На наш погляд, зараз рэзкая дэвальвацыя беларуская рубля з’яўляецца непажаданай і прынясе эканоміцы значна больш шкоды, чым карысці.

На мінулым тыдні МВФ апублікаваў даклад, у якім заклікаў улады краіны правесці макраэканамічную карэкціроўку з мэтай скарачэння дэфіцыту рахунку бягучых аперацый аплатнага балансу. У якасці адной з мераў місія фонду паказала на неабходнасць дэвальвацыі беларускага рубля, што прывяло да ўзмацнення дэвальвацыйных чаканняў у эканоміцы. Паколькі насельніцтва яшчэ не забылася ступенчатую дэвальвацыю 2 студзеня 2009 г., якая была праведзеная па патрабаванні фонду.

У прыватнасці, эксперты МВФ прапаноўваюць два сцэнары макраэканамічнай карэкціроўкі: 1) сцэнар карэкціроўкі, заснаваны на гнуткасці абменнага курсу; 2) сцэнар карэкціроўкі, заснаваны на абмежаванні ўнутранага попыту.

У першым сцэнары акцэнт зроблены на павышэнні гнуткасці курсу беларускага рубля ў 2011-2012 гг. з мэтай значнага зніжэння рэальнага эфектыўнага курсу нацыянальнай валюты да валют краін – асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, што дазволіць скараціць знешнегандлёвы дэфіцыт краіны. Па ацэнцы МВФ, у цяперашні час рэальны эфектыўны абменны курс беларускага рубля завышаны прыкладна на 12-16%. У той жа час, эксперты фонду лічаць, што атрыманыя ацэнкі незбалансаванасці курсу варта «асцярожна інтэрпрэтаваць».

Другі сцэнар макраэканамічнай карэкціроўкі прадугледжвае скарачэнне рэальнага ўнутранага попыту ў 2011 г. на 3,3%. Місія МВФ рэкамендуе ўзмацніць фіскальную палітыку за кошт значнага скарачэння бюджэтных расходаў, для чаго запатрабуецца «ануляваць» частку нядаўняга павышэння заробкаў, а таксама дадаткова скараціць субсідыі і трансферты. Акрамя таго, неабходна паскорыць тэмпы павышэння тарыфаў на камунальныя паслугі да узроўняў, якія дазваляюць кампенсаваць адпаведныя выдаткі. Чыстае крэдытаванне ў рамках дзяржпраграмаў у 2011 г. варта скараціць да 1,5% да ВУП супраць 6% ВУП у 2010 г. Паводле другога сцэнару, курс беларускага рубля на працягу 2011 г. зменшыўся б у намінальным выражэнні на невялікую велічыню.

Улады Беларусі пагадзіліся з неабходнасцю скарачэння бягучага рахунку аплатнага балансу, аднак не лічаць прымальнымі абодва сцэнары МВФ. Урад спадзяецца прафінансаваць адмоўнае сальда дэфіцыту рахунку бягучых аперацыяў у 2011 г. за кошт продажу дзяржуласнасці, прыцягнення знешніх запазычанняў, а таксама прамых замежных інвестыцыяў.

Улады асабліва адзначылі палітычныя цяжкасці нават частковага згортвання праведзенага нядаўна павышэння заробкаў. Некаторыя службовыя асобы прызналі, што паніжаны валютны курс дапамог бы аднавіць знешнюю раўнавагу, але асцерагаюцца, што дэвальвацыя падарве ўпэўненасць у эканоміцы і аслабіць давер да іх. Урад таксама не пагадзіўся з ацэнкай экспертаў фонду, якая палягае на тым, што курс беларускага рубля істотна завышаны.

У цэлым нагодай для сур’ёзнай заклапочанасці МВФ з’яўляецца прыкметнае скарачэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі ў апошнія месяцы. Так, у студзені-лютым 2011 г. міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі ў вызначэнні Спецыяльнага стандарту распаўсюджвання даных МВФ скараціліся адразу на 1,007 млрд. дал. (або на 20%) да 4,024 млрд. дал на 1 сакавіка. Без уліку паступлення сродкаў ад размяшчэння другога выпуску суверэнных еўрабондаў у студзені 2011 г. (у памеры 800 млн. дал.) скарачэнне золатавалютных рэзерваў склала больш за 1,8 млрд. дал. у абсалютным выражэнні.

Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу, што па стане на 1 сакавіка 2011 года асобныя рэзервовыя актывы ў замежнай валюце знізіліся да 1,281 млрд. даляраў, што з’яўляецца мінімальным значэннем з 1 красавіка 2007 г. Гэта значыць найбольш ліквідны складнік золатавалютных рэзерваў скараціўся да чатырохгадовага мінімуму, што выглядае досыць трывожна.

