На маю думку, ёсць істотная праблема, не галоўная, але настолькі важная, што пра яе не варта  забывацца. Гэта адсутнасць індустрыі літаратуры ў Беларусі як такой.

Толькі вярнуўся з вечарыны на якой Сяргей Астраўцоў прэзентаваў сваю новую кнігу “Каты Ёзафа Ратцынгера”. Вечарына мне спадабалася, але гаворка пойдзе не пра саму вечарыну. На сустрэчы якая ладзілася ў Горадні, сярод іншых тэмаў, была ўзнята тэма стану сучаснай беларускай літаратуры.

 

Спачатку сам аўтар загаварыў пра складанасці з рэалізацыяй беларускамоўнай літаратуры, калі нават наклад у некалькі сотняў асобнікаў доўгі час стаіць на паліцах кнігарняў. Сярод прычынаў прысутнымі называліся і загнанне беларускіх аўтараў у рэзервацыю, і тое што па-беларуску не гавораць і не чытаюць, і тое, што пісменніцтва разглядаецца ў нас як хоббі, на якое застаецца час толькі пасля асноўнай працы, і нават пра “адсутнасць пазітыва” у творах беларускамоўных аўтараў. А яшчэ адсутнасць шырокага выбару твораў, вузкая тэматыка твораў, адсутнасць жадання ў некаторых аўтараў пісаць…, вось толькі некаторыя асноўныя прычыны па якіх не чытаюць новых беларускіх аўтараў. Мноога прычын.

 

Але я так сабе падумаў, няўжо па-руску беларускіх аўтараў у нас прынцыпова больш чытаюць? Калі Альгерда Бахарэвіча мала хто ведае, гэта не значыць, што Святлану Алексіевіч у Беларусі ведае прынцыпова большая колькасць людзей.

 

На маю думку, ёсць яшчэ адна істотная праблема, не галоўная, але настолькі важная каб пра яе не варта было забывацца. Гэта адсутнасць індустрыі літаратуры ў Беларусі як такой.

 

Я нават не пра вялікія грошы і заможныя выдавецтвы кажу. Я пра сучасныя тэхналогіі ў “раскручванні”, прасоўванні аўтараў і распаўсюдзе іх літаратурных твораў.

 

Пры ўсёй павазе да аўтараў і іх твораў, скажыце, што, “казкі” пра Гары Поттэра – супер геніяльныя творы? Віктар Пелевін ці Паула Каэльё надзвычай выбітныя і надзвычай таленавітыя творцы нашага часу? А іх чытаюць калі не мільёны, то блізка да гэтых лічбаў.

 

Часта творы і аўтары становяцца знакамітымі не столькі дзякуючы сваім творам, колькі дзякуючы тэхналогіям, якія выкарыстоўваюцца ў літаратурнай індустрыі.

 

Для індустрыі літаратурны твор – гэта тавар. І да гэтага твора літаратурная індустрыя ставіцца як да тавара які трэба ПРАДАЦЬ.

 

Менавіта таму аўтары, у краінах дзе індустрыя літаратуры існуе, працуюць над творамі для таго каб прадаць чытачу, а ў нас аўтары працуюць для таго каб напісаць твор. Ці добра такое стаўленне да твораў? Складанае пытанне. Там дзе ёсць падобная індустрыя літаратуры, думаю, што ёсць процьма сваіх праблемаў ад якіх творцам робіцца кепска. Але ў тых краінах ёсць вынік: там дзе ёсць індустрыя – аўтараў ведаюць, купляюць і чытаюць. Там дзе няма індустрыі – працэс сканчаецца ў лепшым выпадку выданнем кнігі.

 

У гэтую індустрыю уваходзяць вялікія, вядомыя і дробныя малатыражныя часопісы, арміі выдаўцоў, агентаў-мэнэджэраў, крытыкаў і юрыстаў, тэле і радыё перадачы, кінастудыі, буйныя сеткі кнігарняў і дробныя прыватныя кнігарні. І так можна працягваць і працягваць пералічаць…

 

Для таго каб патэнцыйны чытач набыў канкрэтны твор канкрэтнага аўтара і выбраў іх сярод мільёнаў, неабходна стварыць адпаведныя ўмовы. А гэта значыць: трэба зацікавіць патэнцыйнага чытача канкрэтным аўтарам, зацікавіць яго творам, стварыць умовы для зацікаўлення тэматыкай на якую піша аўтар, стварыць, нарэшце моду на само чытанне.

 

І усе гэтыя структуры, тэхналогіі і людзі існуюць толькі для аднаго – для таго каб прадаць твор. Аўтар у гэтым механізме, сатканага з мноства разнастайных структур, людзей, тэхналогій і працэсаў з’яўляецца толькі адным з элементаў. Я не хачу сказаць што гэта вельмі добра. Гэта толькі значыць, што для аўтара працуе вялікая колькасць людзей, не з мэтай дапамагчы яму напісаць, а для таго каб дапамагчы прадаць тое, што ён напіша.

 

Ці можа сам літаратурны твор існаваць без усяго вышэйпералічанага – вядома можа. Больш за тое, гэты твор можа быць геніяльным. Ці стане твор без усяго пералічанага папулярным – малаверагодна, калі не сказаць што не стане.

 

Ну вось і раскрытыкаваў як у нас усё кепска і як недзе ўсё добра. Гэта азначае, што ў беларускамоўнай літаратуры няма аніякіх шанцаў?

 

Шанец ёсць заўсёды.

 

Для пачатку трэба не сканчаць працу над творам вычыткай пасля рэдагавання перад друкам. Трэба ісці да людзей і прапаноўваць ім свой прадукт. Трэба думаць, як прадаць свой твор. А тое на якой мове ён напісаны не будзе граць вызначальнай ролі калі чытач ім зацікавіцца. Трэба тымі сіламі і рэсурсамі якія сёння маем ствараць умовы для таго каб чытач набыў твор. Тым больш што часопісы, радыё, інтэрнэт-рэсурсы, прыватныя выдавецтвы пачынаюць усё актыўней працаваць у накірунку раскручвання аўтараў і іх твораў. Рады што гэта ствараецца пераважна беларускамоўнымі для беларускамоўных аўтараў і іх твораў.

 

А адзін асобнік з подпісам аўтара я набыў, але паколькі аўтара ведаю асабіста, то не задаваўся пытаннем ці ён пераканаў мяне што гэта зрабіць варта. Мне аўтар і яго кніжка цікавыя.

 

ikuzminich.livejournal.com