Бярозавы сок — адзін з першых вясновых прыродных «далікатэсаў», які можна пакаштаваць пасля доўгай зімы. Беларусы бярозавы сок любяць, нарыхтоўваюць і дзеляцца адзін з адным рэцэптамі напояў на яго аснове. Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў Навінкаўскае лясніцтва, што ў Клецкім раёне, каб пачуць пару такіх рэцэптаў, пабачыць бярозу-«рэкардсменку», а таксама даведацца, што дзікі, у адрозненне ад людзей, сок не п’юць. І дарэчы, дарма…

— Вось бачыце, ужо паўсюль на зямлі блакітныя кветкі відаць? Гэта першая прыкмета таго, што хутка соку канец. Сёлета з-за надвор’я сезон значна пазней пачаўся, — праводзіць нас па лесе майстар лесу
1 класа Навінкаўскага лясніцтва Мікалай Касцюкевіч. Мікалай Паўлавіч — сапраўдны «эксперт па соку», у лясніцтве ён займаецца нарыхтоўкай ужо 19 гадоў.

Пакуль прыглядаемся да мяшкоў, напоўненых празрыстай вадкасцю, якія ляжаць, лічы, пад кожным дрэвам, аповед пра сакрэты збору бярозавіку працягваецца:

— Сёння толькі 12-ы дзень, як бярозы пачалі «плакаць». Першы сок сабралі сёлета недзе 8 красавіка.

Аказваецца, колькасць соку, які збіраюць ад адной бярозы, перш за ўсё залежыць ад вільготнасці глебы, а вось працягласць сезона залежыць ад надвор’я. У залежнасці ад велічыні дрэва, на камлі можна ўсталяваць да чатырох металічных «кліноў». У першую чаргу «падсочваюць» дрэвы з паўднёвага боку. Сок у паўночнай частцы лесу пачынае цячы пазней.— Аптымальная тэмпература для нарыхтоўкі — ад 0 да +2 градусаў, максімум — +5. А сёння ўжо плюс 22 градусы. Можа здарыцца, што пры такім надвор’і «плакаць» бярозы будуць яшчэ ўсяго толькі дні тры, — гаворыць Мікалай Касцюкевіч.

Межы «бярозавай плантацыі» здаюцца бясконцымі. На ёй — прыкладна дзве тысячы мяшкоў. Сок збірае спецыяльная брыгада. Якраз іх і заўважаем удалечыні: тры чалавекі і… конь (зразумела, запрэжаны ў калёсы). Пакуль мужчыны працуюць, конь час ад часу намагаецца дацягнуцца да вядра, у якое з мяшкоў зліваюць бярозавік.

Аказваецца, што для Мікалая Касцюкевіча нарыхтоўка соку — лічы, сямейная справа: яму заўсёды дапамагае сын Саша.

— Калі быў малы, прыходзіў са мной на працу, насіў пустыя мяшкі, зараз падрос — можа ўжо браць і напалову поўныя, — кажа Мікалай Паўлавіч. — Часам можа прыехаць і дапамагчы жонка Марына. Я падсочваю бярозы, а яна ставіць мяшкі. Дачка Дзіяна — студэнтка. на выхадных таксама клічу яе папрацаваць: будзе «выпісваць» людзям сок. А калі прыязджаюць зяць і ўнук Даніла, і ім праца знаходзіцца. Зяць можа насіць поўныя мяшкі і вёдры, а ўнук цягае за мной мяшкі пустыя. А каб сок насіць, у яго ёсць маленькае вядзерца.

У сярэднім з адной бярозы на гэтай дзялянцы збіраюць пяць літраў на круг (кожны дзень вызначаецца ўчастак, на якім сок будзе сабраны менавіта сёння, мяшкі напаўняюцца «ад круга да круга»). Але ёсць бярозы-рэкардсменкі, якія кожны дзень даюць па мяшку соку. Мікалай Касцюкевіч ведае кожную:

— Я стараюся сам ставіць да яе мяшок, нікога не падпускаю, бо калі раптам той мяшок парвецца ці будзе дрэнна пастаўлены, шмат соку акажацца на зямлі.

Што ж, мы таксама ідзем «знаёміцца»… Бяроза-«рэкардсменка» мае вельмі цёмную кару, белая — толькі на самых верхніх галінках. Дрэва досыць старое. Дарэчы, збіраць сок можна толькі ў старых лясах, якія ў хуткім часе плануецца высекчы. Напрыклад, у тым, дзе былі мы, сок плануюць збіраць да 2015 года. Пасля замест старых дрэў пасадзяць новы лес. Мікалай Касцюкевіч на гэтай дзялянцы нарыхтоўвае бярозавік ужо трэці год. Шкадуе яе, як уласны сад.