Таму ў бягучай сітуацыі мэтазгодным выглядае разгляд пытання аб пераразмеркаванні часткі каштоўных металаў і камянёў (уключаючы манетарнае золата) і іншых рэзерваў у больш ліквідную форму, г.зн. у рэзервовыя актывы ў замежнай валюце. Для даведкі: па стане на 1 студзеня 2011 г. залаты запас у структуры рэзерваў у фізічным выражэнні склаў 31,3 тон супраць 30,18 тон на 1 кастрычніка 2010 г.

Эксперты МВФ лічаць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве дэфіцыт рахунку бягучых аперацыяў аплатнага балансу Беларусі варта знізіць да 3,5% ВУП, а таксама павялічыць падушку бяспекі па золатавалютных рэзервах да ўзроўню кошту імпарту за 3-4 месяцы і перавесці дынаміку сукупнага знешняга доўгу на збалансаваную траекторыю .

Іншымі словамі, дастатковым з’яўляецца ўзровень рэзерваў, які адпавядае трохмесячнаму імпарту тавараў і паслугаў. У Беларусі гэты крытэр не выконваецца – золатавалютных рэзерваў краіны хопіць, каб аплаціць толькі 1,3 месяцы імпарту. У выніку, каб адпавядаць крытэру трохмесячнага імпарту золатавалютныя рэзервы Беларусі ў цяперашні час павінны складаць не менш 9,3 млрд. дал. (ці ў 2,3 разы больш бягучага ўзроўню).

Скарачэнне золатавалютных рэзерваў абумоўленае ўзмацненнем чыстага попыту на замежную валюту (г.зн. за мінусам яе прапановы) на ўнутраным валютным рынку з боку прадпрыемстваў і банкаў. Так, у студзені 2011 г. беларускія прадпрыемствы купілі замежнай валюты на 405,09 млн. дал. больш, чым прадалі. Пры гэтым недахоп валюты для набыцця імпартнай сыравіны, абсталявання, а таксама ажыццяўлення выплатаў па раней прыцягнутых знешніх пазыках прадпрыемствы кампенсуюць, купляючы яе ў дзяржавы (на Беларускай валютна-фондавай біржы).

Уласна кажучы, гэтым і тлумачацца прынятыя ў студзені-лютым 2011 г. абмежаванні на ўнутраным валютным рынку. У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб забароне авансавання імпарту за кошт сродкаў валютных крэдытаў беларускіх банкаў, павышэнні біржавага збору на таргах валютай на БВФБ з 0,0095% да 2% ад сумы здзелкі і забароне куплі замежнай валюты для імпарту абсталявання па знешнегандлёвай дамове на суму, якая перавышае 50 тыс. еўра ў эквіваленце.

У апошнім выпадку аплата імпартнага абсталявання ажыццяўляецца выключна за кошт наяўнай у імпарцёра валютнай выручкі і іншай замежнай валюты (укладаў у статутны фонд, замежнай бязвыплатнай дапамогі, дывідэндаў і іншых даходаў ад інвестыцыяў ды інш.), а таксама крэдытаў нерэзідэнтаў і беларускіх банкаў, выдадзеных на тэрмін не менш 1 года.

У пэўнай меры названыя рашэнні дазволяць абмежаваць імпарт тавараў і паслугаў, а таксама знізіць чысты попыт на валюту на біржавым валютным рынку.Аднак яны не вырашаюць структурных праблемаў беларускай эканомікі. Таму з улікам захавання негатыўнай дынамікі золатавалютных рэзерваў можна чакаць прыняцця дадатковых мераў, скіраваных на ўзмацненне жорсткасці валютнага кантролю з боку Нацыянальнага банка.

З іншага боку, увядзенне абмежаванняў на ўнутраным валютным рынку сведчыць аб жаданні цэнтральнага банка ўтрымаць курс беларускага рубля ў адносінах да валютнага кошыка ў рамках заяўленага калідора (+ / -8% адносна цэнтральнага значэння, які склаўся на пачатак 2011 г. 1054,68 руб.). Дарэчы, з пачатку бягучага года па 14 сакавіка беларускі рубель патаннеў да кошыка валют на 4,57% да 1102,88 руб., у тым ліку да даляра – на 0,93% да 3028 руб., Да еўра — на 5, 45% да 4188,94 руб, а да расейскага рубля – на 7,44% да 105,76 руб.

Адпаведна, з улікам дынамікі намінальнага курсу можна чакаць зніжэння і рэальнага эфектыўнага курсу нацыянальнай валюты, што дасць магчымасць падтрымаць цэнавую канкурэнтаздольнасць беларускіх экспарцёраў на еўрапейскім і расейскім рынках. У прыватнасці, найбольшую выгаду ў дадзеным выпадку атрымаюць тыя экспарцёры, у якіх выдаткі намінаваныя ў беларускіх рублях, а атрымліваемая выручка ў еўра і расейскіх рублях.

