Паўтарэнне «Фукусімы» ў Беларусі не магчымае. У беларускім выпадку куды больш варта апасацца чалавечага фактару ці тэхналагічных хібаў, што прывялі да катастрофы ў Чарнобылі.

Землятрус у Японіі выклікаў хвалю эмацыйнай, але не заўжды рацыянальнай рэакцыі па ўсім свеце – ад масавай праверкі сістэмаў бяспекі на АЭС да спынення запланаваных атамных праектаў.

 

У Нямеччыне пад ціскам грамадскасці нават прыпыняць працу шэрагу старых атамных электрастанцыяў. Прынятыя нямецкім урадам паказальныя захады, бадай, найбольш красамоўныя: яны адбываюцца напярэдадні мясцовых выбараў у важнай зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг, перамога на якіх для кіроўнага Хрысціянска-дэмакратычнага звязу вельмі важная, і для гэтага ўраду трэба згуляць у паддаўкі з грамадскай думкай, якая б яна ні была.

 

Хаця, магчыма, не будзе перабольшваннем сказаць, што мы маем тут выпадак, калі распаўсюджанасць таго ці іншага меркавання не абавязкова сведчыць пра яго абгрунтаванасць. Яшчэ год таму сацыялагічнае апытанне, праведзенае часопісам «Focus», паказала, што пераважная большасць рэспандэнтаў прыхільна ставяцца да атамнай энергетыкі. Прычым гэта датычыць і тых, хто быў гатовы прагаласаваць на выбарах за партыю «зялёных». Цяпер грамадская думка, відавочна, змянілася, прынамсі на нейкі час.

 

У той жа момант, пасля таго як землятрус і цунамі нанеслі наўпроставую шкоду японскай атамнай энергетыцы і стварылі хвалю недаверу да яе ў Еўропе, рынкавыя цэны на вугаль і прыродны газ папаўзлі ўверх, а разам з імі і цана акцыяў «Газпрому». «Кому война, а кому – мать родна».


Чытаем пра Фукусіму – думаем пра Астравец

 

Вядома, на гэтым фоне і на фоне перамоваў між рэжымам Лукашэнкі і кіраўніцтвам Расіі наконт будаўніцтва АЭС у Астраўцы актывізавалася і дыскусія наконт атамнай энергетыкі ў Беларусі. У нашым выпадку на шок ад навінаў з Японіі накладаецца і траўма ад Чарнобыльскай катастрофы.

 

Але як бы там ні было, у іншых краінах атамная энергетыка сябе ўсё ж збольшага апраўдала. На тэрыторыі Расіі працуюць дзесяць АЭС (у тым ліку пад Смаленскам), на тэрыторыі Украіны – чатыры без уліку Чарнобыльскай, якія забяспечваюць 47% патрэбаў краіны ў электраэнергіі.

 

Атамную энергетыку дазваляюць сабе і невялікія краіны: па дзве АЭС працуюць у Нідэрландах, Бельгіі ды Фінляндыі, па адной – у Славаччыне (забяспечвае 20% патрэбаў у электраэнергіі, два новыя блокі працягваюць будавацца), Румыніі (забяспечвае 18% патрэбаў у энергіі) і Балгарыі (35% энергіі, яшчэ адна станцыя будуецца). У Швецыі працуе ажно тры станцыі (45% патрэбаў у электраэнергіі).

 

Землятрусы кшталту таго, які перажыла Японія на мінулым тыдні, досыць рэдка здараюцца нават у сейсмаактыўным рэгіёне, якім ёсць Японія. Імавернасць такога землятрусу і пагатоў цунамі ў Беларусі – мізэрная. Адпаведна мінімальная і імавернасць такога кшталту крытычнай сітуацыі на будучай беларускай АЭС.

 

Беларусь мае патрэбу дыверсіфікаваць крыніцы энергіі. Альтэрнатыўныя крыніцы, пра якія любяць разважаць «зялёныя», для Беларусі малапрыдатныя, магчымасці для здабычы энергіі з прыліву, ветру ці сонца ў Беларусі адсутнічаюць.