Сок Навінкаўскае лясніцтва здае не толькі для прамысловай перапрацоўкі. Па вясновы напой кожны дзень прыязджае шмат мясцовых людзей, якія, купіўшы некалькі біклаг, вязуць сок дадому і там гатуюць па сваіх правераных рэцэптах. За саракалітровую біклагу свежага бярозавіку трэба заплаціць 38,4 тысячы рублёў, а літр каштуе 960 рублёў.

— Каб самому назапасіць соку на сваю сям’ю, чалавеку трэба прыехаць у лясніцтва, напісаць заяву, і яму выдзяляецца некалькі дрэў, з якіх можна браць бярозавік. Гэта абсалютна бясплатна, — расказвае ляснічы Навінкаўскага лясніцтва Сяргей Крыцук.

А вось дзікія жывёлы, у адрозненне ад людзей, асаблівай цікавасці да напою не маюць, мірна суседнічаюць з расстаўленымі амаль пад кожнай бярозай мяшкамі.

— Кабаны сок не п’юць, — жартуюць нашы праважатыя.

Калі пра гэты факт можна яшчэ неяк здагадацца, то пра наступны ведаюць толькі людзі, якія праводзяць у лесе шмат часу, а не проста заязджаюць туды пасмажыць шашлыкі ці пазбіраць ягад.

Ляснічы Сяргей Крыцук расказаў нам, што на смак можна адрозніць не тое што сок з розных лясоў, а нават і з розных дрэў. Гэта залежыць ад таго, якія пажыўныя рэчывы бяроза ўзяла з глебы. Да таго ж першы і апошні сок з аднаго дрэва таксама будзе адрознівацца на смак. Самы смачны, дарэчы, той, які сабраны не ў канцы і не ў пачатку сезона, а недзе «пасярэдзіне».

Уносіць у сок дадатковыя «смакавыя ноткі» можна рознымі спосабамі.

— У нашай мясцовасці з соку часцей за ўсё робяць такі напой: бяруць пластыкавыя бутэлькі, напаўняюць іх бярозавікам. Потым у бутэльку кідаюць 4-5 разынак і 1-2 чайныя лыжкі цукру, — дзеліцца сакрэтам Мікалай Касцюкевіч.

Дастаткова сыпануць крыху больш — і сок стане густым, як кісель, нясмачным. Праз некалькі дзён можна каштаваць. Атрымліваецца «шампанскае».

Летась Мікалаю Паўлавічу нехта падказаў рэцэпт «каньяку»: у сок дадаваўся хлебны квас, чырвонае віно. Не сказаць, што атрымалася асабліва смачна, але затое — незвычайна… Што ж, кожны рэцэпт павінен знайсці свайго прыхільніка. Адзін «каньяк» упадабае, а іншаму самы смак у чыстым бярозавіку, без усялякіх дабавак.


Дарэчы

Бярозы запознена «плачуць»…

Сёлета сезон нарыхтоўкі бярозавага соку для спажывецкай кааперацыі з’яўляецца асаблівым, паколькі з-за ўмоў надвор’я ён «спазніўся» і распачаўся толькі з 12 красавіка, у той час як летась ён стартаваў з 26 сакавіка. Пакуль нарыхтавана толькі крыху больш за 18 тон бярозавіку, або 5 працэнтаў ад даведзенага задання. Для параўнання: летась на аналагічную дату было нарыхтавана 667 тон соку.

Як паведамілі ў Белкаапсаюзе, кансервавым прадпрыемствам даведзена заданне па нарыхтоўцы і перапрацоўцы бярозавіку ў аб’ёме 845 тон (з тэмпам росту 105 працэнтаў) да леташняга ўзроўню.

У сістэме Белкаапсаюза запланаваны выпуск прадукцыі больш за 18 найменняў: соку бярозавага з цукрам, купажыраванага рознымі іншымі сокамі, а таксама з дабаўленнем настояў траў і пладоў. Тэхналагічнай службай Краснаслабодскага камбіната Салігорскага раённага спажывецкага таварыства распрацаваны новыя рэцэптуры на выпуск бярозавага соку: «Сок бярозавы з лімонам», «Сок бярозавы з сухафруктамі», «Сок бярозавы з настоем ячменю».