З моманту пераходу да механізму курсаўтварэння на аснове кошыка валют (2 студзеня 2009 г.) па 14 сакавіка 2011 года афіцыйны курс беларускага рубля да валютнага кошыка знізіўся на 14,9%, у тым ліку да даляра – на 14,3%, да еўра – на 13,1% і да расейскага рубля – на 17,3%. З улікам праведзенай у пачатку 2009 г. ступеньчатай дэвальвацыі нацыянальнай валюты курс беларускага рубля да даляра ЗША ў 2009-2011 гг. знізіўся на 37,6%, да еўра – на 36,1% і да расейскага рубля – на 37,5%.

На наш погляд, зараз рэзкая дэвальвацыя беларуская рубля з’яўляецца непажаданай і прынясе эканоміцы значна больш шкоды, чым карысці. Па-першае, гэта прывядзе да паскарэння інфляцыі на спажывецкім рынку. Аднак ужо адбыўшыся рост заробкаў у бюджэтнай сферы, захоўваемыя высокія інфляцыйныя чаканні, больш хуткая дынаміка коштаў у вытворчым сектары і высокія тэмпы росту крэдытавання і без таго ўзмацняюць інфляцыйны ціск у эканоміцы.

Па-другое, дэвальвацыя беларускага рубля можа ізноў прывесці да росту дэвальвацыйных чаканняў, і, як наступства, узмацнення працэсаў далярызацыі ў эканоміцы. У якасці станоўчага моманту тут варта адзначыць, што ў студзені-лютым 2011 г. упершыню з верасня 2010 адзначаецца аднаўленне прытоку рублёвых сродкаў насельніцтва ў банкаўскую сістэму. Так, у студзені-лютым 2011 г. дэпазіты фізічных асобаў у беларускіх рублях павялічыліся на 1.082трлн. руб. (або на 11%) да рэкордных 10.893трлн. руб. на 1 сакавіка. Іншымі словамі, давер ўкладчыкаў да нацыянальнай валюты паступова вяртаецца.

Па-трэцяе, рэзкая дэвальвацыя нацыянальнай валюты прывядзе да прыкметнага павелічэння пазыковай нагрузкі, звязанай з абслугоўваннем сукупнага знешняга доўгу краіны, а таксама да адначасовага пагаршэння паказчыкаў крэдытаздольнасці ўрада і прадпрыемстваў. А, гэта, у сваю чаргу, можа знізіць магчымасці рэзідэнтаў Беларусі па прыцягненні новага знешняга фінансавання (у тым ліку для мэтаў рэфінансавання папярэдніх замежных крэдытаў і пазыкаў).

Так, сукупны знешні доўг Беларусі дасягнуў рэкордных 28,512 млрд. дал. на 1 студзеня 2011 г., што складае 52,2% да аб’ёму ВУП краіны пры парогавым значэнні 60% ВУП. Аднак у выніку 15%-най дэвальвацыі беларускага рубля адносіна сукупнага знешняга доўгу да ВУП аўтаматычна ўзрастае толькі за кошт зніжэння даляравага эквіваленту ВУП да 60,03%, г.зн. перавысіць верхнюю дапушчальную мяжу знешняга доўгу з пункту гледжання эканамічнай бяспекі краіны.

Такім чынам, з улікам вышэйпералічаных фактараў цяпер больш мэтазгодным варыянтам выглядае паступовая дэвальвацыя нацыянальнай валюты да асноўных замежных валютаў.

Разам з тым, іншыя заўвагі МВФ у бягучай сітуацыі выглядаюць абгрунтаванымі. Сапраўды, сёння трэба абмежаваць унутраны попыт за кошт скарачэння дэфіцыту дзяржбюджэту. Першым крокам у гэтым напрамку павінна стаць зніжэнне заробкаў у дзяржсектары на 10-15% з 1 красавіка 2011 г., паколькі прадукцыйнасць працы і эфектыўнасць дзяржаўных інстытутаў не адпавядаюць бягучаму ўзроўню зарплаты. У сваю чаргу, Нацбанк павінен спыніць прадастаўленне банкам ліквіднасці на нярынкавых умовах, а таксама падтрымліваць працэнтныя стаўкі ў рэальным выражэнні (г.зн. з улікам інфляцыі) на станоўчым узроўні.

Нарэшце, структурныя рэформы, скіраваныя на ўзмацненне канкурэнтаздольнасці, дазволяць павялічыць беларускі экспарт, а меры палітыкі, нацэленыя на замяшчэнне імпарту, у сярэднетэрміновай перспектыве прывядуць да памяншэння дэфіцыту па рахунку бягучых аперацыяў. У цэлым пры ўмове, што эканоміка Беларусі пачне перабудоўвацца за кошт развіцця новых вытворчасцяў і праектаў, вастрыня пытання, звязанага са скарачэннем золатавалютных рэзерваў знізіцца і не будзе ўяўляць значнай пагрозы эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю краіны.

 

Агенцтва палітычнай экспертызы BISS