 

Наша краіна хіба што мае пэўны патэнцыял у гідраэнергетыцы, досыць экалагічна бясшкоднай (за выключэннем патрэбы затапляць тэрыторыі пры будаўніцтва ГЭС), і ўлада мае праграму пабудовы гідраэлектрастанцыяў агульнай магутнасцю 200–250 МВт да 2018 г. Але на фоне гэтага магутнасць праектаванай Беларускай АЭС складацьме 2400 МВт.

 

АЭС здаецца дастаткова прывабным праектам – калі адкінуць фактары палітычнага і арганізацыйнага кшталту. Толькі праблема ў тым, што ў гэтых самых фактарах хаваюцца сапраўдныя крыніцы для сумневаў у канкрэтным праекце беларускай АЭС.

 

Што не так з беларускім праектам АЭС

 

Сумневы выклікае тэхналагічная гатовасць беларускага праекту, а таксама якасць будучага будаўніцтва, асабліва зважаючы на характэрную для беларускага дыктатарскага рэжыму непразрыстасць прыняцця рашэнняў і характэрную для расійскай прыдзяржаўнай эканамічнай дзейнасці карупцыйнасць. Усё гэта закладае адпаведныя тэхналагічныя рызыкі ў будаўніцтва такога аб’екту як АЭС.

 

Выклікае пытанне міжнародная ўзгодненасць будаўніцтва АЭС у беспасярэднай блізасці ад мяжы з Літоўскай Рэспублікай і на рацэ Вяллі, што цячэ праз Вільню. Больш глабальны пункт у справе міжнароднага ўзгаднення палягае ў тым, што міжнароднае «зялёнае» лобі будзе процістаяць будаўніцтву АЭС незалежна ад якасці праекту і бездакорнасці яго выканаўцаў.

 

Асобнае пытанне – фінансаванне праекту ($ 6–7 млрд), якое плануецца рабіць коштам атрыманага ад Расіі ж крэдыту. Плацежаздольнасць Беларусі ў сярэднетэрміновай перспектыве застаецца пад пытаннем, і расійцы гэта ведаюць лепш, чым хтосьці яшчэ. Пазыкі нестабільнай лукашэнкаўскай Беларусі з нявызначанай будучыняй – справа рызыкоўная. Затое этап выдзялення (а потым, магчыма, спісання) гэтай пазыкі зможа зрабіцца інструментам ціску для, напрыклад, атрымання доступу расійскіх кампаніяў да прыватызацыі беларускай дзяржаўнай маёмасці.

 

З беларускага пункту гледжання выклікае пытанне палітычны сэнс камбінацыі, пры якой замест залежнасці ад расійскага дзяржаўнага газу Беларусь трапіць у залежнасць ад расійскага ж атамнага паліва, а таксама ад утылізацыі радыеактыўных адходаў.

 

Зважаючы на гэты і папярэдні пункты, застаюцца сумневы, ці не спыніцца будаўніцтва ўвогуле, бо дагэтуль яно збольшага выглядае элементам у нейкай гульні паміж Лукашэнкам і Крамлём.

 

Так ці іначай, хай кароткатэрміновыя эмоцыі не ўводзяць нас у зман: пры іншых роўных умовах, атамная электрастанцыя Беларусі была б патрэбная, і баяцца яе было б не варта. Паўтарэнне «Фукусімы» ў Беларусі не магчымае.

 

У беларускім выпадку куды больш варта апасацца чалавечага фактару ці тэхналагічных хібаў, што прывялі да катастрофы ў Чарнобылі.

 

І таму лепш ніякай АЭС, чым няякасная АЭС, вакол будаўніцтва якой ідуць і будуць ісці палітычныя інтрыгі і будаваць якую будзе ненадзейны кантрактар. Праблема не ў атамнай энергетыцы, праблема, як заўжды, у палітычным кіраўніцтве Беларусі і тым, ува што яно ўцягвае краіну.

 

n-europe.eu