Не стамляюся дзівіцца прапагандысцкаму спрыту аўтараў аднаго з расійскіх інтэрнэт парталаў. Яны з зайздроснай сталасцю абвальваюцца на ўсё беларускае, не хаваючы сваіх «вялікарускіх» памкненняў. Нядаўна, прачытаў на скрозь антыбеларускі артыкул У. Зотава, у якім аўтар, змешваючы пытанні палітыкі і грамадскага жыцця, спрабуе даказаць, што нібыта ў Беларусі ўціскаецца ўсё рускае.

Пакінем палітычны складнік шматлікім палітолагам, якіх на прасторах сусветнай павуціны вялікае мноства. Пагаворым пра грамадскае жыццё Беларусі, дакладней пра тое, у якім святле яго спрабуюць прадставіць ідэолагі сучаснага вялікадзяржаўнага шавінізму. Ключавым паняццем у іх лексіконе з’яўляецца тэрмін — нацыяналізм. Яго бачаць, на прыклад, у адукацыі, абвінавачваючы беларускую прафесуру ў тым, што тыя, нібыта пагалоўна «сядзяць» на польскіх грантах.

Некаторыя беларускія даследчыкі працуюць у польскіх архівах, хтосьці выдае там свае манаграфіі (кнігавыданне ў Польшчы вельмі развіта), але пры гэтым глупствам з’яўляецца сцвярджэнне, што ў Польшчы беларусаў вучаць ненавідзець Расію. Хутчэй наадварот, там за Бугам, існуе вельмі добрая навуковая школа вывучэння гісторыі Расіі. Выдаюцца часопісы, на прыклад, «Новая Польшча» у якіх акцэнты робяцца на руска-польскіх гістарычных і культурных сувязях.

Зрэшты, у Польшчы высока развіта і школа беларусазнаўства. Там ёсць добрыя спецыялісты, сабраны багатыя архіўныя зборы дакументаў, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што беларускія даследчыкі наведваюць заходнюю суседку. Няма нічога адмоўнага і ў тым, што Польшча стымулюе беларускія гістарычныя даследаванні, праводзіць навуковыя канферэнцыі і сімпозіумы. Дзякуючы гэтаму гістарычная адукацыя ў Беларусі не варыцца ва ўласным соку, а нацыянальная гісторыя Беларусі пазбаўляецца «белых плям».

Заступнікі вялікадзяржаўнага шавінізму баяцца беларускай мовы як чорт ладану. На прыклад, Міністра адукацыі Беларусі Сяргея Маскевіча за тое, што ён выказаўся ў падтрымку беларускай мовы, яны называюць «нацыяналістычным маргіналам». Іншага беларускага чыноўніка высокага рангу Паўла Латушку абвінавачваюць у «беларусізацыі» Мінкульта, а яшчэ ў курыраванні здымак фільма па рамане Уладзіміра Караткевіча, якога, дарэчы, за тое, што ён напісаў раман аб барацьбе беларусаў з Расійскай імперыяй («Каласы пад сярпом тваім!), завуць пісьменнікам-русафобам.

На маю асабістую думку выпады ў адрас гэтага таленавітага пісьменніка з’яўляюцца прамой абразай ўсяго беларускага народа, бо Уладзімір Караткевіч — гэта адзін з сімвалаў нашай нацыянальнай культуры і ідэнтычнасці. За што Зотаў і Ко. абражаюць Караткевіча? За тое, што ён напісаў гістарычную праўду? Ці насамрэч паўстання супраць царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага не было? Ах так, у іх разуменні гэта было «польскае паўстанне паноў», якія імкнуцца «адрадзіць Польшчу ў межах 1772 г.». Але ў рэчаіснасці паўстанне 1863-1864 гг. на тэрыторыі «гістарычнай Літвы» мела ярка выражаны беларускі характар і стала магутным каталізатарам у развіцці нацыянальнай самасвядомасці нашага народа.

