёраў «Газпрома», што настойваюць на зніжэнні коштаў. Шэраг нямецкіх энергакампаніяў ужо падалі адпаведныя пазовы ў Стакгольмскі арбітраж, а неўзабаве да іх можа далучыцца і Польшча. Пры гэтым Турцыя знаходзіцца ў асабліва выгадным становішчы, бо менавіта праз яе воды мусілі праходзіць як «Паўднёвая плынь» (дазвол на што, дарэчы, яшчэ ня дадзены), так і Nabucco. І калі маршрут расейскай трубы ўхвалены не будзе, то сітуацыя можа змяніцца на прама процілеглую: свае ўмовы атрымае магчымасць дыктаваць ужо Украіна.

Нарэшце, на адбыўшымся ў Астане ў пачатку кастрычніка VI Еўразійскім форуме KAZENERGY Гюнтэр Этынгер сустрэўся з прэм’ер-міністрам Казахстана Карымам Масімавым і зрабіў фармальнае запрашэнне па «Транскаспію», услед за якім рушыла заява казахскага МЗС: «Казахстан надае асаблівае значэнне стварэнню новых энергетычных магутнасцяў і развіццю інфраструктуры транспарціроўкі энергарэсурсаў».

Такім чынам, Еўропа перайшла ад абароны да нападу, хоць зразумела, што барацьба будзе ўпартай. Уладзімір Пуцін ужо сустрэўся з кіраўніком «Газпрома» Аляксеем Мілерам, каб прадэманстраваць, што праца над «Паўднёвай плынню» будзе працягвацца, а таксама прыстрашыць еўрапейцаў магчымай пераарыентацыяй экспарту газу ў азіяцкім напрамку.

На першы погляд можа падацца, што ў сілу аддаленасці Беларусі ад разгляданага рэгіёну баталіі на «газавым фронце», што грымяць там, могуць выклікаць тут толькі чыста акадэмічную цікавасць. На самой жа справе зыход бітвы для нашай краіны не абыякавы.

Калі «Паўднёвая плынь» будзе пракладзеная, то Расея зможа цалкам спыніць транзіт газу праз Беларусь ці Украіну, альбо цалкам праз Беларусь і ў значнай ступені праз Украіну. У такім выпадку Масква атрымае магчымасць шантажаваць любую з іх, дамагаючыся сваіх палітычных мэтаў.

Калі ж гэтага не адбудзецца, то ў сілу меншых аб’ёмаў прапампоўвання Менск усё адно будзе ў больш пагрозлівым становішчы. Аднак у цэлым патэнцыял для шантажу тады істотна аслабне, так як Украіна застанецца асноўным транзіцёрам. Для Беларусі такое становішча будзе істотна больш выгадным, але, зразумела, толькі пры правядзенні правільнай палітыкі.