Гэтыя людзі наўмысна імкнуцца прымусіць беларусаў зноў забыцца пра гісторыю войнаў Маскоўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага, матывуючы гэта тым, што нібыта дадзеныя сюжэты прыйшлі ў Беларусь з Польшчы, якая імкнецца адарваць нашу краіну ад Расеі. На самой справе, у часы імперыі Раманавых, а затым у СССР беларусаў кармілі прыкра салодкай гісторыяй пра векавое сяброўства рускіх і беларусаў і пра тое, што нашы продкі стагоддзямі імкнуліся хутчэй аб’яднацца з Расеяй.

Тады навошта Іван Грозны з агнём і мячом ішоў да адзінаверных братоў-беларусаў, і чаму Аляксандр Сувораў з баямі прабіваўся праз нашу зямлю. Усё інтрыгі палякаў? Не. Продкі беларусаў літвіны самі баранілі сваю радзіму — Вялікае Княства Літоўскае, а затым і дзяржаву двух народаў — Рэч Паспалітую. Любую праяву беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці Зотаў, Малішэўскі і інш. характарызуюць інтрыгамі Польшчы. Прачытаеш іх публікацыі і ствараецца ўражанне, што чалавек, які гаворыць па-беларуску — альбо этнічны паляк, альбо нацыяналістычны маргінал.

Аднак, дзіўна, што Зотаў і яму падобныя не запісалі ў русафобы кіраўніка тэлерадыёвяшчальнай кампаніі Саюзнай дзяржавы Ігара Вугольнікава за тое, што той імкнецца зняць сумесны беларуска-расійскі фільм паводле рамана усё таго ж Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». На жаль, у Расеі, у пэўных афіцыйных колах гэты праект таксама падвяргаецца крытыцы, маўляў, расейцам не будзе зразумелы Караткевіч, які паказвае еўрапейскую Беларусь. Мы прызвычаіліся бачыць «ўбогі край», а тут замкі, рыцары, графы.

У адным з інтэрв’ю цяперашні дырэктар «Беларусьфільма» Алег Сільвановіч падкрэсліў, што, памылкова меркаваць, што Караткевіч не будзе «зразумелы» рускаму грамадству. Паводле справядлівай думкі Сільвановіча, Чэхаў піcаў не толькі для рускіх, і Караткевіч пісаў не толькі для беларусаў. У сваю чаргу, міністр культуры Беларусі Павел Латушка адзначае, што Караткевіч зрабіў для Беларусі самае галоўнае, ён даў нам разуменне таго, што мы — народ, які мае глыбокія карані, багатую гісторыю, якая з’яўляецца часткай еўрапейскай. Праз сваю творчасць ён ярка прамовіў, што мы — дзяржава, краіна, народ Еўропы. Уладзімір Караткевіч стварыў глебу для будучай незалежнай Беларусі. Не, ён не ствараў легенд і міфаў, ён казаў праўду аб нашай гісторыі, культуры. Творы нашага славутага пісьменніка заслугоўваюць быць перакладзенымі на шматлікія мовы свету.

Дзіўна, але Зотова і Ко. «раз’юшвае» і тое, як у нашай краіне разглядаецца яе савецкае мінулае. Напрыклад, тое, што беларусы, заяўляюць аб тым, што наш народ унёс свой уклад у разгром нацысцкай Германіі, змагаючыся за сваю радзіму, за Беларусь, на франтах Вялікай Айчыннай не як аморфнае, абцякальнае паняцце «савецкі народ», а як нацыя, здольная пастаяць за сябе.

Цікавая тэндэнцыя, крытыкуючы «нацыяналізм» у постсавецкіх краінах, вялікарускія шавіністы развіваюць сваю ўласную форму нацыяналізму, якая праяўляецца ва ўзвышэньні канцэпцыі «вялікай Русі», прыдуманай іх заходнярускімі папярэднікамі. Яны не баяцца заяўляць аб «этнічнай мабілізацыі рускіх» і стварэнні «вялікай адзінай рускай нацыі». Але ўсе гэтыя пранаўталіненыя пасылы даўно састарэлі.

Грамадзяне, вам лепей не вучыць іншыя народы як жыць, а для пачатку вырашыць свае ўнутраныя нацыянальныя праблемы. Так для ўсіх будзе лепей.